KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Научные и научно-популярные книги » История » Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке)

Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Станислав Акиньчиц, "Залаты век Беларусi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Тым ня менш езуiты не здалiся, а пачалi рэалiзоўваць больш доўгатэрмiновую праграму. Школы, адкрытыя пры кальвiнскiх зборах яшчэ за жыцьця Мiкалая Радзiвiла Чорнага, далi адукацыю сотням маладых людзей. Каб працягваць вучобу, яны павiнны былi ехаць за мяжу, бо ў Вялiкiм Княстве не было свайго ўнiвэрсытэту, а зрабiць гэта маглi далёка ня ўсе. Бачачы патрэбу краiны ў вышэйшай навучальнай установе, езуiты пачалi захады, каб адкрыць у Вiльнi Акадэмiю, што i адбылося ў 1579 годзе. У Вiленскую Акадэмiю прымалiся на вучобу ня толькi католiкi, але таксама кальвiнiсты, лютаране, праваслаўныя, i гэта адкрыла перад езуiтамi вялiкую прастору для распаўсюджваньня "рымскай веры". Калi празь некалькi гадоў эвангельскiя хрысьцiяне ўсьвядомiлi, што значыць унiвэрсытэт у сваёй краiне, i пачалi рабiць захады па арганiзацыi кальвiнскай акадэмii ў Вiльнi, быў ужо iншы час i iншая ўлада. Вялiкае Княства так i не атрымала свайго кальвiнскага ўнiвэрсытэту.

Падтрымка з боку караля надавала езуiтам адвагi ў iх змаганьнi з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьцiянству ў iх не было сiлы. Асноўная заканадаўчая i выканаўчая ўлада была ў руках кальвiнiстаў, вялiкага гетмана Мiкалая Радзiвiла Рудога i канцлера Астафея Валовiча. Краiна жыла прынцыпамi Рэфармацыi, i гэта было вiдочна на кожным кроку. "Шляхта не саромееца трымаць шынкi, займацца гандлем, лiхвярствам i iншымi нiзкiмi справамi, толькi б яны служылi абагачэньню i прыносiлi прыбытак", — пiсаў Андрэй Волан, кальвiнскi прапаведнiк, аўтар шматлiкiх трактатаў на грамадзка-палiтычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлi запiскi Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхцiча зь Ляхавiчаў, у якiх ён распавядае пра сваё жыцьцё i пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацiгадовы Еўлашоўскi прыехаў у Вiльню i дзеля цiкавасьцi зайшоў у кальвiнскi збор. Акурат тады прапаведвалi "мiнiстры ўчоные Вендрагоўскi i Касьцiнiюс", i малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзi "велiкую утеху", прымае кальвiнскае веравызнаньне. Эвангельскае вучэньне аб волi Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвiнскiмi мiнiстрамi, скiроўвала чалавека на тое, каб ён рэалiзаваў сваё прызначэньне ў грамадзкiм жыцьцi, бiзнэсе, сваёй прафэсii, абвяшчала прынцыпы працавiтасьцi, дабрасумленнасьцi, ашчаднасьцi, прадпрыймальнасьцi. Фёдар Еўлашоўскi сур'ёзна прыняў Слова Божае i пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавiтасьцi i стараннасьцi, ён назапасiў немалое багацьце i, пачынаючы зь сярэдзiны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялiкiя сумы (па некалькi тысячаў коп лiтоўскiх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску (капа раўнялася 60 грошам). Пытаньнi эканомiкi цiкавiлi i палiтыкаў, i паэтаў. Менскi ваявода Ян Абрамовiч, адзiн зь лiдараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напiсаў кнiгу "Погляды лiцьвiна на танную куплю i даражэйшы продаж збожжа", у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнiк, фiлёзаф i паэт Язэп Даманеўскi ў сваiх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крынiцу шчасьця чалавека, а гультайства i бязьдзейснасьць як прычыну нешчасьлiвага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамi зь Бiблii. Даманеўскi сьцьвярджаў, што праца павiнна быць прадукцыйная i грамадзка карысная i што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьцi. Як прыклад таго, што надае гонар працаўнiку, паэт паказваў рамяство, гандаль i сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвiцьцю эканомiкi краiны.

Ня меншы ўздым перажывала i юрыдычная думка Вялiкага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова i сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публiцыстыка i багаслоўскiя трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваiм творы "Аб палiтычнай або грамадзянскай свабодзе" пiсаў: "Нiхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, i нiхто, такiм чынам, не нараджаецца рабом… Першы i галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго i несправядлiвасьцi. Далей, каб нашая маёмасьць i багацьце не ставалiся ахвяраю якога рабаваньня цi гвалту". Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялiкага Княства Астафея Валовiча, паплечнiка Мiкалая Радзiвiла Чорнага ў правядзеньнi зямельнай рэформы, арганiзатара працы i рэдактара Другога (1566 г.) i Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэтыя зборнiкi законаў зьяўляюцца сапраўднымi шэдэўрамi беларускай юрыдычнай думкi. Статут 1588 году лiчыцца найлепшым i найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзi пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскi збор законаў. Пасьля захопу Беларусi Расейскай iмпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краiна жыла паводле Статуту 1588 году, а не паводле расейскага заканадаўства. Статут абвяшчаў iдэю праўнай дзяржавы, у якой "естесмо невольнiкамi прав для того, абысьмы вольностi ужыватi моглi", замацоўваў падзел судовай i выканаўчай улады, лiквiдаваў судовыя прывiлеi магнатаў, сьцьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня i роўнасьць усiх перад законам. Акрамя таго Статут замацоўваў тагачасную беларускую мову ў якасьцi дзяржаўнай, ды i сам быў напiсаны па-беларуску, каб кожны жыхар Вялiкага Княства мог ведаць свае правы. Астафей Валовiч, будучы глыбока веручым чалавекам, на працягу свайго жыцьця засноўваў цэрквы, шпiталi, школы, актыўна ўдзельнiчаў у жыцьцi эвангельска-рэфармаванага Задзiночаньня ў Вялiкiм Княстве. На сваёй "сьмяротнай пасьцелi" ў Гораднi канцлер запаведаў пахаваць сябе ў мураваным склепе пад кальвiнскiм зборам у Сiдры (Гарадзенскi павет) без усялякiх цырымонiяў, "кгды там не на войну отхожу", а "во всiх iменiях моiх невольнiк, анi жадный дедечным правом зневоленый человек, хотя бы вязнем i должнiком зостал, маеть вольно служiтi i проч iтi".

Недзе каля 1580 году Васiль Цяпiнскi, муж пляменьнiцы Астафея Валовiча князёўны Соф'i Жыжэмскай, сябра i паплечнiк Сымона Буднага, выдаў пераклад Эвангельляў на беларускую мову, кажучы: "Рады паказаць маю веру, якую маю, асаблiва народу свайму рускаму". Друкуючы беларускi пераклад Эвангельляў, асьветнiк i рэфарматар спадзяваўся ўзьняць хрысьцiянскую духоўнасьць у грамадзтве, "ня толькi для лепшае iх веры, але таксама для лепшага разуменьня, i ў дадатак, для iх самiх навучаньня". Гаворачы пра неабходнасьць разуменьня Слова Божага, Васiль Цяпiнскi зьвяртаў асаблiвую ўвагу на разьвiцьцё i ўдасканаленьне школьнай справы, выступаў як гарачы патрыёт сваёй краiны, заклiкаючы не занядбоўваць родную мову, асаблiва ў пропаведзi Слова Божага.

Калi глядзець на 70-80-ыя гады XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Вялiкае Княства дыхала Рэфармацыяй. Нават праваслаўная царква не магла пазьбегнуць гэтага ўплыву. У гэты час у беларускiх гарадах пачалi актыўна дзейнiчаць брацтвы, якiя аб'ядноўвалi месьцiчаў, шляхту i некаторых сьвятароў. Братчыкi перш за ўсе iмкнулiся рэфармаваць праваслаўную царкву, спрабуючы надаць служэньню духавенства эвангельскiя прынцыпы, увесьцi ў царкоўнае жыцьцё пэўныя элемэнты Рэфармацыi. Берасьцейскi бiскуп Пацей з абурэньнем пiсаў: "Якож теперешнiх часов есть iх не мало не только межы геретiкамi, але i межы православнiкамi нашымi, которые зле Пiсьма разумеючы, iначей iх выкладают, а мало не за одно з геретiкамi i з арыяны держат…Смотрiж одно хто то чынiт, хто таковыя новiны спросные розсевает? Певне, не стан духовны, але люд посполiтый, простый, ремесный, который покiнувшый ремесло свое, дратву, ножнiцы i шыло, а прылащiвшы себе врад пастырскi, Пiсмом Божым шырмуют, нiцуют, выворачывают i на свое блюзнерскiе i хвальшывые потравы оборачают". Спробы праваслаўнай герархii абмежаваць дзейнасьць брацтваў, якiя ўсе мацней патрабавалi паправы маральнага жыцьця духавенства i вучэньня, якое б абапiралася на Слова Божае, не давалi станоўчых вынiкаў. У краiне Рэфармацыi цяжка супрацьстаяць патрабаваньням рэформы.

У сьнежнi 1586 году ў Гораднi раптоўна памёр кароль Рэчы Паспалiтай Двух Народаў Стэфан Баторы. Краiна чарговы раз стала перад пытаньнем, хто будзе каралём. Кальвiнiсты Вялiкага Княства, пiльна гледзячы, каб падчас бескаралеўя ня быў "занядбаны i пакрыўджаны народ наш i ўсё Вялiкае Княўства Лiтоўскае", таксама мелi надзею замацаваць яшчэ больш свае правы i, дзякуючы гэтаму, аслабiць уплыў езуiтаў. Полацкi ваявода Мiкалай Монвiд Дарагастайскi, не чакаючы выбараў караля, загадаў, каб у Полацку нiводнага езуiта не было. Крыштаф Радзiвiл Пярун, сын Мiкалая Рудога, князь Аляксандар Пронскi, Ян Абрамовiч, Ян Глябовiч i iншыя магнаты кальвiнiсты пачалi актыўна супрацьдзейнiчаць езуiтам па ўсёй краiне. Здавалася, што пройдзе яшчэ трохi часу, i ўжо нiшто ня зможа пагражаць Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве. Але выбары караля ў 1586 годзе выявiлi яшчэ адно трагiчнае занядбаньне беларускiх рэфарматараў. Прыхiльнiкi Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве аднадушна выступалi ў абарону незалежнасьцi сваей краiны, i тут не было iстотна, хто быў кальвiнiстам, хто лютаранiнам, хто арыянiнам. Але ў iншых палiтычных пытаньнях эвангельскiя хрысьцiяне ня мелi супольнай плятформы, i таму кожны вёў палiтыку як хацеў i як разумеў. Таму пад час элекцыi 1587 году беларуская шляхта, пераважна кальвiнская, галасавала за швэдзкага каралевiча Жыгiмонта, выхаванца езуiтаў, католiка з католiкаў.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*