KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Научные и научно-популярные книги » История » Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Мікола Ермаловіч, "Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Дзеля гэтага звернемся да Ніканаўскага летапісу. Трэба зазначыць, што ў ім падзеі, пра якія апавядаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., разбіты на некалькі гадоў. I ў гэтых адносінах Ніканаўскі летапіс хоць і пазнейшая, але болынкаштоўная крыніца, чым «Аповесць…». Сапраўды, усе гэтыя падзеі: і выгнанне варагаў, і прызнанне Рурыка і яго братоў, і смерць Трувара і Сінявуса і інці.— не маглі адбыцца ў адзін год. Дык вось у Ніканаўскім летапісе паведамленне пра раздачу Рурыкам гарадоў дадзена пад 865 г. I пад гэтай жа датай мы чытаем далей: «Ваявалі Аскольд і Дзір палачанаў і многа зла натварылі»159. Запіс гэты вельмі кароткі і цьмяны, і таму даследчыкі імкнуліся да яго расшыфроўкі. Некаторыя ж, як М. Карамзін, лічылі гэты факт выдумкай пазнейшага летапісца160. Але з ім пагадзіцца нельга, бо пра гэту падзею паведамляецца і ў іншых крыніцах. У «Гісторыі Расійскай» В. Тацішчава, напісанай на падставе крыніц, некаторыя з якіх не дайшлі да нас, гаворыцца, але ўжо пад 867 г. (разбежка ў датах тут не мае істотнага значэння, бо, як паказаў В. Ключэўскі, усе першыя летапісныя даты ўмоўныя161): Аскольд і Дзір хадзілі і на крывічоў і тых перамаглі162. У адноўленым Троіцкім летапісе і ва «Уладзімірскім летапісцы» амаль слова ў слова гаворыцца пра тое, як Аскольд і Дзір, застаўшыся ў Кіеве, «много Варяги совокуписта и начаста владети Пол отескою землею. Рюрику же княжаще в Новегороде»163. Праўда, ва ўсіх іншых летапісах, дзе ўпамінаецца гэта падзея, замест слова «Полотескою» стаіць 4Полянского», г. зн. Кіеўскаю, што, на першы погляд, здаецца болын лагічным, бо гэтыя князі, паводле летапіснай легенды, заняўшы Кіеў, сапраўды сталі ўладарамі і Палянскай зямлі, сталіцай якой ён быў. Аднак, прачытаўшы гэтае месца ў такой рэдакцыі болын уважліва, мы ўбачым у ім адну супярэчнасць. Сапраўды, ва ўсіх летапісах без выключэння гаворыцца, што Аскольд і Дзір без ніякага супраціўлення з боку кіяўлянаў засталіся княжыць у Кіеве, тым болей што там не было ў той час князя. Паводле звычаяў таго часу, авалоданне стольным горадам азначала адначасова і авалоданне ўсёй зямлёй164. Такім чынам, Аскольду і Дзіру, укняжыўшыся ў Кіеве, не было патрэбы збіраць шмат варагаў, каб авалодваць Палянскаю зямлёю. Гэта патрэбна было для заваявання іншай зямлі, а менавіта Полацкай. Вось чаму мы лічым правільнай рэдакцыю запісу гэтай падзеі ў Троіцкім і Уладзімірскім летапісах. Відаць, пазнейшыя перапісчыкі, якім ужо не быў зразумелы сэнс гэтай падзеі, і падмянілі Полацкую зямлю Палянскай.

Сказанае высвятляе і сутнасць заключнай фразы разгледжанага намі летапіснага паведамлення: «Рюрику же княжаще в Новегороде». Гэта значыць, што Полацк быў адабраны ад Рурыка і апошні павінен быў задаволіцца толькі Ноўгарадам. Як бачым, Полацк быў уключаны ў сферу ўплыву Кіева яшчэ Аскольдам і Дзірам. Гэтым і тлумачыцца, чаму нічога не гаворыцца аб заваяванні Полацка ў пазнейшы час, у прыватнасці Алегам у 882 г.

Такім чынам, кароткі запіс Ніканаўскага летапісу, пацверджаны і ўдакладнены іншымі крыніцамі, паказаў, што ўжо ў сярэдзіне IX ст. склаўся палітычны трохкутнік Кіеў — Ноўгарад — Полацк.

Але сказаным не вычэрпваецца ўсё значэнне разгляданай намі падзеі. 3 ёю, відаць, быў звязаны і далейшы лёс дрыгавічоў. Яшчэ С. Салаўёў звярнуў увагу на тое, што ў Іаакімаўскім летапісе (у іншых крыніцах пра гэта нічога не сказана) дрыгавічы разам з крывічамі ўспомнены ў ліку тых плямёнаў, якія ўдзельнічалі ў прызванні Рурыка165, што можа сведчыць пра іх уваходжанне ў саюз паўночных плямёнаў і іх даўнія шчыльныя сувязі з крывічамі, пра што мы ўжо гаварылі. Відаць, у сярэдзіне IX ст., пасля таго як у ім быў пасаджаны «муж» Рурыка, Полацк, абапіраючыся на Ноўгарад, мог далучыць да сваіх уладанняў і прыпяцкую частку дрыгавічоў. Гэта не магло не стварыць непасрэднай пагрозы Кіеву і, трэба думаць, з’явілася непасрэднай падставай для паходу Аскольда і Дзіра на Полацк і даволі жорсткай расправы іх менавіта з палачанамі («шмат зла зрабілі», зазначыў летапісец). Тацішчаўскі тэкст сведчыць, што Аскольд і Дзір перамаглі палачанаў, а гэта значыць, што апошнія аказалі моцнае супраціўленне кіеўскім князям.

А. Грушэўскі тлумачыў адсутнасць сведчанняў летапісаў аб уключэнні дрыгавічоў у склад кіеўскіх уладанняў тым, што гэта прайшло параўнальна спакойна, без вялікага напружання сіл з боку Кіева і без упартага супраціўлення дрыгавічоў166. Але спакойна адбылося і заваяванне Алегам радзімічаў, аднак яно ўсё ж адзначана ў летапісе, гэтак жа як і пазней другое, ужо зусім не спакойнае заваяванне іх Уладзімірам. Як бачым, летапісы адзначалі і спакойныя (калі яны толькі былі такія) і неспакойныя заваяванні, і таму думка А. Грушэўскага не можа быць прынята ў разлік. Лепш будзе пагадзіцца з У. Завітневічам, які бачыў прычыну адсутнасці звестак у летапісе пра падначаленне Кіевам дрыгавічоў у тым, што іх заваяванне адбылося разам з палачанамі. Думка гэта тым болей слушная, што без заваявання дрыгавічоў нельга было б і заваёўваць палачанаў. Той жа акалічнасцю У. Завітневіч тлумачыў, чаму дрыгавічы наогул зніклі на доўгі час з летапісаў, і лічыў, што іх трэба падразумяваць у сюды, дзе ўпамінаюцца крывічы11'7. Сапраўды, шырока рассяляючыся па Дрыгавіцкай зямлі, крывічы фактычна станавіліся пануючым племем, і іх назва магла абдымаць і дрыгавічоў. Але трэба прымаць пад увагу і магчымасць таго, што Дрыгавіцкая зямля была адарвана ад Полацка і ўключана ў непасрэдныя ўладанні Кіева і яго летапісцы палічылі непатрэбным прымаць дрыгавічоў за асобнае племя.

Такім чынам, паход Аскольда і Дзіра не быў «нязначнай падзеяй», як лічаць некаторыя даследчыкі І68. Апроч усяго іншага, тэта падзея дэталізуе працэс утварэння Кіеўскай дзяржавы. Мы бачым, што Аскольд і Дзір, заваяваўшы Полацкую і Дрыгавіцкую землі, гэтым самым намнога ўмацавалі пазіцыю Кіева ў яго збіральніцкай дзейнасці. Звяртаем увагу і на тое, што Полацкая і Дрыгавіцкая землі, як і Палянская і Драўлянская, знаходзіліся на правым беразе Дняпра. А гэта паказвае, што Кіеў спачатку падначальваў сабе правабярэжныя тэрыторыі. Нездарма ж пасля Лісцвіцкай бітвы 1023 г. Кіеўская дзяржава часова распалася на левабярэжную і правабярэжную часткі. А з гэтага, на думку некаторых даследчыкаў, і пачаўся распад «імперыі Рурыкавічаў».

Паход Аскольда і Дзіра на Полацк і заваяванне імі палачанаў і дрыгавічоў не толькі пашырылі ўладанні Кіева, але і намнога ўзмацнілі яго, што і дало магчымасць кіеўскім князям у 866 г. (гэта дата ўказана ў «Аповесці…» і ў Ніканаўскім летапісе, што прымушае даверліва аднесціся і да яе і да самой падзеі) зрабіць паход на Візантыю. Ужо гэты прыклад красамоўна паказвае, што падначаленне племянных тэрыторый для Кіева найперш было патрэбна для таго, каб прадпрымаць свае ваенныя паходы на Візантыю, якія, як ужо зазначалася вышэй, былі бадай што галоўнай мэтай першых кіеўскіх князёў.

ПАДЗЕІ 80-х ГАДОЎ IX СТАГОДДЗЯ I ПАХОДЫ НА ВІЗАНТЫЮ

Даследчыкамі адзначалася, што той раздзел «Аповесці…», які апавядае пра падзеі IX ст. да з’яўлення варагаў, моцна скарочаны і перароблены. Многія часткі аказаліся проста выкінутыя, а замест іх была ўстаўлена рэдактарамі XII ст. наўгародская легенда аб прызванні князёўварагаў у Ноўгарад. Нам здаецца, што з гісторыяй утварэння Кіеўскай дзяржавы адбылося тое, што пазней адбылося з гісторыяй утварэння Вялікага княства Літоўскага: яна была пастаўлена з ног на галаву. Як жамойцкія феадалы прыдумалі ў XVI ст. байку пра заваяванне іх князямі ў сярэдзіне XIII ст. Новагародка, які яны нібыта зрабілі сваёй сталіцай, так і наўгародскія феадалы ў XII ст. прыдумалі байку пра заваяванне іх князямі Кіева ў 882 г., у якім яны і аселі, зрабіўшы яго сваёй сталіцай. На вялікі жаль, дзве гэтыя грубыя фальсіфікацыі пакуль што прымаюцца нашай гістарыяграфіяй за праўдзівыя факты. Вельмі добра, што ў апошні час даследчыкамі бярэцца пад сумненне летапіснае сцверджанне, што Ігар быў сынам Рурыка і такім чынам паходзіць з Ноўгарада. Мы, з свайго боку, падтрымліваем такую думку і выказваем свае меркаванні наконт гэтага. На наш погляд, Аскольд і Дзір таксама не былі варагамі па паходжанні, а з’яўляліся князямі карэннай кіеўскай дынастыі. Ва ўсякім выпадку, у Ніканаўскім летапісе, у якім утрымліваецца найболыд звестак пра гэтых князёў, нічога не гаворыцца пра тое, што яны былі ў дружыне Рурыка і прыйшлі ў Кіеў з Ноўгарада, а ў Наўгародскім летапісе сказана, што яны прыйшлі з Ноўгарада, але перад «прызваннем» Рурыка і яго братоў 172. Такія супярэчнасці — паказчык таго, што гэтыя факты маюць на сабе адбітак тэндэнцыйнай апрацоўкі.

Магчыма, што Ігар па паходжанні быў кіеўскім князем, пасаджаным у Ноўгарадзе ў малалетнім узросце, і таму знаходзіўся пад апякунствам свайго блізкага родзіча Алега, накшталт таго, як пазней Уладзімір Святаславіч, таксама малалетні, княжыў у Ноўгарадзе пад апякунствам свайго дзядзькі Дабрыні. Цалкам дапушчальна, што каля 882 г. узнікла барацьба паміж кіеўскім і наўгародскім князямі, як у 70-х гадах X ст. паміж Яраполкам і Уладзімірам Святаславічамі, і яна закончылася перамогай наўгародскага князя Ігара і яго апекуна Алега над кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам. Гэтак жа сама пазней перамогай закончылася барацьба наўгародскага князя Уладзіміра над яго братам кіеўскім князем Яраполкам. А яшчэ пазней мела пераможны зыход барацьба Яраслава Уладзіміравіча, што княжыў у Ноўгарадзе, над Святаполкам Акаянным, які захапіў у ладу ў Кіеве. Усе гэтыя прыклады могуць гаварыць пра першаступеннае значэнне Ноўгарада ў вызначэнні гістарычнага лёсу дзяржавы, якая па праву павінна была б называцца КіеўскаНаўгародскай. Толькі тады, калі ў Кіеве садзіўся ранейшы наўгародскі князь і гэтым самым ствараліся ўмовы для забеспячэння ў Кіеве інтарэсаў Ноўгарада, у краіне ўсталёўваліся палітычная раўнавага і мір.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*