KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Научные и научно-популярные книги » История » Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Мікола Ермаловіч, "Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

I сапраўды, калі лясы кішэлі зверыною і пчоламі, а рэкі — рыбай, не мела ніякага практычнага значэння закідваць паляванне, рыбалоўства і бортніцтва. Яны і давалі прыбавачны прадукт насельніцтву і забяспечвалі пушнінай, мёдам, воскам гандаль, у першую чаргу замежны.

Вызначальную ролю ў гістарычнай плыні як гэтага, так і пазнейшага часу меў водны шлях, які атрымаў у летапісе назву «з варагаў у грэкі», бо злучаў сабою цераз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава Скандынавію і Візантыю. Уздоўж яго была сканцэнтравана асноўная маса ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму зусім заканамерна, што гэта важная водная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся ваенныя паходы на Візантыю, і стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу. Менавіта імкненне племянной знаці да валодання гэтым шляхам і было грунтам для ўзнікнення Усходнеславянскай дзяржавы, якая атрымала ў гістарычных даследаваниях не зусім правільную назву Кіеўскай (у крыніцах яе няма). Нездарма ж яе ўтварэнне супадае з канчатковым сфармаваннем гэтага шляху ў канцы IX ст., гэтак жа як і яе канчатковы распад у пачатку XII ст. супадае з канчатковай стратай ім свайго эканамічнага значэння.

Дзеля таго і заваёўваліся прылеглыя да воднага шляху землі, каб трымаць у сваіх руках гандаль па ім. Дзеля таго і збіралася з заваяваных земляў шматлікае і шматплямённае войска, каб рабіць з ім паходы на Візантыю. Дасяшенне ўказаных мэт і вызначала галоўныя функцыі гэтай дзяржавы.

К. Маркс называў Кіеўскую дзяржаву «імперыяй Рурыкавічаў», якая была «недарэчнай» («несообразной»), «нязграбнай» («нескладной»), «скараспелай» і «шматковай» («лоскутной»)154. На жаль, у апошні час гэтая выключна глыбокая і трапная характарыстыка чамусьці забылася нашымі гісторыкамімарксістамі, і яны пачалі паказваць Кіеўскую дзяржаву як цэнтралізаваную і адзіную. У сапраўднасці ж, як і імперыя Карла Вялікага, яна была штучным і таму нетрывалым ваеннаадміністрацыйным аб’яднаннем. У яе наспех і насуперак іх волі і інтарэсам уключаліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы.

У такіх гістарычных абставінах становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці, існаванне якой сцвярджаецца шэрагам нашых даследчыкаў. Вядома, нельга адмаўляць пэўных тэндэнцый у яе складванні, аднак наўрад ці мог мець сваё завяршэнне гэты гістарычны працэс у «скараспелай» і «шматковай» дзяржаве. Сцверджанню аб існаванні старажытнарускай народнасці найперш супярэчыць той яскравы гістарычны факт, што Кіеўская дзяржава распалася канчаткова ў пачатку XII ст. на часткі, адпаведныя ранейшым племянным тэрыторыям. А гэта паказвае, што ўсходнеславянскія плямёны прадаўжалі існаваць. Так, напрыклад, у Лаўрэнцьеўскім летапісе крывічы ўпаміналіся ятпчэ пад 1162 г., дрыгавічы — пад 1149 г., радзімічы — пад 1169 г. Хочацца спадзявацца, што наша гістарычная навука яшчэ раз звернецца да пытання аб старажытнарускай народнасці і ў ходзе плённай дыскусіі будуць вызначаны разнастайныя погляды на гэту праблему.

К. Маркс адзначаў, што ў склад кіеўскіх дружын уліваліся новыя элементы, «прагнучыя славы і здабычы», якія пазней сфармавалі пануючы эксплуататарскі клас і былі тымі, чыім інтарэсам у першую чаргу служыла гэтая дзяржава.

Мы ўжо бачылі, што найперш дзякуючы рачной гандлёвай магістралі, у дадзеным выпадку Заходняй Дзвіне, узвысіўся Полацк. Гэтак жа і шлях з «варагаў у грэкі» вызначыў значэнне як важных палітычных цэнтраў Усходняй Еўропы Кіева і Ноўгарада. Калі Ноўгарад засланяў яго з поўначы, то Кіеў — з поўдня. Паміж імі і ўзнікла суперніцтва ў аб’яднаўчай палітыцы. У фокусе гэтай барацьбы адразу апынуліся і беларускія землі. Менавіта ў той час і выявілася выключнасць іх становішча: размяшчэнне на скрыжаванні водных шляхоў і ўкліньванне паміж землямі Паўночнай і Паўднёвай Русі. Абшары крывічоў і дрыгавічоў ляжалі ўздоўж вялікай воднай магістралі, і цераз іх праходзілі яе важнейшыя адрэзкі. Полацк знаходзіўся на Заходняй Дзвіне, па якой ішоў галоўным чынам міжнародны гандаль з краінамі Прыбалтыкі155, а праз дрыгавіцкую зямлю пралёг прыпяцкабугскі шлях, што вёў у Заходнюю Еўропу. Маючы важнае эканамічнае і стратэгічнае значэнне, крывіцкая і дрыгавіцкая землі адразу сталі прадметам барацьбы паміж Кіевам і Ноўгарадам. Без падначалення іх нельга было ўпэўнена валодаць усім шляхам з «варагаў у грэкі», а гэтым самым і мець першынство ў справе аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў.

Летапіснае паведамленне 862 г. і выяўляе адзін з момантаў барацьбы за беларускія землі, у першую чаргу за Полацк. Гэты запіс паведамляе гісторыю аб так званым «прызванні» варажскіх князёў Рурыка, Сінявуса і Трувара, кожны з якіх сеў княжыць у Ноўгарадзе, Белавозеры і Ізборску156. Як бачым, летапіс з’яўленне першых рускіх князёў звязвае з дзейнасцю т. зв. варагаў, пад якімі разумеліся выхадцы са Скандынавіі — нарманы. Як у Заходняй, так і ва Усходняй Еўропе нарманская экспансія насіла розныя формы: пошукі новых земляў і перасяленні, грабежніцкія напады і пірацтва, буйныя ваенныя паходы і гандлёвыя паездкі. Мы не схільны адмаўляць пэўнага значэння варагаў ва ўсходнеславянскай гісторыі, у тым ліку і ў полацкай, паколькі найперш па Заходняй Дзвіне яны пранікалі на ўсход і на поўдзень, пра што сведчаць скандынаўскія сагі. Варагам, бясспрэчна, належыць пэўная роля ва ўтварэнні нашага ваеннафеадальнага класа і купецтва. Аднак яны не мелі і не маглі мець вырашальнага значэння ва ўтварэнні ўсходнеславянскіх дзяржаў, хоць нават і стаялі пэўны час на чале іх. Працэс дзяржаваўтварэння пачаўся задоўга да сярэдзіны IX ст., але паколькі завяршэнне яго супала са з’яўленнем варагаў, то гэта і дало повад летапісцу паказаць апошніх як першых усходнеславянскіх князёў. Трэба таксама ўлічваць, што шэраг гісторыкаў (С. Гедэонаў, I. Забелін і інш.) адмаўлялі нарманскае паходжанне варагаў і лічылі іх выхадцамі з балтыйскіх славянаў. А сучасны гісторык А. Г. Кузьмін паказвае іх як славянізаваных кельтаў157. Мы не надаём значэння паходжанню варажскіх князёў. Галоўнае не паходжанне, а тое, чыімі інтарэсамі яны кіраваліся ў сваёй дзейнасці. А кіраваліся яны, бясспрэчна, інтарэсамі той мясцовасці, дзе яны княжылі, інакш бы яны так доўга не сядзелі там. Нават калі ўказаныя князі былі і скандынаўскага паходжання, гэта ніколькі не паўплывала на славянскі характар першых усходнеславянскіх палітычных утварэнняў.

У адносінах да Рурыка і яго братоў хочацца звярнуць увагу на адну акалічнасць. Яны, як сведчыць летапіс пад 862 г., прыйшлі «с роды своими». Нам здаецца, што ў гэтым схавана разгадка таго, чаму трохі раней паўночныя плямёны прагналі варагаў за мора і адмовіліся плаціць ім даніну. Бо тыя варагі былі тыповымі «находнікамі», якія болын клапаціліся пра свае інтарэсы і інтарэсы сваіх родаў, што жылі ў Скандынавіі. Таму прадстаўнікі паўночных плямёнаў, трэба думаць, і паставілі адной з умоў новым варажскім князям ісці з усімі сваімі родамі, чым забяспечвалася хутчэйшае ўкараненне іх у новых землях, а разам з тым і зрашчэнне іх інтарэсаў з інтарэсамі апошніх. Але мы трохі адхілімся ўбок.

Для нас самым важным з летапіснага запісу 862 г. з’яўляецца паведамленне пра тое, што Рурык пасля смерці сваіх братоў зрабіўся адзінадзяржаўцам, стаў раздаваць сваім мужам гарады, у тым ліку аднаму з іх Полацк158. Нам здаецца, што ў гэтым запісе, незалежна ад таго, наколькі ён праўдзівы ў дэталях, вельмі добра выявілася тэндэнцыя Ноўгарада да ператварэння саюза паўночных плямёнаў, магчыма, добраахвотнага, выкліканага неабходнасцю барацьбы з варагамі, у больш аб’яднаную дзяржаву. Калі ўлічыць, што Рурык пасадзіў сваіх «мужоў», апроч Полацка, у Растове і Белавозеры, то можна лёгка ўбачыць, на якую вялізную тэрыторыю пашырыў сваю ўладу Ноўгарад. Асаблівым поспехам для яго было падначаленне Полацка, што не магло не ўстрывожыць Кіеў і не выклікаць неадкладных мер з боку яго князёў Аскольда і Дзіра. Мы дазволім сабе крыху больш падрабязна спыніцца на наступнай гістарычнай падзеі, паколькі яна пакуль што недастаткова асветлена ў літаратуры, хоць і мела, як убачым, важныя вынікі для лёсу беларускіх земляў.

Дзеля гэтага звернемся да Ніканаўскага летапісу. Трэба зазначыць, што ў ім падзеі, пра якія апавядаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., разбіты на некалькі гадоў. I ў гэтых адносінах Ніканаўскі летапіс хоць і пазнейшая, але болынкаштоўная крыніца, чым «Аповесць…». Сапраўды, усе гэтыя падзеі: і выгнанне варагаў, і прызнанне Рурыка і яго братоў, і смерць Трувара і Сінявуса і інці.— не маглі адбыцца ў адзін год. Дык вось у Ніканаўскім летапісе паведамленне пра раздачу Рурыкам гарадоў дадзена пад 865 г. I пад гэтай жа датай мы чытаем далей: «Ваявалі Аскольд і Дзір палачанаў і многа зла натварылі»159. Запіс гэты вельмі кароткі і цьмяны, і таму даследчыкі імкнуліся да яго расшыфроўкі. Некаторыя ж, як М. Карамзін, лічылі гэты факт выдумкай пазнейшага летапісца160. Але з ім пагадзіцца нельга, бо пра гэту падзею паведамляецца і ў іншых крыніцах. У «Гісторыі Расійскай» В. Тацішчава, напісанай на падставе крыніц, некаторыя з якіх не дайшлі да нас, гаворыцца, але ўжо пад 867 г. (разбежка ў датах тут не мае істотнага значэння, бо, як паказаў В. Ключэўскі, усе першыя летапісныя даты ўмоўныя161): Аскольд і Дзір хадзілі і на крывічоў і тых перамаглі162. У адноўленым Троіцкім летапісе і ва «Уладзімірскім летапісцы» амаль слова ў слова гаворыцца пра тое, як Аскольд і Дзір, застаўшыся ў Кіеве, «много Варяги совокуписта и начаста владети Пол отескою землею. Рюрику же княжаще в Новегороде»163. Праўда, ва ўсіх іншых летапісах, дзе ўпамінаецца гэта падзея, замест слова «Полотескою» стаіць 4Полянского», г. зн. Кіеўскаю, што, на першы погляд, здаецца болын лагічным, бо гэтыя князі, паводле летапіснай легенды, заняўшы Кіеў, сапраўды сталі ўладарамі і Палянскай зямлі, сталіцай якой ён быў. Аднак, прачытаўшы гэтае месца ў такой рэдакцыі болын уважліва, мы ўбачым у ім адну супярэчнасць. Сапраўды, ва ўсіх летапісах без выключэння гаворыцца, што Аскольд і Дзір без ніякага супраціўлення з боку кіяўлянаў засталіся княжыць у Кіеве, тым болей што там не было ў той час князя. Паводле звычаяў таго часу, авалоданне стольным горадам азначала адначасова і авалоданне ўсёй зямлёй164. Такім чынам, Аскольду і Дзіру, укняжыўшыся ў Кіеве, не было патрэбы збіраць шмат варагаў, каб авалодваць Палянскаю зямлёю. Гэта патрэбна было для заваявання іншай зямлі, а менавіта Полацкай. Вось чаму мы лічым правільнай рэдакцыю запісу гэтай падзеі ў Троіцкім і Уладзімірскім летапісах. Відаць, пазнейшыя перапісчыкі, якім ужо не быў зразумелы сэнс гэтай падзеі, і падмянілі Полацкую зямлю Палянскай.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*