KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Л Дайнеко, "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Клён, якi ляжаў дагэтуль з заплюшчанымi вачамi, кулём зляцеў, звалiўся з канапы, прылiп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позiрк.

- Гэта не зусiм звычайны дзiк, - працягваў мiж тым тэлерэпарцёр, аж захлiпваючыся ад навiн, што распiралi яго, iмкнучыся як найхутчэй падзялiцца iмi з гледачамi. - Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку i наогул на Зямлi ўсяго толькi няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнiчай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнiк-герой Хвалiбог, вярнуўшыся з вялiкiм трыумфам з планеты Вар. Па-другое, тэлерэпарцёр пазмоўнiцку прыцiшыў голас, - ходзяць чуткi, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткi, што на сваёй планеце ён быў каралём жывёл. Адкуль такiя чуткi, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзi. Вера Хрысцiнюк, тая самая, што лётала на Вар i зусiм нядаўна пры таямнiчых нявысветленых абставiнах знiкла, расказвала тут, у заапарку, аб усiм гэтым па прэс-канферэнцыi. Даю запiс яе выступлення.

Клён пачуў усхваляваны Верын голас.

"Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзiўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмi разумны. У яго, зноў не здзiўляйцеся, амаль чалавечы iнтэлект. Чаму ён тут, на Зямлi, не сказаў нi слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца..."

"На месца дзiка?" - перабiў Веру нейкi iранiчны журналiст.

"Пастаўце сябе на яго месца, - як не пачуўшы з'едлiвай рэплiкi, казала далей Вера. - Стрэсавыя ўмовы... Касмiчны пералёт... Людское акружэнне... Чужая, абсалютна незнаёмая планета... Тут не толькi страцiць мову, тут звар'яцець можна".

"Карэспандэнт газеты "Крывiцкi шлях" Iвановiч. I ўсё-ткi, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзiк, гэты кароль жывёл згубiў у нас на Зямлi сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?"

"Я не бiёлаг, - пасля некаторай паўзы цiха прамовiла Вера, - але, мне здаецца, тут справа нават не ў бiялогii. Ён умеў гаварыць, бо я сама з iм гаварыла. Ён гаварыў вачамi. Не здзiўляйцеся - я i мае сябры цудоўна разумелi яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзiк анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лiчу, што вiной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера i мы, людзi. Прашу не перабiваць мяне. Так, мы стварылi ВЭП, мы ганарымся гэтым. Але цэлыя акiяны адмоўнай энергii акружаюць нас. Не перабiвайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровiч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывiтанне, калi ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамi Зямлю: "Фалыдывая планета". Колькi яшчэ на ёй няшчырасцi, хлуснi!"

"А вы, аказваецца, не патрыётка, - загулi, як галодныя пчолы, пакрыўджаныя такiмi словамi журналiсты. - Мы чакалi ад вас большай павагi да Зямлi, калыскi чалавецтва. Палёт на Вар (прабачце, паважаная спадарыня) не даў вам вялiкай карысцi, абгаворваць свой дом, прабачце, проста непрыгожа". "Але гэта праўда", - упарта вяла сваё Вера. Клён выключыў тэлевiзар. Сэрца горача бiлася ў грудзях. Толькi што ён чуў Верын голас, бачыў Аюса. Успамiн аб днях, праведзеных разам з iмi на планеце Вар, нахлынуў на яго, як вясновы грымучы лiвень. Там было небяспечна, было цяжка, часам нявыкрутна, ды гартавалася, аж звiнела душа, мудрэў розум, рабiлiся вiдушчымi вочы. Тое, што Вера Хрысцiнюк, таксама як i ён, убачыла Зямлю iнакшай, было, вядома ж, невыпадковым. Быццам адначасова працёрлi яна i ён мутнае ад пылу i сажы аконнае шкло, глянулi на белы свет i жахнулiся - замест вясёлых добразычлiвых людзей снуюць туды-сюды нейкiя халодныя манекены, замест яркiх кветак тлуста блiшчаць плямы фарбы, разлiтай у скверах i лугах, i ўсюды хiтры разлiк, насмешка над суседам, i пустое бяззорнае неба вiсiць над галавой, i фалын у словах i дзеяннях. Правiльна сказаў аднойчы бацька: "Мы такiя - стагоддзе ставiм помнiкi, потым цэлае стагоддзе крышым iх, разбiваем". Як бы хацелася зараз убачыць Веру! Але дзе яна, што з ёй? А вось Аюс - у заапарку. Мудрага караля жывёл зрабiлi жывой лялькай для дзятвы i разявакаў. I, пэўна ж, смяюцца, залiваюцца - "гэта той самы дзiк, што ўмеў, ды развучыўся гаварыць". Трэба выручаць Аюса! Трэба неадкладна вызвалiць яго з праклятага заапарка, выпусцiць у лес, у балота, абы падалей ад усёй шумлiвай хеўры звышгалавiстых вучоных i звышплюралiстычных журналiстаў. Клён аж затрымцеў ад такога свайго рашэння, аж трасянуў рукамi i прышчоўкнуў пальцамi. Толькi як зрабiць гэта? Ён жа й сам, як той Аюс, зачынены, праўда, не ў вальеры, а ва ўласным пакоi. Няхай не хлусiць журналiст - у заапарку i сапраўды ўсюды зялёныя лужкi, кусцiкi, воля, прастора, гуляй дзе хочаш, але толькi падыдзе звер да загадзя абумоўленай рысы, якую нельга пераступаць, як з зямлi са скрыгатам выскоквае крацiстая жалезная сцяна. Яны - Аюс i Клён палонныя, палонныя на самай шчаслiвай планеце. Некалькi дзён Клён хадзiў як сам не свой. Адна думка гняла яго - як вырвацца з дому i як вызвалiць Аюса?

- Цi не затэмпературыў ты, сынок? - спалохалася, жаласлiва сказала мацi. - Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмi прашу - пацярпi яшчэ тры днi! Праз тры днi скончыцца каранцiн, i ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калi вучыўся ў малодшых класах, дужа любiў яго.

Клён з непаразуменнем зiрнуў на яе, нiчога не сказаў, уздыхнуў.

- Чарлi i я згатавалi для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымi сунiцамi. Хочаш? - падлашчвалася мацi.

А глыбокай ноччу, калi ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калi ўсё цела было бяссонным, наструненым i гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоi мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пiльна ўзiрацца туды, дзе яно з'явiлася. Ён убачыў, як з разеткi асцярожна выплывае маленькi элiпсападобны плазмоiд.

- Я памятаю цябе, мы сустракалiся, - усхвалявана зашаптаў Клён. - Ты такi прыгожы, такi яркi... Але ж СЦ перасялiлася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлi?

- Мне сумна, - адказаў плазмоiд, павольна кружачыся над Клёнам. - Я нiколi не быў на Вары, i мяне там чакае самазнiшчэнне. А я ведаю, што вельмi сумна i табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькi рабi ўсё цiха, бясшумна), i я павяду цябе.

- Куды? - зачаравана глядзеў на плазмоiда Клён, а сам ужо нацягваў свiтэр.

- Да той жанчыны, якая знiкла i з якой ты быў на планеце Вар.

- Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзiцца Вера Хрысцiнюк, i яна жывая?

- Жывая. Хутчэй апранайся.

- Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнiкi. А ў дзвярах электронны замок.

- Маўчы i апранайся.

Праз лiчаныя iмгненнi яны пакiнулi пакой. Плазмоiд падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, i замок мякка, бясшумна адчынiўся. У самы апошнi момант Клён шапнуў:

- Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.

- Навошта? - здзiвiўся плазмоiд.

Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапiў малаток, увапхнуў у кiшэнь курткi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*