Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
Сiлы былi няроўныя. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды адступiлi з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў нiводны.
Клён iмклiва ляцеў у капсуле, азiраўся па баках - хацеў убачыць Аюса з жывёламi. Але iх нiдзе не было. Усюды валялася пабiтае, папаленае жалеза. Плазмоiды чатырох кланаў густым роем кiравалiся туды, дзе вiднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.
У гэты час Пяцiног, сабраўшы вакол сябе рэшткi плазмоiдаў i робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесцi Радаслава Буслейку i Веру Хрысцiнюк. Зямляне прыйшлi, трымалiся незалежна i горда. Вера абапiралася аб Радаславава плячо.
- Я памылiўся, - сказаў Пяцiног. - Хоць Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзiную за трыста шэсць апошнiх гадоў. Мне патрэбна было правесцi эксперымент не над мужчынам i жанчынай, а над падлеткам па iменi Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.
Пры гэтых словах фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды захвалявалiся, абурана зашумелi:
- Дзе ён?!
- Адшукай i знiшчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямнiцы!
- Ён вось-вось будзе тут, перад намi, - папераджальна выставiў уперад тры свае нагi Пяцiног. - Праз гранiт i застылую лаву я ўжо бачу, як iмчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага - ён знаходзiцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылi сваiмi целамi аранжавыя, жоўтыя, зялёныя i блакiтныя плазмоiды. Чамусьцi не бачу сярод iх сiнiх. Дзе сiнiя плазмоiды?
- Яны пачалi атаку з паўночнага боку вулкана, - адказалi яму.
- Дурнi, - засмяяўся Пяцiног. - Роўна праз сто чатыры гады прыляцiць мiжгалактычны ўльтралёт з Сiняй Зоркi. Я хацеў узяць iх з сабой.
- Вазьмi нас, - залемантавалi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.
- Сваiм колерам яны вельмi i вельмi тасавалiся б да пейзажаў Сiняй Зоркi, - быццам не пачуўшы iх, казаў далей Пяцiног. - Але яны (о неразумная дзiкая плазма!) пайшлi вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямнiцы, быццам я не даваў iм iнтэлектыт i не вылучаў iхнi колер з усiх астатнiх колераў.
- Вазьмi нас, - зноў узвысiлi голас фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.
- Чаго або каго вы баiцёся? - нарэшце звярнуў на iх увагу Пяцiног. Бялковых смертных iстот? Дык вось дзве такiя iстоты стаяць перад вамi. Я ўзяў iх у палон i магу зрабiць з iмi ўсё, што толькi захачу. А можа, вы смерцi баiцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкi час пасля свайго знiкнення вы зноў адновiцеся. I так - вечна. Чаго ж вы хочаце?
- Знiшчы з Зямлi падлетка па iменi Клён! - хорам закрычалi плазмоiды. Забi таго, каго назвалi Гарантам Вечнага Мiру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывiлiзацыяй!
- Няўжо вам так хочацца вайны? - цiхiм голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулi. - Як мне вядома, пяць кланаў плазмоiдаў, пяць кланаў вашых братоў заключылi мiр з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава i плавiўся пясок на беразе Пятровiцкага вадасховiшча. Няўжо толькi на гэта здольна Старая Цывiлiзацыя? Мы - антыподы. Але мы разам iснуем у Сусвеце. Давайце iснаваць паралельна, мiрна, не скрыжоўваючы кап'ё i меч. Напачатку было Слова...
- Напачатку была Зброя! - крыкам перарвалi яго плазмоiды.
- Любоў... - казаў далей Радаслаў.
- Нянавiсць! - яшчэ гучней закрычалi плазмоiды.
Узнялiся страшэнны гвалт, густое металiчнае гудзенне, якое пераходзiла ў злавеснае шчоўканне. З плазмоiдаў пасыпалiся iскры. Яны пачалi раздзiмацца, прычым з шарападобных i элiпсавiдных некаторыя, напэўна, самыя агрэсiўныя, рабiлiся востравугольнымi. Цяжка сказаць, што чакала б Радаслава i Веру, але ў гэты момант у кратэр Нябеснага Зуба праз тунель уварвалiся чатыры кланы. Памiж iх у празрыстай непрабiвальнай капсуле iмчаўся Клён Дубровiч. I адразу ж з нябёсаў ударылi страбы. Дзесяць магутных птушак, на iмгненне як бы засланiўшы ўсё неба, спiкiравалi дакладна туды, дзе стаялi Радаслаў з Верай, прыкрылi iх крыламi. Затым дзве птушкi з двух бакоў шчыльна падступiлi да стрэсаператара, нагнулi свае прыгожыя моцныя шыi. Радаслаў зразумеў - абхапiў гэтыя шыi рукамi, i страбы лёгка ўзнялiся, панеслi яго з Нябеснага Зуба. Трэцi страб ляцеў знiзу - страхаваў.
Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, убачыўшы такое, з найвялiкшай ярасцю напалi на астатнiх страбаў, якiх заставалася сямёра, прычым трое намервалiся выносiць з вулкана Веру Хрысцiнюк. Але жыхары воблакаў спрытна ўхiлiлiся ад iхнiх стрэлаў-маланак, i, у сваю чаргу, самi перайшлi ў атаку. Аказваецца, страбы ведалi тую адзiную кропку, тую своеасаблiвую "ахiлесаву пяту", ударыўшы ў якую, можна было паралiзаваць плазмоiда. Некалькi шароў глуха засiпелi i ўпалi, падняўшы воблачкi вулканiчнага пылу. У гэты час Вера Хрысцiнюк нiяк не адважвалася даверыць сваё жыццё страбам, узляцець разам з iмi.
- Баюся, - шаптала яна, пазiраючы то на дзiўных птушак, то на неба.
Дарэмна падстаўлялi страбы шыi, нават падштурхоўвалi яе моцнымi крыллямi. Жанчыну скаваў страх.
- Не магу, баюся, - паўтарала яна, нiбы зацыклiўшыся на двух гэтых словах. - Я слабая... У мяне змярцвеюць, не вытрымаюць рукi, i я ўпаду з вышынi. Я не хачу разбiцца...
- Вера! - закрычаў Клён Дубровiч, выскокваючы са сваёй ахоўнай капсулы, якая, ледзь крануўшыся паверхнi Вара, iмгненна расчынiлася. - Я тут! Нiчога не бойся!
Ён адчуваў надзвычайную адвагу, рашучасць, ён гатоў быў схапiцца загрудкi з самiм Пяцiногам. Але Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, апярэдзiў яго. Лускаватыя залацiстыя ногi павярнулiся, нiбы антэны, да Веры, i загучаў меладычны чысты, як ранiшняя раса, голас, у якiм была непадуладная чалавечаму разуменню ўсёпранiкальнасць.
- Iдзi да мяне, Жанчына, iдзi да мяне, безабаронная i несуцешная, загаварыў Ультрамозг, Уладар Таямнiцы. - Я напоўню тваю душу жыццём. Я павяду цябе ў мроi. Сiняя Зорка, чакаючы, глядзiць на цябе з Космасу.
Вера Хрысцiнюк шчаслiва ўспыхнула тварам, заплюшчыла вочы, выцягнула ўперад рукi i пайшла да Пяцiнога. Расступiлiся страбы, расплылiся ў бакi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.
- Не iдзi! Спынiся! - крычаў Клён. - Паглядзi на мяне, Вера! Ты станеш ягонай заложнiцай! Пракляты Пяцiног! Агiдзiна!
Клён схапiў камяк застылай лавы, шпурнуў у Пяцiнога. На ляту гэты сухi камяк ператварыўся ў букецiк надзiва прыгожых яркiх кветак, падплыў да Веры, мякка тыцнуўся ёй у руку. Яна, не расплюшчваючы вачэй, узяла кветкi, панюхала, цiха засмяялася.
Плазмоiды чатырох кланаў узбуджана зашыпелi, згрупавалiся, i на Пяцiнога абрушыўся ўраганны ўдар iхнiх смертаносных прамянёў. Але на самым падлёце да зiхотка-велiчнай зоркi ўсе гэтыя, здавалася б, неадольныя прамянi раптам зламалiся, выгнулiся i слiзганулi ўгору, не прычынiўшы Пяцiногу нiякай шкоды. Некаторыя з iх нават весела лопнулi, узарвалiся рознакаляровымi бяскрыўднымi агеньчыкамi, нiбы святочныя петарды.
Вера тым часам радасна i бязвольна падышла да Пяцiнога, апусцiлася перад iм на каленi. Твар быў натхнёны, светлы.