KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Борис Саченко - Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)

Борис Саченко - Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Борис Саченко, "Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Дзед быў яшчэ дужы i някепска зарабляў, па начах пасвячы "лястрангасаўскiх" коней, а ўдзень кладучы людзям печы цi стаўляючы зрубы. Да таго ж ён прывёз сёе-тое з адзежы з Нямеччыны. I жанчына, мусiць, спадзявалася пакуль што пажыць за шырокай дзедавай спiнай.

Чакаць помачы нам не было адкуль, i мы самi пачалi ставiць сабе хату. З чужыны мы вярнулiся ўлетку, у самае жнiво. Пасеяць што-небудзь цi пасадзiць было позна, i цэлы год нам давялося жыць чым бог пашле. Восень i зiму яшчэ сяк-так гiбелi, прадаючы астатняе з адзежы i купляючы бульбу, хлеб. А вясною селi на крапiву i шчаўе.

Бачачы, што мы з Саўкам зусiм далiся i ад недаядання пасiнелi, мацi папрасiла Саўку схадзiць да дзеда, каб ён хоць чым-небудзь памог нам, калi не бульбай i хлебам, то хай бы хоць дзень парабiў ля хаты. Iсцi да дзеда Саўка адмовiўся, сказаўшы, што ён лепей пойдзе ў кускi, чым да дзеда.

- Усё роўна ён нiчога не дасць i да хаты нашай не пойдзе. Навошта ж хадзiць ды клянчыць...

- То што ж мне рабiць з вамi? - пачала ламаць рукi мацi. - Сядзець ды глядзець, як вы марнееце ды чэзнеце? - I яна заплакала.

Я накiнуў на плечы свiтку i выйшаў з хаты: надумаўся сам схадзiць да дзеда - не можа быць, каб ён астаўся абыякавы, раўнадушны да нашага гора.

Калi я ўвайшоў у Тоцiну хату, дзед якраз снедаў. На стале перад самым яго носам ляжаў цэлы стос пульхных пшанiчных аладак, на дашчэчцы стаяла патэльня, поўная туку i тоўстых ружовых скварак. Але аладкi i сала дзед пакiдаў на пасля, бо цяпер, нагнуўшыся над глiнянаю мiскаю, ён упарта сёрбаў булён. Тоцi дома не было - няйнакш некуды выбегла, i гэта мяне ўзрадавала: пры ёй я бянтэжыўся б, мусiць, няёмка сябе пачуваў бы i дзед.

Я паздароўкаўся i адразу ж, не прайшоўшы нават на хату, сказаў, чаго прыйшоў.

Дзед павярнуў да мяне сiвы, валасаты твар, блiснуў вачыма i, не перастаючы жаваць, загаварыў доўга i разважлiва:

- Яно, канечне, на добры лад памагчы трэба было б. Што нi кажы, а ўсё ж свае... Сiроты... Ды гэта каб на добры лад, каб нявестка была не пустадомак, а чалавек, якi дбае пра сям'ю, каб i не галодныя былi, i не голыя... - памаўчаў, зачэрпнуў з мiскi лыжку булёну, упiхнуў у рот добры кус хлеба i, павольна варушачы скiвiцамi, казаў: - Усе людзi як людзi. Хто ў лястрангас пайшоў, а хто ў ляснiцтва ўладкаваўся, хто яшчэ куды, дзе капейку даюць, - рыбка шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. А яна ў калгас...

- Але ж i ў калгасе трэба некаму рабiць, - не згадзiўся я з дзедам, - бо калi ўсе па заробках розных пойдуць, хто ж зямлю ўрабляць будзе, хлеб сеяць?..

- Кхе-кхе... - усмiхнуўся дзед, паказаўшы рэдкiя жоўтыя зубы. - Ты слухай, стары вол баразны не псуе, а стары чалавек абы-чаго не плявузгае. Ведай, што калi бог спарадзiў чалавека, дык даў яму i розум. А нашто чалавеку розум? Я свой век пражыў i сяму-таму навучыўся. Чалавек павiнен адзiн быць, сам сабе гаспадар на сваёй зямельцы, тады ў яго будзе ўсё - i хлеб, i сала, i грошы. Пакуль гэтага не будзе, зямлi цурацца трэба...

Гаварыць далей з дзедам не было нiякага толку, i я, бразнуўшы дзвярыма, што аж затрымцелi ў вокнах шыбы, выйшаў. Мне было прыкра i горка, ад крыўды я ледзь не плакаў.

I ўсё ж мы не памерлi з голаду: выжылi. I не толькi выжылi, але зусiм неспадзявана i запамаглiся. Як сям'i, што пацярпела ад вайны, нам далi бясплатную маладую, з малаком, карову, памаглi i насеннем, рацыёнамi. Само сабой, вядома, паставiлi мы i хату. I не абы-якую: з новага, смалiстага, як звон, дрэва, з пяццю шырачэзнымi - асаблiва пасля зямлянкi, у якой мы да гэтага жылi, - вокнамi, вялiкай, з лежаком, печчу.

Мы сталi жыць не горш ад людзей. I калi ўжо зусiм забылiся, што недзе побач дажывае свой век наш дзед, па вёсцы пранеслася чутка, што дзед наш застудзiў ногi, яны апухлi i ён не можа сам нават выйсцi на двор. Мо праз тыдзень пасля гэтага ў нашу хату ўбегла Каця, меншая Серадольшанкава дачка сам ён ужо даўно парыў косцi, памёр, небарака, у самую галадоўку - i, прысеўшы на ўслон, расказала, што дзеда нашага выгнала Тоця i што ён сядзiць на сваiх клунках на прызбе яе хаты i не ведае, дзе падзецца. Каця не любiла Тоцi, бо тая адцуралася свайго роднага бацькi, нават на пахаванне не прыйшла, а ўзяла да сябе ў хату зусiм чужога чалавека, маладая - старога. Цяпер Каця з апошнiх слоў лаяла сястру:

- Падумаць толькi, якая падкалодная гадзiна! - казала яна з гневам. Выцiснуць з чалавека апошнiя сокi, а тады, як тую непатрэбную анучу, выкiнуць. Гэтага трэба было ад яе чакаць. Яна ж, як жылi яшчэ з бацькам, пацiху ад усiх крала з кубла сала i прадавала, каб купiць сабе ўборы ды да хлопцаў збегаць...

Каця пакруцiлася яшчэ трохi ў нашай хаце i некуды пабегла - няйнакш панесла гэтую навiну ў другiя хаты: яна рада была выпадку збэсцiць сястру, бо тая ж надта зазналася.

Было ўсё гэта ў абед. Мацi толькi што прыйшла з фермы - даглядала ў калгасе свiней. Не скiдаючы ватоўкi, яна пасядзела на лаве, моўчкi выслухала Кацю, а калi тая выйшла з хаты, устала, нявесела абвяла вачыма нас з Саўкам i сказала зусiм спакойна да мяне:

- Я ведала, што гэтак будзе... Адзявайся, сынку, паедзем прывязём яго да сябе. Усё ж ён нам свой...

Пачуўшы матчыны словы, Саўка быў устаў з-за стала - ён рабiў урокi, хацеў нешта сказаць, але падумаў, махнуў рукою, сеў зноў на сваё месца i, узвалiўшыся ўсiмi грудзьмi на стол, пачаў нешта хутка-хутка пiсаць - аж зарыпела лава.

Я борзда злазiў на пясошнiк, дастаў саматужкi, i мы паехалi.

Тоця жыла поблiзу колiшняга нашага селiшча, i ехаць трэба было ледзь не праз усю вёску. Памятаю, што, хоць i стаяў яшчэ люты, той дзень выдаўся на дзiва цёплы, адлiжны, дзе-нiдзе нават капала са стрэх. У дварах зусiм па-вясноваму зычна i весела кукарэкалi пеўнi, склiкаючы да сябе курэй, а на вулiцы гулялi ў снежкi дзецi. Ля калодзежаў стаялi, падаткнуўшы пад фартухi рукi, купкамi бабы - абгаворвалi вясковыя навiны. Не-не дый, калi мы пад'язджалi блiжэй, паварочвала каторая твар да мацi i пыталася са шкадаваннем:

- Няўжо едзеш па яго? - i, бачачы, што гэта так, ушчувала мацi. - Ды я б на тваiм месцы, Насця, плюнула яму ў вочы. Хай бы падыхаў, як сабака, пад плотам. Ногi - гэта не галава, не шлунне. Ты ведаеш, колькi ён яшчэ праскрыпiць? Можа год, а можа i два. I табе мучыцца? За што?

- Хай яму будзе сорамна i... Тоцi, - нясмела баранiлася мацi. - Усё ж ён нам свой. Каб жыў мой Iван... - Мацi не дагаворвала, голас яе зрываўся, яна часта-часта пачынала клепаць вейкамi i - подбегам даганяла мяне.

Дзед не ўпарцiўся, не ўпiраўся, калi мы яго забiралi. Толькi здзiўлена, нiбы спалоханы, лыпаў вялiкiмi белазорымi вачыма, - iменна белазорымi, а не шэрымi, як здавалася мне некалi ў маленстве, - то на мяне, то на мацi.

Мо з тыдзень маўчаў ён, не кажучы нi слова, i ў нас дома. Ляжаў, застыла ўставiўшыся вачыма ў столь, i нешта думаў. Што?.. Ах, каб гэта можна было ведаць... Ды чужая душа - пацёмкi. Бывала, падыдзеш да яго, а ён нават не зварухнецца - ляжыць, сцяўшы губы, мярцвяк мерцвяком, аж не па сабе зробiцца, млосць па целе пойдзе, мурашкi халодныя скрабануць... Падумаеш мiжвольна: хiба памёр?

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*