Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
- Радаслаў Алесевiч! - радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. - Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.
Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.
- Што гэта за птушкi? - спытаў Клён.
- Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, - весела адказаў Радаслаў. - Падобны на нашых зямных грыфаў - такiя ж голыя шыi.
Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца.
Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары.
- Радаслаў! - закрычала яна. - Клёнiк! Даражэнькiя вы мае!
Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера - зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў:
- Стаяў, калацiўся ў гэтай рацэ i нават твар не замачыў. Эх, i нырну ж я зараз!
Раптам пачуўся рэзкi ўладны голас:
- Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, - тое, у чым ты стаяў i стаiш, не Н2О. Калi ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў i захацеў неадкладна аддзялiцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля. Ты - Гарант Вечнага Шру.
- Ты - Гарант Вечнага Шру! - зладжаным хорам усклiкнулi ўсе плазмоiды, што вiселi над Клёнам.
- Якi яшчэ гарант? - незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii.
- Прывiтанне, землячок! - сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.
- Добры дзень, Клёнiк, - цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк.
Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў:
- I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра?
- Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, - цвёрда, амаль сурова прагучала ў iх над галовамi. Яны ўбачылi вялiзны зялёны шар, якi паважна выплываў з купы iншых, значна меншых.
- Не трэба спяшацца, - лагаднеючы, казаў шар. - Ты правiльна пачуў словы: "...паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля". Усё гэта так. Але на нашым Вары ноч доўжыцца каля сарака васьмi зямных гадзiн. А наконт адпачынку... Што такое адпачынак? Можна адпачыць з паўгадзiны пасля палёту, або, як у вас, пасля пешаходнай прагулкi. Добра папрацаваўшы зiмою (на нашай планеце таксама выпадае снег), можна адпачываць усё лета. А лета на планеце Вар умяшчаецца ў трыста песень свяшчэннай птушкi кранг. Кранг жа, да вашага ведама, зямляне, на адну сваю песню адводзiць адну ноч, i такiм чынам...
- Дык вы хочаце сказаць, што мы можам прабыць у вас... вашымi гасцямi трыста дзён i трыста начэй? - пачырванеўшы ад гневу, рашуча перарвала маналог зялёнага плазмоiда Вера Хрысцiнюк.
- Усё можа быць, жыхарка не нашай планеты, - шматзначна прамовiў таўстун i, на ўсялякi выпадак, узвiўся крыху вышэй.
- Што ж гэта такое? - пляснула рукамi Вера. - Запрашаюць на абсалютна невядомую планету, прыкiдваюцца джэнтльменамi, гаспадарамi свайго чэснага слова, а завозяць людзей на задворкi Галактыкi, як у нейкую турму.
Пры слове "задворкi" плазмоiды абурана i ўзбуджана зашыпелi.
- Не трэба, панове, - iранiчна ўсмiхнулася Хрысцiнюк. - У мяне на планеце Зямля ёсць цудоўны электрычны чайнiк, i ён таксама, калi нагрэецца, шыпiць. Радаслаў Алесевiч, - павярнулася яна да Буслейкi, - вы, як мужчына, як прадстаўнiк усiх мужчын Зямлi, павiнны абаранiць нашага юнага сябра Клёна Дубровiча i мяне, слабую жанчыну, ад гэтага нахабства, ад гэтага, можна сказаць, мiжпланетнага шантажу. Праз тры днi я павiнна быць у сваiм iнстытуце. Разумееце? Мы праводзiм вельмi важны, можна сказаць найважнейшы навуковы эксперымент, i калi мяне не будзе...
Яна з iмпэтам трагiчнай актрысы заламала прыгожыя белыя рукi. Плазмоiды зацiхлi i, адчувалася, з лёгкiм страхам i надзвычайнай цiкаўнасцю сачылi за ёй.
Радаслаў для салiднасцi адкашляўся.
- Я мяркую, - суха сказаў ён, - я абсалютна ўпэўнены, што паважаная Старая Цывiлiзацыя, якая жадае заключыць вечны мiр з людзьмi планеты Зямля, даставiць нас дадому, - ён у роздуме зморшчыў загарэлы лоб, - праз тры днi, роўна праз тры днi гасцявання на цудоўнай i непаўторнай планеце Вар.
- Якi вы малайчына! Якi дыпламат! - зачаравана пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк. - За адну-аднюсенькую секунду знайшлi мудрае кампрамiснае рашэнне. Шэдаўральна!
Слова "шэдаўральна" для тых людзей, якiя больш-менш ведалi рамантычную натуру Веры, азначала, што з гэтага моманту яна закахала'ся ў стрэсаператара Радаслава Буслейку. Яе нават называлi "жанчына-вулкан" за такую рысу характару.
- I ўсё ж я хачу як мага хутчэй быць на Зямлi, - упарта сказаў Клён. Там мяне мама з бацькам чакаюць.
Радаслаў уважлiва паглядзеў на яго.
- Гэта вельмi добра, што чакаюць. Але ж мы ў гасцях, i гаспадары будуць рашаць, у якi дзень мы на развiтанне памахаем iм ручкай.
- Я як чалавек, - горда вымавiў Клён, - як жыхар планеты Зямля, магу сам, - разумееце? - сам распараджацца сваiм лёсам. Гэта маё неад'емнае права. Дзеля гэтага мае i вашы продкi дадумалiся да такой мудрай штукенцыi, як ВЭП.
- Чалавек? - Буслейка злёгку ўсмiхнуўся. - Што ж, i ты - чалавек, i мы з Верай - чалавекi. Але паслухай, дарагi Клён, адну просценькую прытчу. Неяк спытаў фiлосаф Арыстоцель у фiлосафа Платона: "Што такое чалавек?" - "Гэта iстота, - адазаў Платон, - якая прама стаiць на дзвюх нагах, не пакрыта нi шэрсцю, нi пухам i валодае зычным голасам". На тым яны i разышлiся. А праз нейкi час Арыстоцель прынёс абскубанага жывога пеўня, кiнуў пад ногi Платону i сказаў: "Бяры свайго чалавека, Платон". Вось так.