KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Л Дайнеко, "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Ты будзеш жыць, - пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава.

I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы.

- Ура! - пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся.

- Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, - адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў. - Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй.

Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар. - Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры".

Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад "вады", стаў на ногi, i адчувалася - рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава - не пачулася анiякага плёскату. "Вада" была безгалосая, нямая.

- Дзе я? - разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне.

- Жыхар не нашай планеты, ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар.

- Дзе? Якi самавар? - не дачуўшы, iранiчна зморшчыўся Клён Дубровiч.

- Ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, - з годнасцю, нi на ёту не пакрыўдзiўшыся, паўтарыў зялёны плазмоiд.

Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спiць, а стаiць па пояс у нейкай вадкасцi i размаўляе, як з жывым (!), з нейкiм шарам.

- Што ж са мной было? - спалохана, глытаючы словы, спытаў ён.

- Ты быў мерцвяком. Клеткi твайго галаўнога мозга пачыналi разбурацца...

- Мерцвяком? - аж падскочыў Клён. I зноў "вада" ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакi пырскамi, засталася бясшумнай.

- Так, бо ўсё жывое павiнна некалi памерцi. "Каб не памерлi, дык неба б падперлi". Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў ажывiў цябе. Жывi i памятай, што ты - гарант прымiрэння дзвюх цывiлiзацый: Старой, або Плазмоiднай, i Бялковай.

У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.

- Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты! - гучна прамовiў зялёны плазмоiд. - Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў?

Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй.

- Мне страшна, - умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк.

- Дайце сваю руку, - загадаў ёй Радаслаў.

Яны памкнулiся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалi з дыскаў, i ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына i падлетак i зялёны плазмоiд побач з iмi насцярожана сачылi за няўмольным наблiжэннем раз'юшаных чырвоных i фiялетавых шароў.

- Мы апынулiся памiж молатам i кавадлам, - цiха сказаў Радаслаў, моцна сцiскаючы вузкую цёплую далонь Веры.

I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", - зразумеў Радаслаў.

Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.

- Што з Клёнам? - у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк.

- Ён у рацэ, - давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. - Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.

- Бедны хлопчык, - сумна прамовiла Вера. - Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?

- Я? - спытаў Буслейка. - Нi кропелькi не адчуваю. Мы - зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.

- Я таксама пайду.

- Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.

Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду? - падумаў ён. - Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом.

- Клён? - крыкнуў Радаслаў. - Клён, дзе ты?!

Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi "вады" ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў.

- Радаслаў Алесевiч! - радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. - Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.

Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.

- Што гэта за птушкi? - спытаў Клён.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*