Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке)
Цяжка, ой як цяжка насiць ад магiлы да магiлы камяк у горле.
Я i акрамя Радаўнiцы часцяком бываю тут, але сёння дзень асаблiвы святочна-жалобны дзень.
Цяжка тут бываць, яшчэ цяжэй ад'язджаць адсюль. Быццам тут застаецца... не, не быццам, а сапраўды тут застаецца частка майго лёсу, частка майго сэрца, частка мяне самога.
Без той святой часткi не было б нi мяне, нi працягу жыцця на зямлi.
КРЫВАПIЎЦЫ
Тое, што свежына ў вёсцы - значная падзея, вядома многiм, нават тым, хто нарадзiўся ў горадзе.
Вяскоўцы ж майго веку i сталейшыя ведаюць, што свежына - гэта яшчэ i своеасаблiвы рытуал.
Па-першае, смалiлi свiнчо не смуроднымi бензiнавымi лямпамi, не з дапамогай газавага балона, якiх тады не было, а звычайнай саломай.
Роўненькую, ад вымалачаных снапоў салому тата трымаў у сухiм месцы спецыяльна для смалення.
Смалiць саломай было марудна, патрабавалася шмат часу i намаганняў, затое сала лiчылася пасля такой працэдуры смачным i здаровым.
Па-другое, у нашай глухой вёсцы тых часоў гарадскiмi харчамi i не пахла, пра многае i не чулi. А калi пахла i чулi - не было грошай, бо бюджэт кожнай сям'i са скрыпам дазваляў купiць самае неабходнае - цукар, соль, муку, боты, ватоўку.
Вось чаму ледзь не ўсёй вёскай збiралiся па чарзе вакол самага галоўнага i, бадай, адзiнага вясковага прысмаку. Але спачатку прыходзiлi толькi мужчыны - у асноўным - "спяцы" па заколцы i разборцы свiннi. I хоць кожны гаспадар дасканала валодаў свяжыннай тэхналогiяй - ад парадаў i прапаноў не было адбою.
I вось парсюк абкочаны, заколаты i пакладзены пасля смалення на нейкiя дошкi цi старыя дзверы для яго разбiрання.
Тут пачыналася галоўнае. Выразаў тата квадратны кавалак грудзiнкi, i ў тое паглыбленне набягала кроў. Бралi мужчыны алюмiнiевы кубачак, зачэрпвалi кроў i па чарзе пiлi яе. Тады гэта лiчылася карысным i неабходным для здароўя чалавека пiтвом.
Я быў у той час хударлявым i даволi бледнатварым хлапчуком, з-за чаго пра мяне чамусьцi, гаварылi: "Белы, як снягiр..."
Мяне гэта здзiўляла, бо снегiры зусiм не белыя...
Вось мне мужчыны i кажуць:
- Ну а ты, снягiр, што стаiш? Пi - пачырванееш!
Мне вельмi хацелася быць падобным на гэтых дужых, рашучых аднавяскоўцаў, i я, перамагаючы нехаценне, зачарэпнуў i выпiў крывi, якая была цёплай i саланаватай...
З часам пастарэла вёска, памаладзелi звычаi, i пра згаданы рытуал болей у нас не чуваць.
АКОПЫ
Акопы... Купалавы Акопы...
Для мяне Акопы iснуюць у трох iпастасях: Акопы тых гадоў, калi Купала знаходзiў тут прытулак для душы, для стварэння лепшых сваiх твораў. Другiя Акопы - Акопы майго дзяцiнства i юнацтва. Трацiя Акопы - сучасныя, даволi штучныя...
Мне помняцца, мяне хвалююць "другiя" Акопы, калi я, малапiсьменны, часцяком забягаў туды, не ведаючы пра святасць гэтага месца, не прачытаўшы яшчэ анiводнага Купалавага радка, хоць чуў, што быў такi паэт, якi наязджаў да сваёй мацi ў Акопы...
Дык чым прыцягвала мяне гэтае месца? Перш за ўсё -сваёй прыгажосцю, утульнасцю. Мне падабалася круглая, застылая, нiбы люстэрка, сажалачка, над якой задуменна звiсалi лiпы. Мяне прыцягваў агромнiсты камень-валун, на якi я любiў ускарабкацца i сядзець, слухаючы птушыныя спевы i шум лiстоты. Але больш за ўсё я любiў пасядзець "у дубе". Дуб гэты стаяў крыху воддаль ад сядзiбы. Нехта некалi не паленаваўся выдзеўбцi ў ягоным ствале нешта падобнае на крэсла, у якiм было вельмi прыемна сядзець. Казалi, што ў гэтым "крэсле" Купала пiсаў свае творы, але гэтая навiна мяне мала хвалявала, i я прыходзiў да дуба не таму, што нейкi там Купала сядзеў у iм, а таму, што мне падабалася ўцiснуцца целам у ствол i нiбы злiцца з магутным волатам-дрэвам.
На вялiкае шчасце, аднаго разу я "зацягнуў" у Акопы свайго швагра Казiка, якi любiў фатаграфаваць, i ён сфатаграфаваў мяне i на валуне, i на бервяне ў вадзе сажалачкi, i седзячы ў дубе.
Дуба таго няма "ў жывых", як i многiх-многiх прыгажуноў-дубоў, што па-аднаму "паразбягалiся" па палях. Гэтыя помнiкi прыроды замiналi калгасным "руплiўцам", якiя выкарчоўвалi трактарамi дрэвы, каб з таго месца, дзе яны раслi, узяць жменьку збожжа.
Сапраўды, свiння есць жалуды, не задумваючыся, адкуль яны ўзялiся...
Фотаздымкi тыя ў мяне захавалiся, i я вельмi iмi даражу. На пагорку, вышэй сажалачкi - у бок Будаў, з травы выглядваў падмурак колiшняга дома, побач з якiм захаваўся глыбокi i прасторны склеп. Сцены яго былi выкладзены каменнем i зацэментаваныя. Склеп быў даволi глыбокi, i я нi разу, хоць надта хацелася, не адважваўся спусцiцца ў яго, бо баяўся, што не вылезу наверх.
Ад падмурка да сажалачкi на даволi крутым схiле захаваўся сад. Сёння, калi пачынаю гаварыць музейным супрацоўнiкам пра той сад, яны недаверлiва маўчаць цi робяць выгляд, што не пачулi маiх слоў.
А з гэтага састарэлага i дажываючага свой век садка мы са старэйшым братам мяхамi цягалi ў Карпiлаўку смачныя яблыкi, бо свайго саду не было. Дзве вярсты несцi мех з яблыкамi, калi ад стомы заблытваюцца ногi i, здаецца, няма сiл удыхнуць паветра, - такое, i памiраць будзеш, - не забудзецца.
Сёння - няма падмурка, няма склепа, няма дуба, знiк садок...
Няхай бы стаялi хоць сухiя дрэвы-помнiкi, як стаяць яблынькi-калекi ў садзе Антона Лявiцкага.
У Акопах не засталося нiчога натуральнага - ёсць толькi музейнае, штучнае, сярод якога пасвяцца харужанскiя каровы. Магчыма, рупячыся аб жывёле, склеп i засыпалi. Спрабуючы пачысцiць дно ў сажалачцы, парушылi, "прабiлi" яе дно, i вада не хоча трымацца ў новай, штучнай.
I толькi дух купалаўскага генiя тут натуральны i вечны... Сёння я, адукаваны i свядомы, з хваляваннем прыходжу да святых Купалавых мясцiн, з сумам i болем iду па "трэцiх", штучных, Акопах i зайздрошчу сабе - таму хлапчуку Сярожу, якога лёс прыводзiў сюды шмат гадоў назад...
ПА ДАЎГIНАЎСКАМУ ШЛЯХУ
Ад Лускава да Карпiлаўкi - пятнаццаць кiламетраў. Невялiкi адрэзак знакамiтага Даўгiнаўскага шляху, па якiм у свой час ездзiла менавiта ў Карпiлаўку цэлае сузор'е вядомых людзей: Антон Лявiцкi (Ядвiгiн Ш.), Зоська Верас, Палута Бадунова, Ядзвiга Раткевiч, Змiтрок Бядуля, Уладзiслаў Галубок. Даўгiнаўскi шлях меў гонар "несцi на векавых сваiх плячах" i славутага Максiма Багдановiча, якi наведаў аднаго разу Ядвiгiна Ш. у Карпiлаўцы.
Янка Купала таксама многа год наязджаў гэтым жа шляхам да сваёй мацi ў Акопы, што побач з Карпiлаўкай, ды i ў самой Карпiлаўцы бываў неаднаразова сустракаўся тут з Ядвiгiным Ш.
Цяжка нам сёння ўявiць, якiм ён, Даўгiнаўскi шлях, быў тады, на стыку мiнулага i цяперашняга стагоддзяў.
Думаю, што не менш цяжка i вам уявiць славуты адрэзак шляху ледзь не паўвекавой даўнiны, бо сёння анiчога не засталося ад яго.
Мне "пашчасцiла" дзесяткi, а можа, i сотнi разоў адтупаць па гэтаму адрэзку Даўгiнаўскага шляху. Чаму "пашчасцiла" ў двухкоссi? Таму, што не так ужо i мала пятнаццаць вёрстаў пехатой, ды яшчэ з клункам цi з клункамi, ды не заўжды добрым надвор'ем.