Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
- Святое слова гонару, - сур'ёзна прамовiў я. - Хэры...
Яна чакала.
- Ты таксама змянiлася. Усе мяняюцца. Але я не тое хацеў сказаць. Сапраўды, ты не можаш без мяне. Чаму - мы пакуль што не ведаем... Але гэта нават лепш, бо я таксама не магу без цябе...
- Крыс!
Я падняў Хэры разам з прасцiной, у якую яна захiнулася. Ражок прасцiны, мокры ад слёз, упаў мне на плечы. Я хадзiў па пакоi, гушкаючы Хэры. Яна пагладзiла мой твар.
- Не, ты не змянiўся. Гэта я, - шапнула яна мне на вуха. - Са мной штосьцi адбываецца. Мо справа ў гэтым?
Яна пазiрала ў чорны пусты прамавугольнiк, якi застаўся ад разбiтых дзвярэй, бо iх абломкi я вынес вечарам на склад. Трэба будзе, падумаў я, павесiць новыя. Я пасадзiў Хэры на ложак.
- А ты наогул спiш? - Я стаяў над ёю з апушчанымi рукамi.
- Не ведаю.
- Як не ведаеш? Падумай, каханая.
- Бадай што сплю, але гэта не сапраўдны сон. Мо я хворая. Я проста ляжу i думаю, i ведаеш...
Хэры здрыганулася.
- Што? - спытаўся я шэптам, бо баяўся, што мне здрадзiць голас.
- У мяне вельмi дзiўныя думкi. Не ведаю, адкуль яны бяруцца.
- Напрыклад?
Трэба быць спакойным, думаў я, што б яна нi сказала. Да яе слоў я падрыхтаваўся, як да моцнага ўдару. Хэры бездапаможна пакiвала галавой:
- Усё нейкае такое... навокал...
- Не разумею.
- Як быццам не толькi ўва мне, але i далей, неяк так... Я не магу расказаць. Не хапае слоў...
- Напэўна, табе гэта снiцца, - нiбы мiмаходзь зазначыў я. Мне стала лягчэй дыхаць. - А зараз давай патушым святло, i да ранiцы ў нас не будзе нiякiх згрызот, а ранкам, калi вельмi захочацца, прыдумаем сабе новыя, добра?
Яна працягнула руку да выключальнiка. Стала цёмна, я ўлёгся ў выстылую пасцель i адчуў цяпло яе дыхання. Я абняў Хэры.
- Мацней, - прашаптала яна. I пасля доўгай паўзы: - Крыс!
- Што?
- Я кахаю цябе.
Мне захацелася закрычаць.
Ранак быў чырвоны. Пачырванелы сонечны дыск вiсеў нiзка над гарызонтам. На парозе ляжала пiсьмо. Я разарваў капэрту. Хэры была ў душавой, я чуў, як яна мармыча нейкую мелодыю. Час ад часу яна высоўвалася адтуль, пазiраючы на мяне праз мокрыя валасы. Я падышоў да iлюмiнатара i пачаў чытаць:
"Кельвiн, справы дрэнь. Сарторыус выступае за рашучыя меры. Ён спадзяецца, што яму ўдасца дэстабiлiзаваць нейтрынныя сiстэмы. Для доследаў яму патрэбна крышку плазмы як зыходнага будаўнiчага матэрыялу ўтварэнняў Ф. Ён прапануе табе пайсцi ў разведку i здабыць трохi плазмы. Ты рабi што хочаш, але паведамi мне пра сваё рашэнне. А ў мяне ўжо сваёй думкi няма. Бадай, нiчога ўжо няма. Я хачу, каб ты гэта зрабiў, хоць бы таму, што мы зрушымся з мёртвага пункту, няхай сабе i фармальна. Iнакш застаецца толькi зайздросцiць Г.
Мышаня.
Р.S. Не ўваходзь у памяшканне радыёстанцыi. Гэта ўсё, што ты для мяне яшчэ можаш зрабiць. Лепей пазванi".
Маё сэрца калацiлася, калi я чытаў гэты лiст. Уважлiва перачытаў яго яшчэ раз, парваў паперыну i выкiнуў кавалкi ў ракавiну. Пасля пачаў шукаць камбiнезон для Хэры. Гэта было страшна. Якраз так, як мiнулым разам. Але Хэры нiчога не ведала, iнакш яна не ўзрадавалася б, калi я сказаў, што мне трэба выбрацца ў кароткую разведку за межы Станцыi i я прашу яе суправаджаць мяне. Мы паснедалi на маленькай кухнi (Хэры зноў амаль нiчога не ела) i пайшлi ў бiблiятэку.
Перш чым выканаць даручэнне Сарторыуса, я хацеў пагартаць лiтаратуру па пытаннях поля i нейтрынных сiстэм. Я не ўяўляў нават, як мне гэта ўдасца, але вырашыў кантраляваць яго работу. Я падумаў, што не iснуючы пакуль што нейтрынны ангiлятар мог бы вызвалiць Снаўта i Сарторыуса, а я перачакаў бы разам з Хэры "аперацыю" дзе-небудзь звонку - у лятаючым апараце, напрыклад. Я даволi доўга сядзеў над тоўстым электронным каталогам, якi ў адказ на мае пытаннi альбо выкiдваў мне картку з лаканiчным надпiсам "у бiблiяграфii адсутнiчае", альбо прапаноўваў залезцi ў такi нерат спецыяльных фiзiчных прац, што я не ведаў, як да iх падступiцца. Мне не хацелася пакiдаць вялiкае круглае памяшканне з гладкiмi сценамi, у якiх знаходзiлiся скрыначкi, што высоўвалiся, з вялiкай колькасцю мiкрафiльмаў i электронных запiсаў. Размешчаная ў самым цэнтры Станцыi, без анiякiх iлюмiнатараў, бiблiятэка была сама iзаляваным памяшканнем у стальной шкарлупiне. Мо таму мне было тут так добра, пошукi мае нiчога не давалi. Я блукаў па вялiкай зале, пакуль не спынiўся ля вялiзнай, да самай столi, кнiжнай шафы. Гэта была не столькi раскоша (зрэшты, даволi сумнiцельная), колькi сiмвал памяцi, данiна павагi пiянерам салярыстычных даследаванняў: палiцы, на якiх стаяла каля шасцiсот тамоў, утрымлiвалi ўсю класiчную лiтаратуру па прадмеце, пачынаючы з манументальнай, хоць у значнай ступенi i састарэлай, дзевяцiтомнай манаграфii Гiзэ. Я даставаў гэтыя цяжкiя тамы i лянiва гартаў iх, прысеўшы на ручку крэсла. Хэры таксама знайшла сабе нейкую кнiжку - я прачытаў некалькi радкоў цераз яе плячо. Гэта была адна з тых кнiжак, што засталiся ад першай экспедыцыi, здаецца, ад самога Гiзэ "Мiжпланетны кухар"... Назiраючы, як уважлiва вывучае Хэры кулiнарныя рэцэпты, прыстасаваныя да суровых касмiчных умоў, я моўчкi вярнуўся да старога фалiянта, якi ляжаў на маiх каленях. Манаграфiя Гiзэ "Дзесяць гадоў вывучэння планеты Салярыс" з'явiлася ў серыi "Працы па салярыстыцы" ў выпусках з чацвёртага па трыццаты, а зараз чарговыя выпускi серыi маюць чатырохзначны нумар.
Гiзэ меў не надта спрытны розум, але спрытны розум можа толькi нашкодзiць вывучэнню планеты Салярыс. Бадай, нiдзе ўяўленне i здольнасць хутка ствараць гiпотэзы не становяцца гэткiмi згубнымi, як тут. У рэшце рэшт, на гэтай планеце магчыма ўсё. Неверагодныя апiсаннi плазматычных "узораў" хутчэй за ўсё адпавядаюць сапраўднасцi, хоць праверыць iх звычайна немагчыма, бо Акiян вельмi рэдка паўтараецца. Назiральнiка, якi ўпершыню сутыкнуўся з акiянiчнымi з'явамi, здзiўляе iх велiзарны памер i цалкам адсутны на Зямлi характар. Калi б гэта адбывалася ў маленькай лужыне, усе вырашылi б, што тут звычайная "гульня прыроды", яшчэ адна праява выпадковасцi i сляпога ўзаемадзеяння сiл. Перад незлiчонай разнастайнасцю салярысных формаў аднолькава бездапаможныя i пасрэднасць, i генiй. Гiзэ не адносiўся нi да тых, нi да iншых. Ён проста быў класiфiкатарам-педантам, з гатунку тых, хто пад знешняй абыякавасцю хавае ўсёпаглынальную, невыкараняльную працавiтасць. Гiзэ спрабаваў усё апiсваць, а калi яму не хапала слоў, прыдумляў новыя, часта няўдалыя, не адпаведныя сутнасцi з'явы. Зрэшты, нiводзiн тэрмiн не перадае сутнасцi таго, што адбываецца на планеце Салярыс. Яго "горадрэвы", яго "даўгуны", "грыбавiкi", "мiмоiды", "сiметрыяды" i "асiметрыяды", "хрыбетнiкi" i "мiгценнiкi" гучаць вельмi ненатуральна, але ўсё-ткi даюць хоць нейкае ўяўленне пра Салярыс нават тым, хто не бачыў нiчога, акрамя невыразных фотаздымкаў i надта недасканалых фiльмаў. Вядома, гэты добрасумленны класiфiкатар часам не ўтрымлiваўся ў строгiх рамках класiфiкацый. Чалавек заўсёды прапануе гiпотэзы, нават калi не iмкнецца да гэтага, нават несвядома. Гiзэ лiчыў, што "даўгуны" ўяўляюць зыходную форму, i супастаўляў яе са шматразова павялiчанымi i нагрувашчанымi ў некалькi ярусаў прылiўнымi хвалямi зямных мораў. Той, хто знаёмы з першым выданнем яго працы, памятае, што спачатку Гiзэ называў гэтую форму менавiта "прылiвамi", пад уплывам геацэнтрызму. З такога азначэння можна было б пасмяяцца, калi б яно не сведчыла пра бездапаможнасць даследнiка. Гэтыя ж утварэннi па сваiх памерах пераўзыходзяць - калi ўжо шукаць зямныя параўнаннi - Вялiкi каньён Каларада, да таго ж iх верхнi слой - пенiста-сцюдзянiсты (пена застывае вялiзнымi крохкiмi фестонамi, велiзарнымi карункамi - частка даследнiкаў палiчыла iх "шкiлетападобнымi нарастамi"), а слаi, што ляжаць нiжэй, становяцца ўсё больш пругкiмi, нiбы мускул, якi скарацiўся, i мускул гэты на глыбiнi паўтара дзесяткаў метраў - больш цвёрды, чым камень, але пругкасцi не губляе. Мiж сцен, паверхня якiх нагадвае скуру на спiне нейкай пачвары i ўся пакрытая прылiплымi да яе "шкiлетамi", на цэлыя кiламетры разлёгся сам "даўгун", знешне самастойнае ўтварэнне, якое падобна на вялiзнага пiтона. Здаецца, нiбыта пiтон цалкам праглынуў некалькi гор i моўчкi пераварвае iх, час ад часу ўздрыгваючы. Але такi выгляд "даўгун" мае толькi зверху, з лятаючага апарата. Калi ж апусцiцца на некалькi соцень метраў, амаль на самае дно "цяснiны", то бачна, што пiтон - гэта паласа, якая працягнулася аж да самага гарызонту, дзе плазма рухаецца з неверагоднай хуткасцю, у вынiку чаго i ўзнiкае ўражанне застылага цылiндра. Спачатку лiчыш гэты рух за кручэнне па кругу слiзiстай шэра-зялёнай масы, якая блiшчыць на сонцы, але ля самай паверхнi (адкуль берагi "цяснiны", дзе супакоiўся "даўгун", здаюцца чорнымi хрыбтамi) заўважаеш, што маса рухаецца па значна больш складаным прынцыпе. Тут ёсць i канцэнтрычныя акружнасцi, i перакрыжаваныя цячэннi больш цёмных струменяў, i люстраныя ўчасткi верхняга слоя, якiя адлюстроўваюць неба i хмары. Часам на гэтых участках грымяць вывяржэннi змешанага з газамi паўвадкага асяроддзя. Паступова разумееш, што проста перад табой - цэнтр дзеяння сiлы, якая падтрымлiвае сцюдзянiстыя сцены, што ўзнялiся ў неба i лянiва застываюць, ператвараючыся ў крышталi. Але тое, што вiдавочна для назiральнiка, не надта паддаецца навуцы. Колькi гадоў доўжылiся непрымiрымыя спрэчкi з нагоды таго, што адбываецца ў "даўгунах", мiльёны якiх плаваюць у бязмежных прасторах жывога Акiяна. Iх лiчылi нейкiмi органамi, лiчылi, што ў iх адбываецца абмен рэчываў, працэсы дыхання i пераварвання ежы i нешта там яшчэ, аб чым памятаюць зараз толькi запыленыя бiблiятэчныя палiцы. Кожная з гэтых гiпотэз была ў рэшце рэшт абвергнута тысячамi цяжкiх, часам небяспечных доследаў. А справа ж толькi пра "даўгуны", пра форму, якая па сутнасцi прасцейшая, найбольш устойлiвая (iх iснаванне доўжыцца некалькi тыдняў - што на планеце Салярыс наогул з'яўляецца выключэннем).