Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
Мяне здзiвiла, што толькi ён быў незадаволены маiмi неабачлiвымi словамi. Здавалася, Сарторыус iх не баiцца. Магчыма, яго "госць" па сваёй сутнасцi не такi кемлiвы, як "госць" Снаўта. На секунду ў маiм уяўленнi паўстаў нейкi карлiкавы крэтын, якi неадступна следаваў за доктарам Сарторыусам.
- Так, i мы гэта заўважылi, - пачаў Сарторыус. - Цяпер што да матываў з'яўлення ўтварэнняў Ф... Першая найбольш верагодная думка - на нас праводзяць эксперымент. Аднак хутчэй за ўсё гэта быў бы варты жалю эксперымент. Калi мы ставiм дослед, то вучымся на вынiках, перш за ўсё на памылках, i пры паўтарэннi доследу ўносiм у яго папраўкi... У нашым выпадку пра гэта не можа быць i гаворкi. Тыя ж самыя ўтварэннi Ф з'яўляюцца нанава... нескарэктаваныя... не ўзброеныя нiчым дадаткова супраць... нашых спроб пазбавiцца ад iх...
- Словам, тут няма функцыянальнай пятлi дзеяння з карэгiраванай зваротнай сувяззю, як назваў бы гэта доктар Снаўт, - адзначыў я. - I што з гэтага вынiкае?
- Толькi адно: калi лiчыць тое, што адбываецца, эксперыментам, то гэта не эксперымент, а... халтура, што, аднак, непраўдападобна. Акiян... дакладны. Гэта выяўляецца хоць бы ў двухслойнай канструкцыi ўтварэнняў Ф. Да пэўнай мяжы яны паводзяць сябе так, як паводзiлi б сябе... сапраўдныя... сапраўдныя...
Ён змоўк.
- Арыгiналы, - хутка падказаў яму Снаўт.
- Так, арыгiналы. Аднак калi сiтуацыя перавышае нармальныя здольнасцi пасрэднага... э... арыгiнала, настунае нiбыта "выключэнне свядомасцi" ўтварэння Ф, i адразу ж праяўляюцца iншыя дзеяннi, нечалавечыя...
- Гэта праўда, - сказаў я, - але такiм чынам мы толькi складаем каталог паводзiн гэтых... гэтых утварэнняў, i больш нiчога. А гэта бязглуздзiца.
- Я не ўпэўнены, - запратэставаў Сарторыус.
Тут я зразумеў, чым ён мяне так нервуе: ён не проста гаварыў, а казаў прамову, як на пасяджэннi Iнстытута.
Вiдаць, размаўляць iнакш ён не ўмеў.
- Тут узнiкае праблема iндывiдуальнасцi. Акiян цалкам пазбаўлены гэтага паняцця. Так i павiнна быць. Мне здаецца, шаноўныя калегi, што гэты... э... далiкатны, непрыемны для нас бок эксперымента не мае нiякага значэння для Акiяна, ён - за межамi яго разумення.
- Вы лiчыце, што гэта незнарок?.. - спытаўся я.
Яго сцверджанне крыху ашаламiла мяне, але, падумаўшы, я вырашыў, што такi пункт погляду нельга браць пад увагу.
- Так. Я не веру нi ў вераломства, нi ў зласлiвасць, нi ў жаданне нанесцi ўдар у сама балючае месца, як лiчыць калега Снаўт.
- Я зусiм не прыпiсваю Акiяну чалавечых пачуццяў, - упершыню ўзяў слова Снаўт, - але мо ты скажаш, як вытлумачыць гэтыя пастаянныя вяртаннi?
- Магчыма, уключана нейае прыстасаванне, якое ўсё круцiцца i круцiцца, як кружэлка, - прамовiў я, iмкнучыся зачапiць Сарторыуса.
- Не будзем адхiляцца, калегi, - гугнявым голасам заявiў доктар. - Гэта не ўсё, што я хацеў вам паведамiць. У звычайных умовах я лiчыў бы складанне нават кароткага паведамлення пра стан маёй працы дачасным, але з улiкам спецыфiчных умоў я раблю выключэнне. У мяне такое ўражанне, толькi ўражанне, не болей, што ў меркаваннях калегi Кельвiна ёсць рацыянальнае зерне. Я маю на ўвазе яго гiпотэзу пра нейтрынную структуру... такiя сiстэмы мы ведаем толькi тэарэтычна, нам невядома, цi можна i' стабiлiзаваць. Тут з'яўляецца пэўны шанц, бо знiшчэнне сiлавога поля, якое надае стабiльнасць сiстэме...
Я заўважыў, як цёмны прадмет, якi засланяў экран з боку Сарторыуса, адсоўваецца: з самага верху блiснула шчылiна, i можна было ўбачыць, што там паволi шавялiлася штосьцi ружовае. I раптам цёмная перагародка ўпала.
- Прэч! Прэч!!! - пачуўся ў трубцы адчайны крык Сарторыуса.
На раптоўна асветленым экране мiльганулi рукi доктара ў шырокiх лабараторных нарукаўнiках i вялiкi, залацiсты, падобны на дыск прадмет, усё гэта знiкла раней, чым я зразумеў, што залацiсты круг - гэта саламяны капялюш...
- Снаўт? - паклiкаў я, глыбока ўздыхнуўшы.
- Слухаю, Кельвiн, - стомлена азваўся кiбернетык.
Раптам я адчуў, што Снаўт мне вельмi падабаецца. Я на самай справе не хацеў бы ведаць, хто ў яго "ў гасцях".
- Гэтага, вiдаць, досыць, га?
- Думаю, дастаткова, - згадзiўся я. - Паслухай, калi будзеш мець мажлiвасць, зазiрнi ўнiз або да мяне ў кабiну, добра? - спешна дадаў я, пакуль ён не паклаў трубкi.
- Згода, - адказаў Снаўт. - Толькi не ведаю калi.
На гэтым праблемная дыскусiя скончылася.
ПАЧВАРЫ
Пасярод ночы мяне разбудзiла святло. Я абапёрся на локаць, засланяючы другой рукой вочы. Хэры, захiнутая ў прасцiну, скурчылася i сядзела ў нагах ложка, валасы засыпалi яе твар. Плечы ўздрыгвалi. Хэры бязгучна плакала.
- Хэры!
Яна скурчылася яшчэ больш.
- Што з табой?.. Хэры...
Я сеў, яшчэ не зусiм прачнуўшыся, паступова выбаўляючыся з кашмару, якi душыў мяне хвiлiну таму.
- Каханая.
- Не кажы так.
- А што здарылася, Хэры?
Я ўбачыў яе мокры скрыўлены твар. Буйныя дзiцячыя слёзы цяклi па шчоках, блiшчалi ў ямачцы на падбародку, капалi на прасцiну.
- Я не патрэбная табе.
- Што ты гаворыш, Хэры!
- Я сама чула.
Я адчуў, як камянее мой твар.
- Што чула? Ты нiчога не зразумела, проста я...
- Не. Не. Ты гаварыў, што гэта не я. Каб я iшла. Я пайшла б. Божухна! Я пайшла б, але не магу. Не ведаю, што са мной. Я хацела пайсцi, але не мела сiлы. Я такая, такая дрэнь!
- Маленькая!!!
Я схапiў яе, з усяе моцы прыцiснуў да сябе, я цалаваў яе рукi, яе мокрыя i салёныя ад слёз пальцы, паўтараў нейкiя закляццi, клятвы, прасiў прабачэння, гаварыў, што гэта быў дурны, бязладны сон. Пакрысе Хэры супакойвалася. Перастала плакаць. Яе вочы сталi вялiкiя, як у лунацiка. Слёзы высахлi. Яна адвярнулася.
- Не, - сказала яна, - не кажы мне гэтага, не трэба. Ты для мяне не такi самы, як раней.
- Я не такi?! - з енкам вырвалася ў мяне.
- Так. Ты не хочаш мяне. Я ўвесь час гэта адчувала. Толькi прытваралася, што не заўважаю. Думала, мо гэта мне здаецца. Але не, не здаецца. Ты паводзiш сябе... iначай. Не прымаеш мяне ўсур'ёз. Табе прыснiўся сон, але гэта я табе прыснiлася. Ты называў маё iмя. Табе было гiдка. Чаму? Чаму?!
Я ўкленчыў перад ёю, абняў яе каленi.
- Маленькая...
- Я не хачу, каб ты называў мяне так. Не хачу, чуеш? Я не маленькая. Я...
Хэры расплакалася, уткнуўшыся тварам у пасцель. Я ўстаў. З вентыляцыйных адтулiн з цiхiм фырканнем iшло халоднае паветра. Мне стала халаднавата. Я накiнуў купальны халат, сеў побач з Хэры i дакрануўся да яе рукi.
- Паслухай, Хэры. Я табе нешта скажу. Скажу табе праўду...
Яна паволi паднялася, абапiраючыся на рукi. Я бачыў, як пад тонкай скурай у яе на шыi пульсуе жылка. Мой твар зноў камянеў. Мяне працiнаў холад. У галаве было пуста.
- Праўду? - перапытала Хэры. - Слова гонару? Святое слова?
Я адказаў не адразу, да горла падкацiўся камяк. Бо гэта была наша даўняя клятва. Пасля яе нiхто з нас не мог не тое што схлусiць, але нават змаўчаць пра што-небудзь. Некалi мы муштравалi адно аднаго празмернай шчырасцю, наiўна шукалi ў ёй выратавання.