Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Ганна паставiла кубачак пад выключаны шар. Калi не патрэбна, лепш не набiвацца. У сенцах яе дагнаў Жулеў голас.
- Мне шкада будзе, што я вас больш не пабачу, - сказаў ён. - Такая ў нас праца.
- Такая праца, - усмiхнулася Ганна, паварочваючыся да яго. Яна была яму ўдзячная за жывыя словы.
Кiн стаяў на кухнi, сёрбаў каву.
- Вам жа нельга! - не стрымалася Ганна.
- Вядома, лепш не пiць. Толькi вось вам не хапiла.
- Нiчога, я яшчэ сабе згатую.
- Правiльна, - сказаў Кiн.
20
Выхад у мiнулае ледзь быў не сарваўся. Яны ўсе стаялi ў сенцах над чамаданамi i скрынкамi. I зноў пачуўся стук у дзверы.
- Хто? - спыталася Ганна.
- У цябе ўсё ў парадку? - запытаў дзед Генадзь.
- А што?
- Галасы чую, - сказаў дзед.
Кiн кiнуўся ў кухню. Жуль зачынiўся ў тыльным пакоi. Ганна марудзiла з засаўкай.
- У мяне радыё, - сказала яна. - Радыё я слухала. Я ўжо зноў легла.
- Спаць легла, а святло не тушыш, - прабурчаў дзед. - Я табе анальгiну прынёс.
- Навошта мне анальгiн?
- Ад галавы, вядома. Хiба не скардзiлася?
Прыйшлося адчынiць. На вулiцы павяваў вiльготны вецярок. Яркi месяц асвятляў дзедаў капялюш. Дзед iмкнуўся заглянуць Ганне за спiну, але ў сенцах было цёмна. Пачак таблетак быў цёплы, нагрэўся ў дзедавай жменi.
- Турбуюся я за цябе, - сказаў ён. - Увогуле ў нас мясцiны цiiхя, бандытаў, зразумела, няма, чым iм цiкавiцца, але нейкае да цябе ёсць небяспечнае прыцяжэнне.
- Я не баюся. Дзякую за лекi. Дабранач.
Ганна хуценька зачынiла дзверы, падумаўшы, што, калi дзед пакрыўдзiўся, у яе будзе даволi часу з iм зладзiць... Дзед яшчэ пастаяў на ганку, паўздыхаў, потым зарыпелi прыступкi. Кi падышоў да акна ў сенцах - дзед пацiху iшоў па сцежцы.
- Дзякуй, Ганна, не ведаю, што б мы без цябе рабiлi, - сказаў Кiн.
- Не крывiце душой. Ён прыходзiць менавiта таму, што я тут. Не было б мяне, ён бы i не западозрыў.
- Ваша праўда, - сказаў Кiн.
Ён прайшоў, мякка ступаючы, у халодны пакой. Кiн уключыў шар i павёў яго з святлiцы польскай князёўны, цяпер цёмнай, на двор, цераз залiтую дажджом плошчу, мiнаючы конавязь, дзе перамiналiся мокрыя конi, мiнаючы калодзеж, у закутак, да Раманавай хаты. За плотам, у двары шар апусцiўся да зямлi i спынiўся. Кiн выпрастаў рукi са столiка, перайшоў у другi куток пакоя, дзе стаяла тонкая металiчная рама, пад ёю блiшчала платформачка, падобная на падлогавыя вагi. Паветра ў раме ледзь варушылася.
- Давай напругу, - сказаў Кiн.
- Адну хвiлiнку, - сказаў Жуль. - Дай я прыму рэчы, а то потым не будзе калi адхiнуцца.
За спiной у Ганны зашапацела, пстрыкнула. Яна павярнулася i ўбачыла, як знiк адзiн чамадан - з лiшняй вопраткай, потым другi, з пультам. Сенцы апусцелi. Кiн ступiў у раму. Жуль падсунуў табурэцiк блiжэй да шара i нацягнуў на левую руку пальчатку.
- Пачынаецца ювелiрная праца, - сказаў ён.
Кiн зiрнуў на Ганну, як ёй здалося, дзiўна - ён быццам не зразумеў, з кiм размаўляе Жуль.
- Увага, - сказаў ён.
Шар быў скiраваны ў пусты двор. Пад невялiкаю паветкай ля веснiчак скурчыўся, вiдаць, драмаў, стражнiк, падобны да Кiна.
- Крыху блiжэй пад хлеў, - сказаў Кiн.
- Асцярожна, - сказаў Жуль, - жадаю шчасця.
Кiн падняў руку. Пачулася моцнае гудзенне, нiбыта ў пакой заляцеў пчалiны рой. I Кiн знiк.
21
I тут жа Кiн апынуўся ў двары. Усвядомiць гэты пераход было няцяжка, таму што Кiн быў адзеты адпаведна таму часу i месцу.
Ён выйшаў з ценю хлява - на дварэ стаяла такая цемра, што можна было толькi ўгадваць постацi. Кволае святло прабiвалася з шчылiн дзвярэй у хляве. Кiн слiзгануў туды, ледзь адчынiў дзверы - лучына асвятляла нiзкае памяшканне, на нiзкiм палку гулялi ў косцi два стражнiкi. Кiн пайшоў да варотаў. Стражнiк каля iх стаяў нерухома. У той момант, калi Кiн быў зусiм побач са стражнiкам, тры разы стукнуў у дзверы - на той бок плота стаяў Раман, каля яго ног, як згорблены сабачка, - блазан Акiплеша. Стражнiк уздыхнуў, пацягнуўся ў сне. Кiн хутка накiраваўся да варотаў, выглянуў, пазнаў Рамана i адцягнуў засаўку.
- Нi халеры не вiдаць, - прамармытаў Раман.
- Я правяду да дзвярэй, - сказаў Кiн. - Iдзiце за мною.
- У такую цямрэчу можна выйсцi, - сказаў Раман блазну. - Мiж iншым, частку дабра б мы вынеслi.
- А далей што? - спытаўся блазан. - Будзеш, дзядзечка, па лесе чарапкi свае насiць, мядзведзяў кармiць?
- Не спяшайся, у гразь уступлю, - сказаў Раман Кiну. Ён iшоў па драўляных мастках, трымаючыся за крысо яго плашча.
Ганна раптам хмыкнула.
- Ты чаго? - спытаўся Жуль.
- Ведаў бы Раман, што калегу за крысо трымае.
- Лепш, каб не ведаў, - сур'ёзна адказаў Жуль.
- Ты чаго гэта падглядваў, дзядзечка? - спытаўся блазан. - Не паверыў, што дам каханай зелля?
- Яна прыйдзе да мяне?
- Спытайся ў каго разумнейшага!
Зарыпелi прыступкi ганка. У дзвярах, якiя адчынiлiся, акрэслiлiся постацi людзей.
Кiн адразу адступiў убок. Данёсся блазнаў голас:
- Штосьцi гэтага ратнiка не памятаю.
- Яны ўсе на адзiн твар, - сказаў Раман.
Праз шчылiну дзвярэй было вiдаць, як блазан адкiнуў люк у склеп. Заглянуў усярэдзiну. Выпрастаўся.
- Мажэй не вяртаўся, - сказаў ён.
Голас яго раптам задрыжаў. Ганна падумала, што i блазны стамляюцца быць блазнамi.
- Лепш будзе, калi ён не вернецца, - сказаў Раман.
- Розум пакiдае цябе, баярын, - сказаў блазан жорстка. - Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.
- Горад не выстаiць, нават калi ўся лiтва прыйдзе на дапамогу.
- Калi загiне епiскап, будзе справядлiва.
- I рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загiнем.
- Мы выйграем дзень. Прыйдзе лiтва.
- Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц - i сакрэт фiласофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялiкi... Князi дзяржаваў i царквы будуць у мяне ў нагах... Нiхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.
- Дурань, - сказаў спакойна блазан, - разумны, а дурнейшы за мяне. Епiскап...
- А што, епiскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епiскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.
- Але ў клетцы, дзядзечка.
- Умовы будуць мае.
- Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?
- Будуць падаваць. Як мiленькiя.
- Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбiрацца...
- Епiскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.
- А ты яго таму беражэш?
- Гэта праўда. Не дзеля мяне - дзеля вялiкай тайны.
- Ой, баярын, заглянi сабе ў душу. Хiба не страшна?
- Страшна, страшна... страшна! - Тады ўцякай! Усё кiдай! Раман раптам выхапiў нож.
- Я заб'ю цябе!
- Нельга! - крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спынiўся Раман. Ухмылка не знiкла з яго твару. Ён кiнуўся на двор, Кiн ледзь паспеў адхiлiцца. На ганку блазан спынiўся, нiбы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокiя плечы.