KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Вольдемар Бааль - Плацiнавы абруч (на белорусском языке)

Вольдемар Бааль - Плацiнавы абруч (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Вольдемар Бааль, "Плацiнавы абруч (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Ёсць! - адказаў Старэйшы Сокал, якi з'явiўся ў дзвярах.

I з гэтага моманту ў замку ўсталявалася поўная цiшыня.

Па пустых калiдорах i залах гуляў вецер, бясшумна варушылiся выцвiлыя шторы, па падлозе тут i там слiзгалi розныя паперкi, шматкi адзення, абрыўкi пер'я i iншая дробязь. Па пустых кабiнетах нячутна рухаўся Цiхi Дзяцел, выстукваў сцены, падаконнiкi, ножкi сталоў i падлакотнiкi крэслаў, заглядваў у пустыя куты, пазяхаў i, сумуючы, кiраваўся далей.

Каля варотаў драмаў адзiнокi Старажытны Крумкач; прачынаючыся, ён блiзарука жмурыўся на сонца i ўздыхаў.

Цiшыня парушалася толькi зрэдку: у нiшы над пустым тронам абуджалася Аракулька, i тады па замку гулка разносiлася:

- У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу... у су-мя-тнi дзён... У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу... Ку-ку... ку-ку...

Крумкач, бразгаючы ключамi, заглядваў у залу i сумна гаварыў:

- Змоўкла б ужо, далiбог...

- Ку-ку, - адказвала Аракулька, i эха разлягалася ў дальнiх памяшканнях, i ўздрыгвалi на верхнiх вежах шулёнкi, чакаючы загаду, i зноў апаноўвала iх адранцвенне, бо загаду не было.

Магутны Арол амаль не пакiдаў сваiх пакояў. Ежу яму прыносiў Старэйшы Сокал, пасцель ён засцiлаў сам. Справы ўжо не цiкавiлi яго.

А ў лясах i далiнах (магчыма, i ў вынiку частых паляванняў) стала мала жыўнасцi, ды i тая, што ўцалела, гiнула ад засухi i хвароб або перасялялася ў далёкiя i змрочныя нетры, так што шулёнкам усё больш цяжка было здабываць ежу сабе i свайму пану. У дадатак на лясы раптам напала казявачная эпiдэмiя амаль нябачныя кузуркi i чарвячкi пажыралi не толькi хвою i лiсце, але i кару, i лясы хутка пачарнелi, пачалi гнiць, i нясцерпны смурод iшоў ад iх. А дзяўчат-соек там даўно i след прастыў.

Магутны Арол, седзячы на падаконнiку, пазiраў удалечыню, i цяжкiя думкi маршчынiлi яго лоб. "Вось, - думаў ён, - вось да чаго я дайшоў. Я - Аквiла Рэгiя Iнвiктус Максiмус Юстус - павiнен перажыць крушэнне самога сябе..."

Ён паклiкаў Аракульку.

- Я - вялiкi?

- Ага.

- Чым?

- Магчымасцямi.

- Якiмi?

- Iмем.

- А велiч духу?

- Прах.

- А свабода?

- Лухта.

- А ўлада?

- Ку-ку.

- Але я быў патрэбны!

- Чарадзе.

- Я - замяняльны?

- Ага.

- Хлусiш, праклятая вяшчунка! - крычаў Магутны Арол i, адвярнуўшыся, закрываўся крылом, каб Зязюля не бачыла перакрыўленага пакутамi позiрку.

- Хто можа замянiць мяне?

- Кожны.

- А iмя?

- Дадуць.

- Хто?

- Чарада.

- Тая, якую я...

- Тая.

- Хлусiш!

- Ку-ку.

- Я - люты?

- Адносна.

- Я варты жалю?

- Адносна.

- Я хворы?

- Адносна.

- Можа, вернецца страчанае?

- Не.

- А што сталася?

- Жыццё.

I заўсёды, пасля паўзы, ён задаваў апошняе пытанне:

- Што мяне чакае?

I адказ заўсёды быў адзiн i той самы:

- Бяссмерце.

Гэтае слова ўпiвалася ў яго, як страла, i ён, пакутуючы, праганяў Зязюлю. "Што мне ад бяссмерця? - думаў ён. - Цi лягчэй ад усведамлення таго, што iмя тваё ўвойдзе ў вякi? У такiм вось веку, скажа нейкi паважны нашчадак, у такiх вось краях жыў-быў Магутны Арол. Але я не ўбачу твару гэтага нашчадка, не пачую, якiм голасам вымавiць ён гэтыя словы... Хто iм раскажа, як шмат у канцы сваiх дзён перажыў той, якому не было роўных? Адзiнокi, непатрэбны..."

Часам авалодвала iм прага дзейнасцi. Ён пакiдаў замак i ляцеў над зямлёй. I хоць яна не была ўжо блакiтная i зялёная, а цалкам чорная, ён дзелавiта аглядваў яе з вышынi, прыкiдваў, як яе змянiць.

- Мы збяром тых, хто застаўся, - казаў ён вернаму свайму целаахоўнiку. Мы ўсё iм адкрыта скажам, i яны пачуюць свайго пана i сябра! Мы аздаровiм рэкi i стэпы, звядзём гэтых праклятых кузуркаў, якiя нiшчаць лясы. Мы забаронiм паляванне - няхай звяры нараджаюцца нанова i пасяляюцца, дзе хочуць...

I вось ужо далёкiя думкi, падобныя свежаму ветру, пранiзвалi яго. "I тады ў мяне будзе новы двор, новыя слугi, я знiшчу ўсе старыя Ўлажэннi i выдам новыя, i абнародаваць iх будзе роўным прыгожым голасам малады Сарыч. Падрасце моладзь, я выберу лепшых для здзяйснення задумаў, мы перабудуем палац, i ў часе шумных прыёмаў маладая царыца будзе сядзець побач са мной на новым троне. А гэтага праклятага Дзятла я загадаю пасадзiць у клетку i кармiць цераз дзень казуркавай падлай..."

Ён так захапляўся, што забываў, куды ляцiць, а калi схамянаўся, то бачыў: унiзе чарнее зямля, а ўдалечынi чарнее лес, а ў абмялелых рэках кiшаць усялякiя стварэннi i цьмянае сонца садзiцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае i напышлiвае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?

Магутны Арол апiсаў круг i ляцеў у замак. "Не, - казаў ён сам сабе стомлена. - Не будзе паўтарэння. I не трэба паўтараць..."

Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нiбы нехта яго паклiкаў. Цi гэта яму прыснiлася, цi хваравiты стан выпадкова выдаў той вокрык - у першыя секунды нiчога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая i месячная, стаяла мёртвая цiшыня. Ён падышоў да дзвярэй - за iмi стукала сэрца Старэйшага Сокала i Магутны Арол зразумеў, што трэба рабiць. Цела яго ныла i хвалявалася, нiбы ён вось-вось мусiў кiнуцца на ворага.

- Сокал? - гучна, як калiсьцi раней, паклiкаў ён.

- Ёсць, Ваша Недаступнасць!

- Дваццаць шулёнкаў! - Ён не адважыўся загадаць "сорак", як раней: колькасць iх ужо значна зменшылася.

- Ёсць...

I ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне i - спакойны голас: "А цяпер вы павiнны памерцi..." Толькi ўмяшання пана ўжо не трэба было - усе шулёнкi памерлi самi, такiя яны былi слабыя: невялiкая натуга, сутарга i - канец... Ён прыпаў да Абруча i прастагнаў:

- Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае "потым"...

I святло Абруча напружылася i заiскрылася.

21

"Яны зноў, - чытаем у Пасвячонага, - прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.

Кожны раз, калi яны "знiкалi", мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што - можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам - абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?

Раскрываючы свае "цуды", ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, - яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы - проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках - вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*