Вольдемар Бааль - Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:
- Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. - I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.
Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага - успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.
Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.
- Сокал! - паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: - Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух - гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?
- Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! - адразу адказаў целаахоўнiк.
- Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.
I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.
Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:
- Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?
- Разумею, Ваша Недаступнасць, - адказваў Крумкач. - Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.
- Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?
- Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.
- Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?
- Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.
- Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?
- Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.
- Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!
Тут Старажытны Крумкач усмiхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара i прамовiў:
- Я гатоў. I хачу пазбавiць Вашу Недаступнасць ад лiшнiх пытанняў. Але гаварыць буду толькi з вока на вока.
- Сокал, выйдзi! - пачулася неадкладнае распараджэнне.
I потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзiм дакладна, як расказваецца ў "Запiсках" Пасвячонага.
"- Арол! Ты магутная i вольная птушка. I я табе служу, як служыў твайму папярэднiку, якога ты перамог у лютым баi. Але служыў я i папярэднiку твайго папярэднiка, i яшчэ раней, i нават тады, калi ты не быў не толькi Магутным Арлом, але i Грозным Мядзведзем, але i Змрочнай Пантэрай, але i Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафнiяй з пароды карычневых, што мiрна жылi каля старога пня сярод гнiлога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат i ведаюць. Ты быў радавой дафнiяй i адрознiваўся ад астатнiх хiба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубiла славалюбства. Яно напаiла ядам тваю гордасць, гордасць кiнула цябе ў вiр крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзiла зайздрасць, а тая - прагу ўлады. Цi памятаеш ты, Арол, што табе, памiраючы, расказала Старая Дафнiя? Яна перасцерагала цябе. Але зернi мудрасцi ўпалi на бясплодную глебу - памылiлася старая. У тваiм уладаннi апынуўся Плацiнавы Абруч - ды цi разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч - ключ да Праўды. А ты з яго зрабiў цацку. Ты пакiнуў сваiх сародзiчаў i здрадзiў iм. З помсты ты наслаў на iх Чорнага Жука, ад продка якога iх выратавала Старая Дафнiя, якая даверылася табе. I табе мала здалося аднаго, дык ты напусцiў i другога. I цяпер няма больш дафнiй каля старога пня, Ваша Недаступнасць, нiводнай не засталося. Чорныя Жукi зрабiлi сваю справу. Яны самi загiнулi: нечым было жывiцца i, раз'юшаныя i галодныя, яны накiнулiся адзiн на аднаго i забiлi самi сябе. Пачварныя iх шкiлеты ляжаць на дне сажалкi, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацiнавы Абруч. I зарастае мясцiна карычневых дафнiй розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй i вышэй i ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялiкiх вышыняў, ты стаў магутны i славуты. Але скажы, цi быў ты хоць хвiлiну шчаслiвы? Цi быў па-сапраўднаму i свабодна шчаслiвы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў i патрабаваў, тваiм убогiм жаданням не было канца, а Плацiнавы Абруч даваў i даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў iм - такая ўмова! I Старая ж Дафнiя, якая папрасiла вызвалiць сваiх, не была суцешана - яе ацуралiся i абвiнавацiлi ў палахлiвасцi i здрадзе, не ведаючы, што выратавальнiца - яна; жыццё яе скончылася ў галечы i невядомасцi. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся - чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол... Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання... Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо - дурны, стары, бездапаможны Арол.
А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..
Я ведаю - ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.
Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў - для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства... А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць..."
Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.
Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:
- Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач... Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней... I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.