KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)

Кир Булычев - Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Кир Булычев, "Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Усё, - сказаў Жуль, - праверка апаратуры. Перапынак.

- Добра, - пагадзiўся Кiн. - А нам варта асэнсаваць убачанае.

Шар пачаў тухнуць. Кiн выпрастаў рукi. Стомлена, нiбы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткi i кiнуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, гэта былi вароты, якiя зачынялiся, i каля iх ляжалi пастух i яго забойца, ляжалi побач, мiрна, быццам вырашылi адпачыць на зялёным схiле пагорка.

12

У пакоi было душна. Квадрацiк акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэцiка.

- I нiхто не прыйдзе iм на дапамогу? - спыталася яна.

- Русiнскiм князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкi князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, i той вельмi заняты сваiмi праблемамi.

Кiн адкрыў з боку шара шасцiкантовую адтулiну i засунуў руку ў яго чэрава, якое мiгцела зялёным святлом.

- Гэта быў дзiўны свет, - сказаў ён. - Няўстойлiвы, але па-свойму гарманiчны. Тут жылi жамойты, леты, самагiты, эсты, русiны, лiвы, яцвягi, семiгалы... Некаторыя з iх даўно знiклi, а некаторыя жывуць тут i да гэтага часу. Русiнскiя князi па Даўгаве - Заходняй Дзвiне збiралi данiну з навакольных плямёнаў, ваявалi з iмi, часта раднiлiся з жамойтамi i лiвамi... I невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкi, калi б тут, у вусцi Даўгавы, не высадзiлiся нямецкiя мiсiянеры, за якiмi прыйшлi рыцары. У 1201 годзе энергiчны епiскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнiк ордэн святой Марыi, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны i народы, хрысцiў паганцаў - хто не хацеў хрысцiцца, гiнуў, хто згаджаўся, станавiўся рабом. Усе вельмi проста...

- А русiнскiя гарады?

- А русiнскiя гарады - Кукейнас, Герсiке, Замошша, потым Юр'еў - адзiн за адным былi ўзяты немцамi. Яны не змаглi аб'яднацца. Толькi лiтоўцы ўстаялi. Менавiта ў гэтыя гады яны стварылi адзiную дзяржаву. А праз некалькi гадоў на Русi з'явiлiся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагiбельнай.

Кiн выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскi арэх.

- Хадзем у вялiкi пакой, - сказаў ён. - Мы тут замiнаем Жулю. Да таго ж паветра на траiх не хапае.

У вялiкiм пакоi было халадней i прасторней. Ганна зашмаргнула выцвiлыя фiранкi. Кiн запалiў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацiлася па абрусе.

- Вось i нашыя падазроныя, - сказаў Кiн. Ён падняў першы шарык, крыху сцiснуў яго пальцамi, шарык луснуў i разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцiнку - партрэт пажылой панi з набеленым тварам i чорнымi бровамi.

- Хто ж яна? - спытаўся Кiн, кладучы партрэт на стол.

- Княгiня, - хуценька вымавiла Ганна.

- Не спяшайцеся, - усмiхнуўся Кiн. - Няма нiчога больш небяспечнага ў гiсторыi, чым вiдавочныя хады. Кiн адклаў убок партрэт i ўзяў другi шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымi капрызнымi губамi i вельмi разумнымi стомленымi вачыма пад высокiм, з залысiнамi, iлбом.

- Я б сказала, што гэта князь, - у адказ на запытальны позiрк Кiна вымавiла Ганна.

- Чаму ж гэта?

- Ён прыйшоў першы, стаiць поруч з княгiняй i шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.

- Усё суб'ектыўнае, другараднае.

Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сiнiм плашчы.

- Можна прапанаваць? - спыталася Ганна.

- Зразумела. Вазьмiце. Я здагадаўся. Кiн перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, i яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.

- Атрымлiваецца? - спыталася Ганна.

- Што атрымлiваецца?

- Наш Раман быў у заходнiх землях. Адтуль ён прывёз жонку.

- Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воiн, якога ледзь былi не забiлi ў сутычцы?

- А чаму вучонаму нельга быць воiнам?

- Разумна. Але нiчога не даказвае.

Кiн адгарнуў далоняю партрэты i паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. I тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.

- Гэта карлiк?

- Карлiк.

- А што ён тут робiць? Таксама родзiч?

- А калi блазан?

- Ён занадта проста адзеты для гэтага. I сярдзiты. Блазан не павiнен быў весялiцца. Само пачварства было падставай для смеху.

- Добра, не буду спрачацца, - сказала Ганна. - Але мы ўсё роўна нiчога не ведаем.

- На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркi, сакалiны позiрк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сцiснута ў нервовым магутным кулаку...

- Вядома, варыянт спакуслiвы, - сказаў Кiн.

- Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вiнчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскi ўвогуле з каня не злазiў.

Партрэты ляжалi ў рад, зусiм жывыя, i цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзi памерлi шмат соцень гадоў назад. "Хоць, - падумала Ганна, - я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад..."

- Можа быць, - пагадзiўся Кiн i выбраў са столiка два партрэты: князя ў сiнiм плашчы i рыжага прыгажуна.

- Калегi, - заглянуў у вялiкi пакой Жуль. - Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзiны. А там нехта прыехаў.

13

Шар быў уключаны i скiраваны на рыцарскi стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, i промнi перад захадам сонца, што павiсла над сцяной крэпасцi, высвечвалi на гэтым цьмяным занавесе постацi працэсii, якая выпаўзала на бераг.

Паперадзе ехалi конна некалькi рыцараў у белых i чырвоных плашчах, два манахi ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за iмi восем стомленых насiльшчыкаў валаклi крытыя насiлкi. Потым з лесу паказалiся пехацiнцы i, нарэшце, дзiўная будынiна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкi для велiкана.

- Што гэта? - спыталася Ганна.

- Катапульта, - адказаў Кiн.

- А што ў насiлках?

У прыцемку было вiдаць, як Жуль пацiснуў плячыма.

Насiльшчыкi з палёгкаю апусцiлi сваю ношу на прыгорак, i наўкола сабраўся натоўп.

Моцныя пальцы схапiлi знутры за краi полага, рэзка тузанулi яго, i на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру i ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блiшчаў вялiкi сярэбраны крыж. Чырванашчокi круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылi мужчыну i павялi да шатра.

- Ёсць падазрэнне, - сказаў Кiн, - што да нас завiтаў яго праасвяшчэнства, епiскап рыжскi Альберт. Вялiкi гонар.

- Гэта начальнiк мечаносцаў? - спыталася Ганна.

- Фармальна - не. На самай справе - валадар нямецкай Прыбалтыкi. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставiцца сур'ёзна.

Епiскап затрымаўся на схiле, прыставiў далонь казырком да вачэй i глядзеў на горад. Рыцары штосьцi тлумачылi яму. Насiльшчыкi, кiнуўшы паклажу, уселiся на траву.

Ратнiкi пагналi платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якiя акружалi епiскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забiў рыжага прыгажуна. За iм у чорнай сутане адзiн з наблiжаных епiскапа. Ратнiкi падвялi каня.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*