KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Документальные книги » Биографии и Мемуары » К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн К Акула, "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Бяжы да кухнi памагаць абразаць бульбу!

Сымону ня трэба было двойчы паўтараць.

Кастусь Дзежка вельмi ўзрадаваўся, знайшоўшы Спарыша пры кухнi. Ён расказаў, што ўсе радзiлi над уцёкамi ў горы ноччу, што вялася агiтацыя. Пастанова была пэўная.

- А як будзе з табою? - папытаў Сымона. Той адказаў не адразу.

- Ня ведаю яшчэ. Бачыш, вось я толькi вярнуўся з адных уцёкаў.

- Дык ты не марудзь, а памазгуй там у сваёй башцэ ды скажы мне. Я хачу, каб ты й Караткевiч, каб мы ўсе пайшлi разам.

- Добра, падумаю, - паабяцаў Сымон, шпурнуўшы абрэзанай бульбiнай у вялiкi кацёл.

ПЕРАХОД ДА МАКIСАЎ

I

Дрэва вольнасьцi час-ад-часу мусiць быць адсьвежана крывёй патрыётаў i тыранаў. Гэта - натуральнае яго ўгнаеньне", - пiсаў да палкоўнiка Смiта, зяця прэзыдэнта Адамса, аўтар амэрыканскае "Дэклярацыi аб незалежнасьцi", будаўнiк Злучаных Штатаў, архiтэкт вольнасьцi й дэмакратыi - Томас Джэфэрсон.

Кроў няслаўных i зьненавiджаных тыранаў пралiваецца ў ахвяру новых i лепшых iдэяў; кроў змагароў за лепшыя iдэi родзiць вольнасьць, шчасьце, справядлiвасьць. Але колькi-ж крывi пралiваецца зусiм бяз мэты, хiба толькi для насычаньня ненармальных, нялюдзкiх iнстынктаў тыранаў...

Калi ў раньнюю пару другой сусьветнай вайны нямецкiя карныя адзьдзелы збурылi чэскую вёску Лiдыцэ й спалiлi жыўцом усiх яе жыхароў мужскога роду, дамэтныя й палiтычна разумныя чэхi раструбiлi аб гэтым зьверстве па цэлым сьвеце, здабываючы вялiкi палiтычны капiтал. Чэхi мелi за межамi спагадлiвыя сэрцы, што спачувалi, пiльныя вушы, што прыслухоўвалiся, прыязныя рукi, што сьпяшылi iм на дапамогу.

За час другой сусьветнай вайны акупантамi ў Беларусi былi разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена iх насельнiцтва. Крышылася, папялiлася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывiччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымалiся пад неба, клiчучы на ратунак i на помсту Ўсемагутнага, бясьсiльныя абамлелыя рукi беларускай маткi, жыўцом душылiся дымам i гарэлi ў полымях пажараў няшчасныя нявiнныя дзеткi.

Надлюдзкiя цярпеньнi гаротнага народу не ўзбагацiлi беларускага палiтычнага капiталу за межамi. Ня было там вушэй, што прыслухоўвалiся, зычлiвых сэрцаў, што спачувалi, сяброўскiх хрысьцiянскiх рук, што пасьпяшылi-б на дапамогу. Беларусь за межамi была няведамай, недасьледаванай белай плямай на мапе, чужой правiнцыяй. Рэха народных iмкненьняў заглушана было грымотамi змаганьня за беларускую зямельку двух паразiтаў-драпежнiкаў.

А ў сталiцах заходнiх дэмакратычных краiнаў зьдзiчэлыя ў сваёй прагавiтасьцi груганы - польскiя абшарнiкi, вайсковыя асаднiкi, крывадушныя ксяндзы, ураднiкi й iншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалi на беларускiм целе, рыхтавалi тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы - папы, чарнасоценцы, усякай масьцi няслаўныя нашчадкi Мураўёва-Вешацеля - з другога боку майстравалi яшчэ мацнейшае, больш удушлiвае й цясьнейшае ярмо. Адны й другiя чакалi добрае нагоды. I знаходзiлi ў заходнiм сьвеце сымпатыi й падтрымку для сваiх захопнiцкiх плянаў i пасяганьняў на чужое.

Цяжкiмi ёсьць пачаткi змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калi полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапiла яшчэ цэлы народ. Колькi-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гiсторыю нашай краiны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Калiноўскага. Колькi дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькi неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!

Катаклiзм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускi народ. Побач зь нязьлiчонымi стратамi ў ваеннай завiрусе расьлi й множылiся ладныя шэрагi новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах i нацыянальных арганiзацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг i крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гiстарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькi ў сваiх собскiх сiлах. Як не хацелася таго акупантам, зерне iмкненьня да волi й самастанаўленьня аб сваiм лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.

Юнакi, што ў чэрвенi 1944 году зьехалiся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлi добраахвотнiкамi, каб ваяваць за вялiкую й несьмяротную iдэю, iмя якой - вольнасьць i незалежнасьць Беларусi. Маладыя гады, калi фармуюцца погляды й характары людзей, калi яны, быццам тая губка, што ўбiрае ў сябе ваду, насычвалiся ведамi й нацыянальнай сьведамасьцю, - гэтыя гады пражылi яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукi ў сярэднiх школах, дзе гадавалiся на добрых сыноў i сьвядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелi магчымасьць сачыць, як на iхных вачах рабiлася гiсторыя. Назiралi, як прыблуды-чужынцы тузалi на кускi, нiшчылi ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гiтлераўцы праводзiлi ў практыку iдэю Нiцшэ - "сiла ёсьць права, а права ёсьць сiла", а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалi iдэi Iвана Грознага, Пятра Першага й Мураўёва-Вешацеля.

Якое-ж тады дзiва, што нянавiсьць да ворагаў-прыгнятальнiкаў, чужых прыблудаў i эксплуататараў радзiла ў сэрцах бязьмежную любоў i адданасьць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзiла патрыятызм, што часьценька пераходзiў аж у фанатызм? Iмкненьнi свае й адданасьць у службе для Бацькаўшчыны выказвалi энтузiязмам у вайсковай навуцы. Iхныя патрыятычныя пачуцьцi i любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыцьцёвай практыцы выказвалася даверам да сваiх родзiчаў, што йшлi тым самым шляхам; вялiкая й шляхотная iдэя, за якую прыйшлi змагацца, узносiла сэрцы iхныя вышэй за ўсякiя зямныя iнтрыгi, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцьцi юнакi, лунаючы ў вялiкiх вышынях на крыльлях чыстае iдэйнасьцi, што скiравала iхныя крокi ў Менск, часта-густа ня ведалi аб розных практычных i варожых перашкодах, якiя лёс i лiхалецьце стаўлялi на iхным цяжкiм шляху.

Колькi-ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасьцi. Колькi разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысьля, ставiў розныя выпрабаваньнi. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. I слабыя памiж iмi падалi й больш не ўставалi. А самыя моцныя, што мелi найлепшыя задаткi ў сваiх характарах, мацнелi й мужнелi, раслi шчэ больш духова i фiзычна. А за тымi моцнымi падцягвалiся, падраўноўвалi шэрагi й слабейшыя. Такiм чынам, абсалютная большасьць трывала, вучылася, набiрала практыкi, дасьведчаньня й сiлы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народу. Гэтую простую праўду юнакi пазналi хутка. Сiла ў еднасьцi. Дзе еднасьць - там сiла!

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*