К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Зусiм iначай успрымаў ваенную рэчаiснасьць былы школьны вартаўнiк з Каралеўшчыны Вiтвiцкi, што ў зялёным муньдзiры ўраднiка разгульваў па вулiцах Глыбокага з пiсталетам у кiшэнi й страляў без папярэджаньня ў мясцовых жыдоў, якiя не пасьпелi зьняць перад iм шапкi й пакланiцца. Кожная праходка па мястэчку давала свой страшны плён, але кату было гэтага мала, i, каб увесьцi сваiх няшчасных ахвяраў у зман i пакiнуць на бруку паболей трупаў, ён адмыслова апранаўся ў цывiльнае. З таго самага разраду й начальнiк палiцыi раённага гарадка лейтанант Сьцервiн (прозвiшча цi не занадта знарочыстае), "беларус адно з назову й для выгады", якi з цынiчнай адкрытасьцю называў сваю пасаду "карытам" i дзеля свайго iнтарэсу - каб прысабечыць чужы набытак цi займець у ложак чужую жонку - мог абвясьцiць камунiстам i ворагам "новага парадку" каго заўгодна.
Зьяўленьне першых значных фрагментаў "Змагарных дарог" у айчыннай беларускай перыёдыцы ("Беларусь", No 1, 1992; "Нёман", No 2, 1992) было з прыхiльнай цiкавасьцю сустрэтае крытыкай, а мабыць-жа, i чытачамi. Зьдзяйсьняецца даўняя мара пiсьменьнiка - раман iдзе да чытача на Бацькаўшчыне. Кастусь Акула спадзяецца й на другi выхад у сьвет ягонай выдадзенай у Таронта трылогii "Гараватка" ("Дзярлiвая птушка", 1965; "Закрываўленае сонца", 1974; "Беларусы, вас чакае зямля", 1981), чый галоўны гэрой Янук Бахмач праходзiць шлях ад пастушка з заходнебеларускай вёскi, якi пасьвiў статак у асаднiка, да ўдзельнiка Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў 1944 годзе ў Менску.
Як i ў iншых творах К.Акулы, у мастацкай тканiне "Гараваткi" моцна адчуваецца досьвед асабiстых перажываньняў. Другая кнiга трылогii ўспрымаецца важкiм даробкам у лiтаратуру, што створана аб прыходзе Саветаў у Заходнюю Беларусь. Пагатоў, Акула, у адрозненьне ад аўтараў, якiя пiсалi на гэтую тэму ў нас, у выяўленьнi сваiх поглядаў i ацэнак ня быў скаваны нiякiмi iдэалагiчнымi догмамi й цэнзурнымi перашкодамi. Ну хто-б у Беларусi ў 70-я гады мог без замiлаванасьцi й захапленьня, а зусiм зь iнакшымi пачуцьцямi напiсаць (i, галоўнае, надрукаваць), скажам, сцэну вясковага сходу, на якiм бальшавiцкi агiтатар з усёй езуiцкай спрытнасьцю чмурыць сялянскiя галовы малюнкамi шчасьлiвага ды справядлiвага жыцьця ў краiне, "где так вольно дышит человек".
"- Таварыш камiсар, вы от сказалi, што дадуць зямлю панскую тым, каторыя нi маюць зямлi саўсiм цi мала яе маюць. Ну а як будзiць у нас з тымi, каторыя многа зямлi маюць?..
- Кожны палучыць зямлi столькi, колькi зможа апрацаваць.
- А цi праўда гэта, што ў калхозах жывуць людзi так добра, як байцы нам расказваюць?
- Гэта што байцы вам расказваюць, усё дакладна й правiльна. Ды вы ж памяркуйце самi: усе сяляне нашага неаб'ятнага Савецкага Саюза цяпер у калгасах. Iх нiхто не прымушаў i прымушаць не мог. Ды як жа? Вам ужо вядома, што ў Савецкiм Саюзе няма эксплуататараў i эксплуацiраваных, ды i ўладарамi самой дзяржавы ёсьць не хто другi, а рабочыя й сяляне. Выбраныя народам дэпутаты кiруюць дзяржавай. З гэтага паўстае пытаньне: цi-ж яны, як i наагул усе людзi, маючы ўладу ў сваiх руках, будуць самi сабе шкоду рабiць?"
У трылогii ёсьць адзiн асаблiвы вобраз - самой Гараваткi, узвышша, што ляжала памiж хутарамi "як бохан хлеба", трымаючы на сваiх плячох празваны Архiпам дуб-волат, аб грудзi якога "разьбiвалiся вятры й непагадзi цэлых стагодзьдзяў", якi "помнiў Баторага i Iвана Грознага, сачыў за шведамi й Напалеонам", чуў галасы беларускiх iнсургентаў трох нацыянальна-вызваленчых паўстаньняў супроць царызму. У маляўнiча-плястычным апiсаньнi Гараваткi высьвечваецца яшчэ адна адметнасьць творчасьцi К.Акулы - яго пiльная ўвага да мiнуўшчыны, гiстарызм позiрку. Пiсьменьнiк перакананы, што бяз гiстарычнае памяцi й самасьвядомасьцi народ будзе асуджаны на лёс бязмоўнага дрымотнага насельнiцтва, што пакорлiва ўспрыме любыя, навет самыя злачынныя сацыяльныя эксперыменты.
Адчуваючы гэтую глыбiнную повязь часоў, Кастусь Акула шукае й знаходзiць у далёкай i нядаўняй мiнуўшчыне нечаканыя, але пераканаўчыя аналёгii. Напрыклад, памiж паленьнем Скарынавых выданьняў у Маскве па загадзе сьвецкiх i духоўных уладароў у сярэдзiне XVI стагодзьдзя й зьнiшчэньнем бальшавiцкiмi каланiзатарамi тысячаў беларускiх кнiг у 1935-м. У мастацкiх творах i публiцыстычных нарысах пiсьменьнiка зноў i зноў узнiкаюць iмёны й вобразы ганарлiвай Рагнеды й ахвярнай Еўфрасiньнi, яшчэ аднаго палачанiна - сейбiта друкаванага слова Францiшка Скарыны й сейбiта "мужыцкае праўды" Кастуся Калiноўскага. Ягоныя, легендарнага Яськi-гаспадара з-пад Вiльнi, словы "Ваюй, народзе, за свае правы!" - цёзка паўстанцкага каманьдзiра абраў дэвiзам сваёй газэты "Зважай".
Апошнi па часе напiсаньня й выхаду ў сьвет раман К.Акулы "За волю" (Таронта, 1991) - твор завострана публiцыстычны. Мяркуючы па прэсе, ён ужо дастаткова ўважлiва прачытаны прафэсыйнай крытыкай i ўведзены ў наш лiтаратурны кантэкст. Дадамо, што знайшоў, здаецца, свайго перакладчыка й першы i пакуль адзiны ангельскамоўны раман пiсьменьнiка "Tomorrow is Yesterday" ("Заўтра - гэта Учора"), дзе нямецкiя фашысты i расейскiя бальшавiкi паказаныя аднолькава небясьпечнымi ворагамi Беларусi.
Сустрэча з роднай зямлёй, здаецца, прыкметна дадала спадару Кастусю жыцьцёвых i творчых сiл. Ён, як заўсёды востра, пiша ў "Зважай" (трэба спадзявацца, што iдзе праца й над новай кнiгай), уважлiва сочыць за навiнкамi нашага прыгожага пiсьменства й наагул за друкам (у Таронта гэта не так ужо й проста), ахвяруе грошы на беларускiя выданьнi...
Далёкiя берагi робяцца блiжэйшымi. У полiфанii нашае лiтаратуры пачынае гучаць i адметны голас Кастуся Акулы.
Станiслаў Станкевiч
"Змагарныя Дарогi" К.Акулы
(Уступ да арыгiнальнага Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кнiжка маладога беларускага публiцыстага Кастуся Акулы "Змагарныя дарогi" станецца бясспрэчна цэнным i цiкавым укладам у сучасную беларускую лiтаратуру ў вольным сьвеце. У наагул сьцiплай нашай лiтаратурнай прадукцыi яна на сяньняшнi дзень зьяўляецца адзiным, прычым вельмi ўдалым i годным далейшага насьледваньня, узорам мэмуарнай лiтаратуры, гэтак багата i ўсебакова культываванай як у нашых найблiжэйшых суседзяў, гэтак i сярод народаў Захаду. Бурныя падзеi апошняй вайны й спрычыненыя ёй вялiзарныя зьмены ў узаемадачыненьнях людзей i народаў прыдбалi шмат цiкавага матарыялу для мэмуарыстыкi, за якую апошнiмi гадамi сквапна хапiлiся ня толькi прафэсыянальныя, але й зусiм прыпадковыя аўтары, будучыя гэтых падзеяў беспасярэднiмi сьветкамi й актыўнымi ўдзельнiкамi. Дык ужо навет з аднаго гэтага гледзiшча кнiга Акулы, як адзiная пакуль што ў нас спроба чыста мэмуарнае аповесьцi, заслугоўвае на ўвагу.
Хаця яна й названая лiтаратурным жанрам "аповесьць", фактычна-ж зьяўляецца аўтабiяграфiчным дзёньнiкам аўтаравых усамiнаў зь мiнулае вайны i такiм чынам належыць не да мастацкае ў сьцiслым ейным значаньнi, але, як успамiналася, да мэмуарнае лiтаратуры, адно пададзенай у мастацкай форме. Таму ў вадрозьненьне ад чыста лiтаратурна-мастацкiх твораў, у ваповесьцi "Змагарныя Дарогi" няма лiтаратурнага сюжэту, вакол якога канцэнтравалiся-б паасобныя эпiчныя матывы апавяданьня, не знаходзiм драматычнае iнтрыгi, якая трымала-б у напружаньнi ўвагу чытача, адсутнiчаюць i канфлiкты характараў, якiя раскрывалi-б узаемадачыненьнi ўведзеных у акцыю пэрсанажаў. Але ня гледзячы на адсутнасьць у "Змагарных Дарогах" найбольш вызначальных лiтаратурных элемэнтаў, твор Акулы, як закругленая тэматычная цэласьць, чытаецца з напружанай увагай i родзiць глыбокiя рэфлексii й перажываньнi. Гэта ўжо доказ, што мы маем дачыненьне з творам асаблiвай якасьцi.