KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Документальные книги » Биографии и Мемуары » К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн К Акула, "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзi зямлi й рвуцца ў паветра дзесяткi снарадаў-мiнаў. Сымон падае, а за iм i амунiцыйны.

- Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг? - крычыць зьвязны.

- Снарады лятуць, дык i лёг.

- Прасi толькi Матку Боскую, i ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе спадзяюся.

- Сьцеражонага й Бог сьцеражэ. Не рабi зь сябе гэроя там, дзе цябе б'юць, а ты адбiвацца ня можаш, - адказвае Спарыш i, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакi, вылазiць наверх зь перасохлага роту. Пот залiвае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзi паветра. Пудовы "п'ят", здаецца, пацяжэў у разоў пяць.

Пасьля кароткага перапынку зноў чуваць "нэбэльвэрфэр". Страшэнны гул дэтанацыi тузае ўсё цела. Чуваць енк i стогн. Нехта паранены, яшчэ нехта iншы - забiты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэцi зьвяз. Ня можа пасоўвацца наперад пад такiм густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтанант - камандзер зьвязу. Адно танкi стала паўзуць наперад i сякуць з гарматаў i браўнiнгаў. Iм ня страшны "нэбэльвэрфэр".

Iзноў, прабегшы колькi крокаў, Сымон падае. Адзiн кароценькi момант, i адзiн дарагi вобраз перад вачыма, а мо цэлыя мiражы ў памяцi... Гэта там, на Бацькаўшчыне. Высокая, зялёная, пахкая канюшына. Чырваньню абсыпаныя межы, бельлю ахутаныя сады. Гаючы пах прыбраных жоўтай квеценьню лiпаў. Тысячы працавiтых пчолак роем гудуць гiмн працы. Вiшнёвы сад... Гэта там... А тут? Вясна, брутальна згвалчаная чалавекам, хараство й прыгажосьць - стаптаныя сiлай. Буйныя загоны пшанiцы спаласаваныя, парэзаныя шырокiмi гусенiцамi танкаў, падзiраўленыя снарадамi, парыжэлыя ад полымя агнямётаў. Краса й зьнiшчэньне, зьнiшчаная краса...

Але няма калi... Трэба хутчэй i далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвiць новых гнёздаў, хаця-б i часовых, каб выпхнуць i дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Iзноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам i зброяй спацелыя фiгуры, хуткiм дыханьнем ловячы ў грудзi гарачае паветра. Зьнiкае iлюзiя вясны. Застаецца адно зьнiшчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнiшчыць тых, хто нiшчыць, каб больш ня было зьнiшчэньня.

Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокi канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзi пазасядалi ў апусьцелых хатах на начлег.

VII

Выбiтыя з апошнiх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лiнiяў абароны, немцы былi ў агульным адступленьнi. Там-сям трымалiся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналiся ў цывiльнае й гэткiм чынам старалiся скрыцца ад палону. Пятая амэрыканская й Восьмая брытанская армii ўзышлi на раўнiну далiны По й сьпяшалi дарогамi да вялiкiх прамысловых цэнтраў i партоў Паўночнае Iталii. 21 красавiка 1945-га году, а гадзiне дзесятай ранiцою, адзьдзелы амэрыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэлiся на цэнтральным пляцы Балёнii. Усё жывое ў горадзе вылезла на вулiцы вiтаць "лiбэратараў". Загулi дзесяткi званоў гарадзкiх сьвятыняў. У шматтысячным натоўпе зьявiлiся iтальянскiя нацыянальныя й чырвоныя камунiстычныя сьцягi. Палякi сыпанулi агнём па чырвоных сьцягах i забiлi колькi чалавек. Танкiсты выладоўвалi злосьць на камунiстах, хаця й ня тых, што паняволiлi iхнюю бацькаўшчыну.

Корпус Андэрса атрымаў загад спынiць марш. Адрэзак перанялi брытанцы.

- Бачыш iх, англiшмонаў гэтых, - наракалi жаўнеры, - як бiцца, дык iх ня было, ззаду сядзелi. А цяпер на гатовенькае, вызвольнiкаў гуляць, дык i яны знайшлiся. На джыпах плады перамогi зьбiраць рухнулi...

Ангельскiя зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супрацiву, накiравалiся дарогамi на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там i ў Аўстрыю, да ракi Дравы, дзе пазьней запiсалiся ў гiсторыю няслаўнай выдачай бальшавiкам вялiкай казацкай армii, што памылкова палiчыла iх за прыяцеляў i хаўруснiкаў.

28 красавiка на галоўным пляцы Мiлану разбушаваны й ашалелы натоўп павесiў нагамi ўверх i доўга зьдзекаваўся над трупамi Бэнiто Мусалiнi й ягонай каханкi Кляры Петачы, якiх партызанам пашанцавала злавiць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.

Напрыканцы красавiка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпiсаў капiтуляцыю. Iтальянскi фронт перастаў iснаваць пару тыдняў перад канцом "тысячагадовага" Райху.

У часе заняцьця Балёнii сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзiўся кiлямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалi вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе мiж Iмоляй i Балёнiяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз "кар'ераў". Акрамя Пранука Бонка ў акцыi загiнула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлiвы, як i раней, прыдбаў сабе "жонку". Так называў маладую, прыгожую ды фiгурную дваццацiпаругадовую iтальянку, што прывёз з Балёнii.

- Ваенная здабыча, - жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну. - Будзе нам варыць i даглядаць нас.

- О-го! А як-жа! Здабыча, i не абы-якая! - захаплялiся сябры са зьвязу. А ўжо цi надаецца яна да гатаваньня стравы - дык гэта зусiм другараднае пытаньне.

Да чаго дзяўчына надавалася - аб тым нiхто ўголас не гаварыў. Ва ўсiх былi зусiм ндвузначныя ўсьмешкi. Камандзер зьвязу наўмысьля iгнараваў новую прыбыль i быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявiўся яшчэ адзiн рот.

ЗАГУБА ГЕНЭРАЛА ЕЗАВIТАВА

I

Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкiм ударам для генэрала Канстантына Езавiтава. Перажываў вельмi моцна. Нiяк не магло памясьцiцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такi крок. Езавiтаў на працягу свайго жыцьця ўсе сiлы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя iнтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў i зусiм трапна ацанiў перадусiм тое, што ўчарашнi акупант Беларусi быў пры сьмерцi. Мяркаваў, што сваёй працай, гуртаваньнем беларусаў усьцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзiчаў захаваць жыцьцё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасьцю яму давяраючы, верыў, што змабiлiзаваных беларусаў аддае ў добрыя рукi, што навет у крытычную хвiлiну падпалкоўнiк зробiць усё, каб выратаваць сваiх жаўнераў.

Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволiў сабе на такую вялiкую, проста здраднiцкую нiкчэмнасьць у дачыненьнi да вельмi заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калi-б хаця той другi быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзiцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.

Яшчэ ў раньняй маладосьцi, будучы на становiшчы мiнiстра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, пасьля-ж будуючы беларускае школьнiцтва ў Латвii, аддаючы ўсе сiлы ўзгадаваньню сьведамага маладога беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавiтаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямi. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для iншых - амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведамiўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсi, вонкава, а яшчэ радзей трацiў раўнавагу. Адылi гэтым разам удар быў такi моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьцi, што Езавiтаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоiўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымi запасамi прадуктаў быў чалавекам больш прынадным i вартасным, генэрал прыйшоў у тупiк. Што-ж рабiць далей? I самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскi выкiнуў яго, каб замянiць цёпленькiм маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Цi-ж шмат людзей ведала асноўную iстоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, - падумаць, што Езавiтаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускiм вызвольным руху, ёсьць нейкi недарэка цi няздатнiк.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*