Герасио Кирого - Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
ПЧАЛА-ГУЛЬТАЙКА
Жыла сабе ў адным вуллi пчала, якая не любiла працаваць. Яна лётала з дрэва на дрэва, ад кветкi да кветкi, але замест таго, каб збiраць нектар ды рабiць мёд, сама ўвесь нектар выпiвала.
Была яна пчолка-гультайка. Кожную ранiцу, як толькi сонейка сагравала паветра, яна вылазiла з вулля i глядзела, цi добрае надвор'е, потым прычэсвалася лапкамi, як гэта робяць мухi, i ляцела гуляць, радуючыся пагоднаму дню. Лётаючы з кветкi на кветку, яна гула ад задавальнення, потым вярталася ў вулей, потым - зноў вылятала з яго, i так бавiла цэлы дзень. А тым часам астатнiя пчолы шчыравалi, стараючыся напоўнiць усе соты мёдам, бо мёд найлепшае харчаванне маленькiм пчолкам, якiя толькi што нарадзiлiся.
Пчолы - насякомыя вельмi сур'ёзныя. I таму iх урэшце пачалi абураць такiя паводзiны iх сястры. Каля ўвахода ў вулей заўсёды дзяжурыць некалькi вартаўнiчых пчол, якiя глядзяць, каб у вулей не запаўзлi казуркi. Звычайна гэта сама старыя пчолы, якiя ўжо добра дасведчаныя ў жыццi. Спiны ў iх зусiм голыя, бо яны ўвесь час труцца аб дзверы вулля i выцiраюць у сябе на спiнах усе валаскi.
I вось аднойчы вартаўнiчыя пчолы спынiлi гультаяватую пчолку каля ўвахода i сказалi ёй:
- Сястра, ты павiнна працаваць, бо ўсе мы, пчолы, заўсёды працуем.
Пчолка адказала:
- Але я ўвесь дзень лётаю i вельмi стамляюся.
- Справа не ў тым, што ты вельмi стамляешся, - сказалi пчолы, - а ў тым, што ты павiнна хоць крыху працаваць. Глядзi, мы папярэджваем цябе першы раз.
I сказаўшы гэта, яны прапусцiлi яе.
Але гультайка не падумала выпраўляцца. I наступным вечарам вартаўнiчыя пчолы сказалi ёй зноў:
- Сястра, ты павiнна працаваць.
А яна адразу адказала на гэта:
- Ну добра, днямi пачну.
- Не, не днямi, - сказалi пчолы, - а заўтра. Запомнi гэта.
I яны ўпусцiлi яе i гэты раз.
Але наступным вечарам паўтарылася тое самае. I не паспелi вартаўнiчыя пчолы ёй што-небудзь сказаць, як пчолка сама iм крыкнула:
- Добра, добра, сёстры! Я памятаю, што паабяцала!
- Справа не ў тым, цi памятаеш ты абяцанне, - адказалi ёй вартаўнiчыя пчолы, - а ў тым, каб ты працавала. Сёння 19 красавiка. Дык вось, пастарайся заўтра, 20 красавiка, прынесцi хоць бы кропельку мёду. А цяпер праходзь.
I сказаўшы гэта, яны саступiлi ўбок, прапускаючы яе ў вулей.
Але i 20 красавiка прайшло марна, як i ўсе ранейшыя днi, з той толькi рознiцаю, што, калi сонца пачало апускацца, надвор'е сапсавалася i падзьмуў халодны вецер.
Гультаяватая пчолка хуценька паляцела да вулля, думаючы, як ёй будзе ў iм цёпла. Але калi яна сабралася ўвайсцi, вартаўнiчыя пчолы не ўпусцiлi яе.
- Нельга! - цвёрда сказалi яны.
- Я хачу ўвайсцi, - пачала румзаць пчолка. - Гэта мой вулей.
- Гэта вулей добрых i працавiтых пчол, - адказалi ёй вартаўнiчыя. Гультайкам сюды ўваход забаронены.
- Я заўтра абавязкова пачну працаваць, - папрасiлася пчолка.
- У тых, хто не працуе, заўтра няма, - адказалi пчолы, якiя былi добра знаёмыя з фiласофiяй.
I з гэтымi словамi яны выштурхалi яе прэч. Не ведаючы што рабiць, пчолка яшчэ трошкi палётала вакол вулля, але надыходзiла ноч i ўжо амаль нiчога не было бачна. Яна хацела зачапiцца за лiст, але павалiлася на зямлю. Ад халоднага ветру ў яе здранцвела ўсё цела, i яна ўжо зусiм не магла лятаць.
Тады яна папаўзла па зямлi, пералазячы цераз палачкi i каменьчыкi, якiя здавалiся ёй цэлымi горамi, i калi дапаўзла да ўвахода ў вулей, з неба пачыналi падаць халодныя кроплi дажджу.
- Ах, Божухна! - закрычала няшчасная. - Iдзе дождж! Я памру ад холаду.
I яна паспрабавала ўвайсцi ў вулей. Але ёй зноў заступiлi дарогу.
- Прабачце мне! - зарумзала пчолка. - Дазвольце ўвайсцi!
- Позна! - адказалi ёй вартаўнiчыя пчолы.
- Сёстры, калi ласка! Мне хочацца спаць!
- Позна! - зноў быў ёй адказ.
- Сяброўкi, мне холадна! Злiтуйцеся!
- Немагчыма!
- Даруйце астатнi раз! Я памру!
Тады вартаўнiчыя пчолы сказалi:
- Не, ты не памрэш. Але за гэтую ноч ты даведаешся, што такое адпачынак, зароблены працаю. А цяпер - iдзi.
I яны выштурхалi яе.
Дрыжачы ад холаду, спатыкаючыся, з мокрымi крыламi, пчолка папаўзла прэч. Яна паўзла i паўзла, пакуль раптам не правалiлася ў нейкую дзiрку. А дакладней, гэта была не дзiрка, а цэлая пячора, i пчолка пачала ў яе падаць.
Ёй здалося, што яна не перастане падаць нiколi. Але ўрэшце яна апынулася на дне i ўбачыла якраз перад сабой вялiкую гадзюку - зялёную змяю са спiнай чырвона-цагельнага колеру. Гадзюка ляжала, скручаная ў клубок, i пазiрала на пчалу, гатовая на яе скочыць.
Папраўдзе тая пячора была дуплом у старым дрэве, i гадзюка зрабiла ў iм сваё логвiшча.
Трэба сказаць, што змеi вельмi любяць пчол, бо пчолы для iх - вялiкi ласунак. Таму, калi пчолка апынулася перад сваiм ворагам, яна заплюшчыла вочы i шэптам прамовiла:
- Бывай, маё беднае жыццё! Сёння апошнi раз мне давялося бачыць святло...
Але на яе вялiкае здзiўленне, змяя не паспяшалася яе праглынуць i сказала:
- Ну што, як жывеш, пчолка? Вiдаць, ты не надта руплiвая, што апынулася тут у такi познi час.
- Гэта праўда, - прамармытала пчолка. - Я не працую i таму вiнаватая.
- Калi гэта так, - здзеклiва прашыпела змяя, - дык я зараз звяду са свету такую паганую iстоту, як ты. Я цябе зараз з'ем.
Пчала ўся задрыжала i крыкнула:
- Але гэта несправядлiва, несправядлiва! Несправядлiва есцi мяне толькi таму, што вы дужэйшая за мяне. Толькi людзi ведаюць, што такое справядлiвасць!
- Га! - усмiхнулася змяя i борздзенька зноў скруцiлася ў клубок. - Дык ты добра ведаеш людзей? I ты думаеш, што людзi, забiраючы ў вас мёд, болей справядлiвыя, апошняя ты дурнiца?
- Не, яны не таму забiраюць у нас мёд, - адказала пчолка.
- А чаму ж тады?
- Таму што яны разумнейшыя.
Пчолка гэта сказала, а змяя зарагатала:
- Ну, справядлiва гэта цi не, але я цябе з'ем. Рыхтуйся!
I яна адхiлiлася назад, каб скочыць на пчолку. Але пчолка паспела крыкнуць:
- Вы робiце гэта таму, што вы меней разумная за мяне!
- Я меней разумная за цябе, смаркачка? - засмяялася змяя.
- Так, - пацвердзiла пчала.
- Добра, - прамовiла змяя, - зараз пабачым. Давай прыдумаем два выпрабаваннi. Выйграе тая, хто здолее зрабiць што-небудзь больш незвычайнае. Калi выйграю я, дык я цябе з'ем.
- А калi выйграю я? - спыталася пчолка.
- Калi выйграеш ты, - адказала непрыяцелька, - тады ў цябе будзе права правесцi тут усю ноч, пакуль не развiднее. Згодная?
- Дамовiлiся, - адказала пчала.
А змяя зноў засмяялася, таму што ёй прыйшло ў галаву такое, чаго пчала нiяк не магла б зрабiць. Вось што яна прыдумала.
Яна на iмгненне - так хутка, што пчала не паспела нават вокам мiргнуць, выскачыла з дупла i вярнулася з капсулкаю эўкалiптавага насення - з таго самага эўкалiпта, што рос каля вулля, кiдаючы на яго цень.
Хлапчукi звычайна круцяць гэтыя капсулкi, як ваўчкi, i называюць iх эўкалiптавымi ваўчкамi.
- Глядзi, што я зраблю, - сказала змяя. - Сачы ўважлiва!
Яна адным махам як шпагат навiла вакол ваўчка свой хвост i раскруцiла яго з такою хуткасцю, што ваўчок завярцеўся i страшна загуў.
Змяя засмяялася i нездарма, бо нiякая пчала нiколi не запускала i не здолела б так запусцiць ваўчок. Але калi ваўчок, якi, здавалася, нiколi не скончыць гусцi i круцiцца, нарэшце ўсё-такi павалiўся, пчала сказала:
- Гэта вельмi прыгожае выпрабаванне, i я нiколi не змагу так зрабiць...
- Значыць, я цябе з'ем! - крыкнула змяя.
- Пачакай хвiлiнку! Я не магу зрабiць гэтага, але я зраблю нешта такое, чаго не зробiць нiхто.
- I што ж гэта такое?
- Я знiкну.
- Як? - крыкнула змяя i аж падскочыла ад здзiўлення. - Ты знiкнеш, не выходзячы адсюль?
- Не выходзячы адсюль.
- I не хаваючыся ў зямлi?
- Не хаваючыся ў зямлi.
- Добра, паспрабуй! - сказала змяя. - Але калi ты гэтага не зможаш, я цябе адразу з'ем!
А ўсё ў тым, што пакуль ваўчок круцiўся, у пчолкi быў час уважлiва агледзець пячору, i яна ўбачыла, што там расце адна маленечкая раслiнка. Гэта быў невялiчкi кусцiк, амаль траўка, з шырокiм, як манетка ў два сэнтава, лiсцем.
Пчолка падышла зусiм блiзенька да раслiнкi i, стараючыся не датыкацца да яе, сказала:
- Зараз мая чарга, сеньёра Змяя. Павярнiцеся, калi ласка, i палiчыце да трох. А калi скажаце "тры" - шукайце мяне дзе хочаце, мяне нiдзе не будзе!
Так яно i здарылася сапраўды. Змяя хутка палiчыла:
"Адзiн... два... тры...", - але, павярнуўшыся, ад здзiўлення аж разявiла свой вялiзны рот: у пячоры нiкога не было! Яна агледзела ўсё i ўверсе, i ўнiзе, i вакол, аблазiла ўсе куточкi, уважлiва вывучыла раслiнку i памацала ўсё языком. Але марна - пчолка знiкла!
Тады змяя зразумела, што калi выпрабаванне з ваўчком было добрае, дык пчолчына выпрабаванне - проста выдатнае. Ува што яна магла ператварыцца? Дзе яна?
Яе нiдзе немагчыма было знайсцi!
- Ну, добра! - нарэшце сказала змяя. - Здаюся. Ты дзе?
I тады пасярод пячоры пачуўся ледзь чутны голас. Гэта адказвала пчолка.
- А ты мне нiчога не зробiш? - спыталася яна. - Цi магу я давяраць тваёй клятве?
- Можаш, - адказала змяя. - Клянуся. Дзе ты?
- Я тут, - прамовiла пчолка i нечакана вылезла са скручанага лiсточка той самай маленькай раслiнкi.