К Акула - За волю (на белорусском языке)
Шпакавы суродзiчы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краiны, здабыць патрэбныя прафэсii, уладзiцца на працы, павiнны былi ад асноваў будаваць грамадзкiя арганiзацыi, Божыя сьвятынi, фiнансавыя й навуковыя iнстытуцыi - ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям'i ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькi адурманеныя некалi чужынцамi суродзiчы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымi й грамадзкiмi ўстановамi Канады, блыталi гэную "Уайт Рашу" цi "Беларашу" з "Рашай". Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелi жлукцiць пiва й сачыць гакэй, зьвязвалi тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такiх абставiнах Беларусы, - гэтыя зь белай Русi нейкiя "дыпiсы", - пачыналi ў новай краiне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятынi i ўсё iншае.
Шпак уважна прыглядаўся сваiм суродзiчам. Бальшыня зь iх - сыны беларускiх нiваў з Захадняй Беларусi. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзi, што ўмелi касой i плугам плёны на роднай зямлi множыць. Гэтта некаторыя працавалi на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзiла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта iх - купля свайго дому. На жаль, людзi з асьветай складалi сьцiплы працэнт iхнага лiку. Праўда, некаторыя тут ужо беглi ў школы, пасьля здабывалi вышэйшую адукацыю ў розных галiнах. Сумленны, працавiты народ. Ззаду - кашмар вайны, вялiзная жыцьцёвая практыка. У сэрцах - гарачая любоў да забранай чужнiком роднай зямлi, пакутнiкаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль i нахiл да палiтычнай акцыi. Працiўнiкам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў "чужак-дзiкун" i гэныя "раскаваныя рабы", што "бацькаўшчыну рэжуць на кускi". Тыран цяпер прыкрываўся гуманiзмам, вёў кампанiю за мiр на ўсiм сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэi распалiў быў вялiкую захопнiцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер лiжа раны.
Шпакавы суродзiчы ўзмоцнiлi агульны антымаскоўскi фронт, што ўключаў сiлы эмiгрантаў з бальшынi паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калi ў Радфорд мясцовыя камунiсты i iхныя спадарожнiкi запрасiлi няслаўнага "чырвонага дзяка" Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс мiру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлi дзясяткамi тысячаў на вулiцы гораду й спаралiжавалi ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта "Тэлеграм" назаўтра крычала вялiкiм сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: "Вайна на мiрным кангрэсе". Дзякуючы вось такiм супольным акцыям, "новыя Канадыйцы" адразу зьвярнулi на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскiмi нахiламi, палiтыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносiны канадыйскiх урадаў да новых канадыйскiх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафii з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзiчы бралi пастаянны i актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскiх акцыях i дзiва няма таму, што пiсьменьнiк чэрпаў свае творчыя сiлы з маральнага гарту сваiх суродзiчаў.
Знаёмства з культурай i палiтыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пiсьменьнiку вялiкае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыi, - з самага нiзу, - немагчыма было ўстанавiць кантактаў з канадыйскiм навуковым, лiтаратурным цi палiтычным верхам. Шпак сачыў i аналiзаваў тое, што плыло цi валачылася са сродкаў масавае iнфармацыi друку, радыё i яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкi-энтрэпрэнёры жырэлi на спорце. Каб гэта яны прынамсi палову часу, што на спорт, аддавалi на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзiн з суродзiчаў пра Канаду: тэхнiка вялiкая, а культуры няма... У вышэйшых навуковых iнстытуцыях ды галiнах масавае iнфармацыi зьвiлi гнёзды й распладзiлiся левакi й марксiсты з кагорты тых, што ў трыццатых гадох сьпяшылi ў Маскву пакланiцца кiраўнiком "перадавое сацыялiстычнае краiны", а пасьля самi, як учадзелыя, пашыралi хлусьню пра тую Маскоўшчыну й новы варварскi, чырвоны фашыстоўскi рэжым, якi ўжо тады штучным голадам i Гулагам мардаваў мiльёны нявiнных людзей. Перад выбарамi ў розныя ўрады, гарадзкiя, правiнцыяльныя i фэдэральныя, - чалавеку аж вушы абляпаюць розныя "першаклясна дэмакратычныя" кандыдаты, пачынаючы ад трох галоўных партыяў, а канчаючы тымi, у самым хвосьцiку, камунiстамi, што пры помачы рознага "пралетарыяту" й "прагрэсiстаў" не маглi нiкога й нiкуды выбраць. Свае-ж, канадыйскiя сацыялiсты, як правiла, трымалi трэцяе, значыцца апошняе месца.
Пiсьменьнiк Шпак i ягоныя суродзiчы лiчылi сябе голасам паняволенага народу. Трэба было працаваць, каб пра той запрыгонены народ пачулi найважнейшыя палiтыкi i ўплывовыя людзi перадавых i наймагутнейшых захаднiх дэмакратыяў. Iншыя народы, прыкладна Палякi, мелi на Захадзе даўно вытаптаныя дыпляматычныя i культурныя сьцежкi. А што Беларусы? Дарма, як апантаны, бегаў Луцкевiч некалi па Парыжы, каб рэпрэзэнтаваць Беларускую Народную Рэспублiку на мiрнай Вэрсальскай канфэрэнцыi. Польскiя "моцарствовыя" дыназаўры змабiлiзавалi былi свае сiлы, пусьцiлi ў ход гнюсныя iнтрыгi, каб голасу нованароджанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi нiхто не пачуў.
Рознае зь гiсторыi свайго народу прыгадваў Антон Шпак, параўноўваў зь цяперашнiм. Бязумоўна, усiм думаючым беларускiм патрыётам было ясна, што праз такiх пакутнiкаў i гэрояў, як Калiноўскi, Багушэвiч, Гарун, Купала i шмат iншых адраджалася, крывавiлася, падала i ўставала да жыцьця новая i ўжо тысячагадовая краiна, тая самая, што дала сьвету Скарыну й Буднага, Афрасiньню Полацкую i Сапегу, Касьцюшку i Мiцкевiча, Дамейку i цэлы легiён iншых, якiх акупанты-рабаўласьнiкi баламуцiлi й выкарысталi для чужых беларускаму паняволенаму народу iнтарэсаў. Цяпер была крытычная сытуацыя. Трэба абавязкава, каб захаднi сьвет, якi адзiн можа здужаць Маскву, ведаў пра вялiкую катастрофу, што наблiжаецца пад маскай гуманiзму, прагрэсу, мiру. Адтуль iдзе няволя, прыгон, бязбожнiцтва, жахлiвая галеча i сьмерць.
Былi-ж спадзяваньнi, што бальшыня Канадыйцаў выслухае i зразумее выгнаных з роднае зямлi i ўсiмi пакрыўджаных. Якая наiўнасьць! Да гэных уверсе, што кiравалi гэтай гаргарай ад Атлянтычнага да Цiхага акiяну, ня было шанцаў нiяк далезьцi. А гэтыя зьнiзу, што цiкавiлiся гакеем, наагул спортам, комiкамi й глумiлi пiва Молсан i Лабат, не маглi, каб i хацелi, такiх, як Шпак разумець. Дый навошта гэтыя "праклятыя дыпiсы" Канадыйцам, каторыя далi iм лёгкi хлеб, сваёй нейкай дурной палiтыкай галовы дураць? Гэтта-ж збоку, зь юдавай усьмешкай, мясцовы чырвоны махляр, у сацыяльных справах адмысловы марксiстоўскi "экспэрт", барабанiў пра мiрную сталiнскую цi хрушчоўскую палiтыку. Iншыя-ж, што на маскоўскiм iшлi павадку, фашысьцiлi такiм, як Шпак, на ўсе застаўкi, абвiнавачвалi iх у супрацоўнiцтве зь гiтлераўскiмi злачынцамi, пагражалi судамi й расплатай за "грахi перад савецкай радзiмай".
Шпак намагаўся мабiлiзаваць усе свае сiлы, каб праўду пра паняволены народ, пра мiльённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятынi, пра пошасьць русыфiкацыi, зьнiшчэньне цэлай вялiкай культуры вялiкага народу, пра поўную антынародную нiкчэмнасьць акупыцыйнага маскоўскага рэжыму, каб пра ўсё гэта сьвет пачуў. Званi звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамiзай i ў Аттаве, над Амазонкай i ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Званi, ня спыняйся, папанатуж усе свае сiлы. Наракаеш, што ты, на самым нiзе сацыяльнай драбiны ў Канадзе шмат церпiш. Згадай тых, якiх цяпер мораць голадам, холадам, непасiльнай працай у Гулагу!
Iдзi, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставiць на тваё галашэньне цi крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, i яна з наiўнай сьпiною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбiтага з ног i бяздомнага сабакi, чымся акалеўшага ў галечы i змардаванага тысячамi жыцьцёвых дарог i бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла i выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымi i новымi фiзычнымi i духовымi чарнобылямi. Даводзiлася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пiсаць у газэты. Так, але-ж... Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзiўленьня разяўлялi, пра жвачку Рыглея на момант забывалiся. Поцiск рукi, спачуваньне...
У пасьляваенным гармiдары сродкаў масавае iнфармацыi ўсюды i амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гiтлераўскiмi нацыстамi шасьцi мiльёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлiвыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Iзраэль зьзяў у цэнтры ўвагi. Як на гэтую сцэну трапiць нейкай там задрыпанай, тут зусiм няведамай Беларусi? На роднай зруйнаванай зямлi людзi, якiх ваенны агонь абмiнуў, цяпер адно вылазiлi зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў iншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалi раскопваць масавыя магiлы нявiнных ахвяраў ды перахаваць iх у "бясьпечныя месцы".
Канадыйскi, амэрыканскi i iншыя бiзнэсавыя вярхi цiкавiў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставiць на ногi разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявiлiся чорна-белыя тэлевiзары. Ура! Цяпер Джоў i Джэк, глумячы Лабат i Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапанiць. А там - грошы, грошы, грошы! Перадавыя палiтыкi трымалi зыркае вока на тым, колькi Саветам можна пшанiцы прадаць, якi iншы бiзнэс з Крамлём зрабiць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампанii, на якiм прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бiзнэсу, тое добрае i для краiны. Во вам - просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Смiта. Дык i цяпер, калi гэта добра для бiзнэсу, дык чаму iз тым "дзядзькам Джовам Сталiнам" не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкiм там выдуманым Гулагам марочыць!