KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Иван Шамякин, "Сэрца на далонi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Вось чаму, калi адчынiлiся дзверы рэдактарскага кабiнета i на парозе з'явiўся незнаёмы, Кiрыла адразу падумаў:

"Вось. Гэта ён".

Па нейкiх асаблiвых прыкметах, якiя нават цяжка растлумачыць, Шыковiч умеў беспамылкова пазнаваць пенсiянераў. Пра гэтага адразу падумаў: "Пенсiянер".

Чалавек не запытаў, цi можна ўвайсцi. Але працiснуўся ў дзверы не тое што нясмела, а неяк нязграбна, быццам дзверы былi цесныя. Не, ён не быў тоўсты. Нармальны для сваiх гадоў, трохi ацяжалелы. А з твару нават худы. Твар яго быў абветраны да задубення скуры, як у рыбака, пасечаны глыбокiмi i непрыгожымi маршчынамi (бываюць маршчыны прыгожыя). Хоць з-пад каракулевай шапкi-стаўбуна вылазiлi зусiм сiвыя на скронях валасы, бровы яго былi чорныя, як падфарбаваныя. Можа, ад гэтага вочы здавалiся залiшне зоркiмi i калючымi. Ён у сваю чаргу агледзеў Шыковiча. Але калi Кiрыла сустрэў яго з добразычлiвай цiкаўнасцю, нават з радаснай надзеяй, то ў яго позiрку злавiў нешта падобнае на знявагу цi насмешку: "Сядзiш, пiсака, у кабiнеце? Бач, як абставiўся!"

Можа, ён так i не падумаў, але Кiрылу чамусьцi ўпершыню стала няёмка ад таго, што ён забраўся ў рэдактарскi кабiнет.

Чалавек, не вiтаючыся, спытаў:

- Вы Шыковiч?

- Я. Сядайце, калi ласка.

Шыковiч працаваў не за рабочым сталом рэдактара, а за доўгiм - для пасяджэнняў, на краi якога ляжаў стос падшывак газет. Чалавек сеў насупраць. Шапкi не зняў. Расшпiлiў палiто з добрага драпу, але моцна пабiтае моллю недзе доўга ляжала.

Гледзячы Кiрылу проста ў вочы (цяжка было вытрымаць такi позiрк!), незнаёмы спытаў з крывой усмешкай:

- Што ж гэта ты, друг сiтны, сказаўшы "а", не сказаў "бэ". Не хапiла духу? Цi замялi?

У Шыковiча замерла сэрца ад прадчування нечага незвычайнага.

- Што вы маеце на ўвазе?

- Што, што... Сам ты добра ведаеш што. Чаму не раскрыў, хто такi Сажань? Спалохаўся? Ну, канешне, куды табе! Думаў паласкатаць нервы чытачоў, нагнаць таямнiчасцi. Ды выйшла прамашка. - Ён хмыкнуў, прыстукнуў кулаком па стале, нiбы паставiў пячатку, голас яго зрабiўся скрыпуча-злосным. - Цяпер я скажу "бэ"!

Здалося, што чалавек гэты пырснуў жоўцю. Шыковiч не любiў такiх: маўчаць, чакаюць выпадку, калi хто пачне першы, тады i яны вырываюцца i б'юць з-за вугла.

- Што ж вы першы не сказалi гэтага "а"? - ужо без ветлiвасцi, са злосцю спытаў Кiрыла.

- Не меў такога факта. Казаў другiя. Не даказаў. Далi па мордзе. Ён жа, твой Сажань...

Кiрыла падняўся:

- Слухайце, я не ведаю, хто такi Сажань.

- Не ведаеш? - з яўным здзекам перапытаў чалавек. - Не ведаеш, што гэта паважаны Сямён Парфёныч Гукан?..

- Гукан?!

"Гукан! Гукан!" - загудзела, загукала, зашумела ў Шыковiча ў галаве, быццам запрацавала там магутная электронна-вылiчальная машына: яна ў адзiн мiг выцягнула з глыбiнь памяцi ўсе факты, якiя ён сабраў, па-новаму выстраiла iх зусiм у iншым парадку. Недзе на пабочных маленькiх клавiшах нехта выстукваў:

- Мы калi яшчэ ў рабфаку разам вучылiся, то далi яму гэтую мянушку... У партызанах, калi хадзiлi на сувязь у горад, ён хацеў аднойчы выпiсаць пашпарт на Сажаня... Не хто другi, я адгаварыў яго. З тваiм ростам, кажу, выклiча падазронасць... Ён мне аддзякаваў пасля за ўсё...

- Як ваша прозвiшча?

- Ведаеш ты маё прозвiшча. Пiсаў... распiсваў з яго слоў... - Чалавек зноў як бы паставiў пячатку.

Шыковiч напружваў памяць, але ўспомнiць не мог: у кнiзе дзесяткi прозвiшчаў людзей, якiх ён нiколi не бачыў у вочы.

Па сутнасцi справы, яму трэба было ўзрадавацца, выказаць гэтаму чалавеку сваю думку пра Гукана, факт з яго пiсьмом у органы дзяржбяспекi наконт Зосi Савiч, запрасiць у сведкi, у памочнiкi па выяўленню поўнай iсцiны. Але нешта стрымлiвала. Што? Злосць гэтага чалавека, яго жаданне па-свойму расквiтацца з Гуканам. Для яго цяпер галоўнае не iсцiна, а помста. А Шыковiч ненавiдзеў людзей помслiвых. Таму сведка, якога ён падсвядома чакаў, стаў яму непрыемны. Кiрылу не хацелася заключаць з такiм чалавекам якi б нi было саюз.

- Але, падрэзаў ты корань свайму дружбаку. - Наведвальнiку яўна прыносiла задавальненне пакатаваць, як ён, пэўна, лiчыў, неасцярожнага журналiста, нават голас яго палагаднеў.

- Што вы хочаце рабiць?

Ён адразу натапырыўся i таксама падняўся.

- А гэта мая справа, што я буду рабiць. Карцiць даведацца? А? Не, цяпер вам з Гуканам не абяззброiць мяне!

- Што датычыць мяне, то я асабiста нiкога не абяззбройваў. I не збiраўся гэта рабiць. Усё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб сказаць праўду пра людзей, якiя змагалiся... Сумленна...

- Калi сказаць шчыра, то я i прыйшоў, каб сказаць вам за гэта дзякуй.

- Не для вас я гэта рабiў!

- Што-нiшто зрабiў i для мяне. Даробяць другiя. Усяго добрага.

Кiрыла не стаў яго затрымлiваць: "Чорт з табой. Прозвiшча я тваё ўспомню. А не ўспомню - сам адгукнешся, вiдаць па ўсiм. З мяне даволi таго, што ты паведамiў. Гукан! Няўжо Гукан?"

Ён колькi хвiлiн усхвалявана хадзiў па прасторным кабiнеце, пацiраючы лысiну, шчокi. Не ад радасцi. Не, якая там, да д'ябла, можа быць радасць, калi пухне галава! Як, чаму чалавек, якi шчыра ваяваў супраць ворага i, нягледзячы на ўсе свае недахопы i слабасцi, напэўна, мае шчырую веру ў нашы гуманныя iдэi, мог зрабiць вось так? Зося ж хадзiла каля яго, як каля хворага. Хавалi, ратавалi. Бацька ахвяраваў жыццём. Каму ж ён верыў, калi пасля ўсяго гэтага не паверыў у сумленнасць такiх людзей? Усеагульная падазронасць? Цi подласць?

Кiрыла выскачыў у калiдор, узбег па крутой лесвiцы на гарышча. Там, у падстрэшшы, хавалiся рэдакцыйныя архiвы i была абсталявана фоталабараторыя. Загрукаў у дзверы лабараторыi. Адгукнуўся флегматычны голас:

- Хто там?

- Я, Шыковiч. Адчынi. Тэрмiновая справа.

- Пачакай.

Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа-хлопец, флегматык у працы i вiхор у гульнi, адчынiў дзверы сваёй "святой келлi".

- Пеця! Дружа! Выручай! Перавярнi ўвесь свой архiў. Знайдзi здымкi, на якiх ёсць Гукан. Усе. Ад сорак пятага да нашых дзён.

- Навошта яны табе?

- Трэба. Вось так трэба!

- Ён што, юбiляр?

- Юбiляр, лiха на яго!

- Працуеш без асечак. А што буду я мець за гэта? Кватэру ён мне заменiць?

- Кватэру не гарантую. А дзве бутэлькi каньяку з мяне. Сёння ж, увечары.

- Хлусiш.

- Я цябе падвёў калi?

- Згода. Праз гадзiну будзеш мець усё, што трэба. Падаць у альбоме цi ў папцы?

- У папцы.

Зося, адчынiўшы дзверы i ўбачыўшы Шыковiча, спалохалася. Нiколi ён яшчэ не прыходзiў адзiн i ў такi час - пасярод дня. I выгляду ў яго такога дзелавiта-нецярплiвага нiколi не было. Дзiўна, але яна чамусьцi з чыста жаночай трывогай падумала пра Антона Кузьмiча: можа, з iм што? З-за тактоўнасцi не спытала, што здарылася. Ветлiва запрасiла:

- Калi ласка, Кiрыла Васiльевiч. Распранайцеся. Вы зусiм забылiся на мяне. Антон Кузьмiч учора заглядваў. А вы... Я i не помню ўжо, калi вы былi апошнi раз.

"Антон заходзiць адзiн? Без мяне? - у думках здзiвiўся Кiрыла. - Ну i ну! Даведаецца Галя - бедная твая галава будзе, Антоша. Не хопiць у мяне, мiратворца, iмпэту памiрыць вас".

- Дзякую, Зося Сцяпанаўна. Я на хвiлiначку. Можа, i распранацца не буду. Ну, добра, добра... Але нi чаю, нi кавы не трэба. Я ж на працы. I да вас я па справе.

Ён скiнуў у калiдоры кароткую футравую куртку i з шалiкам на шыi i ў кашлатай андатравай шапцы ўвайшоў у надзвычай утульны пакойчык, у якiм усё было прыбрана руплiвымi рукамi i ўсё ззяла ад снежнага святла, што лiлося праз шырокае акно. Таполi ў квеценi iнею глядзелi ў гэтае акно. А за таполямi вiднелася заснежаная рака з чорнымi кропкамi - "падлёднiкамi", што выседжвалi над палонкамi гадзiнамi.

Падаў лёгкi-лёгкi сняжок.

Апанаваны вiхурнымi думкамi, Кiрыла, калi iшоў сюды, не бачыў хараства зiмовага дня. А тут, у гэтым дзявочым пакоi, раптам убачыў. I спынiўся, сцiх каля дзвярай, узiраючыся ў акно. На нейкi мiг, на адну хвiлiначку, настала тая расслабленасць, тая лiрычная дабрата, калi раптам хочацца забыцца на ўсе справы, злiцца з прыродай, акунуцца ў яе. Але не такая ў яго справа, каб можна было забыць на яе!

Не сядаючы, ён развязаў шнуркi папкi, у якую Чарнавус палажыў дзесяткi два фатаграфiй розных гадоў.

- Зося Сцяпанаўна, я хачу паказаць вам некалькi фатаграфiй. Можа, вы пазнаеце каго-небудзь. Гэта мае значэнне для маёй работы.

Ён дастаў самы раннi здымак, сорак шостага года, калектыўны - мiтынг у дзень пахавання партызан i падпольшчыкаў у адной брацкай магiле ў гарадскiм скверы. Гукан выступае з невысокай трыбуны. Цi то здымак выцвiў ад часу, цi ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другiх людзей расплылiся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсiх.

Зося ўзяла здымак, паднесла блiзка да вачэй, хоць блiзарукасцi ў яе Кiрыла раней не прыкмячаў. Яна таксама стаяла каля канапы, блiжэй да акна, уся асветленая ззяннем снегу.

I Шыковiч убачыў, як раптам змянiўся яе твар: у адзiн мiг нейкiя рыскi, зморшчынкi быццам памянялiся месцамi цi быццам ценявы зайчык праскочыў па твары знiзу ўгору. Шчака яе, што была павернута да яго, вiдавочна пабялела. Безумоўна, яна пазнала.

Шыковiч чакаў.

Зося доўга разглядала здымак, але на твары яе больш нiчога не адбiвалася. Нарэшце яна адарвалася ад здымка, перавяла позiрк на Шыковiча i пакiвала галавой: не, нiкога я тут не пазнаю.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*