KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Иван Шамякин, "Сэрца на далонi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Калi роўна без чвэрцi адзiнаццаць (самая цiкавая партыя адкладвалася на заўтра, такi ён быў акуратны, Грот) бацька спусцiўся з гарышча, я паведамiла, што ён тут. Бацька адказаў надзiва спакойна, быццам размова iшла пра самае звычайнае: "Добра, дачка". Я спытала, дзе мне спаць. "Дзе хочаш, абы Грот нiчога не ўгледзеў".

Пакуль немец чысцiў зубы, умываўся, я ў сваiм пакоi перабiрала бялiзну, знарок пакiнуўшы дзверы крышку прачыненымi.

Я лягла ў мамiным пакоi. Але не магла заснуць амаль да ранiцы. Усё думала, думала... Радавалася. I палохалася. За бацьку. За гэтага чалавека. Хто ён такi? Адкуль? Можа, толькi што прыляцеў з Масквы? Але больш за ўсё я думала пра бацьку. I, далiбог, нiколi гэтак не любiла яго, як у тую ноч. Здаўся ён мне такiм героем, такiм мужным, разумным, самым галоўным падпольшчыкам у нашым горадзе. Наiўна. Але я думала, што пра тату ведаюць у Маскве... Я думала пра маму. Каб яна пабачыла, што мы робiм з татам! Яна больш не ўпiкала б: "Мяккацелы iнтэлiгент дарэвалюцыйнай закваскi! Не псуй мне дачкi сваiм слiнявым гуманiзмам! Не той час!" Мама была рашучая. Яна яшчэ ў грамадзянскую з бранецягнiком на фронт паехала. Мама злавалася, што я баюся крывi. Прымушала мяне рабiць самую брудную работу. З-за гэтага яны сварылiся часам, тата i мама... Многа я ўсяго перадумала... Добра мне запомнiлася тая ноч. Ёсць такiя днi i ночы, якiя запамiнаюцца, выдзяляюцца i свецяцца, як маячкi, у памяцi. Праўда? А ўсе iншыя злiваюцца ў адну плынь i цякуць, як магутная рака. На адным месцы вада заўсёды новая, а ўсё адно такая ж...

Спала я, можа, якiя дзве гадзiны. Прачнулася раней за ўсiх. Калi Грот роўна ў сем спусцiўся ў ванную, я "прыбiрала" свой пакой i спявала. За снеданнем немец сказаў: "У вас добры настрой, фрэйлейн Софа. А ў мяне дрэнны. Ад свечкi балiць галава".

Тата нiчога не гаварыў. Пацалаваў у лоб, калi адыходзiў на працу, як заўсёды, усмiхнуўся:

"Вопыт ты маеш. Глядзi".

Наступiлi тыя дзённыя гадзiны, калi я заставалася адна. Помнiце, Антон Кузьмiч? Адной мне было сумна... На кухнi i на кухнi.

...Прыйшла Маша з пакупкамi, мокрая, шумная, вясёлая. Гукнула з калiдора:

- Кiрыла Васiльевiч! "Беламора" няма. Купiла "Казбек". Добра?

Зазiрнула ў пакой, убачыла iх, засяроджана-ўважлiвых, сур'ёзных, насцярожылася.

- Сядайце, Маша, паслухайце, - сказаў Шыковiч, хуценька занатоўваючы нешта ў запiсную кнiжачку.

Маша паставiла сумку каля парога.

- Я сказала яму:

"Вылазьце. У доме нiкога няма. Будзем снедаць".

Ён падняўся з-за ложка. Ён быў высокi, але не такi доўгi, як здаўся мне, калi ляжаў. I не такi худы. Так, звычайны чалавек з тых, якiя нiколi не паўнеюць, хоць ты iх пакладзi i знарок адкормлiвай. Перш за ўсё ён глянуў на акно, потым агледзеў пакой i... мяне... Можа, я была такая ўражлiвая, "мяккацелая iнтэлiгентка"... Як толькi пасля на мяне нi глядзелi, i свае i чужынцы, - мяне не кранала. А яго позiрк... Вы прабачце, можа, я расказваю дробязi, глупства. Але я шчыра...

- Не, не. Калi ласка, як можна больш падрабязна, - папрасiў Шыковiч. -Гэта не дробязi... Для мяне гэта асаблiва важна.

- Яго позiрк мяне... абразiў... Пакрыўдзiў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць... Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё... Мы рызыкуем сваiм, хаваючы яго... Чаму ж ён глядзiць так? Нядобра. А можа, мне здалося? Я малая была вельмi крыўдлiвая. Мацi не так гляне, як мне хацелася, i я цэлы дзень залiваюся слязамi. Больш, праўда, ён так не глядзеў. Быў прыветлiвы, хоць не вельмi гаваркi.

Тады, за першым снеданнем, ён распытваў, як я жыву, з кiм сябрую, куды хаджу, хто прыходзiць да нас, што за чалавек гэты Грот. Я разумела, што яму трэба ўсё ведаць, i падрабязна расказвала. Спытала, як яго iмя.

"Навошта табе?" - сказаў ён без падазронасцi.

"Неяк жа я павiнна да вас звяртацца".

"Калi табе так хочацца, клiч мяне - дзядзька Сажань".

Я здагадалася, што гэта мянушка, яна здалася мне смешнай, i я засмяялася. Ён таксама ўсмiхнуўся. Тады я адважылася i спытала, цi не з Вялiкай зямлi ён прыляцеў. Сажань нахмурыўся i адказаў, што я рана пастарэю, калi ўсё буду ведаць. Гэтыя жартаўлiвыя словы па-рознаму можна сказаць. Ён сказаў iх так, што мне расхацелася пытаць у яго пра што-небудзь яшчэ. Праўда, на другi дзень я не стрымалася i спытала пра вас, Антон Кузьмiч. Мне чамусьцi здавалася, што ён абавязкова павiнен ведаць вас. Не, ён не ведаў.

"Што здраднiка Лучынскага пакаралi, пра гэта я чуў, а хто гэта зрабiў Вiктар, Антон цi Павел, - не мае значэння".

Каб ён ведаў вас, я, напэўна, расказала б, як вы хавалiся ў нас. Але пасля яго слоў, што не мае значэння, хто забiў Лучынскага, мне зноў-такi расхацелася расказваць яму пра вас. Не падумайце, што я стаiла крыўду на яго. Не. Я вельмi паважала яго. Асаблiва калi бацька на маё пытанне: "Хто ён?" - адказаў: "Партыйны кiраўнiк". О, як ён вырас у маiх вачах!

Я гатавала яму лепшыя снеданнi i абеды, чым нават бацьку. Мяне толькi здзiўляла спачатку адно, зноў-такi гэта, вiдаць, ад майго такога выхавання "мяккацелая iнтэлiгентка". Але ў нашым доме ўсе казалi адзiн аднаму дзякуй, жадалi добрай ночы. Я хадзiла за iм, як санiтарка за хворым. Ён нi разу не сказаў мне дзякуй. Не, здзiўляцца - гэта не тое я сказала. Мне зноў-такi трошкi крыўдна рабiлася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такi ветлiвы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такi кiраўнiк, быў у сто, тысячу разоў больш культурны i ветлiвы. Але на трэцi дзень Сажань даказаў, што не гэта галоўнае. Мне нават сорамна стала за свае такiя думкi.

Ранiцаю я павiншавала яго са святам - з Першамаем. Як радасна блiснулi яго вочы!

"Дзякую, Зося, дзякую. Дзякую табе, дарагi таварыш. Цябе таксама вiншую i жадаю дажыць да сапраўднага свята. Мы з табой станем побач i пройдзем пад сцягамi праз увесь наш горад".

Ён моцна пацiснуў мне руку, i ў вачах яго, здалося, блiснулi слёзы. Я таксама ледзь стрымалася, каб не зараўцi ад гора i шчасця.

Бацька ў першы дзень прыйшоў абедаць на гадзiну раней. Гэтую гадзiну яны гутарылi, зачынiўшыся ў маiм пакоi. У гэты ж час яны размаўлялi i на другi дзень. А на трэцi, Першага мая, прыехаў Вася, шафёр санiтарнай машыны. I Сажань паўгадзiны гутарыў з iм. Пра што - я не ведаю. Вася выйшаў з пакоя з добрай усмешкай, паказаў мне язык, як малой. Потым, кiўнуўшы назад на дзверы майго пакоя, выставiў вялiкi палец, маўляў, во якi чалавек. Тады паказаў на гарышча i секануў далоняй па горле; я зразумела: з такiмi мы хутка зробiм фашыстам чык-чырык. Але мяне рассмяшыла гэтая размова жэстамi - у доме ж нiкога больш не было. У адказ на мой смех ён уставiў вялiкiя пальцы ў вушы i вось так памахаў далонямi. Гэта, мабыць, значыла, што я несур'ёзная, дурнiца. Я пакрыўдзiлася i паказала, што ў яго пуста ў галаве. Ён зняў сваю замасленую кепачку i тэатральна пакланiўся. Але з ганка вярнуўся, працягнуў мне каробачку i сказаў сур'ёзна:

"Гэта вам, Зося. Ад мяне".

У каробачцы былi мятныя цукеркi.

На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Ранiцаю бацька i Грот пiлi кофе i хвалiлi нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахвалiў бацька. Гроту гэта вельмi спадабалася. Яны разам выйшлi з дому. Я кармiла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з iм. У часе абеду Сажань быў заклапочаны i раптам вельмi даверлiва паведамiў мне, што яму нiяк не могуць дастаць надзейнага дакумента i ён не можа выйсцi з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ iдуць арышты. Сумна пажартаваў:

"Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабiў. I хлопцы недзе непакояцца, што са мною".

Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санiтарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразi, i тата доўга не заходзiў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такi ён не быў яшчэ нiколi. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоiў:

"Нiчога, нiчога, дачка".

А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькi хвiлiн яны выйшлi, i Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоi Грота.

Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчынiў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў звалiў мяшок бульбы. Сказаў бацьку:

"Аглядалi. Двойчы. Адсюль i сюды. Злосныя, як сабакi".

"Падымi хлопцаў. Калi да ночы нiчога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную".

Яшчэ пра нешта яны шапталiся.

Калi Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькi, што ж усё-такi iх устрывожыла.

"Арыштавалi нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент палiцыi. На Пушкiнскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелi нашу машыну".

Сажань перамясцiўся ў пограб. Пад домам у нас вялiкi пограб. Лазiлi ў пограб з кухнi. Але на двары каля сцяны быў люк - для вентыляцыi, i бульбу ўвосень праз яго ссыпалi. Ён быў яшчэ закрыты з зiмы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкi-аднакласнiцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазiла ў суседнi сад, такiм жа чынам з таго саду - у Вiшнёвы завулак, потым - на Клiмаўскую. I сюды на Элеватарную, да ракi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*