KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Иван Шамякин, "Сэрца на далонi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Адгукнуўся жаночы голас.

- Паклiчце, калi ласка, аперацыйную сястру Машу.

- Лiтвiн? Яна на аперацыi.

Так, так, гэта яна Лiтвiн, ён бачыў гэтае прозвiшча ў Ярашавых паперах апiсаннях аперацый.

Другi раз ён званiў смялей, чамусьцi ўпэўнены, што яе не паклiчуць. Трэцi раз, пасля абеду, зусiм смела. Але калi пачуў i пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заiкацца.

З'явiўся ў цэх як удачлiвы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:

- Запрасiў.

- Згадзiлася?

- Ага.

- А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паiць мяне пiвам.

Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у iмя дружбы сваiм бiлетам. Ад канцэрта адмовiўся Славiк. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:

- Нешта мацi званiла, прасiла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой бiлет?

- Дай мне, - падскочыў Косця. - Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.

У хлопцаў былi дарагiя месцы, у другiм радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнiтурах. Косця i Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха i гальштук - бабачка; блiшчалi манжэты накрухмаленых сарочак, зiхацелi дарагiя запанкi. Iшлi па зале ўсе разам. Яна сярод iх - як вогненная кветка. Менш бачыла вачамi, больш адчувала аголенымi рукамi, шыяй, патылiцай, спiною, што яе працiнаюць позiркамi, разглядаюць усе: мужчыны - з захапленнем, з цiкавасцю, жанчыны - з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гiпноз соцень вачэй моцна i незвычайна хваляваў: радаваў i страшыў.

Добрая палавiна залы - музыкальная публiка, яны калi не былi знаёмы памiж сабой, то помнiлi адзiн аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што iх зацiкавiла група добра апранутых маладых людзей, якiя прабiраюцца да пярэднiх радоў.

- Хто? Адкуль? - пыталiся шэптам сусед у суседа.

- Ды гэта з кiнагрупы, што фiльм на рацэ здымаюць, - адказаў адзiн з тых, што ведаюць усё на свеце.

- Актрыса?

- Як прозвiшча?

Маша пачула гэта. I Косця, якi iшоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукi:

- Чулi?

Маша нервова засмяялася. Ёй зрабiлася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кiнаактрысу. Але чамусьцi боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! I ў тэатры - хiба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?

Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыццi, iшла ў лепшую цырульню горада, каб зрабiць прычоску. I нечакана для самой сябе выявiла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусiла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:

- Ляцiце, мiлая, у Маскву рабiць сваю прычоску, калi вам не падабаецца ў нас.

Толькi сеўшы ў крэсла памiж Тарасам i жонкай Лапацiна, схаваўшы плечы i рукi, Маша супакоiлася.

Адкрылася заслона. Ва ўсiм белым, як лебедзi, стаялi праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкi. Над iмi ўзвышалiся ў два ярусы спевакi, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.

З-за кулiс выйшаў стары. Сiвыя валасы, сiвая, прыгожая, на клiн, бародка, высакароднае iнтэлiгентнае аблiчча i зусiм маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак i белы камiзэль. Iшоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланiўся зале. Яму горача запляскалi.

Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьцi харошае, прыгожае.

Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукi, i на нейкi мiг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой - i палiлася песня.

Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вулiцы, у полi. Яна ўпершыню чула капэлу - спеў без музычнага суправаджэння. Калi песня нарасла, наблiзiлася i было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкi ляцелi, як iскры: то па адной, то роем, згасалi адны, успыхвалi другiя. То вясёлыя - яна ўспомнiла Славiка. То сумныя - i яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла мацi: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спiну на сваiм гародзе. Бясконца ў працы! На нейкi момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплацiла гэтулькi за сваю шыкоўную прычоску. Мацi жахнулася б, каб даведалася, што яна столькi плацiць за такую непатрэбшчыну. Якая панi! "Рыжоцце такое!"

"Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, - звярталася яна да мацi i малодшых сястры i брата. - Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас".

Потым падумала, што яна разумее рухi гэтага дзiвоснага чалавека на сцэне. Яны - як у Яраша. Такiя дакладныя. Адзiн няправiльны рух, адна памылка, i смерць: там - чалавеку, тут - песнi.

- Бачылi, якi чарадзей? - нахiлiўся да яе Тарас.

- А? Але, - яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.

Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нiчога не чуў i нiчога не бачыў, толькi адчуваў яе халаднаватую руку.

На перапынак яна выйшла трохi як бы засмучаная - задумлiвая, маўклiвая. Хлопцы, яе спадарожнiкi, круцiлiся вакол i рознымi спосабамi памагалi Тарасу развесялiць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапацiна i адцягнула ўбок.

У буфеце яны частавалi яе шампанскiм, лепшым марожаным i самымi дарагiмi цукеркамi.

З нейкай прычыны яна спытала:

- Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?

- Не. Яшчэ Славiк.

- Якi Славiк? Той? - вельмi здзiвiлася яна. - Ён хiба ў вас?

- Мы ўзялi яго вучнем. Хочам зрабiць чалавекам, - адказаў Ходас.

- А дзе ён цяпер?

- Нешта мацi пазванiла. Паехаў на дачу.

Маша незнарок пралiла на стол шампанскае i зарагатала. Яны не ведалi, чаму яна смяецца, i таксама смяялiся. На iх звярталi ўвагу.

20

Гукан амаль спалохаўся, калi сакратарка паведамiла, што да яго хочуць зайсцi Яраш i Шыковiч. Хутка падняўся з крэсла, перабiраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.

- Скажы, што я заняты.

Гэта была праўда: пiльныя справы, нарады падганялi ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцямiў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камiсii, i Шыковiча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласцi размову, калi яна ў iх доўгая, але не пусцiць у кабiнет...

Ён спынiў дзяўчыну, здзiвiўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасцi, памяркоўнасцi.

- Не, не... Няхай заходзяць. Калi ласка, - сказаў мiтуслiва, разгублена, а сам думаў:

"Абодва. Без званка. Не папярэдзiўшы. Што iм трэба?"

Намеснiк яго, Кушнер, з якiм яны працавалi над пiсьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсцi. Гукан i яго спынiў:

- Не, не... Застанься.

Пайшоў да дзвярэй, шырока i прыветлiва расставiўшы рукi, нiбы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.

- Ну, ну!.. Каго я бачу! - выгукнуў ён, калi ў дзвярах з'явiлася мажная постаць Яраша. - Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьмiч, старшыня камiсii, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кiрыла, даўно ўжо не быў, - пацiскаючы руку Шыковiчу, усмiхнуўся Гукан. - Усё ездзiш? Шукаеш герояў?

- Шукаю, - адчуўшы хiтра схаваную iронiю ў Гуканавых словах, сур'ёзна i цвёрда адказаў Шыковiч.

- Прашу, прашу, - паказваў на мяккiя крэслы каля рабочага стала Гукан.

Калi яны прывiталiся з Кушнерам i селi насупраць адзiн аднаго, Гукан зiрнуў на вялiкi гадзiннiк, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгiя размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:

- Якi клопат звёў разам медыцыну i лiтаратуру?

Яраш сказаў проста, без дыпламатыi:

- Сямён Парфёнавiч, трэба памагчы аднаму чалавеку.

- Трэба - паможам. Калi хадайнiчаюць два дэпутаты...

- Жанчыне, - сказаў Шыковiч, зазiраючы старшынi ў вочы.

Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковiч не зводзiць з яго вачэй, i гэтыя дапытлiвыя позiркi - "Што ён хоча ўбачыць?" - нервавалi яго.

- Тым больш неабходна памагчы.

- Трэба невялiчкая, на адзiн пакой, але асобная кватэрка.

Гукан цiха свiснуў:

- Таварышы дарагiя, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.

- Жанчына ў бальнiцы. Пасля цяжкай аперацыi.

- На сэрцы, - падказаў Шыковiч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукi, у якiх ён круцiў тоўсты зялёны аловак.

- Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? - зацiкаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасцiўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. - Што ў яе - нiкога няма родных?

- Няма.

- А дзе яна жыла да аперацыi?

- Наймала прыватны куток. На ўскраiне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.

- Безумоўна, - згадзiўся Кушнер i пакiваў галавой. - Выпадак цяжкi. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.

Гукан падсунуў да сябе вялiкi настольны каляндар, нацэлiўся ў яго алоўкам:

- Як яе прозвiшча?

- Савiч, Соф'я Сцяпанаўна, - хутка адказаў Кiрыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.

Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкi твар каля вачэй i тут жа звузiўся шчокi аплылi ўнiз. Абяскровiлiся глыбокiя залысiны. Гукан залiшне доўга не ўзнiмаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, i нешта накшталт сумнай усмешкi скрывiла яго вусны:

- Гэта не таго Савiча?

- Таго, - жорстка адказаў Кiрыла.

- Яна прапiсана ў нас? - спытаў Гукан абыякавым голасам.

- Чатыры гады жыве. I працуе.

Шчокi аплылi яшчэ раз - нiбы пад гладка паголенай скурай перакочвалiся нейкiя валiкi.

"Чорт! - вылаяўся Сямён Парфёнавiч у думках. - Трэба мiлiцыi накруцiць, каб такiх без майго дазволу не прапiсвалi".

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*