KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Чингиз Айтматов - Буранны паўстанак (на белорусском языке)

Чингиз Айтматов - Буранны паўстанак (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Чингиз Айтматов, "Буранны паўстанак (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Не гадаў я, не думаў, што табою буду

Звязаны я па руках i па нагах.

З чорных гор калi пойдзе качэўе,

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

Развяжы мне рукi, брат мой Абдзiльхан,

Сам я ў неба дарогу знайду.

З чорных гор калi пойдзе качэўе,

Я на кiрмаш не траплю, Бегiмай.

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

Не чакай мяне там, Бегiмай.

Мы з табою спяваць там не будзем,

Конь мой не паспее, сам я не дайду.

З чорных гор калi пойдзе качэўе,

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

На кiрмаш не прыйду, Бегiмай.

Бо я ў неба дарогу знайшоў...

Вось якая яна, гiсторыя гэтая...

Цяпер, па дарозе на Ана-Бейiт, праводзячы Казангапа ў апошнi шлях, пра гэта ўсё думаў неадчэпна Едыгей.

XI

Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход. А па абодвух баках чыгункi тут ляжалi, вялiкiя пустынныя прасторы - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў...

У гэтых мясцiнах адлегласцi вымяралiся адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Мiнаваўшы вельмi доўгi праезд уздоўж чырвонапясчанай стромы Мала-Кумдычап, дзе некалi кружыла Найман-Ана ў пошуках свайго сына-манкурта, яны апынулiся на подступах да Ана-Бейiта. I тут здарылася першая нечаканка. Яны напаролiся на перашкоду - агароджу з калючага дроту.

Едыгей спынiўся першы - вось табе i раз! Ён нават прыўстаў на страмёнах i паглядзеў направа, паглядзеў налева - наколькi ахапiць вокам, нiтаваўся паўсюль непраходны калючы дрот, начэплены ў некалькi радоў на жалезабетонныя чыгунныя слупы.

Ззаду спынiлiся трактары. Першым выскачыў з кабiны Сабiтжан, за iм Доўгi Эдыльбай.

- Што такое? - махнуў рукой Сабiтжан на агароджу. - Не туды патрапiлi, цi што? - запытаўся ён у Едыгея.

- Чаму не туды? Туды, ды толькi вось дрот узяўся аднекуль, каб яго чорт узяў!

- Няўжо яго раней не было?

- Не было.

- Што рабiць цяпер? Як мы паедзем далей?

Едыгей прамаўчаў. Ён i сам не ведаў, што рабiць.

- Эй, ты! Ану спынi трактар! Хопiць тарахцець! - раздражнёна кiнуў Сабiтжан Калiбеку, што высунуўся з кабiны.

Той заглушыў матор, за iм замоўк i экскаватар. Стала цiха. Зусiм цiха.

Вялiкi саразекскi стэп распасцiраўся пад небам ад краю i да краю зямлi, але праходу да Ана-Бейiцкага могiльнiка не было.

Першы парушыў маўчанне Доўгi Эдыльбай:

- А што, Едыке, раней дроту тут не было?

- Зроду не было! Першы раз бачу.

- Выходзiць, што абгарадзiлi зону спецыяльна. Для касмадрома, напэўна? выказаў здагадку Доўгi Эдыльбай.

- Вiдаць. Iнакш нашто столькi працы - у голым стэпе такую агароджу ставiць. Некаму ж прыйшло ў галаву. Што ўздумаецца, тое i робяць, каб iх чорт узяў! - вылаяўся Едыгей.

- Ды што тут лаяцца! Трэба было даведацца, перш чым выязджаць на пахаванне ў такую далеч, - панура сказаў Сабiтжан.

Настала цяжкая паўза. Буранны Едыгей непрыязна глянуў зверху ўнiз, з вышынi Каранара на Сабiтжана, якi стаяў побач.

- Ты вось што, родны, пацярпi крыху, не мiтусiся, - сказаў ён як мага спакойней. - Раней тут не было калючага дроту, адкуль было ведаць?

- Вось пра гэта i гаворка, - буркнуў Сабiтжан i адвярнуўся.

Зноў змоўклi. Доўгi Эдыльбай нешта меркаваў.

- Што ж рабiць цяпер, Едыке? Што рабiць? Цi ёсць iншая дарога на могiльнiк?

- Павiнна быць. Чаму ж не? Ёсць тут дарога, кiламетраў пяць управа, адказаў Едыгей, азiраючыся па баках. - Давайце рушым туды. Не можа быць, каб без праезду - нi туды нi сюды.

- Гэта дакладна, што там ёсць дарога? - задзiрлiва ўдакладнiў Сабiтжан. А то якраз атрымаецца - нi туды нi сюды!

- Ёсць, ёсць, - запэўнiў Едыгей. - Сядайце, паехалi. Не будзем марнаваць час.

I яны зноў рушылi. Зноў затарахцелi ззаду трактары. Паехалi ўздоўж дроту.

Едыгей перажываў. Ён быў вельмi збянтэжаны гэтым. Як жа так, злаваў ён у душы, пазакрывалi, агарадзiлi ўсё вакол, а на могiльнiк дарогi не паказалi. Вось справы, вось жыццё! I, аднак, у яго была надзея - павiнен быць нейкi ўказальнiк i на гэтым, паўднёвым, баку.

Так яно i сталася. Выехалi проста да шлагбаўма.

Наблiжаючыся да шлагбаўма, Едыгей звярнуў увагу на належную трываласць прапускнога пункта: моцныя бетонныя маналiты па краях, каля самага праезду з краю дарогi цагляны дамок з шырокiм, скрозь суцэльным шклом, зверху, на плоскiм даху, былi ўстаноўлены два пражэктары. Ад шлагбаўма далей iшла асфальтаваная дарога. Едыгей затурбоцiўся.

Пры iх паяўленнi з памяшкання для паставых выйшаў зусiм яшчэ маладзенькi бялявы салдат з аўтаматам цераз плячо - руляй унiз. Абцягваючы на хаду гiмнасцёрку i папраўляючы фуражку на галаве дзеля большага сур'ёзу, ён спынiўся ля паласатага шлагбаўма з непрыступным выглядам. I ўсё ж спачатку павiтаўся, як толькi Едыгей падышоў да самай перакладзiны, якая перагароджвала дарогу.

- Добры дзень, - казырнуў вартавы, глянуўшы на Едыгея светла-блакiтнымi, яшчэ дзiцячымi вачамi. - Хто такiя? Куды накiравалiся?

- Ды мы тутэйшыя, салдат, - адказаў Едыгей, усмiхаючыся хлапечай строгасцi вартавога. - Вось вязём чалавека, старога нашага, пахаваць на могiльнiку.

- Без пропуску нельга, - адмоўна пакруцiў галавой маладзенькi салдат, з асцярогай адхiляючыся ад Каранаравай зубатай пашчы, якая жавала жвачку. - Тут ахоўная зона, - растлумачыў ён.

- Разумею, але нам жа на могiльнiк. Ён тут недалёка. Што тут такога? Пахаваем i назад. Нiякай затрымкi.

- Не магу. Не маю права, - адказаў вартавы.

- Паслухай, родны. - Едыгей нахiлiўся з сядла так, каб лепей было вiдаць яго баявыя ордэны i медалi. - Не староннiя мы. Мы з раз'езда Баранлы-Бураннага. Чуў, пэўна. Мы свае людзi. Пахаваць вось трэба. Мы толькi на могiльнiк i назад.

- Ды я ж разумею, - пачаў быў вартавы, пацiскаючы плячамi, але тут не ў час падышоў Сабiтжан з напускным выглядам важнага, дзелавога чалавека.

- Што такое? У чым справа? Я з аблпрадсавета, - заявiў ён. - Чаму затрымка?

- Таму што нельга.

- Я ж кажу, таварыш паставы, што з аблпрафсавета.

- А мне ўсё роўна, адкуль вы.

- Як гэта так? - сумеўся Сабiтжан.

- А так, ахоўная зона.

- Тады нашто доўгiя размовы? - абразiўся Сабiтжан.

- А хто доўга гаворыць? Я вось тлумачу з павагi да чалавека на вярблюдзе, а не вам. Каб яму было зразумела. А наогул я не маю права ўступаць у гаворку з пабочнымi асобамi. Я на пасту.

- Значыць, праезду на могiльнiк няма?

- Не. Не толькi на могiльнiк. Тут праезду няма нiкому.

- Ну тады што гаварыць! - раззлаваўся Сабiтжан. - Я так i ведаў! - кiнуў ён Едыгею. - Так i ведаў, што глупства атрымаецца! Дык не! Куды там! Ана-Бейiт! Ана-Бейiт! Вось табе i Ана-Бейiт! - I з гэтымi словамi ён, узлаваны, адышоў, сплёўваючы злосна i нервова.

Едыгею стала няёмка перад маладзенькiм вартавым.

- Прабач, сынок, - сказаў ён яму па-бацькоўску. - Зразумелая рэч. Ты службу нясеш. Але нябожчыка цяпер куды падзець? Гэта ж не бервяно, каб скiнуў ды паехаў.

- Ды я разумею. А што я магу? Мне як скажуць, так я павiнен i зрабiць. Я ж не начальнiк тут.

- Та-ак, спра-вы, - разгублена працягнуў Едыгей. - А сам жа ты адкуль родам?

- Вологодскi я, бацька, - праокаў вартавы сарамлiва i, па-дзiцячы не хаваючы радасць, усмiхнуўся, бо прыемна было адказваць яму на гэтае пытанне.

- Дык што, у вас у Волагдзе таксама так - на могiльнiку вартавыя стаяць?

- Ды што ты, бацька, нашто! Але тут жа закрытая зона. Ды ты, бацька, сам служыў i ваяваў, гляджу, нябось, ведаеш, служба ёсць служба. Хачу цi не хачу, але абавязак. Куды падзенешся?

- Яно-то так, - згадзiўся Едыгей, - толькi куды цяпер нам з нябожчыкам?

Яны замоўклi. I тады, падумаўшы, салдацiк са спачуваннем паглядзеў на Едыгея, а потым матлянуў бялявай сваёй галавой:

- Не, бацька, не магу! Не маю права!

- Што ж, - толькi i сказаў канчаткова разгублены Едыгей.

Яму было вельмi цяжка павярнуцца тварам да сваiх спадарожнiкаў, таму што Сабiтжан усё больш распаляўся недарэчным гневам. Во падышоў да Доўгага Эдыльбая.

- Я ж гаварыў! Не трэба было цягнуцца ў такую далеч. Гэта ж забабоны! Марочыце галаву сабе i другiм. Якая рознiца, дзе пахаваць нябожчыка! Дык не: лопнi, падай iм Ана-Бейiт. I ты таксама мне - едзь, без цябе пахаваем! Вось i хавайце цяпер!

Доўгi Эдыльбай моўчкi адышоў ад яго.

- Паслухай, друг, - сказаў ён вартавому, падышоўшы да шлагбаўма. - Я таксама служыў i таксама ведаю такi-сякi парадак. Тэлефон у цябе ёсць?

- Ёсць, канечне.

- Тады так - тэлефануй начальнiку па варце. Далажы, што мясцовыя жыхары просяць, каб ён дазволiў праезд на могiльнiк Ана-Бейiт.

- Як? Як? Ана-Бейiт? - перапытаў вартавы.

- Ана-Бейiт. Так называецца наш могiльнiк. Патэлефануй, сябар, iншага выйсця няма. Няхай асабiста атрымае дазвол для нас. А мы - будзь упэўнены, акрамя могiльнiка, нас тут нiшто не цiкавiць.

Вартавы задумаўся, пераступаючы з нагi на нагу, наморшчыўшы лоб.

- Ды ты не сумнявайся, - сказаў Доўгi Эдыльбай. - Усё па ўставу. На пост прыбылi пабочныя асобы. Ты дакладваеш начальнiку варты. Вось i ўся механiка. Што ты на самай справе! Ты абавязаны далажыць.

- Ну добра, - кiўнуў вартавы. - Зараз пазваню. Толькi начальнiк варты ўвесь час па тэрыторыi ездзiць, па пастах. А тэрыторыя ж вунь якая!

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*