KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Масей Седнев, "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Падыйшла. Абняла. Потым дастала з шафы пляшку гарэлкi, стаканы. Выпiлi.

- Дык можа-б ты цяпер разгаварыўся? Мяне цiкавiць перш бабскае дзела. Я-ж баба. Ты мо ажанiўся? Зрэшты, цi гэта мае якое значэньне цяпер? Я жанатая, але што з таго? Пакiньма гэта. Пра гэта потым. Ты-ж хiба ведаеш - нашыя не за гарамi. Блiзка ўжо. Дык мо сапраўды хочаш драпака даць? Чаго-ж у Касьцюковiчы? Мяне ня бойся. Гавары. Я з табою нарасхлiст.

Падыйшла i, ужо трохi ап'янелая, абвалiлася на мяне.

- Гапа, паслухй мяне. Ты пытаешся - чаго ў Касьцюковiчы? Хачу пакiнуць Мокрае. Назаўсёды. З бацькамi i з...

- Са мною? Дурылка, нiкуды ня йдзi. Заставайся ў мяне.

- Пачакай, Гапа. Раскажы ты. Як ты жывеш? Што новага ў цябе? Мне цiкава.

- Ты нейкiм багамольцам стаў.

Села на сваё мейсца.

- Дай я табе яшчэ падальлю. А сама я ўжо ап'янелая. Кажаш, хочаш пакiнуць Мокрае? Я таксама хацела-б выбрацца адсюль. Збрыдла. Коцiк, паедзем з табою ў Менск? Хацела-б туды. Можа-б я пабачыла свайго, калi ён - малюся - жыў. Возьмеш мяне? Куды-ж мне адной?

Села мне на каленi. Закiнула рукi за шыю.

- Нiкуды ня пушчу. У Менск... у Менск. - Цалуе. Прыпала да маiх грудзей. Я стамiлася, Мiкола. Я памагала нашым у лесе. Колькi магла. Шкада iх. Але-ж i сябе шкада. Ты шкадуеш мяне? - Утуляецца. - Колькi ўсякага ў iх! I ўсё страшное. Не магу прымiрыцца. Ты-ж мо чуў, што Вяркеева няма ў жывых? Дзесьцi iх закуталi. Божачка. Гэта-ж i твой таварыш.

Ейнае "гэта-ж i твой таварыш" ацьвярозiла мяне. Я ўзьняўся з крэсла, адвёўшы Гапкiны рукi.

- Хочаш мо чым падсiлкавацца?

- Дзякую, Гапа. Я пайду. Мне трэба, Гапа. Дзякую за пачастунак.

Абнiмаю яе крэпка-крэпка. Цалую. Гарну да грудзей. Прытуляю ў сьцiшнасьцi i жарсьцi. Яна супакоiлася. У супакоенасьцi самi па сабе пайшлi ў яе сьлёзы. Яны заблiшчэлi на ейных вейках, калi, вызвалiўшыся з маiх абдымкаў, яна паглядзела на мяне.

- Мiколка, iдзi, куды йдзеш. Трымаць цябе ня буду. Мо стрэнемся ў Менску?

I кiнулася яшчэ раз мне на грудзi. Апамятавалася. Падала руку. Я накiраваўся да дзьвярэй i, спынiўшыся на момант у цiхiм разьвiтальным паклоне, выйшаў.

У Касьцюковiчах я атрымаў месца бухгальтара на маслазаводе. З гэтага заводу ўцёк бухгальтар, забраўшы з сабою ўсю выручку. Мне далi ягоныя бухгальтарскiя кнiгi i папрасiлi адразу-ж распачаць працу. У нейкiм напоўразбураным будынку адвялi мне кватэру, вялiкi пусты пакой, накшталт нейкай салi, бяз кухнi, вады, ложкаў i ўсяго iншага, патрэбнага для жыцьця. Паставiлi толькi стол, з канапай побач. На гэтым стале я й пачаў разглядаць бухгальтарскiя кнiгi. Гартаў iх, углядаўся ў запiсы. зробленыя папярэднiм бухгальтарам, гартаў i нiчога не разумеў - дзе дэбiт, дзе крэдыт. Дырэктар маслазаводу - падазроны для мяне чалавек - у першыя днi на коратка заходзiў да мяне паглядзець што я за бухгальтар. Як ён паяўляўся ў дзьвярох, я пачынаў ляскаць на сваiм лiчыльнiку косткамi, ганяючы iх направа i налева, каб паказаць, што я нешта раблю, але па тым, як я гэта раблю, дырэктар, бязумоўна, здагадваўся, што я нiколi ня трымаў у сваiх руках гэтай прылады. Запытаецца ў мяне пра што-небудзь, коратка i суха, i пойдзе, а я застаюся сядзець над кнiгамi, спрабуючы разабрацца ў iх. Дырэктар папрасiў мяне зрабiць нешта накшталт рэвiзii, праверыць па кнiгах, што там i як. Колькi я нi бiўся, у мяне нiчога ня выходзiла. Нiяк ня мог праверыць балансу: кожны раз на лiчыльнiку ў мяне атрымлiвалася розная, ня тая самая лiчба. Падлiчваю адзiн i той-жа слупок па некалькi разоў, а вынiковая лiчба ўсякi раз не сыходзiцца. Стамляюся. Кiдаю. Пачынаю зноў. Нарэшце, пераконваюся, што гэта праца мне не па плячы. Асаблiва занепакоiўся, калi пачуў, што мой дырэктар маслазаводу быў у супалцы з сваiм папярэднiм - што ўцёк - бухгальтарам i што ён узяў мяне, недасьведчанага чалавека, у надзеi што iхнай афэры я не раскрыю, а яшчэ больш заблытаю i такiм парадкам магу яшчэ сам улезьцi ў гэта нячыстае дзела. Кляну сябе, што прыняў гэтую працу, хоць нiякiх iншых магчымасьцяў у мяне i ня было. Балазе, што мне паабяцалi кватэру, пiльна патрэбную мне. Удзень я б'юся над кнiгамi, а ўвечары - хоць задавiся. Сяджу адзiн у сваёй кватэры-пустэльнi. Ня ведаю, дзе дзецца. Баюся тут спаць. А лягу - сплю трывожна, мармычу, крычу, у сьне шукаю пры сабе Дусю, грабаю рукамi, а яе няма. Пуста. Яна мусiла-б ужо й быць. Але, вiдаць, нейкая затрымка, ды й не так лёгка выбрацца адтуль. Шкадую, што ня прыйшоў сюды разам з ёю. Як яна можа з дзiцем дабрацца сюды? Не дадумаў. Ня ўлiчыў усiх абставiнаў. Сапраўды, пакiнуў на "страд". Безадказна. Нясур'ёзна. Не памужчынску. У часе абеду забягаю на рынак - можа прыпадкам пабачу каго з Мокрага. Прыходзяць-жа сюды, каб здабыць што, з самых далёкiх куткоў, пераважна за сольлю. Ды нiкога з сваiх на рынку ня бачу i, занепакоены, iду назад, у сваю багадзельню. Саджуся за мае кнiгi. Гляджу ў iх, а думаю пра iншае, пра тых, каго са мною няма, а мусiлi-б ужо быць. Прачынаюся рана. Бягу на дарогу, што йдзе з Сьцюдзянца, паглядзець - можа йдуць яны, усе разам, з Дусяй. Нi па якой iншай дарозе яны ня могуць iсьцi. Ад Сьцюдзянца сюды толькi дзьве вярсты i гэта ўжо самы бясьпечны адцiнак дарогi. Пабачыў-бы iх, каб iшлi, але ня йдуць. Няма. Пануры, вяртаюся назад. За сваю бухгальтэрыю не бяруся ўжо. Знайшоў тры ложкi i матрацы да iх - прыйдуць, будзе на чым легчы. Але ня прыходзяць. Настае дзень, бягу зноў на дарогу i зноў - няма. Мокрае патанула ў нейкiм мроiве, хачу ўявiць яго, а яно - як па-за сьветам, як няма яго. А то наадварот - зырка бачу ў сваёй уяве то Дусю, як яна iдзе з дзiцем сюды, то бацькоў i сястру з клумкамi за сьпiною. Але гэта толькi ўява. Iх няма. А тут, у мястэчку, усё болей i болей нарастае трывога - чуцён фронт. Вязуць параненых, здаецца толькi што падабраных з поля бiтвы. Мой дырэктар маслазаводу патайна рыхтуецца да адступу, зафрахтаваў сабе цэлы вагон, каб калi надыйдзе той час, пакiнуць Касьцюковiчы з усiм сваiм скарбам. Ходзяць самыя розныя чуткi: немцы ўжо пакiдаюць Фэльдкамэндатуру, раённае начальства гатова змыцца ў кожную хвiлiну, палiцыя перабегла да партызанаў, на цягнiк бяруць толькi тых, хто гэтага даможыцца. А я? Я нiкога тут ня ведаю i мяне нiхто. У мяне нiякiх сувязяў. Я чуюся тут чужым i ўсё тут для мяне чужое.

Ня спаў усю ноч. А настала ранiца - усхапiўся. Ня ўмыўшыся, бягу на Сьцюдзянецкую дарогу. Яшчэ рана - нiхто ня едзе i ня йдзе. Толькi я на гэтай дарозе - iду, наблiжаюся да Сьцюдзянца. З вёскi выходзяць i выяжджаюць. I сярод тых, хто выходзiць - бачу бацьку з каровай на повадзе, а за iм - мацi i сястру. Убачыўшы iх, ня столькi ад радасьцi, колькi ад жалю хлынулi сьлёзы. За iх, пакутных.

Прывёў на сваю "кватэру". На агародзе навязалi карову. Увайшлi. Сястра азiрнулася - i ня вытрымала. Бацька моўчкi зьнiмае з сваiх плячэй хатулi. Мацi, паставiўшы свае клумкi на падлозе, выйшла нарваць на агародзе травы для каровы.

На стол сястра кладзе хлеб, некалькi вараных яек, агурэц, памiдор. Вярнулася з агароду й мацi. Селi за стол. I ня можам дакрануцца да яды - рукi не бяруцца за яе: сьцiснулася, закамянела душа. Пры кожным глытку - глытаюцца i сьлёзы. Калi ацiхлi, сястра першая парушыла маўклiню. Расказвае, як яны йшлi. Гаворыць - пакiнулi хату, калi ўжо сьцямнела. Iшлi ўсю ноч. Мусiлi часта спыняцца, каб даць адпачынак карове. Ранiца застала на паўдарозе. З паўдарогi iшлi ўжо пры сьветлым. Баялiся, што дзе-небудзь нагоняць цi перастрэнуць. Пра Дусю сястра не гаворыць нiчога, хоць i бачыць, што я з нецярпеньнем жду слова i пра яе. Нарэшце, сястра пачала i пра Дусю. Кажа:

- Дуся да нас не заходзiла, нiчога ня пыталася, нiчога нам не перадавала. Але пра што я табе зараз скажу, пра гэта мы дачулiся пасьля. Дуся, не дачакаўшыся ад цябе нiякай весьцi, выправiлася ў дарогу з дзiцем сама. Днём. Куды-ж ёй ноччу? Думала, можа яе з дзiцем хто падвязе. Езьдзяць-жа людзi. Не баяцца. Выправiлася яна, а за ёю - пагоня. Дуся аж да Дзяражнi дабралася. Вот там яе нагналi i павярнулi назад. Цi яна йшла назад на пяхоту, цi яе падкiнулi дахаты - пра ета мы ня знаем, а толькi пасьля етага пайшоў ейны бацька шукаць свайго каня. Партызаны забралi, павезьлi на iм нейкую сваю паклажу i Дусiн бацька думаў, што, завёзшы, дзесьцi кiнуць каня, як гэта яны часта i робяць. Па Мокрым пабегла чутка - Пiлiпа знайшлi ў лесе няжывым пад хворастам. Шукаючы каня, ён найшоў на партызанскi лягер у лесе, i тыя партызаны, угледзеўшы яго, пабаялiся, што ён можа перадаць каму план месцазнаходжаньня лягеру, узялi i забiлi. Днямi й пахавалi яго. Так што ў Дусi - гора i я ня думаю, што яе можна цяпер выручыць. А табе-ж туды i патыкацца нельга.

- А я думаю, можна яе яшчэ як выручыць. Трэба-ж яшчэ йсьцi туды, дык можна забраць яе i скрозь ноч прывесьцi сюды.

- Ды што ты, мама, туды ўжо нельга цяпер хадзiць, - гаворыць сястра.

- Ну дык а як-жа - усё там так i пакiнуць? Нашто-ж мы тады закапвалi? Хоць-бы забраць трубкi палатна. Згалеем-жа.

Бацька й думаць не хацеў пра хадзьбу туды. Няхай яно там пропадам прападае. Прапала кароўка, няхай прападзе й вяроўка. Дзе там ужо. Скранулiся, дык няма чаго ўжо поўзаць туды. Што табе так тое палатно? Будзе душа жыва нажывець. У сiло кiдацца - пашто?

У душы я хачу, каб мацi схадзiла ў Мокрае па палатно i заадно прывяла i Дусю. Але пра гэта я маўчу. Грэх пасылаць мацi туды. Я гэта ўсьведамляю, але i не адгаварваю яе ня йсьцi. Мне хочацца, каб са мною была Дуся. Што ў Дусi няма ўжо бацькi - гэта не даходзiць да мяне. Страшная навiна ня выклiкала ў мяне нi болю, нi нават спагады. Я - па-за гэтым. Я ўвесь у хаценьнi - мець Дусю. Я паглынуты адным: каго я найбольш хачу, каб ён быў тут, таго няма. Мая ўява намалявала Дусю ў часе, калi яна знаходзiлася на дарозе да мяне: на руках Васiлёк у блакiтнай шапачцы, пруткi, як стручок, сама яна жвавая, ня сумная не, засяроджаная, iмкне, радая хуткай сустрэчай са мною. Ад гэтай уявы сьветла на душы, я нават ганаруся ейнай адвагай, а адначасна боль i роспач, што не дайшла, што схапiлi яе, не даюць мне супакою. Магу з некаторай доляй пэўнасьцi меркаваць, хто яе нагнаў i вярнуў i хто, нарэшце, замардаваў ейнага бацьку чалавека добрага i нi ў чым ня вiнаватага.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*