Масей Седнев - Раман Корзюк (на белорусском языке)
Кандраценя, слухаючы Корзюка, радаваўся ў душы стойкасьцяй Корзюка нарэшце, як яму я й казаў, узьняўся-ткi на ўвесь свой рост. Прыйшоў бо-ж ягоны судны дзень.
- Вашае выступленьне тут, грамадзянiн Корзюк, будзе ўлiчана i залiчана. Будзьце пэўны. Мы зашмат далi вам гаварыць. Але не сьпяшайцеся - да вашай справы мы яшчэ дойдзем!
Наступiла няпрыемная паўза. Судзьдзi перакiнулiся колькiмi словамi мiж сабой. Выраз iхных аблiччаў, iхныя гэсты сьведчылi аб незадаволенасьцi i нейкай нязгодзе памiж iмi.
Ды ў хуткай, рашучай наважнасьцi, звонкiм голасам старшыня Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР Карпiк, нiбы пагражаючы каму, страсянуў магутным голасам, - як выстралам - паветра прасторнай з высокай стольлю салi:
- Нiякiмi выкрунтасамi ворагу ня ўдасца апраўдаць сябе! Яму ня выкруцiцца з нашых рук!
Пераходзячы на iншы тон, Карпiк зьвярнуўся да асобы, што сядзела яшчэ неапытаная:
- Падсудны начзаставы! (Гэтак ён назваў чалавека, што сядзеў побач Кандраценi i Шаркевiча.) Засталося яшчэ слова за вамi. Сьледствам устаноўлена, што вы, як начальнiк пагранаховы, спрыялi пераходу сям'i Корзюкаў у Польшчу. Пацьвярджаеце?
- Я дзейнiчаў паводля загаду з Менску.
- Значыць, пацьвярджаеце? Больш ад вас нам нiчога ня трэба.
Калегiя пакiнула салю суду для нарады. Падсудным прынесьлi турэмны паёк. Корзюк i начзаставы да пайка не дакранулiся. Раман з нейкай агiдай глядзеў, як елi паёк Кандраценя i Шаркевiч.
- Суд идет! Встать! - зноў гукнуў, як i на пачатку, старшыня Калегii. Слухайце прыгавор Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР у справе забойства першага сакратара Заслаўскага райкому партыi Ленскага. Вiна забойцы Савосты Корзюка поўнасьцяй даказана ўсiмi матэрыяламi сьледства i паказаньнямi сьведкаў. Наш прыгавор кароткi. Зачытваю:
Именем Белорусской советской социалистической республики гражданин Савоста Игнатович Корзюк приговорен Специальной Коллегией Верховного суда БССР к высшей мере социальной защиты - расстрелу. Приговор окончателен и обжалованию не подлежит.
Судзьдзi пакiнулi салю суду.
Рамана Корзюка забраў канвой. Уначы ён быў дастаўлены цягнiком у Менск i пасаджаны ў камэру, дзе сярод iншых, сядзеў i былы мiнiстр замежных спраў ураду Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) Аляксандр Цьвiкевiч.
32
Начальнiк беларускага НКВД Бэрман з скуры лез, каб хутчэй скончыць з падрыхтоўкай нацдэмаў да адкрытага суду над iмi. I ня так суду, як працэсу, суд звычайны яго не задавальняў, ён хацеў больш громкага рэзанансу - менавiта працэсу, можна сказаць, грамадзскага суду над iмi, што закончыўся-б гнеўным i агульным асуджэньнем iх, як ворагаў народу. Добра зладжаны нацдэмаўскi працэс рэабiлiтаваў-бы яго, Бэрмана, а разам з iм i ўсё беларускае НКВД у вачох самога Сталiна, якi ўсё яшчэ заставаўся незадаволеным работай унутраных органаў рэспублiкi.
Бэрман выклiкаў Цiмошку да сябе, каб канчальна высьветлiць з iм справу i вызначыць цьвёрдую дату нацдэмаўскага працэсу. Але Бэрман зноў наткнуўся на непадатлiвасьць Цiмошкi, на ягоную прынцыповую нязгоду адчыняць адкрыты працэс нацдэмаў. Цiмошка ня верыў, што ён удасца, ён хутчэй лiчыўся з правалам яго, пры тым на вачох грамадзскасьцi. Такога блямажу Сталiн нiкому не даруе зьляцiць не адна галава. Цiмошка таксама дапушчаў, што ягоныя мадэлi, апынуўшыся на людзскiх вачох, адчуўшы сябе як-бы на свабодзе, пачнуць адмаўляцца ад сваiх паказаньняў на допытах. Больш таго, у вадзiн голас закрычаць, што iх бiлi i катавалi i што каб збавiцца ад пакутаў, яны падпiсвалiся пад хлусьнёю, выдуманай сьледчымi. Апрача таго, на думку Цiмошкi, сярод арыштаваных нацдэмаў няма дастаткова папулярных, громкiх iмёнаў, якiя-б маглi прыкаваць да iх увагу грамадзкасьцi, выклiкаць у яе - няважна што: абурэньне да здраднiкаў цi сымпатыю i спачуваньне да iх.
- Ну, а хiба iмя Жылуновiча - Гартнага замала для гэтага? - пярэчыў Бэрман Цiмошку. - Як нiяк, Жылуновiч-жа першы былы галава беларускага ўраду, грамадскi дзеяч, вядомы пiсьменьнiк, нарэшце чалавек, якi меў гонар гутарыць, сустракацца з Сталiным. Адным словам, досыць вядомая асоба, каб быць вядучым на працэсе нацдэмаў.
- Але ўсё-ткi замалая для такой ролi, - стаяў на сваiм Цiмошка.
- А каго-б вы лiчылi больш адпаведнай асобай для такой ролi?
- Янку Купалу толькi. Але яго нельга чапаць: гэта ўжо, з другога боку, занадта вялiкае iмя для нашага экспэрымэнту. Тут мы страцiлi-б - грамадзкасьць была-б не на нашым баку, а потым - гэта i палiтычна было-б няправiльна, заганна: у Беларусi была-б падкошанай уся нашая нацыянальная палiтыка, казыраць нам было-б нечым. Разумееце? Сам Сталiн не дараваў-бы нам такой палiтычнай недасьпеласьцi. Карацей - я супраць адкрытага працэсу.
- Устрымаюся пакуль. А як наконт Зарэцкага i Дудара?
- Постацi недастатковыя, - кампэтэнтна адказаў Цiмошка.
- Тады застаецца ўсё-ж Жылуновiч - Цiшка Гартны.
- Я ўжо выказаў сваю думку адносна яго.
- Якi-ж выхад?.. Я баюся - вы ня хочаце супрацоўнiчаць са мною. Вы сабатуеце справу нацдэмаў - найбольш актуальную цяпер у нас. За правал нацдэмаўскага працэсу адказваць будзеце вы. У мяне складваецца ўражаньне - вы знарок тармозiце справу нацдэмаў. Вы што - на iхным баку? Урэшце, вы чэкiст цi не? - разгневаны, узьняўся з-за стала Бэрман.
- Я - чэкiст. I не раўня вам, - адрэзаў Цiмошка.
- Пабачым... - Бэрман нацiснуў кнопку. - Вы свабодны. Можаце iсьцi.
Цiмошка, падазрона зiрнуўшы на Бэрмана, выйшаў.
Бэрман шукаў нейкага iншага выйсьця. Якога - ён сам сабе яшчэ добра не ўяўляў. Купалу браць на працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён - пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм - гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi - у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi - да нейкага непажаданага кроку - да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?
Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.
- Як Жылуновiч?
- Хворы.
- Што з iм?
- Баюся - прызнакi вар'яцтва.
- Сымулюе, мабыць?
- Ня думаю.
- Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе - Гартны, Чарот, Зарэцкi?
- Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi - у дадатак. I я бачу такога палiтыка, - усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, - спакушаў Пушкiн Бэрмана.
- Хто ён, гэты палiтык?
- Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.
- Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней - надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, - радаваўся Бэрман. - Сапраўды - маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная - у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.
- Да таго-ж - не забывайма - Чарвякоў - душа нацдэмаў, - ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.
- Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?
- Я зраблю ўсё магчымае, - запэўнiў Пушкiн Бэрмана.
Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.
Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова - усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.
Машына закруцiлася. Настаў той дзень чысткi Чарвякова. Спэцыяльная камiсiя па чыстцы была незадаволеная паводзiнамi Чарвякова: ён недастаткова, на думку Камiсii, высьветлiў сваё мiнулае, ня прызнаў усiх сваiх памылак, не раскаяўся да канца ў сваiх палiтычных грахох, у прыватнасьцi - эсэраўскiх, у сваiх кантррэвалюцыйных сувязях з нацдэмамi. З Камiсii ён пайшоў сумны, расквелены i бездапаможны. У "Правде" зьявiўся артыкул, што абвiнавачваў яго ў правым ухiле. На наступнай чыстцы Чарвякова прыдзiрлiвымi пытаньнямi i запалохваньнем давялi да сьлёз. На Зьезьдзе Саветаў БССР першы сакратар ЦК КПБ Шаранговiч, у прысутнасьцi Чарвякова, абвiнавацiў яго ў патураньнi "нiкчэмным нацдэмаўскiм замыслам", адначасна прыпiсваючы яму вiну за ўсе гаспадарчыя няўдачы ў Беларусi, у прыватнасьцi за недасягненьне ў рэспублiцы стану суцэльнай калектывiзацыi. Чарвякоў ня мог вытрымаць зьнявагi i пакiнуў прэзыдыюм Зьезду, у якiм ён сядзеў разам з Шаранговiчам. Шаранговiч яшчэ гаварыў, з трыбуны, як пачуўся стрэл з кабiнэту Чарвякова, сумежнага з саляй, у якой адбываўся Зьезд. Стрэл прагучэў на ўсю Беларусь, ён забраў ейнага кiраўнiка. Карта Пушкiна з Бэрманам была бiта.