KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Масей Седнев, "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Мае хатнiя звыклiся, што я валачуся. Нiчога не гавораць пра гэта. Палявыя работы скончылiся - валачыся! Але я ведаю, што мой спосаб жыцьця iм не падабаецца. Тое самае i ў Дусi. У яе ня пытаюцца, адкуль яна прыходзiць ведаюць. Бывае, што днём я заходжу да iх. Прыймаюць добра, можна сказаць, як зяця. Хiма частуе мяне i разам Дусю гусiнымi скваркамi. Дуся асаблiва любiць iх. Аблiзваецца: смачныя. Я доўга ў iх не затрымлiваюся. Зайду з Дусяй на часiнку ў ейную Сьвятлiцу. Калi мы там змаўкаем, Хiма, стоеная, прыслухоўваецца, але ў нас ужо няма сораму.

Ды выпаў першы сьнег. Лягла зiма i нашае з Дусяй жыцьцё ўскладнiлася. Дуся ўжо на другiм месяцы запладненьня. Просiць куды-небудзь з ёю перабрацца, знайсьцi нейкае больш спакойнае месца. Хоць-бы ў тыя-ж Касьцюковiчы. Ды й Дусiны бацькi хацелi-б каб мы пачалi жыць нармальна, не хаваючыся, як муж i жонка, цi што. А калi даведалiся, што Дуся i зацяжарыла, прапанавалi мне перабрацца да iх, вiдавочна мяркуючы, што я з якiхсьцi прычынаў не магу цi не хачу весьцi Дусю да сябе ў хату. Яны хiба не ўяўляюць, што нi ў iх, нi ў мяне "нармальна" жыць мы ня можам. Дуся гэта добра ведае. "Адведзiны" Бугрова прадаманстравалi гэта. I Дуся выпраўляе мяне ў Касьцюковiчы шукаць нейкай працы. Але што я магу там знайсьцi? Нiякай практычнай прафэсii ў мяне няма, галоўнае - няма знаёмых. Што я магу там рабiць? I ўсё-ткi я не магу не паслухаць Дусi: iду ў Касьцюковiчы. Можа сапраўды ўдасца перабрацца туды з Дусяй. А з Касьцюковiчаў можа куды i далей. Мо нават у Менск. Але дабрацца да Касьцюковiчаў ня так лёгка. Уцалiк зiмою ня пойдзеш - выб'ешся з сiлаў i ня дойдзеш. Пойдзеш бiтаю дарогай - можаш папасца партызанам. Зрэшты, прападзi яно пропадам -я ня так ужо й баюся тых партызанаў. Бяз рызыкi - што ты зробiш бяз рызыкi? Самае горшае - забяруць з сабою. Гэта - калi трапiш у рукi сапраўдным, палiтычным партызанам. А калi ў рукi дзiкiм, сваiм, мясцовым? Тады гэта будзе рэванш.

Прашу ў Пiлiпа каня-гарбунька. Дробненькi, але хуткi, бяглiвы канёк. Дасi лейцамi - рванецца, бяжыць, у струнку выцягваецца. Ён мяне й выратуе. Заклаў яму нанач аўсу i сена. Ледзь пачало брацца на дзень, пачаў зьбiрацца ў дарогу. Справiў вазок. Палажыў у яго сена. Паставiў у аглоблi Гарбунька. Усё гатова. Iду ў хату разьвiтвацца з Дусяй, а яна - i я паеду. Адгаварваю. Слухаць ня хоча. Бацькi моляць ня ехаць - не дапамагае. Яна на сваiм. Надзяе валенкi, шубу, абвязваецца цёплай хусткай. Садзiцца побач мяне ў вазок. I я бяруся за лейцы. Выяжджаем. Мокрае праехалi, калi яшчэ добра не разьвiднелася. Узьехалi на торную дарогу. Па дарозе пападаюцца паадзiнокiя падводы. Дзе магчыма, мiнаем iх. Гарбунёк выносiць нас усюды. Уехалi ў лес. Велiчны супакой. Паабапал гонкiя елкi пры кожным, ледзь улоўным павеве, атрахаюць з сваiх галiнак сыпкi сьнег. У Дусi iрдзяцца ад марозу шчокi. Кiдкi, агнiсты пагляд вачэй, заiндзявелыя лёканы. Сядзiць радасна-ўсьмешлiвая, слоў няма-харашуня.

Мы ўжо выяжджаем з лесу. Паказалiся абгарэлыя камяны, абпаленыя дрэвы, абвуглелыя слупы, разбураныя печы - гэта спаленыя Клеявiчы. Гэта партызанская вёска. Жудка.

Хутка Касьцюковiчы. Праз якiя паўгадзiны будзем там. Затрымаемся ў Дусiнай цёткi.

Я не пазнаю Касьцюковiчаў - iх прадзiмае вецер. Калючы, востры. Прадольнаю вулiцаю iмчацца, ня спыняючыся, ваенныя грузавiкi, часьцей - з салдатамi. Рэдка заўважыш прахожага. Уражаньне апусьцеласьцi i закiнутасьцi. Мястэчка стулiлася, замёрла ў чаканьнi нечага пагрозьлiвага. Ды калi спынiцца i ўгледзiцца, вычуваеш - iснуюць iншыя Касьцюковiчы, iхны нiжнi, падземны этаж, гатовы вось-вось выбухнуць.

Дуся засталася ў цёткi, а я iду ў "Отдел образования" пры гарадской управе шукаць сабе месца настаўнiка ў якой-небудзь тутэйшай, Касьцюковiцкай школе. Мяне прыймае сам загадчык адзьдзелу. Па гаворцы чую - свой чалавек. Мяккi, сымпатычны. Пытаецца, хто я, адкуль, якая ў мяне адукацыя, цi ведаю я нямецкую мову i г.д. Я расказваю, даверыўшыся, яму пра сябе ўсё. Не захаваў, што сядзеў, сказаў нават, што пiшу, спадзяючыся, што гэта ўсё можа дапамагчы мне. Узiраючыся ў мяне, загадчык слухае мяне ўважлiва, кiвае галавою ў знак згоды, што ён разумее мяне i спачувае мне.

- Але я нiчым не магу дапамагчы вам, - нарэшце, гаворыць ён. - Я сам сяджу тут нi пры чым. У мяне нiчога няма. Нiякiх школаў. У самiх Касьцюковiчах няма. Адкрылi былi дзьве пачатковых - развалiлiся. А ў вёсках? Вы-ж самi, гавораце, спрабавалi адкрыць школу ў сваёй вёсцы i што палучылася? Гэтак i ўсюды ў нас. Якiя вам тут цяпер школы? Не да школаў. Ня бачыце вы цi што?

Памаўчаўшы трохi, загаварыў зноў:

- Калi хочаце, я пазнаёмлю вас з нашым бургомiстрам. Чалавек ён свой. Можа ён вам чым дапаможа. Але яго цяпер няма. Будзе толькi на наступным тыднi... калi будзе. У групе бургамайстраў ён падарожнiчаў па Нямеччыне, быў прыняты высокiм нямецкiм начальствам. Хвалiцца гэтым. Шукае чалавека, якi-б яму апрацаваў для газэты тое, што ён напiсаў аб сваiм падарожжы. Пiсака з яго нiякi. Паколькi вы, кажаце, пiшаце, дык мо ён ўзяў-бы вас. А пасьля можа што i iншае. Але гэта я гавару вам так сабе. Бургомiстр той ужо не начуе ў сябе ў хаце - у палявой нямецкай камэндатуры хаваецца. Баiцца - выкрадуць. Дабiраюцца i сюды, у нашае тут логава. У вашым Мокрым, бачу, зацiшней, чымся ў нас тут. Вялiкае начальства пацiхеньку змываецца адсюль, а вы прыехалi сюды працы сабе шукаць. Не загневайцеся, як добраму чалавеку, раджу вам - павяртайце аглоблi. Будзьце трохi разумнейшымi.

Падкуплены дабрынёю загадчыка "Отделом образования", сяжду ў нерашучасьцi, ня ведаю, што сказаць яму, а ён:

- Так. Так, браток. Павяртайце аглоблi, гавару вам. Калi вас там, у вашым Мокрым камарыкi ня кусаюць. Кусаюць? Ну тады горай. Тады, як хочаце. Вам я нiчым не магу дапамагчы.

Даў мне на разьвiтаньне скрутак газэт. I я выйшаў з гарадской Управы, засмучаны i ўстрывожаны. Палiцэйскiя, якiя былi абшукалi мяне пры ўваходзе, сустрэлi мяне цяпер недаверлiвым паглядам, загадаўшы мне паказаць, што я выношу.

Пераходжу адну, другую вулiцу - усюды дарожныя знакi панямецку i парасейску. Нiякай Беларусi тут няма.

Дуся шкадавала, што не пайшла са мною разам - доўга чакала мяне, непакоiлася, што мяне, бяспашпартнага, яшчэ могуць затрымаць дзе.

Дусiна цётка згатавала для нас, дарагiх гасьцей, смачны абед. Пачаставала гарэлкай уласнага вырабу. У яе гэтае пiтво ня выводзiцца. Дусi яна прызналася, што да яе ўначы заходзяць. Частуюцца i бяруць з сабою пагрэцца ў лесе i што, калi-б мы захацелi застацца ў яе нанач, нiчога нам не пагражала-б. А палiцыi яна не баiцца. Яна ўмее ладзiць i з тымi, i з тымi.

Раскручваю скрутак газэт - нiводнай беларускай, толькi - "Новый путь". Чытаю загалоўкi: "Москва дрожит под градом бомб", "Нам нужен Сталiнград и мы возьмем его", "РОА в действии", "Самопомощь в Минске" i г.д. Гляджу - усё застарэлыя нумары. Сьвежай зводкi з фронту няма. Але з матэрыялаў, якiя праглядваю, здагадваюся, што немцам туга, яны вядуць напружаныя, цяжкiя для iх баi i наперад ня йдуць.

Я ў нейкай разгубленасьцi. Не разумею, адкуль яна, мной апаноўвае, трывожыць адчуваньне незваротнасьцi, няпэўнасьцi i страчанасьцi. Дусi гавару паедзем дамоў. Не хачу тут заставацца. I Дуся ўскаквае:

- Паедзем, Юзiк.

- Трымаць ня буду, - гаворыць цётка. Дае Дусi нейкiя падарункi. Просiць узяць i "хунцiк солi". Паўтарае ўжо сказанае: калi-б мы захацелi, яна нас звязала-б з... i мы маглi-б жыць спакойна. Благаслаўляе нас. На разьвiтаньне гаворыць:

- Беражэцеся.

Гарбунёк, застаяўшыся на марозе i пасiвеўшы, ахвотна нясе нас назад у Мокрае.

Я ўпяршыню застаюся начаваць у Пiлiпавай хаце. Хiма частуе нас настоеным на зёлках гарачым чаем. Сьцелiць нам пасьцель. Пiлiп моўчкi лезе спаць на печ. Хiма прыладзiлася на прыпеку, недалёка ад нас - мы маглi-б даставаць яе нагамi. Наша паездка ў Касьцюковiчы не засталася таямнiцай для сяльчанаў. Бляндынка пусьцiла па вёсцы чутку, што я езьдзiў да немцаў наймацца. Зьбiраюся пераяжджаць у раён i забiраю з сабою Дусю. Але няхай ня думае, што выедзе адсюль чыстым.

Памёр мой дзядзька. Ён доўга хварэў, пакутваў i хацеў хутчэй памерцi. Гэта быў ужо не чалавек, а цень ад яго. Схуднеў. Аслаб. Ня мог хадзiць. Яго ўжо як ня было. Ён адыходзiў, i ў хаце чакалi толькi, калi ён адыйдзе. Ягонае месца гаспадара даўно ўжо заступiла цётка. Ува мне дзядзька знайшоў уважлiвага слухача i любiў гутарыць са мною. Падчас гутаркi ён часта правальваўся ў сон цi забыцьцё, i мая гутарка з iм перарывалася. Адплюшчыўшы вочы, глядзеў, цi я яшчэ з iм. У часе асаблiвай зьнямогi прасiў мяне пахаваць яго, уласнаручна выкапаць для яго магiлку, дагледзець яго.

I вось я дзяўбу на нашым могiльнiку магiлку для дзядзькi. Апрача рыдлёўкi, нiякага iншага струманту ў мяне няма, i пакуль я зьняў верхнi мёрзлы пласт, нямала намучыўся. Далей пайшло ўжо лягчэй. Я ўжо па пояс у зямлi. Накiдаў наверх паабапал сябе жаўцяку столькi, што ўжо ня вiдаць мяне. Але трэба яшчэ капаць, дзядзька прасiў выкапаць магiлку глыбокую, каб яму цёпла было, каб узiмку мярзлота не даставала яго i каб ён у магiльнай цiшынi ня чуў людзкой скаргi. Я ўжо ўвесь схаваўся ў магiлцы. Нада мной уверсе жаўцее цэлая гара пяску, гатовая, здаецца, абсунуцца i засыпаць тут мяне самога. Зьверху цярусяцца спакойныя сьняжынкi, кладуцца мне на шапку, плечы, рукавы. Я, услухоўваючыся ў iхны нейкi шапатлiвы дотык, мiжволi спыняю працу, аддаюся нейкай бяздумнасьцi. Мне ўтульна ў гэтай дзядзькавай магiлцы, быццам я ў самай цёплай i зацiшнай хаце. Нiчога ня чую, апрача шапатлiвага руху сьняжынак, нiчога ня бачу, апрача неба i гонкай нада мною сасны, што, як i я, узiраецца ў неба. Стаю з рыдлёўкай у руках i адчуваньне такое, быццам я атрос з сябе ўвесь цяжар сьвету i, вызвалены, стаю заспакоены, з палёгкай на душы. Стаю, быццам сузiраю нешта, а што - добра не ўцямлю, тое "нешта" бясконца снуецца ў мяне ў душы, праходзiць праз мяне ўсяго, тчэцца нейкай сьветлай уявай, не перарываецца. Я ня чую сябе, што я ёсьць. Усё йдзець без мяне i я ў тым, што йдзець, плыву разам з iм i няма той плынi канца. Мяне няма i нiкога няма. Ёсьць толькi бясконцая плынь, iснаваньне плынi, а не маё iснаваньне. I толькi, калi я адчуў у руках рыдлёўку, я ўявiў, што я - гэта на самай справе я, а нiхто iншы i што мне трэба канчаць дзядзькiну магiлку i вылазiць з яе. Я-ж яе капаю не для сябе, а для дзядзькi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*