Масей Седнев - Раман Корзюк (на белорусском языке)
У хаце без Камоцкай стала неяк пуста. Ейны ложак, што стаяў каля сьцяны, здавалася, дакорлiва глядзеў на кажнага i як-бы абвiнавачваў у нечым. Над ложкам на сьцяне вiсеў у рамачках невялiчкi, вельмi стары партрэцiк яе бацькоў, якога людзi з НКВД ня ўгледзелi, або пасаромiлiся зьняць. З яго ўнiз глядзелi вочы пажылых людзей i як быццам шукалi кагосьцi i, не знайшоўшы, смуцiлiся бацькоўскай журбою. Ларыса смуцiлася, Дзiчкоўская маўчала, а Роза Шкляр з Аўсеевай рабiлi розныя здагадкi аб прычыне арышту Камоцкай i спрачалiся мiж сабой. Праўда, з пэўнасьцяй нiхто яшчэ ня мог сказаць, што Камоцкая арыштаваная (Цыпiна на занятках у iнстытуце нiкому не сказала, што Камоцкую павялi з ейнай кватэры). Дзяўчаты здагадалiся аб арышце Камоцкай толькi па тых гасьцёх, што нечакана завiталi да iх. У гасьцей Дзiчкоўская не пабаялася запытацца, што з Валяй i дзе яна зараз знаходзiцца. "Госьцi" нiчога на гэта не адказалi.
- Можа яна ўтапiлася цi што? Дык мы хоць аб гэтым хацелi-б даведацца.
- Тапельцамi мы ня цiкавiмся, - толькi ўсяго i буркнуў адзiн з гасьцей.
Лагоўская страту сяброўкi перажыла неяк адразу, у вадзiн мамэнт, i ўжо займалася сваiмi навукамi. Але агульная засмучонасьць i прыгнечанасьць не праходзiлi. Плян сьвяткаваньня Кастрычнiцкай рэвалюцыi не абмяркоўваўся, адкладваўся на пазьнейшае. Дзяўчаты хацелi запрасiць да сябе на сьвята колькi студэнтаў i павесялiцца. Прадбачалася выпiўка з закусонам. Пiсалiся ўжо iмёны хлапцоў, якiх варта было-б запрасiць, але згоды тут памiж дзяўчатамi ня было: тая хацела аднаго, iншая - другога. Чакалi ўсё Валю Камоцкую, калi яна, нарэшце, прыпляцецца з "блуду" i дапаможа iм вырашыць такое немалаважнае пытаньне, як хлапцоўскае пытаньне. Думалi, што Валя "сядзiць" у Корзюка, але чаму-ж-бы яна тады ня прыходзiла на заняткi? У кожным разе, да прыходу "гасьцей" нiхто ня думаў, што з Валяй сталася нешта сур'ёзнае. Аж тут во адбылося нешта нязвычайнае, непрадбачанае. "Госьцi" з НКВД пакiнулi ў манастыры за сабою цень трывогi, страху i няпэўнасьцi. Не пасьпеў манастыр як сьлед ажыць ад кiраўскiх дзён, як здарылася во нешта новае.
Але першае несамавiтае ўражаньне прайшло, наступiў позьнi вечар, кажны пачаў рабiць нешта сваё, рыхтавацца да заняткаў, i такiм парадкам, усталявалася як-бы нармальнае жыцьцё ў манастыры. Дзiчкоўская загнала ўсiх на ложкi i пачала працiраць падлогу. Яе чарод прыбiраць у пакоi прыпадаў на заўтра, але яна хацела ўсё зрабiць сягоньня нанач. Лагоўская абуралася, што мыцьцё пачалося цяпер, калi трэба ўжо спаць, падлога ня высахне добра, i трэба будзе дыхаць вiльготным паветрам усю ноч. Але Дзiчкоўская не зьвяртала на гэта нiякай увагi, шаравала падлогу яшчэ з большым iмпэтам, гаварыла, што нiчога нiкому ня станецца, а наўзьвер усяго яшчэ й дадала:
- Трэба-ж выгнаць паганы дух пасьля такiх адведзiнаў! Як ты думаеш? Iнакш - затхнёмся! Вось табе й ня мый! Дый сьвята на носе, апрача таго.
- Ну, тады мусiш выпалiць у печы!
- Калi ты прынясеш дровы!
Нехта пачаў стукаць у дзьверы. Дзiчкоўская адаткнула падол вясковага андарака, якi яна надзела на час мыцьця, падняла ўгору швабру i стала пад дзьвярыма з такiм разьлiкам, каб, калi яны адчыняцца на хату, яна засталася-б за iмi незаўважанай тым, хто ўвойдзе ў хату. Усе зразумелi яе намер, усьмiхнулiся i голасна гукнулi:
- Уваходзьце, калi ласка!
Дзьверы пачалi павольна адчыняцца i Дзiчкоўская нарыхтавалася з швабрай. "Вось зараз некага шлёпне. А можа гэта Валя?"
У дзьвярох паказалася незнаёмая жанчына, i Дзiчкоўская, сумеўшыся, хуценька апусьцiла швабру, адскочыўшыся ад дзьвярэй.
- Добры вечар у хату, галубкi! - лагодна прывiталася нейкая бабулька. Можна ў вас пабыць хвiлiначку? Я вам не перашкоджу!
- А вы хто такiя, бабка? - запыталася Дзiчкоўская. - Праходзьце. Сядайце! - i яна паставiла ёй крэсла каля стала.
Бабулька асьцярожна, каб не насьлядзiць падыйшла да стала i села на крэсла, паставiўшы на падлогу свой клунак. Усе зьлезьлi з сваiх ложкаў i паселi за сталом, разглядаючы незнаёмую. Чакалi, што яна скажа. Бабулька, абвёўшы ўсiх сваiм маладым паглядам, загаварыла:
- Я гэта прыехала сюды з Самахвалавiчаў. Я - мацi Мiколы Саланевiча, можа ведаеце?
Саланевiча ўсе ведалi тут, як былога студэнта. Насьцярожылiся i слухалi далей бабульку ў паношаным пальто, такiх-жа ботах i ў сукняным платку чырвонага колеру.
- I што-ж вы хочаце? - дапытвала далей бабульку Дзiчкоўская, падсядаючы да яе ўсё блiжэй i заглядаючы ёй прост у самыя вочы.
- Казалi мне, што ў вас мусiць быць тут такая дзяўчына - Валя Камоцкая.
- Ну, ёсьць. А што? - хiтра вяла сьледства Дзiчкоўская.
- А каторая яна тут? - ледзь усьмiхнулася бабулька. - Бачаце, колькi вас тут! I ўсе разам жывяцё згодна?
- Ня скажам каторая. Адгадайце! - перайшла на жарт Роза Шкляр.
Дзiчкоўская, пасур'ёзьнеўшы, перабiла Шкляр:
- Няма ў нас болей Валi Камоцкай, бабка! Была, але цяпер няма, i ня пытайцеся пра яе!
- А што - i з ёй нешта сталася нядобрае?.. Я нiчога... Я толькi хацела... Можа яна што ведае пра майго Мiколу... Сядзiць ён... Можа-ж чулi?
Бабулька выцерла на сваiх вачох сьлёзы. Дзяўчаты чулi, што Саланевiч арыштаваны, але чуткi так i засталiся чуткамi. Чамусьцi верылi, што як паехаў ён настаўнiчаць дык i настаўнiчае. А цяпер сама мацi гаворыць пра гэта. Незразумела было толькi, што-ж супольнага памiж Саланевiчам i Камоцкай.
- Ужо цэлы год ня пiша Мiкола. Можа ўжо, крый Божа, яго няма ў жывых. Аж тут дачулася я гэта во, што Мiкола напiсаў пiсьмо Корзюку Раману, кавалеру гэтай... як яе... дзяўчыны... Камоцкай. Я была ўжо на квацеры Корзюка, дык яго няма, а гаспадыня яго паслала мяне... прывяла мяне сюды i кiнула. Кажа, што можа яна, гэтая яго дзяўчына, што-кольвек ведае. Ён з ёю любiцца цi што, казала. Дык можа як папала ёй пiсьмо майго Мiколы.
- А як-жа вы ведаеце, што ваш сын напiсаў пiсьмо Корзюку?
- Хто вам сказаў? - уставiла i сваё слова Лагоўская, паправiўшы пэнснэ на сваiм носе.
- А гэтага ўжо, мае даражэнькiя, я вам не магу сказаць, хто. Вам-жа ўсё роўна, хто? Даруйце мне старой i дурной! Мы ўжо столькi пыталiся людзей, што здурэць можна. Пiсалi i ў лагер той, дзе ён сядзiць, ды ня шлюць нiчога адтуль.
- А за што яго пасадзiлi?
- Хто-ж яго ведае, дзеткi. Ён-жа тут быў з вамi, дык можа вы i ведаеце, за што. Сказалi-б мне можа? Я нiкому не скажу... Ня можа быць, каб наш Мiкола ў чым правiнiўся. Не такi ён. Яблыка чужога не сарваў.
- За яблыкi, бабка, не бяруць.
- Хто-ж яго ведае. А толькi мы з сваiм старым занудзiлiся чыста. Як толькi ляжам спаць, дык i сьнiм абодвы свайго Мiколу. Пасылала я свайго старога i ў кэвэдэ - ня хоча. Кажа, што ўсё роўна нiчога ня скажуць... Пыталiся ўжо такiя, як мы! Выправiлася во сама. Кабеце, кажуць, лацьвей. Дык i мяне ня пушчаў, стары мой... не хацеў, каб iшла. Але як-жа я не пайду? I на той сьвет пайшла-б... Дык нiчога ня скажаце, даражэнькiя, пра майго Мiколу? - старая паднялася з крэсла i падняла сваю клумку з падлогi.
- Нiчога ня ведаем, бабка. I рады-б, але нiчым дапамагчы вам ня можам, адказала за ўсiх Дзiчкоўская. - Сядайце во, пачастуем вас гарбатай.
- Не, дзякую, дзеткi, пайду ўжо!
- Дзе-ж вы будзеце начаваць? Позна ўжо!
- На вакзале.
- Дзяўчаты, паложым яе ў нас! - азвалася Ларыса, што сядзела ўвесь час моўчкi. - Ложак гуляе.
- Як табе ня сорамна, Ларыса! Яшчэ не пасьпеў прастыць ложак, а ты ўжо ложыш на яго людзей, - - запярэчыла Дзiчкоўская.
- Ну як хочаце, - прымiрылася Ларыса.
Старая, падзякаваўшы за ўсё, i за тое, што маладыя не пагардзiлi ёю, выйшла з манастыра.
- А я дык нешта ня веру ёй! - пасьпяшалася выказаць сваю думку Шкляр.
- А што-ж там ня верыць? - пакрыўдзiлася Дзiчкоўская.
- Не разумею я ўсяго гэтага, - не здавалася Шкляр.
- I разумець няма чаго! Цi хiба ў цябе мацi няма?
- Мяне дзiвiць толькi адно, адкуль у нашай Валечкi такiя сувязi? - усё яшчэ зьмяншальным iмём называла Лагоўская Валю.
Перад сном Ларыса зьняла з Валiнага ложку пакрывала, каб яно не бялелася ноччу, - Ларыса баялася гэтага пустога ложку побач, ён будзiў у ёй жаласьлiвыя пачуцьцi i мiстычны страх.
15
Назаўтра дзяўчаты выйшлi з манастыра на заняткi ўсе разам, як па камандзе, што рэдка здаралася раней. Звычайна, адныя з iх любiлi прыходзiць на заняткi за паўгадзiны да пачатку лекцыяў, iншыя, наадварот, выседжвалi да самага званка, якi быў добра чуцён з Галоўнага корпусу i служыў надзейным гадзiньнiкам для студэнтак. Сягоньня-ж нейкi нязвычайны настрой гнаў iх усiх раней. Пiлi гарбату адначасна, моўчкi, сьпяшаючыся. Можна было падумаць, што яны злуюцца адна на адну. Цяжка было вытлумачыць такiя iхныя паводзiны чым-небудзь iншым, як толькi фактам адсутнасьцi Валi. Страта была настолькi вымоўнай, што не дазваляла нават гаварыць аб ёй. Звычайна, ранiца ў манастыры - гэта час жартаў, звадыяшу i кпiн. Але не такая ранiца сягоньня!
У Галоўным корпусе хутка прайшлi паўз распранальнi - свае палiтончыкi дзяўчаты заўсёды пакiдалi дома, каб не стаяць у чарзе, - i накiравалiся проста ў сваю аўдыторыю. Зiрнулi направа - у канцы карыдору, каля канцылярыi дырэктара, стаяла вялiкая група студэнтаў - чыталi нешта на дошцы загадаў i абвестак. Дзяўчаты борзда павярнулi туды. Насустрач iм iшоў iхны выкладчык лiтаратуры прафэсар Пiятуховiч. Пазнаўшы iх, ён запытаўся: