KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Масей Седнев, "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

На другiм баку балота, на выхадзе да поля, расьлi ўжо прыгожыя, белыя бярозы, курчавыя, з гнуткiм вецьцем i мяккiмi лiсточкамi. З iх я вязаў некалi венiкi, злучаў iх у пары, чапляў на шыю каню i з iмi ехаў дахаты. А то - як ганяў вясною цялят - лупiў з бярозаў кару - пад ёю смачны, сакаўны мязок. Я скаблiў яго i з захлёбам глытаў. Мязок, бывала, я закопваў i ў зямлю, каб ён не псаваўся, быў сьвежым на даўжэйшы час, да самага лета, калi бярозы мязгi ўжо не даюць.

Усё гэта мне цяпер здавалася такiм далёкiм, бязьмежна мiлым, будзiла ў мяне згадкi з майго маленства, такога нялёгкага, але такога шчымлiва-радаснага.

З усiм гэтым я цяпер разьвiтваўся, прыглядаўся да ўсяго, як-бы iмкнучыся замацаваць гэта ўсё ў памяцi, забраць усё з сабою.

Больш у полi я не заначую,

кiну я зялёную бярлогу:

у аддалях, цёмнай пушчы чую

сэрцам я васеньнюю трывогу.

На зямлю i лiсьце не апала,

i палi жывуць так, як учора.

Як раней, сягоньня сонца ўстала,

як раней сьвяцiлi, сьвецяць зоры.

Знаю я i лета не загiне:

прывязуць яго сяляне ў гумны.

I ня ляжа дзень у дамавiну

ён згарыць у золаце, задумны.

Але ў полi я не заначую,

кiну я зялёную бярлогу:

у аддалях, цёмнай пушчы чую

сэрцам я васеньнюю трывогу.

Ад'езд быў самым пакутлiвым. Бацька й мацi маўчалi - зьбiралi мяне ў дарогу. Зборы тыя былi самыя нескладаныя. Увесь мой скарб зьмяшчаўся ў маiм невялiчкiм, старым i мала прыгодным чамаданчыку. Усё маё было на мне - той аблезлы ад сонца касьцюм, у якiм я прыехаў, i знакамiтыя жоўтыя бацiнкi, што зьвярталi на сябе ўвагу сваiм гарадскiм паходжаньнем. Мацi ўсё нечага шукала, раздумвала, цi не забыла што пакласьцi мне. Сьпяшаючыся, стаўляла яду на стол, а мне, гледзячы, як яна ходаецца, есьцi не хацелася, i сеў я за стол толькi, каб супакоiць яе. Сястра перавязала вяроўчынай мой чамадан i паставiла яго ля парогу, на выхад. Бацька быў на двары, рыхтаваў калёсы, падмазваў колы, чысьцiў шчоткай каня - брыгадзiр, вiдаць, каб дагадзiць мне, прызначыў нам усё-ж выязнога.

Увайшоўшы ў хату, бацька коратка кiнуў:

- Конь запрэжаны...

Надыйшоў час разьвiтвацца, але мы ня ведалi як - маўчалi, i толькi, калi бацька ўзяўся за чамадан, каб яго вынесьцi, мацi, мiтусьлiвая, кiнулася да мяне, хацела абняць, але замест, каб зрабiць гэта, сумеўшыся, пачала настаўляць мяне на дарогу:

- Ты-ж прыяжджай... пiшы... не забывай нас... глядзi за сабою. Калi што трэба табе, мы прышлём.

- Мацi не марудзь. Конь стаiць.

У сенцах бацька абняў мяне. Апрача ягонага "глядзi-ж", ён, унутрана ўзрушаны, больш нiчога ня мог сказаць.

Выйшлi з сянец на двор. Бацька палажыў плашмя чамадан на калёсы. Накрыў яго сьвежаскошанай травой. Сястра накiнула яшчэ наўзьверх саматканую ў узорах пасьцiлку - гэта як сядзеньне для мяне. Мне трэба ўжо садзiцца на калёсы, але я маруджу. Выязны скоса пазiрае на нас - хто тут сядзе i ў чые рукi трапяць лейцы. Ды час быў рушыць, i сястра заняла сваё мейсца ў перадку - яна павязе мяне на станцыю. За варотамi я скочыў на калёсы i калi азiрнуўся - пабачыў мацi з хусткаю ля вачэй, а побач яе, нiжэйшага за яе, згорбленага бацьку. Яны ўсё стаялi, пакуль мы не павярнулi да коўратаў, да выезду з вёскi. Я перажываў - засмылела сэрца, што не абняў, ня прытулiў на разьвiтаньне мацi, не дакрануўся, не пагладзiў яе сьсiвелых валос.

Ля коўратаў - бачу - цэлы натоўп, пярэсты, ажыўлены, пераважна жанчыны, дзяўчаты, дзецi. Гэтыя апошнiя, як птушкi, абселi зачыненыя коўраты, нiкога ня пушчаюць. Iншыя стаяць па абодвых бакох вулiцы, нечага чакаюць. Сястра здагадалася (а мо й ведала), што гэта - провады.

- Цябе прыйшлi праважаць, - сказала i ў ейным голасе я пачуў засмучэньне.

Як толькi пад'ехалi да коўратаў, дзецi саскочылi з iх i, як саранча, абляпiлi калёсы. Дзяўчаты, свае, з якiмi я разам працаваў, у тым лiку i Агапка, загарадзiлi нашаму выязному дарогу, спынiлi яго:

- Ходу няма. Коўраты зачыненыя. Хочам выкупу. Так ня выедзеш.

Сьмяюцца.

На самай справе нiякага выкупу ня просяць, а даруюць мне на дарогу новенькi рушнiк, з прыгожа вышытымi на iм заблацьцю словамi: "Не забывай нас".

У гэтым усё: i павага, i спагада, i шчырасьць, i замiлаваньне, i нешта нявымоўна макранскае - бяда.

Сястра i я, мы зьлезьлi з калёсаў. Са мною пачалi прашчацца, жадаць мне шчасьлiвай дарогi. Некаторыя з жанок, разьвiтваючыся, сльязiлiся. Дзецi, абступiўшы, трэсьлi мяне, як свайго, за рукi, прасiлi мяне прыяжджаць да iх у школу настаўнiкам, iншыя-ж - скласьцi пра iх якi-небудзь "вершык".

Сьмела падыйшла Агапка. Абняла. Пацалавала.

- Не забудзь-жа што прасiла. I пiшы!

Нахапiўся аднекуль - тут як тут - брыгадзiр, з бутэлькай i дзьвюма чаркамi ў руцэ. Налiў сабе. Паднёс мне:

- Па аднэй, браток! На дарогу! За дружбу! За свойскасьць! I на памяць. Трымайся!

Парожняй чаркай пакружыў над сваёй галавой i, сьмяючыся, ужо да дзяўчат:

- А вам у рот i не папала, трэба было шырэй разьзяўляць!

Дзецi ўжо адчынiлi коўраты - даюць нам дарогу. Выязны рвануўся, але сястра, нацягнуўшы лейцы, супынiла яго. Я скочыў на калёсы. Лейцы адпушчаныя, i выязны, застаяўшыся, пайшоў поўным ходам. Ззаду засталiся рукi, хусткi, што няспынна нам махалi ўсьлед.

Спушчаемся на мост. Унiзе, на поплаве Дуся з гусямi. Глядзiць на нас. Я ня ведаю, цi падыйдзе яна. Прашу сястру супынiцца. Зьбягаю з адхону нанiз. Дуся разумее, ведае, што я ад'яжджаю. Хоча ўсьмiхнуцца. Я падаю ёй руку, гавару, што мне ня хочацца ад'яжджаць, а яна:

- Але ты казаў, што табе трэба. Ты-ж прыедзеш назад?

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Iшоў дзень за днём, месяц за месяцам, а пiсьма ад сына няма - як у ваду кануў. Кожны дзень, прыйшоўшы з працы, Масей Лявонавiч правяраў падваконьнiк у сенцах, цi не паклаў туды, як звычайна паштар пiсьмо, але падваконьнiк пуставаў, i, засмучаны, Масей Лявонавiч уваходзiў у хату як ня свой. Пытаўся яшчэ ў Маланьнi, сваёй жонкi, можа яна ўзяла, прыйшоўшы з працы раней. А то здаралася, Масей Лявонавiч перапыняў на вулiцы паштара, пытаўся, можа як завалялася сынава пiсьмо ў ягонай, як кавальскi мех, губатай скураной сумцы. Паштар ласкава ўсьмiхаўся, спачуваў старому, суцяшаў, што ня сёньня, дык заўтра, а пiсьмо прыйдзе, трэба толькi ўмець чакаць.

Iшлi днi, тыднi, месяцы, паштар мiнаў хату Масея Лявонавiча, пiсьмаў на падваконьнiку ў сенцах ня клаў. У Масея Лявонавiча запала падазрэньне: пiсьмы затрымлiваюцца ў сельсавеце i яму не перадаюцца.

- Ведаю я гэтую банду, - жалiўся ён сваёй Маланьнi.

Маланьня яму нiчога не адказвала - што ёй тая "банда?"

Сэрца яе чула, яшчэ калi яна выпраўляла сына ў дарогу, што з iм нешта станецца. I от яно, вiдаць, сталася.

Масей Лявонавiч стаяў у нядзелю каля Сельпо: цiкаваў на фiнагента, свайго сваяка - цi ня ведае той што-небудзь пра сына. Калi Масей Лявонавiч улучыў момант i запытаўся ў яго, фiнагент адказаў:

- Што пытаешся? Я казаў яму... Няма чаго цяпер пытацца...

Сказаў i падаўся ў сельпо.

Пытаўся Масей Лявонавiч i ў Вяркеева, думаў можа яму сын напiсаў дружылi-ж. Вяркееў як-бы й паспачуваў Масею Лявонавiчу, але ўжо сам запыт, як вiдаць было, Вяркееву не спадабаўся.

Негаваркi наогул, Масей Лявонавiч зрабiўся яшчэ больш маўклiвым. Толькi часьцей пачаў брацца за свой кiсет - дастане з яго табаку, скруцiць папiроску, выкрасiць крэсiвам агонь, прыкурыць, зацягнецца. Свой кiсет ён заўсёды трымае за поясам, нават i тады, калi працуе. На перапынках, калi брыгада, лежачы на пракосах, адпачывае, Масей Лявонавiч, згорблены, сядзiць дзе-небудзь на воддалi, часьцей пад дрэвам, апiраючыся на яго сваёю зморанай сьпiною. У мужчынскiх жартах удзелу не бярэ. Мужчыны дзiвяцца, ад чаго Масей Лявонавiч гэтак перамянiўся. Пад'ялдыкваюць, пытаюцца, можа Маланьня разьлюбiла. Масей Лявонавiч маўчаў - кепiкi да яго не даходзiлi. А то, пакiнуўшы жарты i пад'ялдыкваньне, пыталiся - ужо сур'ёзна - што пiша з Менску сын. Масей Лявонавiч не прызнаваўся, што пiсьмаў ад сына няма, адказваў гэтак, быццам ён iх атрымлiвае:

- Што пiша? Жыў, здароў. I ўсё.

Ня было такой ночы, каб ня сьнiў сына. Сын стукаецца ў дзьверы, каб адчынiлi яму, пусьцiлi ў хату. Масей Лявонавiч падбягае да дзьвярэй, хоча адчынiць, ды ня можа адсунуць зялезны завал - цяжкi. Б'е кулакамi. Клiча на дапамогу Маланьню. Але дзьверы не паддаюцца. Сын-жа плача па той бок дзьвярэй, гаворыць: "Вы ня хочаце мяне пусьцiць. Вы ня любiце мяне. Дык я й пайду ад вас". I яны чуюць ягоныя крокi, як ён адыходзiць. Просяць вярнуцца. Але крокаў больш ня чуваць, i яны, балесныя, бездапаможныя, ня ведаюць, што рабiць, пачынаюць сварыцца, упiкаць адзiн аднога за няўдачу.

Iшлi днi, iшлi месяцы i ў нейкi дзень паштар паклаў на падваконьнiк пiсьмо. Масей Лявонавiч, заўважыўшы, баяўся браць яго ў рукi, нiбы яно магло абпячы. Нёс у хату асьцярожна, баяўся пакамечыць. Палажыў на стол. Не адкрываў. Прачытаць яго ён усё роўна ня можа - з такой мудрасьцяй ён не спазнаўся. Трэба чакаць, пакуль прыйдзе дачка - адзiны, што застаўся ў хаце, грамацей. Масей Лявонавiч усё-ткi не ўцярпеў - адкрыў i быў надта зьдзiўлены: у канвэрце быў усяго маленькi лiсток, сьпiсаны толькi з аднаго боку. Паклаў назад у канвэрт - да прыходу дачкi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*