KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Алексей Толстой - Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)

Алексей Толстой - Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Алексей Толстой, "Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Назад 1 ... 11 12 13 14 15 Вперед
Перейти на страницу:

З ранiцы не было прададзена нiводнага бiлета ў тэатр. Ды i хто пайшоў бы глядзець у Карабаса Барабаса нудныя п'есы i галодных, абшарпаных акцёраў!

На гарадской вежы гадзiннiк прабiў шэсць. Карабас Барабас панура павалокся ў глядзельную залу, - пуста.

- Чорт бы пабраў усiх шаноўнейшых гледачоў, - прабурчаў ён i выйшаў на вулiцу. Выйшаўшы, глянуў, мiргнуў i разявiў рот так, што туды лёгка магла б заляцець варона.

Насупраць яго тэатра перад вялiкай новай палатнянай палаткай стаяў натоўп, не звяртаючы ўвагi на сыры вецер з мора.

Над уваходам у палатку на памосце стаяў даўганосы чалавечак у каўпачку, трубiў у хрыпучую трубу i нешта крычаў.

Публiка смяялася, пляскала ў далонi, i многiя заходзiлi ў палатку.

Да Карабаса Барабаса падышоў Дурамар; ад яго, як нiколi, пахла тванню.

- Э-хе-хе, - сказаў ён, збiраючы ўвесь твар у кiслыя маршчыны, - нiкуды не варты справы з лячэбнымi п'яўкамi. Вось хачу пайсцi да iх, - Дурамар паказаў на новую палатку, - хачу папрасiцца ў iх свечкi запальваць цi падмятаць падлогу.

- Чый гэты пракляты тэатр? Адкуль ён узяўся? - зароў Карабас Барабас.

- Гэта самi лялькi адкрылi тэатр лялек "Маланка", яны самi пiшуць п'есы ў вершах, самi iграюць.

Карабас Барабас заскрыгатаў зубамi, iрвануў сябе за бараду i пашыбаваў да новай палатнянай палаткi.

Над уваходам у яе Бурацiна выкрыкваў:

- Першы паказ цiкавай, займальнай камедыi з жыцця драўляных чалавечкаў. Праўдзiвы расказ пра тое, як мы перамаглi ўсiх сваiх ворагаў з дапамогай дасцiпнасцi, адвагi i смеласцi...

Каля ўвахода ў тэатр лялек у шкляной будачцы сядзела Мальвiна з прыгожым бантам у блакiтных валасах i не паспявала раздаваць бiлеты ўсiм, хто хацеў паглядзець вясёлую камедыю з жыцця лялек.

Тата Карла ў новай аксамiтнай куртцы круцiў катрынку i весела падмiргваў шаноўнейшай публiцы.

Артамон цягнуў за хвост з палаткi лiсiцу Алiсу, якая прайшла без бiлета.

Кот Базiлiо, таксама безбiлетны, паспеў уцячы i сядзеў пад дажджом на дрэве, гледзячы ўнiз злоснымi вачыма.

Бурацiна, надзьмуўшы шчокi, затрубiў у хрыпучую трубу:

- Спектакль пачынаецца!

I збег па лесвiцы, каб iграць першую сцэну камедыi, у якой паказвалася, як бедны тата Карла выстругвае з палена драўлянага чалавечка, не думаючы, што гэта прынясе яму шчасце.

Апошняй прыпаўзла ў тэатр чарапаха Тарцiла, трымаючы ў роце ганаровы бiлет на пергаментнай паперы з залатымi ражкамi.

Спектакль пачаўся. Карабас Барабас панура вярнуўся ў свой пусты тэатр. Узяў бiзун у сем хвастоў. Адамкнуў дзверы ў кладоўку.

- Я вас, паршыўцы, адвучу ленавацца! - люта зароў ён. - Я вас навучу заваблiваць да мяне публiку!

Ён ляснуў бiзуном. Але нiхто не адказаў. Кладоўка была пустая. Толькi на цвiках вiселi абрыўкi вяровачак.

Усе лялькi - i Арлекiн, i дзяўчынкi ў чорных масках, i чараўнiкi ў спiчастых шапках з зоркамi, i гарбуны з насамi, як агурок, i арапы, i сабачкi, - усе, усе, усе лялькi ўцяклi ад Карабаса Барабаса.

Страшна выючы, ён выскачыў з тэатра на вулiцу. Ён убачыў, як апошнiя з яго акцёраў уцякалi цераз лужыны ў новы тэатр, дзе весела iграла музыка, чуўся рогат, плясканне ў далонi.

Карабас Барабас паспеў толькi схапiць мультановага сабачку з гузiкамi замест вачэй. Але на яго, нi адсюль нi адтуль, наляцеў Артамон, павалiў, выхапiў сабачку i памчаўся з iм у палатку, дзе за кулiсамi для галодных акцёраў была прыгатавана гарачая полiўка з баранiнай i часнаком.

Карабас Барабас так i застаўся сядзець у лужыне пад дажджом.

1936 г.

Назад 1 ... 11 12 13 14 15 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*