KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Масей Седнев, "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

"Трахiмчык", рослы, тонкi, аднавокi (другое ў яго было пад чорным, выпуклым пятачком) - падыйшоў да трыбуны, касавурлiва зiрнуў перш у бок прэзыдыюму, потым паверх галоваў на салю. Расклаў свае паперы, пачаў:

- Уласна, я зачаплю тут праблему падручнiкаў не наогул, а праблему падручнiкаў беларускiх, дый то толькi праблему падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры. Скажу адразу - тут у нас правал. Далiкатная справа. Падручнiкi ёсьць, але мы ня можам iмi карыстацца - яны зьнятыя з ужытку, забароненыя. Узяць хоць-бы для прыкладу Хрэстаматыю, якой мы дасюль карысталiся. У ёй зьмешчаныя творы, аўтары якiх цяпер арыштаваныя i абвiнавачваюцца ў буржуазным нацыяналiзьме. Значыцца, гэтым падручнiкам мы ня можам карыстацца. Трэба ствараць новы. А гэта доўгая песьня, пры тым справа ўскладняецца яшчэ й тым, каго ўключаць у новую Хрэстаматыю, хто з беларускiх пiсьменьнiкаў надзейна стабiльны, каб яго можна было браць бязь рызыкi, што ён заўтра не акажацца ворагам? Янка Купала i Якуб Колас цяпер ужо, здаецца, стабiльныя. Стабiльнымi дасюль былi Андрэй Александровiч, Чарот, Галавач. Але, глядзеце, трэба i iх выкiдваць. Практычна вось i выходзiць, што мы пазбаўленыя падручнiкаў па беларускай лiтаратуры. А як дысцыплiна, беларуская лiтаратура праграмай вымагаецца. Гэта-ж, побач мовы, адна з найгалоўнейшых дысцыплiнаў. Яе трэба выкладаць. А як? Я ня ведаю. Я пакiдаю гэтае пытаньне пад вашую развагу. З свайго боку я ўсё-ткi хацеў-бы прапанаваць такую iдэю: скласьцi, так-бы сказаць, рабочую групу з найбольш кампэтэнтных выкладчыкаў беларускай лiтаратуры i даручыць ёй больш дэтальна вывучыць праблему беларускiх падручнiкаў па лiтаратуры. Свае рэкамэндацыi група магла-б падаць у адпаведныя вышэйшыя iнстанцыi.

Голас: Рэкамэндацыi такой групы ня мелi-б нiякай вагi. Бо хто надзелiць яе патрэбнымi паўнамоцтвамi? Вы? Гэта заданьне ня нейкай нашай рабочай групы, а заданьне самога Наркамату асьветы БССР.

Другi голас: ...i НКВД.

Саля павярнулася - хто гэта сказаў?

- У такiм разе я здымаю сваю прапанову, - пасьпяшаўся заявiць "Трахiмчык". - Але ясна адно - падручнiкаў няма. I выглядае, што гэтую праблему выкладчыкi беларускай лiтаратуры змушаныя вырашаць самi.

Голас упаўнаважанага: Выбачайце, ня самi! Прашу слова.

"Трахiмчык" хутка закруглiўся i, не паказваючы выгляду, што пакрыўджаны, хуценька адыйшоўся ад трыбуны i сеў на сваё месца ў прэзыдыюме.

Упаўнаважаны крэгляй выкацiўся з-за стала да трыбуны i неспадзявана загаварыў на чыстай беларускай мове.

- Таварышы, мы ня можам пусьцiць на самацёк справу беларускiх падручнiкаў. Мы ня можам ствараць падручнiкаў "самi". Справа дапаможнiкаў па беларускай лiтаратуры не такая простая. Лiтаратура - дысцыплiна iдэялягiчная, магутны сродак у выхаваньнi маладога пакаленьня i нам не абыякава, на якiх узорах прыгожага пiсьменства мы будзем узгадоўваць школьнiка. Нявыразныя ў iдэялягiчным сэньсе творы мы не бярэм на ўзбраеньне. Варожыя iдэялягiчна нам творы мы катэгарычна адкiдаем. Нажаль, у Хрэстаматыю па беларускай лiтаратуры трапiлi творы iдэялягiчна заганныя, а то й проста iдэялягiчна шкодныя, кантррэвалюцыйныя. Аўтары гэтых твораў - носьбiты няпрыймальнай намi iдэялёгii i, зразумела, iм ня месца ня толькi ў Хрэстаматыi, але i ў нашым савецкiм грамадстве.

- Тут нехта кiўнуў у бок НКВД - а што-ж вы думаеце, НКВД - гэта так сабе, для фасону? Патое-ж яно i НКВД, каб дбаць пра бясьпеку нашага грамадства. На ягоным абавязку - калi паўстане такая неабходнасьць - iзаляваць шкодны элемэнт ад рэшты грамадства. Iзаляваць часова, на пэўны час, або й назаўсёды, у залежнасьцi ад сацыяльных паводзiнаў гэтага элемэнту. Што тычыцца беларускiх пiсьменьнiкаў, дык не захаваю - у дачыненьнi да iх паўстала неабходнасьць прыняць захады ў кiрунку ачышчэньня iхных шэрагаў ад варожага, кантррэвалюцыйнага ахвосьця. Вось чым тлумачацца, дарагiя сябры, прабелы ў Хрэстаматыi i ў iншых дапаможнiках, пра якiя вы тут гаворыце. Але я магу запэўнiць вас - падручнiкi будуць. Над складаньнем iх нашыя навукоўцы ўжо працуюць i вы хутка падручнiкi атрымаеце. Ад вас патрабуецца толькi цярпеньне i зразуменьне справы. Да выхаду новых, перагледжаных падручнiкаў, у вас ёсьць у наяўнасьцi дастатковая колькасьць матэрыялаў па беларускай лiтаратуры i такiм парадкам у вас ёсьць поўная магчымасьць праводзiць нармальныя заняткi ў гэтай галiне. Як мне здаецца, вы занадта драматызуеце сытуацыю. Сярод вас, бачу, пануе нейкае незадаваленьне нашай палiтыкай у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Вам, бачу, незразумела, чым выклiкана гэтая палiтыка. Скажу адкрыта - яна выклiканая небясьпекай нацыяналiзму ў Беларусi. Беларускiя нацыяналiсты, пад выглядам беларусызацыi, ажыцьцяўлялi палiтыку адзьдзяленьня, сэпарацыi ад Саюзу, iшлi курсам поўнай незалежнасьцi Беларусi. Перасьледуючы такую мэту, беларускiя нацыяналiсты асаблiвы нацiск клалi на мову i лiтаратуру. Узьнiклi школьныя граматыкi розных лёсiкаў, Хрэстаматыi-чытанкi розных чаржынскiх, падручнiкi па гiсторыi лiтаратуры розных гарэцкiх i г.д. Падключалiся-ж сюды, канешне, i беларускiя паэты i пiсьменьнiкi. Вось якраз цяпер мы iх i адключаем. Прашу зразумець гэта.

Упаўнаважаны з выглядам задаволенасьцi сваiм выступленьнем сеў на сваё месца. Старшыня прэзыдыюму нешта перагаварыў з iм i, узьняўшыся над сталом, абвесьцiў перапынак на абед.

Але мне было не да абеду. Настрой мой папсаваўся. Чаго я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю? Мне было-б лягчэй, каб я ня чуў усяго таго, што на ёй гаварылася. Упаўнаважаны наганяў страх. У ролi "культурнага" шэфа ўстановы, у якой ён служыць, ён паказаўся мне агiдным i небясьпечным.

- Ну чаго спахмурнеў? Давай прадстаўлю цябе нашаму райано, - падганяў мяне Вяркееў. - Пайшлi!

Райано, сярэднiх гадоў чалавек, прывiтаўся са мною вельмi ветлiва, прыязна, як з сваiм даўнiм i добрым знаёмым, увесь твар яго свьяцiўся дабрынёй i гатовасьцяй аказаць мне любую паслугу.

Дамовiлiся разам пайсьцi на абед. Сталовая была ўжо перапоўненая наведвальнiкамi, пераважна настаўнiкамi з канфэрэнцыi. Селi за стол. Адна з афiцыянтак, заўважыўшы за нашым сталом райано, хутка падскочыла да нас, вiдаць, райано тут сталы госьць. Афiцыянтка, прыгожая, з надраенымi валасамi бляндынка, у добра скроеным па ёй убраньнi, запыталася, што-б мы хацелi заказаць.

Вяркееў, пераглянуўшыся з райано, папрасiў па сто грам на кожнага. Хутка прабегшы вачыма "меню", замовiў для нас траiх усё, што там было.

Мы ўжо выпiлi па сто, а закусваць яшчэ ня было чым. Гарэлка ўзяла мяне адразу, i я баяўся, што зраблю на райано дрэннае ўражаньне. Хоць нашто ён мне? Я ў яго ня буду працаваць. Чую як праз сон - Вяркееў хвалiць мяне на ўсе лады. Даходзiць да мяне, што ў нашым раёне шмат вакантных месцаў, у тым лiку - у самiх Касьцюковiчах. Райано нагвалт патрэбны настаўнiкi. Райано, перапынiўшы гутарку з Вяркеевым, пачаў знаёмiцца са мною, зьвяртацца да мяне з рознымi пытаньнямi.

Перарваў нашую гутарку ўпаўнаважаны. Вынырнуўшы адкульсьцi з настаўнiцкага тлуму, ён парукаўся з кожным з нас - у тым лiку i са мной - i сеў за нашым сталом памiж райано i мною.

- Таварыш райано, ты сёньня ня выступаў. Цi яшчэ выступiш? - нi то сур'ёзна, нi то жартам спытаўся ўпаўнаважаны.

- Пабачу.

- Хацеў-бы я "пабачыць".

- Вот ты перашкаджаеш. Бяру во маладога чалавека. Да зарэзу патрэбны людзi. Пазнаёмся!

- Я ўжо меў гонар пазнаёмiцца. Бярэш, кажаш? Таварыш-жа (упаўнаважаны зiрнуў на мяне), здаецца, зьбiраецца канчаць навуку, а не настаўнiчаць.

- Гэта-ж не твая справа, а "таварыша".

- Чаму ты так думаеш, што не мая? А можа й мая. Дарэчы, як ты, райано, ацэньваеш выступленьне Трахiмчыка?

Райано нешта хацеў адказаць, але якраз у гэты момант зьявiлася афiцыянтка з падносам i хутка пачала згружаць на стол усё, што прадугледжана меню, уключна з дэсэртам - кампотам у кубачках. Вяркееў тут-жа папрасiў афiцыянтку "прытарабанiць" меню i для "таварыша" (нашага ўпаўнаважанага). "На аднэй назе, - загадаў ён ёй, - i - графiнчык са стаканчыкамi". Сапраўды, усё гэта хутка было ўжо на стале i Вяркееў скамандваў - "як належыцца, прыкласьцiся". Не хацеў "прыкладвацца" толькi я, i райано адразу-ж з дакорам:

- Ну дык гэта што-ж, браток, я, можна сказаць, узяў ужо цябе на работу, а ты ня хочаш да нас прыхiнуцца. Шмат ня можаш - разумею, але яшчэ па аднэй мусiш.

Я паддаўся, i мы выпiлi "па аднэй". Пачалi есьцi. Упаўнаважаны атрымаў сваё "меню" таксама. Еў сьпяшаючыся, i скончыў раней за ўсiх.

- Дык ты, райано, не адказаў яшчэ на маё пытанне.

- А я ўжо й забыўся, на якое.

- Ды пра выступленьне Трахiмчыка. Нешта ён ня ў той бок глядзiць.

- А ты куды хочаш каб ён глядзеў?

- Я бяз жартаў, райано - ты мусiў-бы зарэагаваць. Трахiмчык пасутнасьцi гне кантррэвалюцыю. Ты ня бачыш гэтага? Як ты мог дапусьцiць такога чалавека да трыбуны?

- Ён найбольш кампэтэнтны ў лiтаратуры. Ты, канешне, - самы кампэтэнтны i ты пабiў яго. Чаго ты хочаш яшчэ ад яго? Ён нiчога дрэннага ня меў на ўвазе. Зрэшты, я выступлю па абедзе i ўсё выраўную. Ня турбуйся!

Райано перайшоў да мяне:

- Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на "вы") месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы - выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*