KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Владимир Дубовко - Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)

Владимир Дубовко - Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Владимир Дубовко, "Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Былi мы iм усе задаволены i толькi iмкнулiся, каб i ён быў задаволены. Наносiлi мы поўныя вышкi асенняга лiсця, якое дадавалася на подсцiл яму i каровам, здабывалi кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Адным словам, як маглi - дзякавалi за шчырую працу. Улетку вадзiлi час ад часу на рэчку, дзе купалi, мылi, зiмой чысцiлi шчоткамi.

I вось прыйшла вайна. Падкацiлiся яе мутныя хвалi да нашых зацiшных куточкаў. З'явiлася на тых хвалях розная шума несусветная, усялякiя фуражыры-драпежнiкi, якiя бралi ў сялян i пошар, i конi пад шарлатанскiя распiскi, фiлькавы граматы, карыстаючыся ўласцiвым для вайны бязладдзем, безначаллем. Забралi i ў нас каня, з ходу:

- Часова, баця, на пару дзён. Мы прывядзём яго назад. Вось табе наша гарантыя - распiска.

А на гэтай гарантыi нi пячаткi, нi назвы воiнскай часцi... Бывалi выпадкi, што праз якую мiлю прадавалi такiх коней у суседнiх вёсках... Iдзi, свiшчы, жалься...

Адным словам, засталiся мы без каня. А тут трэба бульбу з поля вазiць, збожжа не ўсё ў свiрне. Ды што казаць - на ўсякую справу патрэбен свой конь. За нашым лесам Сухавершу, па ўсёй Туянiсе быў вялiкi бой. Пакрышыла-паламала там дрэў - немаведама колькi. Як толькi прыцiхлi гарматы, пачалi з кулямётаў ды з вiнтовак страляць. А мне - не сядзiцца. Пайду, гляну, можа дзе наш вараны конь ходзiць, яго ж у той бок пагналi. Iду, кулi свiшчуць, але слабенька, нiбыта якiя кiламетры два праляцеўшы, ды i садзяцца, садзяцца, як пчолкi на адпачынак. Добрыя пчолкi! Як джгне, дык не захочаш нiякага мёду. А я iду сцежачкай блiзу самага ўзвышша. Бачу, дарогай у далiне крочыць на перадавую лiнiю рота салдат, вядзе яе капiтан, а наперадзе - салдат з гармонiкам праз плячо i, каб падняць дух, на гармонiку iграе i спявае ва ўсю:

Выйшла Дуня за вароты, а за ёю салдат рота.

Салдаты, гэта рота, iдуць моўчкi, ссутулiўшыся, i, нават збоку вiдаць добра, што напляваць iм на тую Дуню i на тыя вароты... Але згледзеў мяне капiтан.

- Хлопчык, хадзi сюды!

Падыходжу. У мяне мiж iншым аброць у руках.

- Чаго ты тут швэндаешся па лесе? Бачыш, чуеш - кулi свiшчуць? Табе што, жыццё абрыдла?

- Жыццё мне зусiм не абрыдла, але нашага каня забралi, я шукаю, можа, выпраглi ды пусцiлi, ён жа ваеннай справе не вучыўся...

- Ды вунь, - паказвае рукой, - конь траву шчыпле. Бяры ды хутчэй уцякай адсюль...

Пайшоў я - праўда, за якiх метраў дваццаць пасецца конь, але не наш буланай масцi, на баку таўро. Ды, вiдаць, напалохаўся вайной - пабачыўшы мяне, адскочыў ды ўцякаць. А ён жа не спутаны. Я за iм, кепачку зняў - нiбыта гэта торбачка з аўсом, - ды да яго:

- Кося, кося, на аброку!

А яго, мабыць, так накармiлi аброкам, дык нi слухаць, нi глядзець не хоча...

Хадзiў я, хадзiў, пэўна, з гадзiну, калi не болей. А кулi тыя свiшчуць. Думаў ужо iсцi з лесу. Дужа небяспечна. Урэшце спынiўся конь буланы, падпусцiў мяне да сябе. Я яму аброць на галаву, зашпiлiў i пачаў гладзiць ды размаўляць з iм ласкава. Адначасна аглядаю з усiх бакоў. Конь малады, дужы, па ўсiм вiдаць, зусiм не худы, але ў яго збiты моцна карак, нават гнаiцца пачынае. Я яго памаленьку ў павадку i павёў. Выйшлi мы з небяспечнай зоны, а там ужо i казаць няма чаго - без жаднага страху давёў я буланага да нашай сядзiбы. Тут бацькi, малыя далi яму скiбачку хлеба з соллю, пагладзiў бацька, голас свой падаў. Пасля ўзяў зелля адмысловага, - а ў каго свая жывёла была, усялякiя зёлкi на першы выпадак збiралiся, - прамыў яму раны, памазаў маззю, спуталi мы яго - ды на лужок. Толькi паглядаем, каб куды далёка не пайшоў. А яму, вiдаць, ад мазi адразу лягчэй стала, ды i мухi перасталi раны абсядаць. Нiкуды ён не адыходзiцца далёка, пасецца. Так дзень па днi - абгаiўся ў яго карак. Падладзiў бацька для буланага хамут, паклаў больш мяккага лямца, i пачалi мы памаленечку лёгкiя вазы вазiць. Выявiлася - залаты конь. На iм бацька мяне i ў Парафiянава адвозiў i толькi дзiвiўся:

- Паверыш у нейкую дурную прымху, што толькi вараныя конi ў цябе будуць весцiся. Вось зусiм не вараны, а буланы трапiў на шчасце, а якi залаты конь!

Так, пакуль сям'я ў Маскву не выехала, i жыў буланы ў таты, нахвалiцца на яго не маглi, нават у Маскве колькi разоў згадвалi...

Каму гульня, а мне - навука...

Я ўжо казаў, што ў часе першай iмперыялiстычнай вайны нашую настаўнiцкую семiнарыю эвакуiравалi ў горад Невель, за Полацк. Там жа сабралася яшчэ некалькi сярэднiх школ - з Вiльнi, з iншых заходнiх гарадоў. Стаялi вайсковыя часцi - артылерысты, сапёры. Невялiчкi гарадок быў перапоўнены. Мы, вучнi, размяшчалiся на прыватных кватэрах, уперамежку з вайскоўцамi. Хоць дырэктар i класныя настаўнiкi хадзiлi даволi часта па кватэрах, але некаторыя хлопцы занялiся рознай непатрэбшчынай, асаблiва - карцёжнымi справамi. Гулялi на грошы, галоўным чынам, на гарышчах сваiх дамоў. Я да такiх кампанiй не далучаўся. Падрыхтаваўшы свае ўрокi на заўтрашнi дзень, звычайна садзiўся чытаць якую-небудзь белетрыстычную кнiжку. Мяне, уласна кажучы, не цягнула зусiм да карцёжнай гульнi. Нават брыдка было глядзець на гэтыя замусоленыя сотнямi рук, брудныя кавалкi каляровага кардону.

Аднойчы здарылася так, што нам выдалi стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу - рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капiтал. Заплацiў я нават гаспадынi наперад за месяц, лiквiдаваў якiя дробныя даўгi i падрахоўваў, што мне можна купiць з адзежы цi з абутку. У той самы час нашы карцёжнiкi рабiлi другi падрахунак: як абдурыць мяне i забраць ад мяне ўсе мае грошы.

I вось, калi я сядзеў у сваiм пакоi над кнiгамi, да мяне з'явiўся дэлегат ад гарышча i пачаў угаворваць прыняць удзел у карцёжнай гульнi.

- Эх, Уладзiк, Уладзiк! Усё ты з кнiгамi... Так i закiснуць можна, гарбатым якiм зрабiцца... Пойдзем да хлопцаў. Там такая гульня, такiя грошы... Па дваццаць рублёў у банку бывае... А ты нiчога i не ведаеш тут... Пойдзем!

Адчувалася, што не адчэпiшся нi крыжом, нi таўкачом. Я згадзiўся.

- Ну што ж! Дзякую за запрашэнне. Пойдзем.

Мой сябар, не чуючы ног пад сабой, - на панадворак, пасля па драбiне - на гарышча. Я следам за iм. А там сапраўды гульня ў поўным разгары. Банкамёт, наш хлопец, адразу мне карту ў рукi. Глянуў я з-пад далонi - туз! Сусед шэпча:

- У банку дзесяць рублёў. Ты на ўсе, цi я на палову прыстану?

- Не, - адказваю я, - не трэба, я адзiн пайду.

Банкамёт задаволена ўсмiхаецца.

- Дык на колькi ты iдзеш, - пытаецца.

Пачакаўшы хвiлiну, нiбыта радзячыся сам з сабою, я адказаў:

- Дайце мне на пятачок...

- А як гэта разумець, - удакладняе банкамёт, - на пяць рублёў, значыцца?

- Ды не, - адказваю я, - на пяць капеек.

Тады, нават не заўважыў я, хто, - вырвалi ў мяне туза з рук, зграблi мяне ў ахапак ды як турнулi з гарышча па драбiне далоў, ледзьве я галаву не скруцiў.

Так пачалася, так i скончылася мая гульня ў карты. Больш мяне ў такiя гульнi нi разу не запрашалi, а я тым больш не прасiўся...

Стары пазалотнiк, гiтара i шашкi

Знайшлi мы сабе добрую кватэру. Мы - чацвёра навучэнцаў настаўнiцкай семiнарыi. Салдат на гэтай кватэры не было, гаспадаровы дзецi жылi ў вялiкiм горадзе. Было толькi двое самiх старых. Гаспадыня займалася хатнiмi справамi i з усёй ахвотай згадзiлася гатаваць нам абед i вячэру. Гаспадар быў выдатны майстар-пазалотнiк. Апрача таго, ён, нягледзячы на стары век, надзвычай добра iграў на гiтары. Але не меншую славу ён меў i як iгрок у шашкi. У гэтым ён лiчыўся чэмпiёнам горада Невеля.

Жылi мы вельмi добра, спакойна. Спалi ўсе на падлозе ў гасцiнай, а займалiся на кухнi. Тут стаяў вялiзны стол, было светла i цёпла ад добра складзенай печы: у яе шчыток быў наўкол, так што залазiць на печ можна было толькi ў адным месцы i на печы чалавек пачуваўся нiбы ў нейкай маленькай утульнай хатцы.

Стары гаспадар займаўся сваёй пазалотнiцкай працай днём, калi нас не было. Мы яму нi ў чым не перашкаджалi, хлопцы нашы былi добрыя, далiкатныя, i гаспадары былi намi дужа задаволены.

Калi ў нас здаралася вольная хвiлiна, мы прасiлi гаспадара паiграць нам на гiтары. Згаджаўся ён ахвотна. Мы былi задаволены яго канцэртамi, ад усяго сэрца дзякавалi яму, а ён быў задаволены, вiдаць, тым, што ўсё ж больш-менш культурныя хлопцы разумеюць, паважаюць i з сапраўднай пашанаю ставяцца да ягонага выканання.

Але вось стары гаспадар заўважыў, што я хутчэй за сваiх сяброў спраўляюся з падрыхтоўкай да чарговых заняткаў i пачынаю чытаць кнiгi.

А яму, як нi кажы, маркотна. Мы маўчым, гаспадыня, каб не перашкаджаць нам, маўчыць. Вось ён i пачаў мяне запрашаць:

- Давай згуляем у шашкi.

Я катэгарычна адмаўляюся:

- Што вы, што вы! Я буду з вамi гуляць у шашкi?! З чэмпiёнам?

А ён - згуляем ды згуляем.

I спакусiў ён так мяне пачаць з iм гуляць у шашкi. Гулялi мы моўчкi, толькi шашка стукне па дошчачцы калi, а гульня нiяк не перашкаджала маiм сябрам у iхнiх занятках.

Трэба было зiрнуць, пацiкавiцца, як ён са мной гуляў!

Праводзiў мяне ў дамкi, пасля - закрываў. Закрываў па дзве, па тры, па чатыры шашкi. Карацей i прасцей кажучы, ён гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй нiякай магчымасцi пазбавiцца ягоных кiпцюроў.

Гуляем мы з iм тыдзень, два, гуляем мы з iм месяц, два. На трэцiм месяцы пачалi нашы партыi канчацца разыгранкамi - не перамагаў ён, не перамагаю я.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*