KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

Масей Седнев - I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Масей Седнев, "I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Ягор бярэ мяне ў ахапак, чую ягоныя "шурпатыя рукi". Хоча вынесьцi мяне ў сенцы, на прахалоду. Скулу! Не панясеш! Адштурхнуў яго. Набегла Хiма: "Штой-та вы, даражэнькiя?" Дае мне выпiць расолу. Я не бяру. Нашто мне расол? Я ўжо не п'яны. Iду к сталу на сваё месца. Налiваю сабе гарэлкi.

- Во цяперь ты пiсацiль, - узьнiмае сваю шклянку старшыня сельсавету. Хоча са мною чокнуцца, а я ўжо выпiў. Не хачу чокацца з iм. Эма дражнiць Ягора: кормiць мяне. I цяпер я слухаю яе - ем. Але - не! Я не хачу дражнiць Ягора! Мне не патрэбная ягоная Эма! Мне добра самому. Я хачу паказаць, што я не "зялёны", што я не "набраўся" - магу выпiць яшчэ болей. Налiваю сабе. П'ю. Слухаю Эму - ем. У мяне вялiкi апэтыт. П'ю i закусваю. Гарэлка мяне не бярэ. Магу танцаваць. Запрашаю Эму, але яе перахоплiвае Ягор. Стаю ў нерашучасьцi. Да мяне падбягае з кругу, пакiнуўшы сваю сяброўку, адна маладзiца, валачэ мяне, п'яная, танцаваць, i я пайшоў. Я танцую ня толькi з ёю - жартуючы, мяне адбiраюць ад яе, галоднай, iншыя - у крузе амаль што адны жанчыны. Мужчыны сядзяць за сталом - п'юць, гамоняць, сьпяваюць. Бабы, як ачмурэлыя, трэпяцца шмоцьцем у танцы, цiснуцца, цалуюцца, абнiмаюць адна адную. Адкуль у iх такая сiла? Скончыцца танец - цягнуць мяне за стол, даюць мне пiць, п'юць самi, падносяць мне закуску на кончыку нажа. Цягнуць зноў у танец. I мне добра з iмi. I сораму няма ў мяне. Танцую. Абнiмаюся. А што-ж там? Я - п'яны. Аж бачу - ля загнету стаiць з сваiмi таварышкамi Дуся. Глядзiць! Яна ўсё бачыла! Калi яна прыйшла? Адкуль? Як я ня ўгледзеў яе? Спрабую ўсьмiхнуцца ёй, хачу загаварыць, але мая няўрымсьлiвая маладзiца, абхапiўшы мяне двума рукамi на поясе i адкiнуўшы назад сваю галаву, кружыць мяне нясьцiханна, не адпушчае. Я зьбянтэжаны. Ня ведаю, што рабiць... Калi мы, кружымся, праходзiм па кругу паўз Дусi, яна адварочваецца, загаворвае з сваiмi таварышкамi. Косы ў яе iльсьняцца, бровы ўзьнятыя, пагляд кiдкi, строгi. У новым сьвяточным адзеньнi, яна нявымоўна прыгожая. Скончыўся танец, я вырываюся з рук мае маладзiцы, падыходжу да Дусi, а яна з сваiмi таварышкамi - за парог, на вулiцу! Там поўна моладзi - хлопцаў i дзяўчат. Танцуюць. Скамарохi сядзяць на лаўцы ў хаце памiж адчыненымi вокнамi i iхная музыка чутная як у хаце, гэтак i на вулiцы. Я хачу таксама iсьцi на вулiцу - мне душна. Але мая маладзiца ўчапiлася за мяне не на жарт.

- Ты ня хочаш мяне?

Цягне да стала. Цалуе. Бачу - вылазяць з-за стала старшыня i Вяркееў. Iдуць да выхаду паўз мяне. Мяне не зачапляюць. Чорт з iмi - няхай iдуць! Саджуся з маёй маладзiцай за ейны стол. Маё месца на покуце даўно страчана. Там сядзяць яшчэ фiнагент i капэратар. Яны не танцуюць - п'юць. Да iх прысеў i сам гаспадар. Хiма-ж усё глядзiць за гасьцьмi, ходзiць ля сталоў, выяўна мной не задаволеная - на мяне не глядзiць, як-бы не прыкмячае. Ёй, вiдаць, не падабаецца, што я сяджу з малодкай, танцую з ёй, дазваляю, каб мяне цалавалi. Мусiць яшчэ й таму, што не сяджу з Ягорам, не знаходжу з iм, колiшнiм таварышам, гаворкi.

У хаце духата. Цяснота. Хатай апанавалi жанчыны. Ап'янеўшыя, яны ўдарылiся ў танцы, але з мужчын мала хто з iмi танцуе i бальшыня з iх, абняўшыся, танцуюць самi з сабой. Нас такiх, як я, толькi некалькi. Бабы замучылi i скамарохаў - iм грай i грай бесьперастанку.

I скамарохi выйшлi з хаты граць на вулiцу. Сонца ўжо нiзка - не пячэ. На вулiцы правеўней, больш прастору. Але жанчыны на вулiцу ня йдуць - iм у хаце ўтульней, зацiшней, да таго-ж у цясноце мала хто бачыць, што яны вытвараюць. Апроч таго, яны саромяцца дзяўчат - усё-ж яны бабы, а ня дзеўкi i на вулiцы ў iх меней шанцаў падчапiць хлапца.

Ад сваёй маладзiцы я ўсё-ткi адкараскаўся - пайшоў танцаваць з дзяўчатамi на вулiцу. Перад тым як выйсьцi, выпiў для храбрасьцi: iдзеш-жа на вулiцу, на сьвятло дзённае, там ты на воку ў людзей. Ня тое, што ў хаце, сярод п'яных, у клуме i ў паўзмроку. Вось каб нi на што не зважаць i выпiў.

На вулiцы, пад самай хатай, поўна народу. Пераважна моладзь. На вясельле яна прыходзiць незапрошанай. Вясельле маладых, значыць i яны тут. У iх таксама некалi будзе вясельле.

Дзяўчаты стаяць на адным, хлопцы на другiм баку. Так ужо заведзена. Скамарохi - за сталом. Сярод дзяўчат бачу сястру i Дусю з таварышкамi. Сястра, угледзеўшы, падыходзiць да мяне:

- Цi ета ты здурнеў - ты-ж п'яны! Асаромiшся!

- Нiчога, сястрыца, я ў парадку.

Стаю. Разглядаюся. Пачаўся танец. Граюць падыспань. Я не пайду запрашаць. Падыспань не танцую. Яшчэ многа дзяўчат незапрошаных - стаяць у чаканьнi кавалераў. Я ня люблю гэтага слова - кавалер. Я не кавалер i ня ўмею быць кавалерам. Пайшлi яны к чорту ўсе кавалеры! Мы - хлопцы.

Эма выйшла з хаты i, адшукаўшы вачыма Дусю, запрашае яе танцаваць. Тая, бачу, не пагаджаецца. Але Эма цягне яе за абедзьве рукi ў круг, прыпяваючы:

Ай, падыспанец

харошанькiй танец.

Дуся, нясьмелая, выходзiць. Напачатку ў яе ня ладзiцца. Ды хутка яна пачынае патрапляць, i я, гледзячы на яе, зайздрошчу ейнаму ўменьню, ейным зграбным рухам. Эму, падыйшоўшы, зьмянiў Ягор, але танцаваў з сястрычкай няўдала - ня ўмеў. Я ўжо, прыгледзеўшыся, мог-бы хiба ляпей за яго. Iду падмянiць Ягора. Той уступае мне сястрычку, а яна - наўцёкi ад мяне...

Вясельле вiруе, ня спыняецца. Наадварот - у прадчуваньнi свайго канца набывае яшчэ большую сiлу. Пачалi танцаваць i тыя, што не танцавалi, саромiлiся. Цяпер, калi ўжо пашарэла, пачаў узьнiмацца ў нiзiне, над рэчкай, туман, папоўз на вулiцу i ахутаў неўзаметку Пiлiпаву хату. Налезла ў круг гэтулькi, што не разьбярэш, хто з кiм танцуе. Нясьмелыя, у сутунках яны сталi сьмелыя, акрыленыя, яны аказалiся найлепшымi танцорамi. У iх абудзiлася нязвычайная здольнасьць у заляцаньнi. Гэта настала iхная пара. Дзе падзелася iхная сьцiпласьць?

Музыкантаў пояць, кормяць, цалуюць, каб яны гралi задзiрасьцей i ня думалi канчаць. Ходзiць ходарам хата - там таксама ня сьцiхае бабскае вясельле. Зрэшты, у iх там свая, бабская капэля. Яны, здурэўшы, граюць самi сабе - на качулках, на талерках, на сваiх вуснах, на ўсiм, што пападзе iм пад рукi. Нехта з мужчын - трэба-ж, каб быў i бубен! - пярыць лыжкай у заслонку.

Нутро маё, спаленае гарэлкай, просiць пiць - сапраўды, я перабраў: глытаю i не наглытаюся вады - цёплая, i я нiяк не магу спатолiць свае смагi. Смага. Смага. Смага. Я ня ведаю, чым яе патушыць. Я сёньня надзвычайны. Я нiколi яшчэ ня быў такiм. Я п'яны i ня толькi ад гарэлкi. Мне падабаецца, што я п'яны. Мне гэтак хораша, быццам я толькi цяпер нарадзiўся. Я радуюся, што да мяне прыйшоў посьпех. Мне здаецца, што я ўсё магу, што мне ўсё даступна. Ад усьведамленьня гэтага я здаюся самому сабе куды важнейшым, чымся я ёсьць на самай справе.

Але хто гэта бярэ мяне ззаду за плечы, дыхае на мяне, абдае валасамi, абнiмае, шэпча, тулiцца? Маладзiца? Я хапаюся за яе, iду з ёю. За ёю. Некуды ўнiз. Да рэчкi. Далей i далей. Займае дух. Яна то йдзе, то прысядае. Яе забiрае нясьцерп. У жарсьцi прылiпае да мяне. Не можа йсьцi, гатовая павалiцца, як ачмурэлая. А трава - дываном. I мы ў траве...

З вулiцы дайшоў да слыху бубен. I, узьняўшыся, сьпяшаюся назад, да грамады, а мне наперарэз постаць у белым - Дуся! Яшчэ не ачомаўся, як яна, скочыўшы, павiсла мне на шыi. Як малую, у страху i радасьцi прытуляю яе. Яна калоцiцца, як ад холаду. Хачу спусьцiць яе з рук, а яна яшчэ больш прыклейваецца.

- Нясi мяне. Мне добра ў цябе. Я хачу, каб ты нёс мяне i нёс. Мне добра, калi ты мяне нясеш.

I я нёс яе, як падарунак, як найбольшы здабытак. I мне было, як нiколi добра, i ў мяне адпала засмучэньне, i душа мая ачышчалася ад грэху.

Перад ейнаю хатаю яна зьлезла з маiх рук.

На вулiцы, за хатаю, яшчэ бiлi ў бубен, але зморана i глуха - як у бочку.

Мы ўвайшлi ў хату. Гасьцей ужо ня было. Толькi свае.

- Дзе ета вы так былi? От добранька, што прыйшлi, - ласкава сустрэла нас Дусiна мацi. - Пасядзiм. Пагаворым спакойна. А ўбiраць ужо будзем заўтра.

Прыглядаючыся да Дусi:

- Чаго ета ты такая смутная? Масеевiч, прысядзь за стол. Можа яшчэ захочаш выпiць цi зьесьцi. I ты таксама, Дуся.

За сталом сядзелi Пiлiп i Ягор з Эмаю. Яны заўтра ад'яжджаюць. Сьпяшаюцца на працу. На станцыю iх адвязе Пiлiп. Я пагадзiўся сесьцi за стол дзеля ветлiвасьцi. Гавару з Ягорам, распытваю яго пра ягоныя пляны, калi ён зноў будзе ў Мокрым, можа напiсаў-бы калi, а ў самога ў мяне на душы зусiм iншае я чую побач Дусю, маўклiвую, задуменную. Мне здаецца, што яна ня слухае, што я гавару - думае пра сваё. Гэта мучыць мяне, хоць ведаю, што зачапiць яна мяне цяпер ня можа.

Мне лепей-бы пайсьцi цяпер ад iх. Я хачу цяпер быць сам з сабою. Выказваю яшчэ раз мае найлепшыя пажаданьнi Ягору i Эме. Гавару Ягору, што мне было прыемна сустрэцца з iм пасьля столькiх год, пазнаёмiцца з ягонай абраньнiцай. Дзякую гаспадаром за гасьцiннасьць. Зьбiраюся выходзiць, толькi ня ведаю, як разьвiтацца з Дусяй. Стаю ля парогу. Маруджу. Яна застаецца сядзець за сталом.

- Дуся, ты не пачцiвая. Хоць-бы разьвiталася з Масеевiчам.

- Мамачка, я ўжо разьвiталася.

Падыйшла да мяне i - з выглядам быццам гэта загадала ёй мацi - падала мне руку. Я ўзяў яе ў абедзьве свае, глянуўшы ёй у вочы. Яна зьлёгку ўсьмiхнулася, не забiраючы ад мяне свае рукi. Запыталася:

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*