KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Стефан Гайм, "Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

У сьвеце ёсьць рознага роду галасы, кажа апостал Павел, галасы ўнутры чалавека й з-за-па-за яго, i нiхто ня ведае, чые яны, анёльскiя цi дябальскiя, i сьвежавыструганы Doctor theologiae, вось вам, едзе па зялёных лугах у Альтону, трэсены-ператрэсены выбоiстай дарогай, а таксама ня ведае, цi голас, якi яго папярэджвае, што справа можа абярнуцца вой як крыва й коса, адкуль ён iдзе, згары цi зь нiжнiх сфэраў; усё ўжо так далёка зайшло, так разбуяла-закрасавала, каб ужо нешта мяняць альбо наогул вярнуць назад, госьцi запрошаны, сярод iх асобы з Гаторпскага двара, а зь iмi й герцагавыя вушы, i пасланцы сэната горада Гамбурга, i пастары адусюль, i вучоны жыд Эзэхiель Пэрэйра з Партугалii, зь якiм адбудзецца дыспут у сiнагозе; не, няма нiякага сумненьня, ён як рымскi палкаводзец Цэзар, думае ён, тут ягоны Рубiкон, тут ён павiнен яго перайсьцi, i нават калi толькi паўтузiна жыдоў афiцыйна пяройдуць у адзiнашчасьцедайную веру, гэта ўжо будзе вой якая перамога, i такiм сonvertiten, як ён абвясьцiў па ўсёй абшчыне, ён бы дазволiў сялiцца ў Гамбургу; апрача таго меўся яшчэ адзiн прыхаваны козыр, якi крые ўсё чыста.

Пры гэтым, нягледзячы на ягоныя захады з гэтымi жыдамi, былi й пэўныя боязкi што да iх, i ня толькi праз Агасфэра, на што ён, пасьля ўсяго, што там у iх было памiж сабою, меў грунтоўныя падставы; гэта таму, думае ён, што яны дапусьцiлi, каб нашага Госпада Iсуса прыбiлi да крыжа, i за iхнюю варожасьць; яны ўсюды ўсiм чужыя i ўсiх раздражняюць, i ўжо адно тое добра й пахвальна, што высакамудры сэнат забараняе iм гнездавацца ў Гамбургу й круцiць свае шахермахерскiя гешэфты; датчане вунь - яны зусiм iншыя, яны, з Гаторпскiм герцагам на чале, як мурашкi, дояць сваю жыдоўскую тлю.

Чужыя, варожыя, думае ён, расьсеяныя па розных краiнах сьвету, госьцi за чужым сталом, няпрошаныя i нялюбыя. Зь Яго герцагскай мосьцi ласкавага дазволу ён шмат разоў бываў у Альтоне i iнспэктаваў сынагогу - сапраўдная збойнiцкая малiна, сьцены да чорнага пракапцелыя сажай ад сьвечак, якiя гараць пастаянна, скляпеньнi затканыя павуцiньнем, якое яны нiколi не зьмятаюць, бо, кажуць, Schem jiborach, безназоўны, дабраславёны ў ёй якраз i прабывае. Пабываў ён i на тым, што яны называюць набажэнствам, службай Богу, што можна толькi з прыкрасьцю назваць Богам, думае ён, бо яны ходзяць у свае хэдэры, калi каму хочацца й падабаецца, адзiн раней, другi пазьней, адзiн надзявае tallis, мантыю для малiтвы, другi тым часам зь сябе здымае й выходзiць, а большасьцю малiтваў запраўляе сhasen, запявала, якi на жаль i сьпяваць як сьлед ня ўмее, а толькi стаiць перад аron hakkodesh, сьвятой шафай, у якой ляжаць пэргамантныя скруткi законаў, i задраўшы галаву, заткнуўшы пальцамi вушы, надсаджваецца ў крыку, што ледзь горла вытрымлiвае, на габрэйскай мове, часам так хутка, што нiхто за iм не пасьпявае, часам рвана й расьцягнута, пры чым часам сам плача альбо рагоча, карацей, размахвае рукамi, як дурны вар'ят, як апантаны, пакуль нячысты дух не захапляе ў сябе астатнiх жыдоў, i яны не пачынаюць лямантаваць i яглiць у адзiн голас з сhasen, бляюць i мармычуць, кланяюцца на ўсе чатыры бакi сьвету альбо сморкаюцца й плююцца, альбо, торгаючыся ўсiм целам, бы ў лiхаманцы, падскокваюць, аж нармальнаму чалавеку здаецца, што ўсе яны тут казлы. I з гэтага народу, думае ён, павiнен быў выйсьцi наш Гасподзь Iсус?

Калi неяк аднаго разу раней (вось як яно было!), прыбыўшы да сынагогi ў Альтоне, ён ўехаў у вузенькую вулiчку, дзе ягоны кучар ледзьве мог працiснуцца, а колы па самыя восi ўгразалi ў балоце, i калi зайшоў усярэдзiну, дык з палёгкай канстатаваў, што, прынамсi, хоць падлога была падмецена; а пакропленьнi рознымi пахошчамi надавалi кiсламу смуроду, што там звычайна стаiць, такi нейкi саладжавы прысмак; i яшчэ расстаўлены драўляныя ўслоны для паноў honoratiores; старэйшыны абшчыны й вучоны Эзэхiель Пэрэйра сустракаюць яго зь вялiкай пачцiвасьцю, нiбыта ён быў ня толькi супэрiнтэндэнт Гамбурга, а пасланец Бога, i запэўнiваюць яго, што ўсе жыды Альтоны, прынамсi, мужчынскага роду й да таго ж здольныя - iх папрасiлi застацца - да дыспутаваньня, усе тут i зь вялiкай увагай гатовыя слухаць. Але Айцэн раптам ня чуе iхнiх слоў; ягоныя вочы нечагась шукаюць у цёмных закутках будынка, куды ўжо ня можа пранiкнуць сьвятло сьвечак, ценю таго, хто яму цяпер быў бы вельмi патрэбен, так як гэта было на магiстарскiм экзамене ў Вiтэнбэргу, калi яго распытвалi пра анёлаў, i каго ён ня бачыў з таго самага дня ў доме сэра Агасфэра, калi была зачатая маленькая Маргарэта зь яе горбiкам i кульгавай ножкай; але таго тут анi сьледу, нi позiрку, нi пошапту, i Айцэн, зусiм упалы сэрцам, думае, што нiяк ён тут ня выблытаецца без дапамогi прыяцеля i што яму, пакуль ён ня зможа выклiкаць у сьведкi Агасфэра, нiчога ня сьвецiць у супроцьстаяньнi красамоўству й слованаварачэньню Эзэкiеля Пэрэйры, хiба што толькi застаюцца рuncta i argumenta, якiя ўжо выкарыстоўвалiся сьвятымi айцамi царквы ў зацiнках з жыдамi й якiя ён старанна й руплiва вывучыў.

Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбiрацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, i ўсе яны вытанчана ўбраныя i iхнiя брычкi багата ўпрыгожаныя гербамi й абiўкаю, i ўсё гэта тлумiцца, цiсьнецца ў вузкiх брудных вулiчках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калi герцагi й курфюрсты зьбiраюцца параiцца наконт розных боскiх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымi жыдамi, i ягоныя гамбургскiя confratres, пастары зь Вестфалii Фрызiус i Бёткер, якiя падпiсалi цудоўны лiст на Вiтэнбэргскi факультэт, таксама ўжо прыбылi й горача чакаюць дзейства; гэта ня iхняя рыба тое, што тут смажыцца, i ня iхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя iх новага калегi гера superintendent, на чыiм троне кожны зь iх трохi ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё iнакш. А вось ужо надыходзiць i жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакi на целе, зьбiраюцца, цiхенька памiж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калiсьцi рабiлi iх прабацькi каля брамы ў Ерусалiме, калi наш Збаўца ўязджаў у горад на сваiм асьляняцi. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць i crucifige; гэта можа прыйсьцi з зусiм iншага боку, ад зайздросьнiкаў i тых, хто хацеў бы зьняславiць i перакруцiць сiлу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьцiянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць i круцелiць, як каму прыпадзе й заўгодзiцца.

I вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьцiяне, i чуе, як жыдоўскi старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзiне залы, i гаворыць даволi далiкатна й з паклонамi вiтае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугалii, iхняга паважанага настаўнiка й майстра дона Эзэхiеля Пэрэйру, але асаблiва гера супэрiнтэндэнта вялiкага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугi Яго мосьцi Адольфуса, герцага Шлезьвiга й Гаторпа, атрымалi магчымасьць прысутнiчаць на вучоным дыспуце пра тое, цi прыбiты да крыжа Iсус Хрыстос быў адзiным i сапраўдным сынам Бога, хай сьвяцiцца iмя яго, i meschiach i цi, усьвядомiўшы гэты факт, жыды не зрабiлi б лепей, калi б навярнулiся ў хрысьцiянскую веру, прынялi таiнства хрышчэньня i тым самым палепшылi б сваё жалю вартае iснаваньне й нават у вялiкiм i багатым горадзе Гамбургу маглi б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, нiхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калi ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.

Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзiн да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзiн, з доўгiм вострым носам i дзiкай сiвай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо цi не павiнны яны на прыклад goyim, жэрцi ад цела пакаранага сьмерцю i пiць ад яго крывi ў кiрсе, калi ў Пiсаньнi ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?

Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, i ўсё яго ваганьне й прыкiдкi а цi ня правiльней было б цяпер i цi не своечасовей давесьцi да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, i ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якiх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялiкай дабрынi памёр i за грахi жыдоў, калi толькi яны гэта прызнаюць, i таму кожны хрысьцiянiн павiнен малiцца й за выратаваньне iх праклятых душ, каб, калi прыйдзе час Страшнага суду, маглi быць сабраныя Хрыстом i яны.

- Але чаму, - прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, - жыды ня хочуць паверыць, што iх мэсiя прыйшоў у асобе Iсуса Хрыста, калi ж яны бачаць i на сваёй скуры адчуваюць, што iхнi храм разбураны й яны расьсеяны па ўсiх краiнах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых i быць бiтымi сваiмi ворагамi? Таму Бог карае зацятых i асьлеплых жыдоў з поўным правам нават i сёньняшнiм часам, таму што яны не хацелi прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньнi Пiлата, згадзiлiся, каб яго прыбiлi да крыжа, i паколькi Пiлат умыў рукi й сказаў, невiнаваты я ў крывi праведнiка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалi, Мацьвей 27: "Кроў ягоная на нас i на дзецях нашых".

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*