KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Мопассан Де - Жулi Рамэн (на белорусском языке)

Мопассан Де - Жулi Рамэн (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн "Мопассан Де - Жулi Рамэн (на белорусском языке)". Жанр: Разное издательство неизвестно, год неизвестен.
Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:

- Вы не хочаце павячэраць са мной? Мне будзе вельмi прыемна.

Я адразу згадзiўся. Яна абрадавалася, пазванiла пакаёўцы i, даўшы нейкiя распараджэннi, запрасiла мяне паглядзець дом.

Шкляная веранда, поўная маленькiх дрэўцаў, вяла ў гасцёўню, адтуль была вiдаць уся доўгая аранжарэя, якая цягнулася да гары. Нiзкi фатэль пад дрэўцамi сведчыў, што акторка часта сядзела тут.

Мы пайшлi ў сад любавацца кветкамi. Цiха наступаў лагодны цёплы вечар, калi зямля духмянiцца ўсiмi водарамi. Амаль сцямнела, калi мы селi за стол. Вячэра была смачная i доўгая. I мы сталi блiзкiмi сябрамi, калi яна адчула тое замiлаванне да яе, што нараджалася ў маiм сэрцы. Яна выпiла, як казалi тады, два мезенцы вiна i зрабiлася непасрэдная i шчырая.

- Давайце глядзець на месяц, - сказала яна. - Я не магу без яго, сведкi маёй самай вялiкай радасцi. Здаецца, ён беражэ ўсе мае ўспамiны, i варта мне паглядзець на яго, як ён аддае iх. I нават... часам, увечары... я цешуся мiлым спектаклем... мiлым... мiлым спектаклем... калi б вы толькi ведалi!.. Ды не, вы будзеце насмiхацца з мяне... я не смею... я не магу... не... не... праўда не магу...

Я ўпрошваў:

- Якiм? Скажыце, абяцаю не смяяцца... клянуся вам...

Яна вагалася. Я ўзяў яе за рукi, лядачыя, худыя, халодныя рукi, i пачаў па чарзе цалаваць iх, як рабiлi калiсьцi тыя. Акторка была ўзрушаная. Яна думала.

- Вы абяцаеце не смяяцца?

- Клянуся.

- Добра, хадземце.

Яна паднялася. I калi маленькi, няёмкi ў сваёй зялёнай лiўрэi слуга адсоўваў фатэль, яна цiха i таропка нешта шапнула яму на вуха. Ён адказаў:

- Добра, панi, хвiлiну.

Яна ўзяла мяне пад руку i павяла на веранду.

Аранжарэя сапраўды дзiвiла хараством. Высокая поўня раскруцiла пасярэдзiне срэбную сцежку - доўгi светлы прамень падаў на жоўты пясок памiж купак змрочных дрэў.

Дрэвы былi ўсыпаны кветкамi, i ў начы разлiваўся густы духмяны водар. У цёмнай зеленi вiравала безлiч светлякоў, агнiстых жучкоў, падобных на рассыпаную жменю зорак.

Я ўскрыкнуў:

- О! Якая аздоба для сцэны кахання!

- Праўда? Праўда? Зараз вы ўбачыце.

I яна пасадзiла мяне побач. Яна прашаптала:

- Вось чаму мне так шкада мiнулага. Вы, сённяшнiя мужчыны, зусiм не думаеце пра гэта. Вы бiржавiкi, гандляры i дзялкi. Вы нават развучылiся размаўляць з намi. Калi я кажу "з намi", я маю на ўвазе маладых. У наш час каханне часцей за ўсё пачынаецца з ганебнага разлiку выдаткаў на краўца. Калi вы лiчыце, што цана вышэйшая за жанчыну, вы знiкаеце, але згаджаецеся плацiць, калi жанчына вартая большай цаны. Нiшто сабе звычаi... нiшто сабе каханне!..

Яна ўзяла мяне за руку:

- Глядзiце...

Я быў збянтэжаны i зачараваны... Там, у канцы прысадаў, па месяцавай сцяжынцы, апавiўшыся, трымаючы адно аднаго за стан, паволi ступалi прыгожая дзяўчына i хлопец; яны то траплялi ў зыркiя кроплi святла, то зноў хавалiся ў цемры. Ён быў у белай сацiнавай вопратцы мiнулага стагоддзя i ў капелюшы са страўсавым пяром. А яна - у шырокай сукнi з фiжмамi, з высокай напудранай фрызурай, якую насiлi знатныя моднiцы часоў Рэгенцтва.

Пасярэдзiне прысадаў за сто крокаў ад нас яны спынiлiся i манерна пацалавалiся.

I тут я пазнаў двух маленькiх слуг. Я ледзь не зляцеў з крэсла ад прыступу смеху, якi раздзiраў мне грудзi. Зрэшты, я не засмяяўся, а сцяў зубы i трываў, ад чаго мне рабiлася яшчэ горш. Уявiце сабе хворага, якому рэжуць нагу i замест таго, каб скавытаць ад жудаснага болю, ён змушаны маўчаць.

Але юнакi павярнулiся i пайшлi ў глыбiню прысадаў, постацi iх зноў сталi казачныя. Яны аддалялiся, драбнелi, знiкалi, як знiкае мара. Яны пайшлi. Бязлюдная дарожка выглядала сумна.

Я таксама пайшоў, пайшоў, каб больш нiколi сюды не вяртацца. Я зразумеў, што гэты спектакль паўтараецца вельмi часта i абуджае напоенае каханнем i тэатрам мiнулае, прывiднае, уяўнае i вабнае мiнулае, якое здаецца прыгожым i папраўдзе было такое. Яно i цяпер жывiла душу былой камедыянткi i былой каханкi.

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*