Альбер Камю - Чужанiца (на белорусском языке)
Пасля абедзеннага перапынку вялiзныя вентылятары па-ранейшаму мясiлi густое паветра ў зале i зноў, як заведзеныя, варушылiся ў руках у прысяжных маленькiя шматкаляровыя веярочкi, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, нiколi не кончыцца. Але ў нейкi момант я напружыў слых, бо ён сказаў:
- Напраўду, я забiў.
I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў "я". Мяне гэта здзiвiла. Я нахiлiўся да жандара i спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:
- Адвакаты заўсёды так робяць.
I мне падумалася, што гэта - зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддалiць мяне ад справы, зусiм ператварыць у нiшто i нават, у пэўным сэнсе, замянiць мяне iншым. Зрэшты, я быў i так ужо вельмi далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмi хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэлiў у араба, каб абаранiцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля - вельмi доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.
- Я таксама зазiрнуў у гэту душу, - сказаў ён, - але насуперак шаноўнаму прадстаўнiку пракуратуры, я многа знайшоў там i магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнiзе.
Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны i адданы сваёй фiрме працаўнiк, чалавек усiмi паважаны, якi са спагадаю ставiцца да няшчасця iншых. На яго думку, я быў узорны сын, якi ўтрымлiваў сваю мацi, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якiм мне дазвалялi акружыць яе мае невялiкiя сродкi.
- Мяне здзiўляе, панове, - сказаў ён, - што вакол гэтага прытулку падняўся такi шум. Бо калi трэба знайсцi нейкi доказ у неабходнасцi падобных устаноў i ў iх высокiм прызначэннi, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на iх выдаткуе сама дзяржава.
Аднак ён нiчога не сказаў пра пахаванне, i я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсiх гэтых доўгiх фраз, бясконцых дзён i незлiчоных гадзiн, калi ўсе гаварылi пра маю душу, у мяне ўжо круцiлася ў галаве, нiбы я глядзеў у глыбокi вiр з каламутнай вадой.
Памятаю толькi, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены i дзверы, праз усе пакоi i залы да мяне даляцеў гук дудкi, якой вулiчны гандляр марожаным зазываў пакупнiкоў. I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся.
Мiж тым на дварэ пачынала шарэць, i спёка ўжо меншала. Па гуках, якiя даляталi з вулiцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалi. Але тое, чаго чакалi мы ўсе, датычылася толькi мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як i ў першы дзень. Я сустрэўся позiркам з маладым журналiстам у шэрым пiнжаку i з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. I тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьцi нi разу не пастараўся знайсцi ў зале Мары. Я зусiм забыўся пра яе, але ж я быў такi заняты. Я адшукаў яе памiж Селестам i Раймонам. I яна адразу кiўнула, нiбыта кажучы: "Нарэшце!" Я ўбачыў яе крыху трывожны твар i ўсмешку. Але ў сэрцы маiм усё было сцята, i я нават не здолеў усмiхнуцца ў адказ.
Вярнулiся суддзi. Вельмi хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: "вiнаваты ў забойстве...", "наўмысна...", "змякчальныя акалiчнасцi". Потым прысяжныя выйшлi, i мяне завялi ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмi гаваркi i размаўляў са мною даверлiва i нават сардэчна, чаго раней ад яго я нiколi не чуў. Ён меркаваў, што ўсё iдзе добра, i я, вiдаць, абыдуся некалькiмi гадамi турмы або катаргi. Я запытаўся, цi можна падаць на касацыю, калi прыгавор будзе нешчаслiвы. Але ён сказаў - не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць нiякiх пэўных прапаноў i тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такiх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкiх дробязяў гэтага рабiць не стануць. Я палiчыў, што гэта натуральна, i цалкам пагадзiўся з яго думкаю. Бо калi на справу зiрнуць цвяроза, iначай i быць не павiнна. Гэта колькi б звялi паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд.
- Ва ўсякiм выпадку, - сказаў адвакат, - можна падаць просьбу на памiлаванне. Але я ўпэўнены, што ўсё для вас скончыцца шчаслiва.
Чакалi мы доўга, хвiлiн, мусiць, сорак пяць. Але нарэшце пачуўся званок. Перад тым, як пакiнуць мяне, адвакат сказаў:
- Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькi, каб абвясцiць прысуд.
З усiх бакоў заляскалi дзверы. Людзi пабеглi па лесвiцах, было незразумела - цi то далёка, цi блiзка? Потым з залы даляцеў глухi голас, якi нешта чытаў. I калi зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчынiлiся i мяне ўразiла цiшыня, што панавала ў зале, цiшыня i гэтае дзiўнае пачуццё, якое ўзнiкла адразу, як я заўважыў, што малады журналiст адвёў вочы ўбок. Я не зiрнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкiх дзiўных выразах абвясцiў, што ад iмя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публiчна, на гарадской плошчы. I тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбiта на ўсiх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагi. Жандары сталi са мной вельмi абыходлiвыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. I ўсе думкi вылецелi з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, цi ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. I сказаў:
- Не.
I тады мяне вывелi з залы.
V
Я трэцi раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Мне няма чаго яму сказаць, i наогул - не хочацца гаварыць, бо я i так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цiкавiць iншае - цi можна вырвацца з гэтай машыны, цi ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становiшча. Мяне перавялi ў iншую камеру. I цяпер, калi я ляжу на ложку, я бачу неба, толькi неба. I цэлымi днямi гляджу ў яго твар i назiраю за зменаю фарбаў, якiя вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукi, i чакаю. Не ведаю, колькi разоў я задаваў сабе пытанне, цi былi выпадкi, каб асуджаны на смерць здолеў унiкнуць гэтай бязлiтаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь палiцэйскiя заслоны. I я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагi на тыя апавяданнi, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такiмi пытаннямi заўсёды трэба цiкавiцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыццi. Вядома, як i ўсе, я чытаў у газетах судовую кронiку. Але ж ёсць, безумоўна, i спецыяльныя выданнi, пацiкавiцца якiмi я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апiсанне ўцёкаў. I напэўна б, даведаўся, што хоць адзiн раз, ды быў такi выпадак, каб у гiльяцiне нешта заклiнавала, што хоць адзiн раз шанц i выпадак усё ж здолелi нешта змянiць у гэтым няўхiльным i наканаваным руху. Хоць адзiн раз! Па-мойму, мне i гэтага было б досыць. Рэшту зрабiлi б маё ўяўленне i сэрца. У газетах часта пiсалi пра нейкi доўг, якi злачынца нiбыта вiнен грамадству. I на iх думку, яго трэба было плацiць. Але што гэта дае ўяўленню? Iншая рэч - магчымасць уцячы, унiкнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду i бегчы, бегчы без памяцi насустрач надзеi i ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея - на ўсiм бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вулiцы. Аднак, калi добра падумаць, нiшто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне.
Каб я нават вельмi захацеў, я не мог пагадзiцца з такою наглаю непазбежнасцю. Бо памiж прысудам, якi яе заснаваў, i тым спакоем, з якiм разгортвалiся падзеi пасля яго вынясення, iснавала да смешнага недарэчная неадпаведнасць. Тое, што прыгавор быў прачытаны а восьмай, а не, скажам, а пятай гадзiне, тое, што ён мог быць зусiм iншы, што прынялi яго людзi, у якiх сем пятнiц на тыднi, што да яго прычапiлi чамусьцi такое расплывiстае паняцце, як французскi народ (хоць з такiм самым поспехам тут можна было гаварыць i пра народ нямецкi або кiтайскi), - усё гэта, па-мойму, у значнай ступенi пазбаўляла сур'ёзнасцi падобнае рашэнне. Аднак я мусiў прызнаць, што з той секунды, калi яно было прынята, яго вынiкi рабiлiся настолькi ж безумоўнымi i адчувальнымi, як наяўнасць гэтай сцяны, да якой я цяпер прыцiскаўся спiнаю.