KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Стефан Гайм, "Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

I быў там нехта, на iмя Юда Iскарыёцкi, зямляк рабi з Галiлеi, але незвычайна зласьлiвы й сярод iншых не заўсёды прыемных вучняў самы непрыемны. Зь iм я й застаў Люцыпара, калi яны сёе-тое абгаворвалi памiж сабою, i пра тое, што грошы вельмi ўпалi ў вартасьцi i што яшчэ ўчора каштавала адзiн медны грош, сёньня наўрад цi купiш за срэбраны дынар. Гэта, сказаў Юда, гэта хай будзе ягоны клопат; зборы рабi за ягоныя малiтвы й прадказаньнi й цудадзействы не стаяць больш анi ў якой сувязi з цэнамi на хлеб i мяса; дванаццаць жа вучняў па-ранейшаму хацелi харчавацца з агульнай торбы, якою распараджаўся ён, а тут яшчэ на парозе пасхальная вячэра, якая таксама вымагае на глыток вiна.

Пакiнь гэта па-за гульнёй, браце, сказаў я Люцыпару, заходзiцца тут пра Бога й пра ўсiх, якiя ў Ягоным вобразе бездапаможна поўзаюць i шамшурацца навакол, i ты прыйдзеш з трыццацьцю срэбранiкамi.

Ах ты анёлачак, сказаў ён мне тады, ты ўжо добра-такi выцерабiўся з глыбiнi, ты ўжо па ўсiх пунктах сапраўдны збаўца чалавецтва. Я ведаю таксама, што нам той тут не патрэбен, шпiцалi высокiх установаў цiкуюць за кожным крокам твайго рэбэ Ёшуа й перадаюць кожнае ягонае слова; але чаму нехта, хто ўкладвае ў справу сваё, не павiнен зарабiць на гэтым грош-другi? I з гэтым ён павярнуўся да Юды Iскарыёта й сказаў яму: Вось, мой сябар тут думае, што я даю табе дрэнную раду. Дык вось я кажу табе, слухайся свайго настаўнiка; калi ён хоча, каб ты здрадзiў яму, дык здрадзь яму, а не, дык не; твой настаўнiк ведае, чаго хоча.

I сышоў Юда Iскарыёт суцешаны, бо цяжар вырашэньня быў зьняты зь яго. А я пасварыўся зь Люцыпарам, але той пасьмяяўся зь мяне й сказаў: Той там, якi стварыў нас у першы дзень з подыху бясконцасьцi й з агню, яшчэ да таго, як стварыў гэты скуксаложаны сьвет, якраз па мне. Хто, як ня Ён, паказаўся гэтаму рэбэ Ёшуа й гутарыў зь iм? Хто, як ня Ён, прадпiсаў яму шлях, якiм цяпер небарака iдзе? I я павiнен усупрацiвiцца Ягонаму найвышэйшаму ўстанаўленьню? Адзiн раз я ўжо гэта зрабiў, але ж ты бачыш, гэта мала пасобiла; Ён усё яшчэ мае свой клопат са стварэньнямi зь дзярма й вады й зь iх грэшнай душы, якую Ён iм заадно прыладзiў. Чаго толькi Ён не спрабаваў! Спачатку даў iм абпаiцца, пасьля паслаў на iх серку й полымя, пасьля вайна ў вайну дазволiў iм забiваць самiх сябе; нiчога не ўрадзiла плоду, зноў i зноў адрастае выродзьдзе, кожны род горшы за папярэднi, i цяпер бярыся памагай камусь, хто грахi ўсiх бярэ на сябе й пакутуе за ўсiх? У найвышэйшай ступенi недастатковы намысел гэтага недастатковага Бога. Ну што ж, давай далей так, Госпадзе Божа, давай так далей, пакуль усё на зямлi не правалiлася ў чорную дзiрку, зь якое калiсьцi было шуганула ўгору!

I вось я ўжо ведаў, што я быў адзiн са сваiм спадзяваньнем, i ў першы дзень праснакоў, увечары дня, калi ахвяруюць пасхальнае ягня, выправiўся я ў дом на ўскраiне горада, у найлепшай сьвяцёлцы якога ўжо былi засланыя дываны й пакладзены падушкi для вячэры рэбэ Ёшуа й ягоных вучняў, i чакаў там.

Праз нейкi час, калi ўжо бралася на вечар, яны ўсе прыйшлi i ўзьлеглi для вячэры; але рэбэ Ёшуа, мабыць, пазнаўшы мяне, паказаў мне на месца ўзбоч сябе й нахiлiўся да мяне й сказаў: Я ведаю, што прыйшоў мой час, добра, што ты тут, як i абяцаўся. А тады ён устаў, зьняў зь сябе вопратку да пояса, якiм ён апаясаўся, узяў кубак i напоўнiў яго вадою i ўкленчыў перад мною й абмыў мне ногi; тое самае зрабiў ён пасьля й астатнiм, i Сымону Пятру, якi страшэнна працiвiўся гэтаму. Яшчэ памятаю, якое адмысловае пачуцьцё забрала мяне, калi ягоная рука дакранулася да маёй нагi; было так, быццам дакрануўся нехта, хто любiць мяне, i я быў падумаў, што гэтая рука будзе прадзiраўленая ржавым цьвiком, калi я не перашкоджу.

Але рэбэ Ёшуа сказаў, кажучы: Цi ведаеце вы, што я зрабiў вам? Вы называеце мяне Настаўнiкам i Госпадам, i ў гэтыма ваша права й рацыя. Але я сярод вас як слуга. Я падаў вам прыклад, каб вы рабiлi, што я зрабiў вам.

Пасьля ён зноў апрануўся й вярнуўся на сваё месца, i я паклаў галаву яму на грудзi, быццам быў яго любiмы вучань, i гаварыў зь iм. Рабi, сказаў я, тваё прынiжэньне агiднае мне. Твой здраднiк ужо сядзiць сярод гэтых i той, хто ад цябе адрачэцца, i iншыя нiчым ня лепшыя.

Я ведаю, сказаў ён.

Кола ня можа выбiраць сабе каляiну, па якой коцiцца, сказаў я, але фурман, якi паганяе быкоў, можа яе памяняць. Таму не рабi так, быццам твой лёс табе прадвызначаны, а паўстань i змагайся. Ты бачыў, як народ зьбiраўся вакол цябе каля гарадзкое брамы й як людзi iшлi за табою, i ты чуў, як яны вiталi цябе й што яны крычалi табе. Але калi яны ўбачаць, што ты даешся, як авечка, весьцi сябе на закол, яны адвернуцца ад цябе, i нi ты нi я ня зможам закiнуць iм гэтага ў вiну.

Я прапаведаваў любоў, сказаў ён, любоў мацнейшая за меч.

I тыя, што пойдуць за табою, сказаў я, будуць хапацца за меч у iмя любовi, а царства, пра якое ты марыў, будзе кiравацца больш жорстка, чым рымскае, i не валадар абмывацьме ногi народу, а народ будзе гнуць шыю пад ступаком валадара.

Тады ён адсунуў мяне ўбок i ўзяў праснак i сказаў над iм дабраславеньне й разламаў яго на кавалкi й працягнуў мне й астатнiм за сталом i сказаў, кажучы: Вазьмеце i ежце; гэта цела маё. Тады ўзяў ён келiх i напоўнiў яго вiном i дабраславiў гэта таксама й сказаў, кажучы: Вазьмеце й падзялеце яго памiж вамi; гэта кроў мая, якая пралiваецца за многiх дзеля дараваньня грахоў.

I я еў i пiў i разумеў марнасьць сваiх намогаў, i я бачыў, як ценем жальбы зноў замаркоцiла твар рэбэ Ёшуа, i ён прамовiў: Сапраўды, кажу я вам, адзiн спамiж вас здрадзiць мне.

Тут сярод вучняў падняўся гоман i страх i замяшаньне, бо яны не разумелi, як гэта - толькi што рабi прычасьцiў iх ад цела свайго й ад крывi сваёй, а тут такое. I Сымон Пётр падышоў i, стаўшы за мною, нахiлiўся да мяне й сказаў: Ты ляжаў на ягоных грудзях; спытайся ў яго, хто спамiж нас ёсьць здраднiк.

Я мог бы сказаць яму, што вось яна й аддзяка, але я хацеў, каб гэта зрабiў сам рабi, бо калi б зрабiў ён гэта, дык яно было б першай азнакай, што ён баронiць сябе. Але рэбэ Ёшуа ўмачыў кавалачак хлеба ў напой з горкiх траў i працягнуў Юду Iскарыёту й сказаў, кажучы: Што робiш, рабi хутка.

Так спраўдзiлася слова Люцыпара, якi сказаў Юду, так хоча твой настаўнiк, каб ты яму здрадзiў, дык здрадзь; i я падумаў, што чую глумлiвы сьмех Люцыпара, але яго нiдзе ня было вiдаць; i я адвярнуўся ад рэбэ Ёшуа, бо падумаў, хто здраджвае гэтак самому сабе, той сапраўды прапаў.

Сёньня я пытаюся ў сябе, а цi сапраўды ён здрадзiў сабе? Альбо ж цi не палягае велiч рабi на тым, што ён прайшоў да канца, якi бачыў перад сабою? I што было б зь яго, калi б ён не адкiнуў ад сябе паняверку, якую я ўнушаў яму?

А Юду Iскарыёта я адвёў убок пасьля трапезы й сказаў яму: З тваiх трыццацi срэбранiкаў пакiнь мне адзiн за тое, што я прамаўчаў, калi Сымон Пётр спытаўся ў мяне.

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

У якiм кандыдат Айцэн спазнае сiлу слова, асаблiва калi яно скiравана супроць жыдоў

Хто можа быць весялейшы за чалавека, якi шчасьлiва прайшоў праз выспыты? Ён пачувае сябе так, быццам у яго з сэрца ссыпаўся цэлы мех каменьня, ён радасна галялёкае, ну, хай сабе й не на ўсё горла, але глыбока ў душы, i можа вырваць паўтузiна дрэў, быццам яны тоненькiя бадылiнкi.

Пры ўсёй палёгцы й ажыўленасьцi юны Айцэн, цяпер ужо амаль магiстр, нi ў якiм разе не забывае, каму запазычыўся на аддзяку: у першую чаргу Богу, ад якога йiдзе ўсялякая ласка й мiлата, у другую й пры гэтым адразу й шчыльненька за першай свайму сябру Лёйхтэнтрагеру. Богу ён прысьвячае прыгожую малiтву, у якую ўкладвае ўсё, што iм рухала да, падчас i ў канцы экзамена, а было тое вялiкi страх, якi Бог зьняў зь яго, i пустата ў галаве, якую Бог якраз у патрэбны момант запоўнiў найвучонейшымi думкамi, i ўпакоранасьць сэрца, якую даў яму Бог, каб ён правiльна ўразiў ёю герства прафэсароў i дактароў унiвэрсытэта й на чале ўсiх добрага доктара Марцiнуса й магiстра Мэланхтона. Да таго ж яшчэ й файны вершык, складзены iм у добрай Лютэравай спохватцы:

Пара экзаменаў прайшла,

табе, мой Бог, за ўсё хвала.

Ад Бога жджы найлепшых рад,

пабожны пане кандыдат,

i Бог паможа даць адказы

на ўсе твае пытаньнi зразу.

Дык слава Госпаду тварцу

i Духу й Сыну i Айцу.

Зусiм iншае зь ягоным сябрам Гансам. Цуд раптоўнага азарэньня ведамi праз анёльскую прысутнасьць ясна ўказвае на тое, што ён, Ганс, быў прыладай у руках Госпада, параўнальнай толькi з добрымi анёламi, пра якiх ён, добры кандыдат Айцэн, так трапна далажыў на сваiм экзамене, бо яны per definitionem ёсьць слугi, пасланцы й прычындалы Бога; праўда, сам Лёйхтэнтрагер выяўляе сабою, хоць крыкам крычы, вельмi малое падабенства з такога роду анёламi. Дык як жа яму аддзячыць? Грашыма? Але торбачка на нацельным паяску моцна схуднела, асаблiва пасьля таго, як ён мусiў аплацiць магiстарскую бэнц-папойку герства студэнтаў, якiя праседжваюць такую самую лаўку, што й ён, тым часам як за вокнамi весела грае сонейка й пяшчотна вышчабечваюцца птушкi, а таксама герства iнструкторэс, якiя чыталi курс па historia сьвету й правiльным законе божым; i ён, мусiць, павiнен будзе пазычыць грошай у свайго сябра Ганса на аплату дарогi, калi, вядома, ня iсьцi на паклон да жыдоў i ня браць у iх пад высокi чынш цi пад заклад палатна й шэрсьцi ў лаўцы дарагога таты, дай яму, Божа, лёгенькага скону й вечнага шчасьця.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*