KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Мопассан Де - Панi Парыс (на белорусском языке)

Мопассан Де - Панi Парыс (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Мопассан Де, "Панi Парыс (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Мопассан Де - Панi Парыс (на белорусском языке)
Название:
Панi Парыс (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
7 май 2019
Количество просмотров:
157
Возрастные ограничения:
Обратите внимание! Книга может включать контент, предназначенный только для лиц старше 18 лет.
Читать онлайн

Обзор книги Мопассан Де - Панi Парыс (на белорусском языке)

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:

Де Мопассан Ги

Панi Парыс (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Панi Парыс

Пераклад: Сяргей Мурашка

I

Я сядзеў на моле ў маленькiм порце Абернон, побач з хутарам Салiс, i глядзеў, як над Анцiбамi заходзiць сонца.

Мястэчка, аточанае з усiх бакоў магутнымi крапаснымi мурамi, пабудаванымi п. дэ Вабанам, выдавалася ў мора якраз пасярэдзiне неагляднай Нiцкай затокi. Высокiя марскiя хвалi разбiвалiся аб скалы i адхлыналi, аперазаўшы ўцёс шумавiннем. За ўмацаваннямi адзiн за адным караскалiся ўгору цацачныя дамкi i дабiралiся аж да дзвюх вежаў, натапыраных у неба накшталт рагоў старажытнага шлема. I абрысы iх чарнелi на малочнай белiзне Альпаў, уздымалiся перад бясконцай далёкай чарадой заснежаных гор, якая затуляла ўвесь далягляд.

Памiж белай пенай каля муроў i белым снегам на небакраi мястэчка, раскiнутае ў шызай смузе прыгоркаў, стракацела пiрамiдай дамоў з рыжымi дахамi i з белымi фасадамi такiх розных адценняў, што яны здавалiся каляровымi ў промнях вячэрняга сонца.

Нават нябесны блакiт нiбы збялеў, быццам па iм расплыўся снег; срэбныя хмаркi плылi над бледнымi вяршынямi, а па той бок затокi, каля вады, быццам белая нiтка, нацягнутая памiж морам i гарамi, спачывала Нiца. Два шырокiя трохкутнiкi ветразяў, надзьмутыя пругкiм брызам, ляцелi па хвалях. Я, зачараваны, глядзеў на ўсё гэта.

Гэта была менавiта тая - ласкавая, рэдкая, прыемная воку карцiна, што застаецца ў душы шчаслiвым успамiнам i нiколi не забываецца. Жыццё, думкi, пакуты, турботы, каханне - усё прыходзiць праз зрок. Чалавек, якi бачыць i разумее хараство ў мёртвых рэчах i ў жывых iстотах, адчувае тое ж раптоўнае, глыбокае, бязмежнае захапленне, што i чалавек з тонкiм i далiкатным слыхам, чыё сэрца рвецца з грудзей ад гукаў музыкi.

Я сказаў свайму сябру пану Марцiнi - ураджэнцу поўдня: "Гэта, напэўна, самае рэдкае вiдовiшча, якiм мне пашчасцiла любавацца".

Я бачыў, як на золку з пяску выходзiць гранiтны волат-прыгажун Мон-Сэн-Мiшэль.

У Сахары я глядзеў, як пад яркiм, нiбы наша сонца, месячным святлом зiхацiць вялiкае, кiламетраў на пяцьдзесят даўжынёй, возера Раянешэргi i як ад яго люстра адлятае ў неба белае воблака, падобнае на малочную пару.

На Лiпарскiх астравах я глядзеў на фантастычны серны кратэр Валканэла вялiзную кветку, якая дымiцца i пячэ, жоўтую кветку, якую нiколi не сарвеш, бо яна расце пасярод мора i цыбур яе - вулкан.

Нiчога прыгажэйшага за Анцiбы на фоне Альпаў пад вячэрнiм сонцам я нiколi не бачыў.

I не ведаю, чаму мне прыгадваецца старажытнасць, усплываюць у памяцi Гамеравы радкi; гэта - горад антычнага Ўсходу, гэта - горад з "Адысеi", гэта Троя! Хоць яна i стаяла далёка ад мора.

Пан Марцiнi дастаў з кiшэнi даведнiк Сарцi i пачаў чытаць: "Горад паходзiць ад калонii, заснаванай факейцамi з Марселя каля 340 г. да Божага Нараджэння. Яны далi яму грэчаскую назву Анцiпалiс, гэта значыць "супрацьгорад", таму што ён сапраўды ляжыць насупраць Нiцы, таксама марсельскай калонii.

Пасля захопу Галii рымляне зрабiлi з Анцiбаў мунiцыпiю - яго жыхары карысталiся аднолькавымi з рымскiм горадам правамi.

З эпiграмы Марцыяла мы ведаем, што ў свой час..."

Ён казаў далей. Я спынiў яго: "Мне ўсё роўна, што тут было. Я кажу вам, што ў мяне перад вачыма горад з "Адысеi". Берагi Азii i Эўропы падобныя, але тут, на другiм канцы Мiжзем'я, усё iнакш, i ўва мне абуджаюцца ўспамiны пра гераiчныя часы".

Я пачуў чыесьцi крокi i павярнуўся - жанчына, высокая чарнявая жанчына ступала па дарозе, якая вядзе ўздоўж мора на мыс.

Пан Марцiнi прашаптаў, гучна нацiскаючы на апошнiя склады: "Ведаеце, гэта панi Парыс!"

Не, я не ведаў яе, але гэта iмя, iмя траянскага пастуха, сугучна злiлося з маiмi марамi.

Я ўсё ж спытаўся: "А хто яна, панi Парыс?" Ён, здавалася, абрадаваўся, што я не чуў гэтай гiсторыi.

Я паўтарыў, што зусiм не ведаю яе, i паглядзеў услед засяроджанай жанчыне, якая, важка, павольна ступаючы - так, пэўна, хадзiлi старажытныя кабеты, аддалялася, не заўважыўшы нас. Ёй было недзе пад трыццаць пяць, i яна заставалася прыгожая, вельмi прыгожая, хоць i трохi поўная. Вось што мне расказаў пан Марцiнi.

II

Панi Парыс, да замужжа Камбеломб, за год да вайны 1870 г. выйшла за пана Парыса, чыноўнiка. Маладая дзяўчына была настолькi танюткая i вясёлая ў той час, наколькi мажная i сумная цяпер.

На жаль, ёй дастаўся пан Парыс - адзiн з тых пузатых мужчын на маленькiх нагах, якiя шпарка ходзяць у заўсёды абвiслых штанах.

Пасля вайны ў Анцiбах стаяў толькi адзiн лiнейны батальён пад камандай пана Жана дэ Кармелена. Малады афiцэр меў узнагароды за кампанiю i зусiм нядаўна атрымаў чатыры галуны.

Ён вельмi нудзiўся ў крэпасцi - душнай кратоўнi за двайным непарушным мурам, i таму часта хадзiў гуляць на мыс у сасняк, якi выстаяў пад усiмi марскiмi вятрамi.

Тут ён напаткаў панi Парыс, бо яна таксама ў летнiя вечары прыходзiла сюды падыхаць свежым паветрам пад шатамi дрэў. Як пакахалiся яны? Хто ведае? Яны сустракалiся, глядзелi адно на адно, а калi не бачылiся, напэўна, згадвалi свае спатканнi. Успамiн пра чарнавокую, цёмнавалосую, белатварую маладую жанчыну, вобраз прывабнай i свежай дачкi поўдня з прыгожай белазубай усмешкай доўга не iшлi з галавы афiцэра, якi крочыў далей i замест таго, каб дакурыць цыгару, пачынаў жаваць яе. А аблiчча ладнага каменданта ў залатым мундзiры i ў чырвоным галiфэ, яго твар з завiтымi светлымi вусамi мусiлi паўставаць перад вачыма панi Парыс, калi яе дрэнна паголены i неахайны, куртаты i пузаты муж сядаў вячэраць.

Яны сустракалiся i, магчыма, пачалi ўсмiхацца на кожным спатканнi; яны бачылiся i падумалi, што ведаюць адно аднаго. Неяк ён, мусiць, прывiтаў яе. Яна здзiвiлася i ледзь-ледзь, якраз настолькi, каб не быць няветлiвай, кiўнула яму. Але праз два тыднi яна ўжо здалёк, а не зблiзу адказвала на яго вiтаннi.

Ён загаварыў першы. Пра што? Напэўна, пра захады сонца. I яны разам любавалiся iмi, часцей пазiраючы ў вочы адно аднаму, чым на небасхiл. I штовечар два тыднi гэта заставалася адзiнай i звычайнай прычынай для кароценькай размовы.

Потым яны асмялелi i, размаўляючы, прайшлi некалькi крокаў разам. Але вочы iх казалi ўжо безлiч патаемных, запаветных, салодкiх слоў, рэха якiх чуецца ў пяшчоце, ва ўзрушаным позiрку, слоў, ад якiх мацней б'ецца сэрца, таму што вочы лепш за прызнанне гавораць пра тое, што хаваецца ў душы.

Пасля ён узяў яе за руку i шапнуў тыя зразумелыя кожнай жанчыне словы, пра якiя яна даўно здагадваецца, хоць i робiць выгляд, што не чуе iх.

Яны дамовiлiся, што будуць любiць адно аднаго, але не пераступяць мяжы цнатлiвасцi i сяброўства.

Яна б так нiколi i не пайшла далей гэтых пяшчотных адносiн, але ён, ён хацеў большага i штодня ўсё настойлiвей прагнуў яе i патрабаваў саступiць.

Яна не саступала, адмаўляла яму, здавалася непахiснай.

Зрэшты, аднаго вечара яна быццам незнарок сказала:

- Мой муж паехаў у Марсель. Ён там прабудзе чатыры днi.

Жан дэ Кармелен укленчыў каля яе ног, молячы сёння ж у адзiнаццаць вечара прыняць яго. Але яна i слухаць нi пра што не захацела i раззлаваная вярнулася дамоў.

Цэлы вечар камендант быў не ў гуморы. А на другi дзень ад самай ранiцы ён у лютасцi сноўдаўся па ўмацаваннях ад школы барабаншчыкаў да школы пехацiнцаў i караў спагнаннямi афiцэраў i салдатаў, быццам кiдаў каменнем у натоўп.

Але за снеданнем у канверце пад сурвэткай ён знайшоў тры словы: "Вечарам, у дзесяць". I без дай прычыны ён падарыў пяць франкаў афiцыянту.

Дзень здаваўся яму бясконцым. I ўвесь вольны час ён аддаў таму, каб добра адзецца i надушыцца парфумай.

Калi ён сядаў абедаць, яму перадалi другi канверт. У iм была тэлеграма: "Дарагая, справы скончаны. Вяртаюся цягнiком дзевятай. - Парыс".

Камендант так вылаяўся, што афiцыянт выпусцiў супнiцу на паркет.

Што яму рабiць? Канечне, ён прагнуў яе, гэтым жа вечарам, любой цаной; i ён возьме яе. Ён гатовы на ўсё, ён пойдзе нават на тое, каб арыштаваць i пасадзiць мужа ў турму. Раптам вар'яцкая думка прабегла ў яго галаве. Ён папрасiў паперы i напiсаў:

"Панi,

Клянуся Вам, што гэтым вечарам ён не вернецца, а я буду ў Вас а дзесятай там, дзе вы ведаеце. Нiчога не бойцеся, я адказны за ўсё, зарукай - мая афiцэрская годнасць.

Жан дэ Кармелен".

Ён загадаў занесцi лiст i спакойна давячэраў. А восьмай ён паклiкаў свайго намеснiка капiтана Грыбуа i, качаючы мiж пальцаў скамечаную тэлеграму пана Парыса, сказаў:

- Капiтан, я атрымаў вельмi дзiўную тэлеграму, зместу якой не магу перадаць нават вам. Вы неадкладна замкняце i паставiце варту на ўсе гарадскiя брамы, каб нiводзiн чалавек, я паўтараю, нiхто не ўвайшоў i не выйшаў да шостай ранiцы. Накiруйце на вулiцы патрулi, жыхары павiнны быць у сваiх дамах не пазней за дзевятую. Спозненых прыводзiць дахаты пад прымусам. Калi вашы людзi спаткаюць мяне сёначы, яны павiнны адразу пайсцi прэч, быццам не пазнаўшы мяне. Вам усё зразумела?

- Усё, мой камандзiр.

- Назначаю вас адказным за спаўненне ўсiх маiх загадаў, дарагi капiтане.

- Добра, мой камандзiр.

- Цi не хочаце чарачку шартрэзу?

- З ахвотаю, мой камандзiр.

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*