KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Іван Пташнікаў - Не па дарозе

Іван Пташнікаў - Не па дарозе

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Іван Пташнікаў, "Не па дарозе" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Дачка! Толькі дачка, адзіная, самая меншая з сям’і, можа загаіць яго раны душы, а астатняя радасць — не радасць. 3 трох сыноў у вайну ўцалеў толькі адзін. Ён недзе ў арміі. Афіцэр... Ён любіць бацьку, але не так, як дачка...

Чым больш Вайцех стараўся не думаць пра мінулае, яно неяк само лезла недзе адтуль, з яміны далёкіх, горкіх год. Яго варушыў, у ім капаўся адзін чалавек, з якім Вайцех у жыцці ніколі больш не хацеў сустракацца. Гэта — Андрэй, яго швагер. Гэта ён не хацеў тады, каб Юлька жыла з ім, ён гразіў прыкончыць яе.. Хоць праз многа год, але ён, здаецца, стрымаў сваё слова. Ён сапраўды збяёдаў яе...

Нехта разумны сказаў: калі ў людзей у жыцці разыходзяцца дарогі, то разыходзіцца i дружба. А ці была ў іх наогул дружба? Калі i была, то даўно разышлася, а вось дарогі ніяк не маглі размінуцца.

«Не. Не я стаў яму папярок... Не! Божа барані!.. Ён мне ўсё жыццё атруціў... Ад сонца засланіў... I выходзіць, што я цяпер магу яму адпомсціць... — думаў Вайцех, не знаходзячы сабе месца ў хаце. — Можа ён так будзе думаць... Не помста ў маім сэрцы гаворыць... Цяжка мне пакрывіць душою з-за такога чалавека, які нікому на свеце вось на гэтулькі не зычыў дабра...» — Вайцех дакрануўся пальцам да кончыка завостранага алоўка, які ляжаў на акне. Ім нядаўна нешта пісала Аля — яго дачка. Ён апусціўся на лаву і глянуў у гародчык. Лісце з чаромхі ўжо густа пакрывала зямлю. Курчыўся і чарнеў ліст на бэзе. Пад кустом язміна капаліся куры. Яны былі задаволены ціхім, бесклапотным летнім днём, які нёс адметы восені. Але дзе ім зразумець гэта... Капаюцца і ўсё. Як ім добра, вольна i прасторна пад кустамі бэзу і чаромхі, у цяньку.

Толькі... што гэта?.. Вайцех упіўся вачыма ў зямлю. Патроны... Яны, аўтаматныя патроны... Куры перакочваюць іх дзюбамі, як сухія стручкі гароху... Вайцех аж задрыжаў ад радасці. А ён думаў, што яго аўтамат замоўк. Не... Яму трэба толькі паўхвіліны, каб набіць ражок, i тады немцы зноў адкоцяцца ў лагчыну. Разведчыкі застануцца жыць i прабяруцца ў брыгаду... Вочы яго расшыраюцца i становяцца нерухомыя, барада апускаецца на кулакі, лоб дакранаецца шыбіны.

Вайцеха паглынаюць успаміны...



Пушча цягнула ад сябе вячэрняй цішынёй. Хацелася адпачыць ад бяссонніцы i стомы, забыцца на ўсё, перачакаць ліха... Але было не да забыцця.

Здаецца, нехта водзіць палкай па частаколу, нехта скідвае з гары дошкі адну за адной...

Рэха ад стрэлаў далятае да іх адусюль: злева, справа, спераду, ззаду... Апошняя нямецкая блакада. Немцы кінулі з фронта рэгулярныя часці на партызанскія раёны. Брыгада Кутузава трымала шэсць дзён абарону па рацэ Віліі — ад Камена да Пагоста. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, пасыпалі ўзлессе мінамі. Бухалі іх гарматы і надакучлівыя «месеры» шнырылі над неглыбокімі партызанскімі акопамі. Немцы ў гарачцы і ў злосці гатовы былі на ўсё. Яны перлі перад сабою да рэчкі жывёлу, а самі, тулячыся за яе, краліся да берага... Або, сабраўшы каменскіх і пагосцкіх жыхароў,— жанчын, дзяцей, старых,— гналі іх у брод, а самi ціснуліся за імі ззаду.

Нарэшце, ашалелыя эсэсаўцы кінуліся ноччу да рэчкі і прарвалі абарону кутузаўцаў...

Партызаны адступалі ў кірунку Бягомля, на Палік. Жоглаўка і Леснікі адразу былі заняты немцамі. Кутузаўцы пераправіліся праз раку Дзвінасу і стрымлівалі націск немцаў з боку Жоглаўкі.

...Да Паліка далёка. Палік — возера, балота, пушча. Туды бягуць усе бліжэйшыя раёны: Плешчаніцкі, Лагойскі, Бягомльскі... Партызаны з боем і без бою, ноччу і днём здаюць немцам вёскі ў пажары. Але покуль той Палік... Урэшце трэба будзе ісці на прарыў. Уперадзе баі, голад, твань, «месеры» з бомбамі, эсэсаўцы з аўчаркамі, што выцягваюць чалавека з-пад любога карча...

Ісці на прарыў трэба цяпер, тут, каля Дзвінасы...

Так рашае камандаванне партызанскіх брыгад «Народнага мсціўца» i «Кутузава».

Штаб брыгады Кутузава размясціўся ў вёсцы Вінера, якая туліцца за Дзвінасой. Камісар брыгады Мясуноў, шыракатвары, нервовы муж­чына з чырвонымі ад бяссонніцы вачыма, які замяняе раненага камбрыга, выклікае з перадавой пазіцыі брыгадных разведчыкаў... Вайцех забягае ў крайнюю — штабную — хату апошні... Ім, чатыром разведчыкам, трэба пранікнуць у тыл ворага у раёне Леснікоў — Жоглаўкі, разведаць размяшчэнне немцаў, іх магчымыя слабыя месцы, каб, прарваўшы аба­рону на Дзвінасе, можна было адразу адарвацца ад праціўніка.

Іх чацвёрка: камандзір брыгаднай разведкі Сашын, Вайцех, яго аднавясковец Іван Кацярынчык і невысокі маладзенькі Міцька Гарэлік. Яны пакінулі Вінеру на заходзе сонца.

Ноч іх атульвае за Дзвінасой, у дрымотнай пушчы, што вядзе ў Ям­ское, дзе пачынаюцца пакінутыя зямлянкі іх брыгады.

На гэты бок Дзвінасы да Леснікоў цягнецца нізінная пясчаная каса — вясновыя намывы і наносы. На ёй нічога не расце. Каса вядзе да маладога сасняку, дзе цяпер паблісквалі ў цемені кастры. Каля іх мітусіліся людскія сілуэты.

Вайцех зразумеў, што наблізіліся да першай пазіцыі немцаў. Яе не абьійдзеш: яна цягнецца кіламетраў на сем у адзін і ў другі бок аж да непраходных балот, якія нават i ноччу абстрэльваліся з мінамётаў.

Ідуць ланцужком, сагнуўшыся: Вайцех, Кацярынчык, Міцька i Сашын. Прыпыняюцца, прыслухоўваюцца. Галоўнае, не выдаць сябе раней, чым паспеюць дайсці да акопаў.

...Немцы перасталі страляць: вячэралі. Выдалася хвіліна цішыні. У яе назойліва ўрывалася незнаёмае шваргатанне, i недзе ўперадзе ракаталі маторы. Затым зноў усё патанула ў траскатні i клёкаце. Вайцех адчуў, што падчас страляніны смялей ісці: па крайняй меры, ведаеш, дзе ражон.

Канчалася каса. Кулямёты, відаць, вартавыя, загаварылі ззаду. Стралялі ўжо не ў іх бок. Сасняк уперадзе зліваўся з цеменню; ярчэй заблішчэлі кастры і заляпалі нейкія бляшанкі. Агеньчыкі цяпер палалі па ўсяму саеняку ўздоўж касы, і недзе там, у кутку, ля балота яны мітусіліся папяроскамі.

Сашын падаў знак «прарыў!». Прыўзняўшыся, Вайцех заўважыў перад сабой жоўты пясок бруствера. Завагаўшыся, прыпыніўся без усякага сігналу, і ланцужок, якім яны ішлі, парушыўся. Вайцеха ўжо міналі разведчыкі. Сашын ціхенька свіснуў, што значыла «бягом»: пачыналіся акопы. Вайцех заўважыў, што хлопцы нырнулі ў цемнату. Ён рынуўся да бруствера і скокнуў уперад.

Цяпер па ўсім сасонніку шумела страляніна.

Вайцех шмыгнуў у гушчар ля нейкага бліндажа, відаць, штабнога. Каля яго не было салдат, толькі адзін вялізны немец стаяў у дзвярах навыцяжку і не звяртаў увагі ні на страляніну, ні на чалавека, што пёрся амаль на яго.

Тут было цэлае скопішча эсэсаўцаў. Сасняк ля самай дарогі, за якім пачыналася багна, даў ім тут прытулак. Яны ляжалі ў акопах параспрананыя або проста на зямлі ля агнёў...

Стралялі ўжо ў Вайцеха, але кулі свісталі недзе ўверсе.

Ад агню яму раптам насустрач кінуўся нехта сагнуты з пісталетам у руцэ. Вайцех, націснуўшы на курок, ткнуў ствалом аўтамата яму ў грудзі, адкінуўшы таго потырч на зямлю.

Лес стагнаў ад стрэлаў і крыку.

Трэба было ратавацца...



Такая цішыня... Здаецца, далёка чуваць, як лопне пад нагою порхавачка...

Насцярожанасць змяняецца сумам. Ён выплывае аднекуль з невядомага яшчэ кутка душы, як з цемры лесу, i, нарастаючы, прымушае задумацца i зажурыцца.

Вайцех павярнуў бы адгэтуль за Дзвінасу: заданне ж, лічы, выканана. Ясна. Прарыў трэба рабіць у кірунку лагераў. Але ж ногі чамусьці не слухаюцца, цягнуць туды, у Жоглаўку, дзе ён некалі ўпершыню сустрэў сваю Юльку... Ага. Цяпер Вайцех ведае, што не дае яму павярнуць назад. Не толькі трывога па разведчыках... Іх у Жоглаўцы няма, ён гэта знае... Але хвіля сюды, хвіля туды. За ноч ён паспее прабрацца за Дзвінасу, ён будзе бегчы, пакуль хопіць сілы... Ен вернецца, даложыць аб усім Мясунову, але каб толькі пабачыць яе i дачку...

У цемры лесу неспакойна варушыцца чалавек, i трывожна б’ецца яго сэрца.

Пра свой дом Вайцех не думаў. Згарэла i хата, i варывенька; паабгарэлі таполі і стаяць чорныя, пажоўклыя. Ен пранік хмызняком на загуменне, заглянуў да сябе ў хлеў, што застаўся цудам. Пахла гарам, дымам, печанай бульбай i прэласцю, якая ішла ад размяклай гліны на пажарышчы. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Вайцех капнуў нагой і ўбачыў тры мятровыя кійкі-стэкі. Ён падняў адзін з ix i тут жа з агідаю, адкінуў. Зрабілася мутарна: стэк быў запэцканы ў кроў...

«Не сабак жа яны імі паласавалі, ірады... Мала іх біў, мала...» — закусіў вусны Вайцех і падаўся з папялішча.

Надвячэрняя цішыня нязносным сумам агартала яго душу. Няхай бы лепш шумеў злосны вецер, няхай бы ляпалі ў хляве дзверы ад шалёных парываў і размятаўся па пажарышчы попел, рассейваўся, каб яго больш ніколі не бачыць... Няхай бы шумелі абгарэлай лістотай пакалечаныя таполі, і ў іх жалобным шуме хай бы чуўся адвечны праклён тым, хто сёння спапяліў i жыццё i душу чалавека... Лягчэй было б тады на сэрцы Вайцеху. А так... Ён па-мужчынску змахнуў пальцамі слязіну з вачэй i расхінуў аўтаматам хмызняк на ўзлессі...

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*