KnigaRead.com/

Макс Шчур - Упырхлікі

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Макс Шчур, "Упырхлікі" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Пазбыўся я яе неўзабаве пасьля гэтага, калі па нашым лягерным тэлевізары (адзіным, затое вялікім) пачаўся чэмпіянат сьвету па футбо­ле, у якім, трэба сказаць, удзельнічалі далёка ня ўсе лягерныя нацыі — наш сьвет быў нашмат шырэйшы за нейкі там футбольны. Глядзець футбол дзякуючы нам, постсавецкім упырхлікам (гэтае чэскае слова было для нас тым, чым ёсьць для беларусаў слова „тутэйшы“, а для дзяцей слова ,,мама“), стала для ўсіх абавязковым, неабавязкова было нават у ім разьбірацца — мы ж людзі такія, дэмакратычныя. Міжволі й іншыя народы, якія ў жыцьці ня бачылі мяча, пачалі ўцягвацца ў гульню, нават хадзілі на матчы, размаляваўшыся ў нацыянальныя колеры блізкіх іхнаму сэрцу краінаў. Гэтак, Гавана заўзеў за бацькаву Лацінскую Амэрыку й маміну Нямеччыну, я — за Японію, Дыназаўр супраць Ірану, рэпер за Нігерыю й гэтак далей. Латыш, як былы футбаліст (на чыім рахунку быў нават гол у чэмпіянаце Латвіі, калі не памыляюся — з пэнальці), сьпярша задзелаўся камэнтатарам і дзяліўся з усімі сваімі глыбокімі назіраньнямі за гульнёй, а пасьля, паводле вынікаў усеагульнага галасаваньня, пастанавіў пакінуць свае веды пры сабе й цішком паставіць заробленыя на чарніцах грошы ў вясковай краме, што была па сумяшчэньні й аддзяленьнем чэскага „Спортпрагнозу“. Аднаго дня ніхто ня мог зразумець, чаго ён так радуецца перамозе нігерыйцаў над баўгарамі, ажно півам усіх частуе — баўгары, якія ў лягеры былі прадстаўленыя больш годна, чым на чэмпіянаце, калектыўна запатрабаваліад латыша тлумачэньняў, зь якіх выплыла, што латыш паставіў на нігерыйцаў і нефігова падняўся. Тут жа ягонага лёгкага хлеба захацелася ўсім, у тым ліку і мне. У адрозьненьне ад астатніх, я не змушаў свайго суседа ставіць мае грошы на тое ж, што і ён, каб ня быць яму лішні раз абавязаны — а дарэмна. Рэшту заробленай на сьвінакураціне тысячы я паставіў у фінале на Бразілію (бо Японія да яго не дайшла) — астатняе вы ведаеце. Мэрсі, Зізу — празь цябе я зноў стаў тым, чым быў і дагэтуль.

8.

Есьць на сьвеце такія бадзягі...

Эмігранцкая песьня

Калі не лічыць нас, адарваных ад калматых грудзей зубра постсавецкіх паразітаў, то самай колькаснай і жыцьцярадаснай групоўкай у лягеры былі цыганы: баўгарскія, румынскія, македонскія й іншыя. Ім тут жылося як дома ўжо таму, што па-чэску лягер будзе „табар“. Тым часам як бальшыні з нас лягерныя ўмовы здаваліся недастаткова камфортнымі, цыганы лічылі іх вяршыняй цывілізацыі й сьвяткавалі сваё тут знаходжаньне так, нібы кожны зь іх штодня выйграваў у лятарэю. Ува ўсякім разе, жылося ім тут насамрэч лепей, чым іхным чэскім суродзічам у паўсюдных паблізных гета, таму яны зь лягеру нікуды асабліва й не імкнуліся — ні да чэхаў, ні да немцаў, ні пагатоў дахаты. У гэтым я быў вельмі падобны да іх, бо таксама імкнуўся жыць кожным сёньняшнім днём, тут і цяпер, як мага больш інтэнсіўна, што ў маім выпадку азначала перадусім не прапускаць ніводнае п’янкі. А як яшчэ я мог заглушыць пякучую тугу па Радзіме, то бок па яе вынаходніку дзядзьку Базылю й па бабулі зь дзедам? З дапамогай адзінага лягернага тэлефона-аўтамата? Нават калі б я здолеў выстаяць да яго чаргу або прабіцца да слухаўкі з кулакамі, кідаць у ягоную шчыліну мне не было чаго. Дый ведаю я, што сказалі мне б мае адносна недалёкія сваякі: абмацюкалі б, як апошняга падлетка. А пра таварышаў па „Дзедкандансе“ і ўнівэры я й згадваць не хачу — то бок цяпер хачу, а тады яшчэ не хацеў.

Уласна, на тых з нас, хто на поўным сур’ёзе прасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі, астатнія (а іх была бальшыня) глядзелі, як на вар’ятаў: цывілізаваны Эўразьвяз пад самым бокам, а мы тут у лягеры нейкую чэскую вывучаем, што дурныя! І сапраўды, з уцекачоў не спрабавалі ўцячы ў Нямеччыну (на ўпырхліцкім дыялекце — у Джармэнію) толькі цыганы й тыя, хто ўжо ўканец абляніўся. Лягерны фальклёр амаль суцэльна складаўся з показак пра Джармэнію й эпічных сагаў пра геройскія спробы яе дасягнуць, а „Лшоно Габоо Джармэнія“ можна было б сьмела напісаць па-над лягернай брамай замест дэвізу.

Уцёкі ў Джармэнію адбываліся збольшага гэтак: штораніцы поўны рэйсавы аўтобус толькі ўчора, здавалася б, заселеных афганцаў або індусаў выяжджаў кудысьці ў кірунку мяжы (пазнаць, што яны едуць у Джармэнію, было няцяжка: паводле радасных твараў і вялізных клункаў). Увечары той самы аўтобус звычайна прывозіў усю партыю перабежчыкаў назад, і выглядалі яны ўжо зусім ня радасна — у адрозьненьне ад лягернікаў-дамаседаў, якія дакучалі ім сваймі іранічнымі роспытамі й зьдзеклівымі віншаваньнямі. Аповеды вяртанцаў былі аднатыпныя: іх завялі ў раён мяжы, сабралі грошы, пакінулі ў лесе, яны заблукалі й былі адзін па адным адлоўленыя нямецкай паліцыяй, якая зноў перадала іх паліцыі чэскай. Нават тыя, што мяжу пасьпяхова пераходзілі, пры адсутнасьці лягістычнай падтрымкі з таго боку хутка рабіліся ахвярамі пільных нямецкіх грамадзянаў, якія атрымлівалі ад наступнікаў гестапа па сто марак за галаву перабежчыка (балазе, страляць па ім альбо нацкоўваць на яго сабакаў было ўжо гадоў пяцьдзясят як неабавязкова). Былі падазрэньні, што супрацоўнічаюць з паліцыяй і самі гіды-сьледапыты, якія бралі за перавод у Джармэнію ці не па тысячы даляраў з чалавека — навошта ім было падразаць цяля з залатымі яйцамі? Хай шукаюць яшчэ тысячу й зноў зьвяртаюцца... Але гады ў рады здаралася, што аўтобус прыходзіў пусты, і тады расчараваньне непазьбежна зьяўлялася на тварах тых, хто выходзіў яго сустракаць: каб мы ж ведалі, што акурат гэтая партыя прарвецца на той бок дабра й зла! Ах, Джармэнія...

Мяне як анархіста гэтая іхная капіталістычная Джармэнія зусім ня торкала, дый лішняй тысячы даляраў у мяне не было, а пра самастойны пераход мяжы я баяўся й думаць пасьля таго, як мяне аднойчы ўначы адправілі праз плот па гарэлку ў вясковую карчму — сваё арыентацыйнае чуцьцё я яўна ўспадкаваў ад дзядзькі Базыля празь нейкае генэтычнае непаразуменьне. Прахадзіўшы якую гадзіну па цёмным і мокрым пасьля дажджу лесе, я так і не знайшоў ня толькі карчмы, але й лягернага плоту, церазь які меўся пералезьці (праўда, аднак, тое, што мяне паслалі ня проста так, а за дабаўкай, якая рэзка спатрэбілася нам пасьля дзьвюх першых пляшак). Не заставалася нічога лепшага, як здацца першаму сустрэчнаму ахоўніку зь ліхтарыкам, які з задавальненьнем завёў мяне на вахту й запісаў у парушальнікі лягернага рэжыму, за што мая сацыяльная выплата аўтаматычна была пералічаная ў фонд ягонага заробку. Такой бяды: гэта было яшчэ нішто ў параўнаньні з тым сяброўскім прывітаньнем, якое чакала мяне ў пакоі.

Але ж і я быў вымушаны канец канцоў падняць сваю сраку з наседжанага лягернага ложку й пачаць шукаць выйсьця з былых савецкіх казармаў. Вымусілі мяне да гэтага дзьве рэчы: па-першае, усё тая ж адсутнасьць грошай, а па-другое — адсутнасьць усякага асабістага жыцьця, якое ў маім выпадку абмяжоўвалася пісаньнем так і не адасланых адкрытых лістоў да тых траіх незабыўных дзяўчатаў, што прыходзілі наведваць мяне на Акрэсьціна — от каб хоць адна зь іх наведала мяне тут! Думаю, нам нават прадаставілі б асобны пакой для спатканьняў. Я не кажу, што эратычнае жыцьцё лягера было зусім на нулі — паўсюль знойдзецца колькі чульлівых жанчын, якія нікому не адмовяць — але менавіта гэтая іхная безадмоўнасьць у спалучэньні з багатай гамай полавых захворваньняў з усяго сьвету мяне й палохала. Усе астатнія жанчыны былі або замужнія й знаходзіліся пад строгім патрыярхальным кантролем сваіх самцоў, або чэшкі, якія ня мелі ня толькі права, але й жаданьня круціць на працы раманы з усякімі перамешчанымі асобамі, што сёньня тут, а заўтра там. Адзіным рамантычным эпізодам за ўвесь мой лягерны тэрмін ледзь ня сталася знаёмства зь пяцідзесяцігадоваю (! — і гэта толькі на выгляд) унтэр-афіцэрскаю ўдавой расейскага паходжаньня, якая, не пасьпеўшы зьявіцца ў лягеры, пачала дамагацца ўсіх і кожнага. Спачатку яна спрабавала падкупіць вас сваёй шчымлівай гісторыяй (аказваецца, яна яшчэ пры савецкай акупацыі жыла ў гэтым самым лягеры ў якасьці камандзірскай жонкі, таму з гэтым месцам былі ў яе зьвязаныя самыя радасныя ўспаміны маладосьці — і вось паводле горкай іроніі лёсу яна вымушаная была на старасьць гадоў вярнуцца сюды не як гаспадыня, а як папрашайка: якое прыніжэньне!), пасьля — сваім кулінарным мастацтвам, і ўрэшце — грашыма й каштоўнасьцямі. Ня памятаю, якім цудам мне ўдалося ад яе адбіцца — здаецца, мяне супольнымі сіламі адбіў малдаўска-армянскі спэцназ. Пабадзяўшыся па лягеры ў пошуках ахвяры тыдзень-другі, маладжавая пэнсіянэрка дзяржаўнага значэньня запыніла свой пачуцьцёвы выбар на адным кітайцы, якога ўжо да яе зрабіла была інвалідам і загнала ў лягернае падпольле тутэйшая філія шанхайскай трыяды — кітаец досыць блага хадзіў, таму, нягледзячы на досьвед уцёкаў ад мафіі, уцячы ад бязьмежнай любові настолькі сталай, спрактыкаванай і ўпэўненай у сабе жанчыны нікуды ня мог. Думаю, яна й насамрэч знайшла ў ім найлепшы аб’ект прыкладаньня сваіх пачуцьцяў, хутчэй мацярынскіх, чымся якіх яшчэ, бо з часам мусіла выносіць за ім нават начны гаршчок — з кожным днём кітайцава здароўе ўсё пагаршалася. Толькі аднойчы яна пакінула яго на колькі хвілінаў самога (выносіла сьмецьце), вярнулася й знайшла засіленым на батарэі. Паліцыя канстатавала факт самагубства. Гэтак бедная кабета фактычна стала ўдавой другі раз, чым выклікала да сябе спачуваньне нават самых закаранелых цынікаў, такіх як Дыназаўр. Іншых сьмяротных выпадкаў у лягеры за ўвесь час не было — былі толькі параненыя нажамі й атручаныя грыбамі.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*