Пётра Садоўскі - Дзьве душы: Русскій мір і Беларускі сьвет у слове
Больш за ўсё мяне ўражвае, што ўсе буцькаўцы – у тым ліку і зь “нянаськімі” прозьвішчамі – размаўлялі чысьцюсенька на нашай гаворцы, пэўна на 99 адсоткаў такой, як, напрыклад, у Рыгора Барадуліна. Да Вушачы ад нас напрасткі кіламэтраў 15. Дзьве маладзіцы з аддаленых вёсак, што выйшлі замуж за нашых хлопцаў, некаторыя рэчы называлі па-свойму: наш “шчыток” у “тэй хаце” (вялікі чысты пакой) называлі грубка, нашы запалкі (ці ісьпічкі) называлі сярнічкі, наш лыжны “падгоп” – “прыганка”. Упэўнены, што цяпер яго ўжо завуць “трамплін”, як у тэлевізары.
Нашых карэнных тутэйшых ад прышлых расейцаў ( у асноўным прысланых па так званай “пад’ёмнай вярбоўцы” з расійскай правінцыі), што атабарыліся каля ваеннага гарадка за рэчкай, можна было адрозьніць па тым, як яны хадзілі ў туалет. Пасьля вайны на нашым баку, супрацьлеглым “зарачанскаму”, захавалася толькі некалькі хат, у якіх стаялі самі немцы. Большасьць была спалена. Але праз год-два каля сякіх-такіх жылых будынкаў павырасталі ў канцы гародаў невялічкія лазьні і туалеты-шпакоўні. У зарачанаў было заведзена хадзіць “за хлеў” ці “за хату”. Нашы людзі гэта бачылі, але нічога не гаварылі. Саромеліся за суседзяў. Наша суседка Мікіціха казала: ”Што пра г. гаварыць!”.
Поўнае даўнае пагружэньне Фрыдрыхаў, Бруквінаў, Падзяваў ды Шніткаў зь йіншага этнасу ў беларускі моўны сьвет -- для мяне асабіста вельмі выразнае сьведчаньне стану культурна-энтрапалягічных і сацыяльна-палітычных працэсаў, што працякалі ў нашым краі падчас Полацкага княства, дамоваў з Ганзай ды Гоцкім берагам, ВКЛ, вялікіх маскоўскіх руінаў, шведзкіх ды напалевонаўскіх прыходаў. Гаворачы пра “даўны час” маглі сказаць: “Даўней, яшчэ за Сьвятым Баболем ...”. “ Даўней” не ўспрымалася як параўнальная ступень прыслоўя. Яно значыла: у той час, пра які ўжо мала хто помніць: “Даўней пастуха паважалі. Пастухі былі толькі мужчыны. Штовясны кожная гаспадыня бегла яму загадзіць: то ў торбу пару яек пакладзе, то добрую гамулку хлеба, то сала, каб ейную рагулю добра глядзеў.”
Шукаючы бадзёрыя мэтафары
Назіраючы за тым, як за апошнія гадоў 20, калі дзяржаўная культурная палітыка застаецца скіраванай на русіфікацыю, нашы журналісты , пісьменьнікі, публічныя асобы, што карыстаюцца беларускай мовай, усё часьцей бяруць напракат мэтафары. крылатыя выразы, прымаўкі, параўнаньні – увесь асацыятыўны сьвет – з расейскай мовы, я паспрабаваў скласьці для сябе нешта накшталт параўнальнага сьпісу расейска-беларускіх асацыяцый. Пра гэта я ўжо пісаў неаднойчы ў нататках, прысьвечаных культуры маўленьня ды беларускаму культурна-антрапалягічнаму “коду”. Частку зь іх можна лёгка знайсьці ў маім ЖЖ (sadouski.livejournal.com) за мінулыя гады.
Калі пачалася расейская агрэсія супраць Украіны, аналітыкі ўсё часьцей загаварылі пра тое, што яна стала каталізатарам для канчатковага дафармаваньньня сучаснай украінскай нацыі. У свой час і эўрапэйскія інтэлектуалы (Э. Рэнан, Х.-А. і Гасэт, П. Слотэрдайк) адзначалі, што для канчатковага сталеньня нацыі неабходныя сумесныя крывавыя ахвяры, якія б сталі сымбалем вечнага адзінства. На “Моўных сустрэчах” летась мы спрабавалі ў інтэрактыўным пошуку знайсьці беларускі адпаведнік расейскаму “Дело прочно, кагда под ним струится кровь». Гаварылі пра бітву пад Воршай, Каліноўскага, БНР, Слуцкі збройны чын, Саюз беларускай моладзі, Міхася Чарняўскага ды ягоных юных змагарных землякоў, легендарную “Майстроўню”, камуністычны і лукашэнкаўскі перасьлед нашых сучасьнікаў, але ёмкіх ды кароткіх афарызмаў не знайшлі. Прыдалося нешта блізкае з Купалавага “Званара”: “Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет адно толькі на зломе ўзрастае”. Ад заломаў, пакутаў ды прыспанага народу Купала прыйшоў да ідэі “злому”, і ў 1918 годзе да цыклу “Ваярскія матывы”, дзе не гаварылася пра “крывавыя мукі”, як у “Ваяцкім маршы” Макара Краўцова “Наперад шчыльнымі радамі”, але прагучала цьвёрдая надзея, што мы прыйдзем да сваёй Беларусі: Будзь здарова, бацька. маці, / Мы пайшлі ўжо ваяваці ../ “Паваюем, пагаруем, на Радзіме запануем , / Запануем, як і людзі, / Вораг ў хату лезць не будзе .../ Сьвішча куля ё –ха-ха каля вуха дзецюка ...”.
Некалі, калі яшчэ быў жывы прафэсар Фёдар Янкоўскі, высілкамі ягонай катэдры былі выдадзеныя асобнай брашурай Купалавы “аптымістычныя афарызмы”. Варта ўзгадаць і шматлікія патрыятычныя рытмічныя песьні ды ваярскія маршы Вайцюшкевіча, Мельнікава, Бартосіка, Касі Камоцкай. Вольскага ды інш. , што апошнім часам выйшлі малым друкам і на дысках. На заключэньне – фантастычнае параўнаньне.
Скажы “Шыбалет”! – “Сібалет ...”[1]
У 2008 г. у “Бібліятэцы Свабоды” выйшла кніжка “Мой Шыбалет”. Я – аўтар гэтай кніжкі. Чаму я ўзгадваю пра гэта? Мне здаецца, што калі б цяпер здарыўся ўсясьветны патоп і з друкаванага пра нас і расейцаў нічога не засталося акрамя прымавак ды прыбабунек, то нас можна было б параўноўваць з старазапаветнымі эфраімітамі, а расейцаў – з геліядытамі. Пра іх напісана ў Старым запавеце ў Кнізе судзьдзяў (12:5). Першых было мала, працавалі яны, як мурашкі, свае пясчаныя дзялкі ператваралі ў зялёныя аазісы. Другіх было шмат, яны захоплівалі ўсё новыя землі, ім усё было цесна. Працаваць на зямлі яны ня надта любілі ды і ня ўмелі. Вось прыйшлі яны на зямлю эфраімітаў, пасевы здратавалі, каналы вычарпалі, частку народу забілі, частку забралі ў палон. Шмат хто з эфраімітаў уцёк у лес. Паставілі геліядыты пасты на Ярдане ды пачалі эфраімітаў, як ваўкоў, загонам гнаць зь лесу да ракі. Выходзяць бедалагі з кустоў, зьнешне ад пераможцаў мала чым адрозьніваюцца. Пытаецца геліядыт на “блок-посьце” чалавека зь лесу: “Ты хто – эфраіміт ці геліядыт”. Той адказвае: “Я – Ваш. Геліядыт я, спадар вартавы...”. Вартавы чухае патыліцу: сумняецца, ці сапраўды гэты праўду кажа. Але тут ўстаўляе свае тры грошы надта адукаваны палонны эфраіміт, што пайшоў прыслужваць геліядытам: “А Вы, гаспадзін начальнік блок-паста, прыкажыце яму между протчым, каб праізьнёс слова “Шыбалет”. У нашам языке няма звука “ш”! “. Вартавы так і зрабіў. А чалавек зь лесу, сапраўды, ня змог вымавіць гук “ш” і сказаў: “Сібалет”... Так на берагах Ярдана палегла 42 тысячы эфраімцаў. Яны, як тыя ліцьвіны, што і паміраючы дзекаюць, пад пагрозай сьмерці не змаглі выйсьці з свайго “эфраімскага сьвету”.
[1] Старажытнагабрэйскае слова (лац. літарамі shibboleth) абазначае “колас”, “галінка”, “крыніца”. Націсьнены склад у слове – другі. Лягічна было б пісаць па-беларуску “шыболет”. Аднак я вырашыў не парушаць традыцыю перадачы гэтага слова, закладзеную, на маё знацьцё, ва ўсходнеславянскай філялёгіі Аляксандрам Пушкіным, які, з шкадаваньнем гаворачы пра звычкі расейцаў, пісаў у 10-м разьдзеле “Яўгенія Анегіна”: “Авось, о Шиболет народный, / Тебе б я оду посвятил ...” Тут паэтычны рэфлекс Пушкіна. пэўна, ідзе ад Байрана, які пісаў пра свайго Дон Джуана: “Juan, who did not understand a word of English, / Save their shibboleth “god damn!”… (Жуан, які не разумеў ніводнага слова па-ангельску, за выключэньнем іхнага шыболету “god damn!”.. .). Паводле іншай версіі Пушкін меў на ўвазе князя Вяземскага, які раней за яго пісаў пра расейскае “Авось!”