KnigaRead.com/

Васіль Быкаў - Патрулі

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Васіль Быкаў, "Патрулі" бесплатно, без регистрации.
Назад 1 2 3 Вперед
Перейти на страницу:

I тут насустрач ім вынырнулі цьмяныя постаці. Яны набліжаліся да патрулёў, гучна тупаючы нагамі. I толькі, калі ззаду ў другі раз пачуўся прарэзлівы жаночы крык, Алесь зразумеў, хто гэта ўцякаў. Але на нейкі мо­мент ён разгубіўся і, відаць, спазніўся. Покуль хлопец што-кольвечы сцяміў, трое ўцекачоў ужо міналі ix, і тады раптоўна, ахоплены нейкай ледзянячай душу трывогай, Алесь дзікім голасам крыкнуў:

— Стой!!! — і што было сілы кінуўся ўслед.

Куды прапаў Лапата, ён і не заўважыў на­ват. Пэўна той падаўся туды, дзе здарылася няшчасце. Ды ў першае імгненне Алесь і не зважаў на яго адсутнасць. Ён імчаў, што аж нагам было балюча, і сэрца, захлынаючыся, калацілася ў грудзях. Але ўцекачы, пэўна, ведалі, што ў іхніх нагах — іх паратунак, і таксама добра імчаліся па цёмнай вуліцы. Нейкі час адлегласць між імі і Алесем амаль не скарачалася. Алесь бачыў, а хутчэй адчуваў у цемры толькі прыгнутую постаць задняга ўцекача, пярэднія-ж хутка зніклі, відаць, пахаваліся недзе.

Узрушаны жудасцю здарэння, Алесь наважыўся абавязкова дагнаць злачынцу. Ён не думаў, як здолее затрымаць яго, не ведаў, ці хопіць у яго сілы і смеласці зрабіць гэта. Ён толькі адчуваў сваю адказнасць за яго затрымку, і гэтае адчуванне зараз было мацней за ўсе іншыя пачуцці.

Урэшце яны апынуліся ў тым месцы, дзе была калонка і дзе яны яшчэ нядаўна стаялі ўтраіх. Алесь, сабраўшы ўсе сілы, паскорыў бег і ўхапіў злачынцу ззаду за яго адзежыну. Уцякач спатыкнуўся, i яны абодва з лаянкай пакаціліся па вуліцы.

— За... рэж... ах..., — задыхаючыся ад зморанасці хрыпеў валацуга. Алесь, падаючы цераз яго, ухапіўся за нешта мяккае, але атрымаў моцны штуршок у бок і скурчыўся ад болю, а той вырваўся і ўскочыў. Яны сутыкнуліся на нейкі вельмі кароткі момант, але хлопец паспеў адчуць яго моцнае пругкае цела і зразумеў адразу, што той намнога мацнейшы. Як цяпер быў патрэбны Лапата, але яго не чуваць было — навокал ляжаў сонны маўклівы змрок.

Устаўшы на ногі, злачынца адразу кінуўся наперад. Алесь, ледзь аддыхаўшыся ад зморанасці і болю ў баку, зноў кінуўся за ім. Крыўда, злосць і боль ахапілі яго істоту, і думка, што, не ўтрымаўшы злачынцу, ён ужо не зловіць яго, моцна спалохала хлопца. Усё-ж ён імчаўся следам і зноў ледзь не ўхапіўся за ўцекача. Але калі яго рука ўжо выцягнулася, той крута збочыў, і Алесь апынуўся перад пустой дзіркай у высокім плоце. А з другога боку плота чулася зморанае цяжкае дыханне і злосны, поўны нянавісці і лютасці хрып злачынцы...

— Ну ідзі, гад... калі... жыць надаела!

I бадай упершыню з таго часу, як ён пачуў той жахлівы крык на заводзе, хлопец зразумеў, якая небяспека пагражае i яму. А калі зразумеў, дык у адчуванне раптам пракраўся страх. У цемры за плотам ён адчуў лютасць раз'юшанага ўжо злачынствам чалавека і зразумеў яго рашучасць прыкончыць І другога, хто стаў на яго шляху да выратавання.

Але што было рабіць? Яго назначылі старшым комсамольскага патруля, усклалі пэўныя абавязкі, надзеі. I ці мог-жа ён пасля гэтага пакінуць злачынца, які ўчыніў мо' нават забойства? А што скажуць хлопцы, калі даведаюцца, што ён упусціў злачынцу толькі таму, што не хапіла смеласці. Не, тут была сіла, мацнейшая за страх, за пачуцце самазахавання — сіла таварыскага абавязку. 3 усіх людзей Совецкага Саюза Алесь Вострыкаў меў зараз самьгя найбольшыя магчымасці злавіць злачынцу, i ён не меў права не выкарыстаць ix.

«Але-ж ён так і ўцячы можа», — мільганула трывожная думка. I хлопец, усё яшчэ працяты жахам, на адно кароценькае імгненне перамог нерашучасць і рынуўся ў дзірку. Яго з'яўленне па той бок было якраз упару, бо злачынца ўжо шкрабаў па плоце, спрабуючы пералезці ў суседні двор. Алесь падскочыў да яго i што было моцы рвануў за ногі.

Але той не зваліўся, а моцна ўбрыкнуў нагамі. Ён балюча ўдарыў Алеся абцасам у лоб. Хлопец войкнуў ад болю і, знянацку пачуўшы свой голас, ухапіўся за яго, бы за падмогу:

— Сюды! — закрычаў ён. — Сюды, людзі!

Уцякач на плоце спяшаўся, аднак Алесь хапаў яго за ногі і цягнуў долу. Нарэшце ён зваліўся і накінуўся на хлопца.

У куце між платоў, на лапушыстай, пакропленай начной расой гародніне пачалася лютая барацьба. Злачынца некалькі разоў балюча выцяў хлопца. Алесь адбіваўся, біў, куды трапляла, але ён вельмі хутка адчуў, што перамога будзе не на яго баку. Уцякач кароткай спрактыкаванай хваткай паваліў хлопца і ўсім сваім цяжарам узваліўся на

яго. Адной рукой ён лаўчыў ямчэй ударыць, а другой хапаў за горла. Алесь круціўся пад ім, як мог, але ў яго вачах ужо разы са два бліснулі агністыя іскры i заняло дыханне. Нарэшце, з усяе сілы ўстрапянуўшыся, ухапіў зубамі варожую пяцярню, што дабіралася да яго шыі.

Злачынца замычэў ад болю, пакінуў Алеся і зноў рынуўся наўцёкі. Але хлопец не адставаў. Абодва яны выскачылі на вуліцу, i тут бандыт моцным размашыстым ударам выцяў Алеся па твары.

У вачах Алеся бліснуў, нібы лопнуў, нейкі жоўты вогненны шар, ён адчуў, што страціў апору, але ўсё-ж не выпускаў з рук забойцу. Вочы яго раптам заплылі слязьмі ад болю і пякучай крыўды. А той другі раз і трэці ўдарыў па галаве, потым яшчэ і яшчэ. Алесь на­рэшце выпусціў яго адзежыну і нема закрычаў. Падаючы ніц, ён яшчэ замахнуў рукой і з апошняе сілы ўхапіўся за нагу свайго ворага, ад чаго той зноў спотырч пляснуўся аб зямлю. У гэты момант хлопец пачуў недалёкія галасы, тупат ног і... страціў прытомнасць.

Хутка навокал загаманілі людзі, нехта падняў Алеся з зямлі. Ён, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, пазнаў змораны лапатаў голас і, зірнуўшы, заўважыў, што з неба свяціў акрайчык месяца, адна палова вуліцы стулілася ў цяні, а ля другой на відным месцы некалькі цьмяных постацей валтузіліся са злачынцам.

Алесь паволі пераступіў з нагі на нагу і, кульгаючы, падаўся да людзей. Патрывожаная начным здарэннем, вуліца ажывала. Аднекуль з’яўляліся людзі, у веснічках стаялі здзіўленыя поўапранутыя жыхары.

Нарэшце, калі міліцыянер і Лапата звязалі злачынцу, рукі, афіцэр міліцыі бліснуў на мо­мант у твар затрыманага кішэнным ліхтарыкам і здзіўлена вымавіў:

— Эге! Ды гэта-ж Фараон! Вось як ты трапіў да нас!

Алесь пачуў гэтае знаёмае імя і аж уздрыгнуў ад страху. Але палохацца цяпер не было чаго. Бандыта моцна трымалі. Наўкол узбуджана гаманілі людзі, і з ix гамонкі Алесь дазнаўся, што гэты рэцыдывіст нажом тарнуў нейкага чалавека, які, казалі, наўрад ці выжызе ад раны.

Бандыта пэвялі, а да Алеся падыйшоў усхваляваны, змораны Лапата.

— Ну, як ты? — цяжка дыхаючы, запытаў ён. — Не параніў ён цябе?

— Ды не, — адказаў Алесь. У яго душы адразу павесялела ад чуласці таварыша, а боль i слабасць, здаецца, адразу сталі меншымі.

— А я аж напалохаўся, калі ты знік. Думаў, можа забілі цябе.

Яны зноў пайшлі поплеч за натоўпам, які цягнуўся за міліцыянерамі. На заходняй палове неба з усёй моцы свяціў спазнелы маладзічок і ззялі зоры, а на ўсходняй, ужо разганяючы мігатлівую цемру, плыло іншае святло — там нараджаўся ранак.

У Алеся балела ў баку, балела левая нага i слабасць знясільвала цела. Піліп цяпер не адыходзіў ад яго і, убачыўшы, што хлопцу цяжка ісці, сказаў:

— А ты абапірайся на мяне.

Алесь паклаў на яго плячо сваю руку i гля_ нуў у твар. У прыцемках ён не ўбачыў піліпавага позірку, але, бадай, i не трэба было нічога бачыць. Узаемнае добрае імкненне адзін да аднаго яны разумелі без слоў.

— Што, вельмі баліць нага? — пытаў Піліп. — Давай я цябе паднясу, калі хочаш. Бярыся!

Алесь аж засаромеўся ад гэтай шчырасці, але сказаў, што дойдзе сам: нага баліць, толькі не вельмі.

Яны яшчэ памаўчалі, кожны паасобку ду­маючы аб сваім, і тады ўпершыню ў іх нарадзілася нешта блізкае, цёплае ў іх адносінах. Потым Піліп сказаў:

— Аднак ты смелы, брат. Ціхі, маўклівы, а нішто...

— I ты таксама... справядлівы.

— А ты не ведаў? — пажартаваў Піліп.— Ды вось мы і спазніліся.

Алесь удзячна зірнуў на яго, іх позіркі сустрэліся, i абодва яны шчасліва засмяяліся.

Назад 1 2 3 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*