Макс Шчур - Упырхлікі
Між тым ува ўнівэрсытэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім, як я, дарога адразу ў войска (у гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня). Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі — ну, хачу памерці за Радзіму (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер — Беларусь). А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ — на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.
Замест вайсковай катэдры я запісаўся ў танцавальны ўнівэрсытэцкі ансамбаль „Дзедканданс“. Народныя касьцюмы, якія выдавалі ў ансамблі, былі нашмат прыгажэйшыя за вайсковую форму. Апрача таго, у ансамблі ня трэба было стрыгчы валасы, а толькі пазногці на нагах, каб тыя ўлязалі ў боты, ну і да ўсяго ансамбаль меў права, у адрозьненьне ад вайсковай катэдры, выяжджаць раз на год за мяжу на міжнародныя агледзіны, а гэта акурат супадала з маімі плянамі. А пляны мае былі такія: яшчэ да таго, як мяне канчаткова вытураць з унівэру, пасьпець пабачыць сьвет і навучыцца як сьлед прынамсі аднаму народнаму танцу. Што я ў душы народны танцор, я зразумеў пасьля таго, як мяне затрымалі на менскім вакзале, дзе я ў падпітым стане (ну сябра праводзіў, што тут такога) дэманстраваў напалоханым людзям нейкія старажытныя антраша. Гэта палічылі нацыяналістычнай агітацыяй і зноў упаялі мне суткі. Тут я ўжо ня вытрымаў і пасьля адсідкі пайшоў проста ў Хельсінскі камітэт: прадставіўся чальцом групоўкі „Чорны Недадзел“ і заявіў, што мяне перасьледуюць паводле нацыянальнай прыкметы (а менавіта народнага танцавальнага касьцюму, у якім я палюбіў хадзіць і па-за рэпэтыцыямі, у тым ліку на заняткі, як сапраўдны народнік). У камітэце мне выдалі Пасьведчаньне рэпрэсаванага з подпісам Зянона Пазьняка („Падацяля сяго прыгрэць, накарміць, прытуліць. Зянон.“), але на ўсякі выпадак яшчэ параілі дадаткова зьвярнуцца ў Навінкі. Навінкі — гэта была тады такая распаўсюджаная маладзёвая й малатыражная газэта, што выдавалі мае сябры-анціхрысты зь „Недадзелу“. Ну, то я ў яе зьвярнуўся і паведаміў сябрам па сакрэце, што нашая танцавальная трупа якраз зьбіраецца ў замежную гастроль, і што з гэтай нагоды мне не зашкодзіла б мець з сабою апроч пашпарту яшчэ й чорную кніжку анархіста. Гэтая кніжка й аказалася ў выніку маёй пуцёўкай у жыцьцё.
4.
Мы едзем едзем едзем у далёкія края.
Аўтар гімну Расейскай Федэрацыі
Шчыра кажучы, я не асабліва задумваўся, куды канкрэтна кіраваўся аўтобус з нашым ансамблем, — мне проста было прыемна, што я ўпершыню ў жыцьці афіцыйна еду за мяжу, і гэтым разам — бязь дзядзькі Базыля, як дарослы. Паводле вечаровага сонца, якое сьляпіла мне вочы, я вызначыў, што едзем мы ў заходнім кірунку, і гэтага мне было дастаткова. Памятаю, па дарозе я яшчэ спрабаваў падбухторыць ансамбаль захапіць аўтобус і застацца дзе-небудзь за мяжою ў поўным складзе, як ужо раней спрабавала ня менш таленавітая за нас сям’я Авечкіных — усе думалі, што я жартую, таму ніхто маёй ініцыятывы не падтрымаў, пры тым, што ў сямейных повязях між чальцамі ансамблю недахопу не было. Ну, то я й плюнуў і пачаў рыхтавацца да высадкі самастойна. Перад нашым галоўным фэстывальным выступам я незаўважна зьнік зь пераапраналкі з рэчамі (збольшага сваімі) і зьмяшаўся з глядацкім натоўпам. Ля самага выхаду я яшчэ азірнуўся на сцэну, дзе акурат у той момант паводле ўсіх законаў харэаграфіі мусіў быў сам выскачыць з-за кулісаў у якасьці саліста — шчыра скажу, без майго сольнага выступу ўвесь танец ператварыўся ў абы-што, мне ажно стала сорамна за сваіх зьбітых з рытму й з панталыку калегаў, і я пасьпяшаўся хутчэй сысьці, каб ня бачыць гэтае ганьбы. Схапіўшы першую таксоўку, я папрасіў, каб мяне адвезьлі ў паліцыю (гэтую ангельскую фразу я завучыў у аўтобусе па дарозе). Таксіст, на шчасьце, аказаўся ўкраінцам, які хоць і не зразумеў маёй фразы, але вельмі добра ведаў акалічнасьці працэдуры, якая мяне толькі чакала — ён некарысьліва прапанаваў не марнаваць часу й завезьці мяне адразу ў лягер для ўцекачоў (слова „лягер“ мне зусім не спадабалася), месца знаходжаньня якога было яму добра вядомае. Я пагадзіўся, бо ня мог ведаць, што гэта настолькі далёка — мы ехалі, пакуль не пайшоў дождж і не надышла ноч, а ў выніку мне давялося аддаць яму ўсю сваю валюту, з такой цяжкасьцю ашчаджаную зь дзедавай і бабцінай пэнсіі. Што ж, затое мне ўдалося зь першага разу трапіць, што называецца, па адрасе — гэтым я сябе й супакойваў. На разьвітаньне таксіст зрабіў мне яшчэ адну ласку й паведаміў, што я знаходжуся ў Чэхіі (я крыху пашкадаваў, што насуперак сваім спадзяваньням ня трапіў у Польшчу, але што ўжо зробіш, калі я ўсю яе дарогаю праспаў).
Стоячы пад дажджом, я пазваніў у жалезную браму — адчыніць мне выйшла маладая жанчына ў форме, падобнай да вайсковай, але зусім не такой, як у палкоўніка Кастамалоцкага. Як жанчына, так і яе форма адразу мне спадабаліся. Я назваў ёй нараены мне таксістам пароль „азіл“ (я запамятаў яго як „Ліза“ наадварот) — жанчына ўздыхнула і ўпусьціла мяне пад страху сваёй хаткі, дзе я тут жа зьняў і павесіў сушыцца свой народна-танцавальны строй. Пабачыўшы гэта, жанчына залямантавала й паклікала свайго мужа, таксама ў вайсковым і ў фуражцы, які тут жа надаваў мне па шыі, згроб мае рэчы й заштурхаў мяне разам зь імі ў нешта накшталт карцэру. Нечакана для сябе я апынуўся ў досыць прасторным і цалкам пустым неасьветленым памяшканьні, накшталт нашай школьнай клясы ці дзетсадкоўскай спальні, запоўненым двух’яруснымі мэталічнымі ложкамі. Я доўга ня мог вызначыцца, каторы зь іх павінен быць мой, і ня мог уцяміць, куды падзеліся астатнія арыштанты — мабыць жа, паўцякалі. Ад іх засталіся толькі надпісы на мурах, вышкрабаныя жалезам і пазногцямі — усё рыхтык як у нас на Акрэсьціна. Чыркануўшы запалкай, я пачаў азнаямляцца з графіцямі, і ў мяне тут жа ўзьнікла адчуваньне, што я сплю й сьню ўрок геаграфіі. На мурах красавалі імёны людзей і назвы самых розных краінаў у самых розных мовах і шрыфтах сьвету, якіх я дагэтульніколі ня бачыў і ня чуў. Што да іхнага зьместу, то нават на мурах Брэсцкай крэпасьці-музэю не адлюстравалася такой багатай шкалы эмоцый. Усё гэта, разам з блізкасьцю жанчыны ў форме за сьценкай, узрушвала мяне амаль сэксуальна. Упершыню за гады ў мяне быў уласны пакой! Засынаючы на цьвёрдым сьмярдзючым матрацы, я думаў пра банальна-ўтульны гатэль, дзе цяпер сьпяць мае таварышы-танцоры, і крыху шкадаваў, што здрадзіў ім пасярод фэстывалю, а не пасьля. Мог прынамсі адскакаць свой сольны выступ. Згрызоты сумленьня доўга не давалі мне заснуць.
Прачнуўшыся раніцай, я нейкі час ня мог прыгадаць, дзе й якім чынам я апынуўся — але потым агледзеўся і ўбачыў, што побач са мною (балазе на іншым ложку) сьпіць негр. Дагэтуль я бачыў неграў жыўцом усяго толькі пару разоў у менскім інтэрнацкім жыцьці, зь бясьпечнай адлегласьці — а тут гэты мурын храпеў у мяне пад самым носам. Ня ведаю, у нас у інтэрнаце дык прынамсі былі для неграў асобныя пакоі, а на некаторых прыбіральнях было так і напісана: "Фор ўайт онлі". Гэтак я адразу зразумеў, што ў гэтай іхнай Чэхіі беламу чалавеку будзе зусім ня проста, не раўнаючы ў амэрыканскай турме.
Я выйшаў на двор нэрвова пакурыць і пераканаўся, што насамрэч знаходжуся ў лягеры: пра гэта сьведчылі высокія жалезныя платы, краты й калючы дрот. Мне зрабілася непамысна. Тым часам негр прачнуўся й прыйшоў са мною знаёміцца, праз што мне давялося паціснуць яму руку. Выявілася, што ён зь Нігерыі (ціпа я дальтонік), дзе ўжо некалькі стагодзьдзяў нібыта адбываецца нейкая вайна, а сам ён, маўляў, нейкі нефіговы палітычны змагар, аўтар некалькіх рэпавых пратэст-сонгаў, якія ў іхнай Нігерыі, паводле ягоных словаў, шалёна папулярныя. Каб не застацца ў даўгу, я таксама пахваліўся яму, што я чалавек творчы, а менавіта танцор, і нават за свае народныя танцы быў аднойчы арыштаваны. Мурын нечувана зьдзівіўся: за што ўжо за што, а каб затрымлівалі за танцы, такога ў іх у Афрыцы ўявіць сабе было немагчыма. Ен пацікавіўся, зь якой гэта я такой жудасна таталітарнай краіны, і я з гонарам адказаў, што з нашай.
5.
Занімай, Беларусь маладая мая,
свой пачэсны пасад між народамі!
Купала
Як я ў той жа дзень з жахам пераканаўся, я трапіў у тыя самыя вайсковыя казармы, якіх сваім удзелам у народным ансамблі гэтак спадзяваўся пазьбегчы. Шчасьце яшчэ, што казармы былі былыя — калісьці яны належалі савецкім акупантам, а пасьля іхнага тактычнага адступленьня былі, праз адсутнасьць лепшых ідэяў, ператвораныя ўва ўцякацкі лягер. Лягер быў насамрэч фарпостам эўрапейскай імпэрыі, мяжа якой праходзіла тады яшчэ ў трыццаці кілямэтрах на поўнач ад яго: усіх, злоўленых на той мяжы, аўтаматычна накіроўвалі сюды, каб не будаваць для іх асобных гатэляў у самой Эўропе. Пасьля дробных фармальнасьцяў, такіх як здача беларускага пашпарту й падрабязны пераказ усяго, што я паведаміў вам у папярэдніх разьдзелах, то бок майго гаротнага жыцьця на Бацькаўшчыне, ну й яшчэ пасьля праверкі на вашывасьць, СНІД ды іншыя брыдоты (якіх у мяне не было), з карантыннай клеткі, у якой я пераспаў яшчэ колькі начэй, мяне выпусьцілі ў вальер — то бок у зону адносна вольнага перамяшчэньня, абмежаваную лягерным плотам (ужо бяз дроту). На зоне стаяла некалькі аднапавярховых баракаў і адзін пяціпавярховы цагляны дом, дзе раней жылі савецкія афіцэры, а цяпер — блатныя, але ня зэкі (тыя акурат жылі ў бараках), а сямейнікі. Я інстынктыўна ламануўся да дому, бо рыхтык у такім марыў жыць ад самага пачатку да самага канца жыцьця (на вёсцы ён лічыўся б шматпавярховікам, а я так і хацеў — каб на вёсцы, толькі па-гарадзкому), аднак мяне своечасова прытрымалі й пацягнулі ў барак. Там ужо мяне не чакала нічога новага: барак быў падзелены на дзясятак-тузін пакояў, у якіх жылі па тры-чатыры чалавекі, ну проста як у нашым інтэрнаце, з той толькі сумнай розьніцай, што тут былі адны мужыкі — для самотных жанчын быў прадугледжаны асобны барак з браніраванымі дзьвярыма, які амаль увесь час пуставаў, бо самотныя жанчыны ў лягер чамусьці ня надта імкнуліся, нягледзячы на дзьверы. Выхавацелька (так афіцыйна называлася ейная пасада, хаця паводле ўзроўню штодзённай небясьпекі больш адпаведна было б параўнаць яе з дрэсіроўшчыцай) за ручку завяла мяне ў пакой і пазнаёміла зь дзецьмі, якія былі ў сярэднім гадоў на дзесяць за мяне старэйшыя: армянінам, малдаванінам і латышом. Я адразу адчуў сябе, як у Артэку, дзе дагэтуль ніколі ня быў. Вось ён, парадокс: імкнучыся ўцячы ад постсавецкага грамадзтва, я трапіў у самы што ні ёсьць яго эпіцэнтар.