KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Сяргей Белаяр - Марныя спадзяванні-2

Сяргей Белаяр - Марныя спадзяванні-2

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн "Сяргей Белаяр - Марныя спадзяванні-2". Жанр: Прочее издательство неизвестно, год неизвестен.
Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:

Логаш з надзеяй паглядзеў на стол. Расціснутага трупіка казуркі нідзе не было. «Збег», — рыпнуўшы зубамі, зразумеў менеджар «Чатырох колаў». Стала крыўдна да слёз. Падобнае расчараванне Яраслаў перажыў у раннім дзяцінстве — калі высветлілася, што Дзедам Марозам быў бацька. Не дазваляючы гаркаце ўзяць над сабой верх, Логаш павёў позіркам па кухні. Прусак сядзеў на падаконніку.

Мужчына пачаў насоўвацца на ворага. На вусатага захопніка намеры менеджара «Чатырох колаў» не зрабілі ніякага ўражання. Казурка праігнаравала Яраслава, быццам яго і не было. Нахабна варушыла вусамі, насміхаючыся над мужчынам. Логаш сціснуў сківіцы, размахнуўся... і трапіў тапкам прама ў люстру, якая ад моцнага тычка загайдалася. Менеджар спалохана азірнуўся. Паглядзеў на свяцільню. Са спазненнем ухапіўся за яе. Лепш бы гэтага не рабіў. Каардынацыя рухаў відавочна нікуды не гадзілася. Сказаўся выпіты ўчора алкаголь. Замест таго каб утрымаць люстру, мужчына ірвануў яе яшчэ мацней. Гак не вытрымаў напружання. Мацаванні абарваліся, і свяцільня звалілася. Логаш у спалоху адскочыў. Наляцеў на стол. Ад штуршка бутэлькі і пустыя кансервавыя банкі вадаспадам абрынуліся на дыван. Грукат стаяў такі, нібы статак сланоў вырашыў павесяліцца ў пасуднай краме...

Прусак, дробненька пратупаўшы па сцяне, накіраваўся да дзвярэй. Яраслаў паглядзеў на яго налітымі крывёй вачыма. З лаянкай кінуўся ў пагоню. Прышэлец апынуўся жвавым. Хутка дабраўся да дзвярэй. Сігануў па сця­не ўніз. Саскочыў на падлогу і пабег у пярэдні пакой. Логаш не адставаў. Размахваючы тапкам, «ляцеў» следам. Паліцы з тэлефонам мужчына не заўважыў. Зачапіў апарат плячом. Зляцела і, боўтаючыся, павісла на провадзе трубка. Звалілася на падлогу запісная кніжка. Пасыпаліся ручкі.

— Ах ты, гадзяня! — залямантаваў Яраслаў. Нянавісць надала мужчыне сіл. Яраслаў забыўся пра «бадун» і цалкам засяродзіўся на пагоні. Прусак прашэрхаў па дыване, спрытна заскочыў на сцяну. Накіраваўся да люстэрка. Пляскач прайшоў міма. Інерцыя ўдару падкінула прыхадня, надаўшы яму дадатковае паскарэнне. Стварэнне слізганула па гладкай паверхні, адштурхнулася ад лямпачкі і кінулася да столі. Новы ўдар ледзь не зваліў люстэрка. Яно небяспечна захісталася. Логаш паспяшаўся схапіцца за люстэрка, памятаючы аб прыкмеце, звязанай з ім. Пакутаваць некалькі гадоў з-за нейкай вусатай мярзоты менеджар «Чатырох колаў» не хацеў.

Прусак прабег па столі з метр, пасля чаго саскочыў на куртку. Пратупаў па сінцепоне. Шчасна пазбег удару тапкам, пасля чаго ірвануў да шафкі, дзе высіліся шэрагі флаконаў з адэкалонам і балоны дэзадарантаў. Не ў сілах утаймаваць паляўнічы інстынкт, Яраслаў умазаў тапкам па ахвяры. Не патрапіў, затое абрынуў на падлогу батарэю слоічкаў і флаконаў, якія радасна загрукацелі па суседстве з чаравікамі. У паветры паплылі прыкрыя флюіды адэкалона.

Логаш раз'юшыўся. Цяжка дыхаючы, ізноў узмахнуў тапкам. Прышэлец без асаблівай цяжкасці сышоў убок. Слізгануў па плашчы. Хутка патупаў па дыване.

— А ну — стаяць! — закрычаў Логаш, беспаспяхова спрабуючы нагнаць уцекача. Не атрымалася. Прусак метэорам праляцеў калідор. Выскачыў у пакой. Рэзка развярнуўся на месцы, затым ускараскаўся на крэсла. — Стаяць, табе кажу!

Сэрца грукала, нібыта кулямёт. Ірвалася з грудзей. У галаве працавала кузня. Яраслаў паморшчыўся ад болю. Выцер спатнелы твар. Пагоня пачала стамляць. Тым не менш, ад расправы з няпрошаным госцем мужчына адмаўляцца не збіраўся. Даў сабе слова, што абавязкова пакончыць з захопнікам. Гэта было справай гонару...

Прусак паварушыў вусамі. Патузаў лапкамі, як быццам заахвочваючы чалавека.

— Здзекуешся? — стомлена запытаўся Яраслаў, пераводзячы дыханне. Прышэлец не адказаў. — Зараз ты ў мяне атрымаеш!

Моцна сціснуўшы прыладу адплаты, мужчына кінуўся ў новую апантаную атаку. Як і варта было чакаць, удар прыйшоўся ў нікуды. Шматногае стварэнне нырнула на сядзенне. Праляцела па ножцы крэсла. Упала на дыван. Тапак урэзаўся ў спінку. Перакуліў крэсла, якое з грукатам павалілася на падлогу. Пырснуў шкляны фантан.

— О ё! — выдыхнуў менеджар, калі зразумеў, да чаго прывялі яго дзеянні. Крэсла апусцілася прама на смартфон. Дашчэнту раскалашмаціла сэнсарны экран. «Тысяча баксаў» — сумна падумаў Логаш. — Ну ўсё, ты — нябожчык!

Лютасць затапіла мозг. Яраслаў забыўся пра ўсё на свеце. Адзінай яго думкай была расправа з праклятай казуркай. Трасучы тапкам і агалошваючы паветра ваяўнічым заклікам, мужчына працягнуў паляванне. Наступны ўдар прыйшоўся на ноўтбук. На шчасце, камп'ютар усяго толькі слізгануў па стальніцы. Затое штодзённік спланаваў на падлогу. Упаў няўдала — адарвалася вокладка. Ноздры менеджара «Чатырох колаў» раздзьмуліся ад гневу. Ён ужо не кантраляваў сябе. Не звярнуў увагі на збітую вазу і велізарную пляму на падлозе. Праігнараваў паліцу з дыскамі, што павалілася на падлогу. Лупіў і лупіў тапкам, спрабуючы дагнаць ворага...

Са справаздачы афіцыйнага прадстаўніка Зорнай Садружнасці пасланца міру 9-й прыступкі Зімеракара Думаркамеіра, крюма Фракенрэга:

«...З найвялікшым смуткам павінен давесці да ведама Савета старэйшын, што высунутая Аддзелам іншапланетных формаў жыцця здагадка аб разумнасці насельніцтва Тэры і гатоўнасці яго да Кантакту аказалася ў корані няслушнай.

Жыццё на планеце Тэра адрозніваецца крайняй ступенню агрэсіўнасці і варожасці. Як ледзь пазбегнуўшы пакутлівай смерці ад рук тубыльца, хачу папярэдзіць Савет старэйшын аб небяспечнасці жыццёвай формы homo sapiens і нагадаць, што пройдзе яшчэ не адзін мільён гадоў, перш чым чалавецтва зможа ўліцца ў шэрагі Садружнасці...»

25-26 мая 2011 г.

Назад 1 2 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*