Сяргей Белаяр - Сіндром Кеслера
Пустата калязямной прасторы палохала — было ў ёй нешта няправільнае.
— Каардынаты супадаюць! — нарэшце паведаміў дыспетчар.
Сэрца Хартэсно ёкнула. Адмірал сціснуў кулакі і загадаў:
— Прыступіць да дыстанцыйнага сканавання!
Пакуль спецыялісты займаліся праверкай калязямной прасторы, Хартэсно спрабаваў асэнсаваць адсутнасць усякай пазаземнай актыўнасці. Для цывілізацыі, якая абмінула стадыю самагубнага ядзернага вар'яцтва, пустата бліжэйшага космасу не была характэрнай.
«Тады чаму нічога няма?»...
Адмірал перабіраў варыянты і адкідваў іх адзін за другім. Знаёмства з гісторыяй Айкумены дазваляла яму рабіць абгрунтаваныя высновы.
Нешта не давала пасланцу добрай волі спакою, але што? Разабрацца ён ніяк не мог.
«Вайна? Уварванне?.. А дзе тады сляды баявых дзеянняў?»
Хартэсно ўважліва сачыў за вынікамі сканавання, усё больш здзіўлены пустэчай. Разведка адказу не дала.
— Сір, дазволіце выкарыстаць зонды? — звярнуўся да адмірала другі намеснік.
Навукова-даследчыя апараты дазвалялі «разглядзець» любую планету на глыбіню ў тысячу кіламетраў.
— Толькі акуратна! Не хачу, каб зямляне вырашылі, што мы спрабуем разведаць іх абарону!
— Зразумела, сір! Усё будзе зроблена ў лепшым выглядзе! — запэўніў Лаворгс і аддаў у мікрафон загад пачаць разведку.
«Ла-Гроа» «выплюнуў» тры зонды. Бліскучыя металічныя кроплі накіраваліся да планеты. Па меры скарачэння адлегласці паміж зоркалётам і Зямлёй хваляванне адмірала ўзмацнялася.
Навукова-даследчыя апараты замерлі ў ста тысячах кіламетраў ад арбіты планеты і пачалі перадаваць першыя дадзеныя.
— Гэта смецце, сір! — уразіўся капітан трэцяга рангу.
— Бачу, Лаворгс! — кіўнуў Хартэсно і ў рэшце рэшт зразумеў, што выклікала ў яго неспакой, — тэхнагенныя аб'екты, якія ўтваралі тоўстую скарынку.
— Агульная маса — шэсцьсот мільёнаў тон! — жахнуўся другі намеснік. — І цэлых тры слаі: дваццаці, адзінаццаці і васьмі кіламетраў таўшчынёй адпаведна. Гэта не лічачы мноства фрагментаў рознай масы... Жах!
Першы слой смецця размяшчаўся ў трыццаці шасці тысячах кіламетраў ад Зямлі, другі — у дзвюх тысячах, трэці — у чатырохстах кіламетрах ад паверхні. Няма чаго было і думаць пра тое, каб прабіцца скрозь іх да планеты. Разлікі штучнага інтэлекта паказвалі, што «Ла-Гроа» пратараніць усе тры слаі не зможа, а магутнасці супрацьастэроідных гармат на прабіванне дзіркі дастатковай для праходу зоркалёта памеру не хопіць.
На капітанскім мосціку павісла напружаная цішыня.
Прайшло не менш за вечнасць, перш чым адмірал сказаў:
— Лаворгс, няхай зонды правераць наяўнасць разумнага жыцця на планеце!
— Ёсць, сір! — адгукнуўся капітан трэцяга рангу і аддаў новы загад. Адказ прыйшоў праз некалькі хвілін: разумнае жыццё на Зямлі прысутнічала, але радавацца гэтай акалічнасці не даводзілася, бо чалавецтва вярнулася ў сярэднявечча. — Хто мог падумаць, што людскую цывілізацыю пераможа звычайнае смецце!..
Адмірал быў расчараваны — надзеі Асамблеі не апраўдаліся. Праляцець сто пяцьдзясят тысяч светлавых гадоў і нічога не знайсці...
Прысутнічала у гэтым злая іронія Універсума.
— Вяртаемся! — з цяжкім сэрцам загадаў Хартэсно.
— Так, сір! — не стаў пярэчыць Лаворгс. Капітан трэцяга рангу выдатна разумеў, што кандыдаты на ўступленне ў Асамблею разумных светаў Айкумены павінны яшчэ дарасці да Кантакту.
Самі, без старонняй дапамогі.
— Дыск з пасланнем пакінем на Месяцы. Няхай ён стане напамінам для будучых пакаленняў зямлян аб былой велічы чалавецтва!
— Думаеце, яны зноў змогуць вярнуцца да зорак, сір?
— Хочацца на гэта спадзявацца!..