Сяргей Белаяр - Логіка негуман
— Хто гэта, Долмат?
— Здаецца, мы ўсё ж такі не самотныя ў Сусвеце... Браты па розуме завіталі!
— Мне страшна!
— Не бойся, я з табой! — якія яшчэ словы мог знайсці Ракса?
Іншапланетны зоркалёт завіс прыкладна за сотню кіламетраў ад касманаўтаў.
Нават на такой адлегласці ён здаваўся велізарным. У корпусе з’явілася дзірка, з яе вылецеў бот. Яму спатрэбілася ўсяго некалькі секунд для таго, каб наблізіцца да Раксы і Гаўрыш.
Не менш за хвіліну бот вісеў без руху, затым падаўся назад і адкрыў люк у выпуклым пузе.
— Што адбываецца? — жанчына паспрабавала прыціснуцца да мужчыны, але пасля таго, як страховачны трос сам па сабе расшматаўся, Раксу з нарастаючай сілай пацягнула да бота. — Не адпускай мяне!
— Трымаю!
Прыцягненне аказалася мацнейшым. Як толькі мужчыну ўсмактала ў дзірку, люк зачыніўся, а бот узяў курс на касмічны карабель.
— Не, пачакайце! Там мая жонка! Вы пакінулі Сняжану! — Ракса рынуўся да люка. Мужчыну адкінула пасля першага ж удару кулаком па метале.
Свядомасць змеркла...
Ачуўся Ракса ў вялікім памяшканні з паўкруглым скляпеннем. У вочы, прымушаючы жмурыцца, біла яркае святло.
Мужчына зрабіў спробу прыкрыць вочы рукой і са здзіўленнем усвядоміў, што не ў стане паварушыцца: рукі, ногі, грудзі і лоб апярэзвалі мяккія, але трывалыя рамяні.
Ля ложка стаялі двое. Відавочныя негуманоіды.
Істоты з цікавасцю разглядалі Раксу і перагаворваліся паміж сабой на свісцячай мове.
— Вызваліце мяне!
Негуманоіды перазірнуліся, пасля чаго сінхронна сціснулі залацістыя абручы.
— Гэта для вашай жа карысці! — у голасе звінеў метал.
— Я патрабую, каб вы неадкладна знялі з мяне рамяні і вярнуліся за Сняжанай!
— Адказ адмоўны!
— Калі вы не вернецеся, яна памрэ ад асфіксіі! У яе вось-вось скончыцца кісларод!
— Адказ адмоўны! Біялагічная небяспека — унутры самкі знаходзіцца чужая форма жыцця.
— Што? — Ракса не адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка. А калі да яго дайшоў сэнс, вочы камандзіра «Непатрабавальнага мула» шырока раскрыліся ад жаху.