Кацярына Мядзведзева - Разламашкі майстра Люфта
— Прабачце, не гуляю, — развёў рукамі Антон.
— Э-э, што за моладзь пайшла, — расчаравана працягнуў дзядзька і схаваўся за дзвярамі.
Антон толькі гэтага і чакаў, каб драпежна накінуцца на ляльку. Але яго чакала расчараванне. Гэта быў даволі прымітыўны трапічны паяц, зусім мяккі навобмацак, набіты каменьчыкамі ці крупамі. І што ў ім можа быць зламана, калі ён, як кажуць, без касцей?
Тут з’явілася Юлія ў вячэрняй сукенцы колеру шампанскага і з ніткай перлін ледзь не да пупка.
— Ты што, з глуздоў з’ехаў? — прашыпела яна. — Вячэра праз дзесяць хвілін, а ты яшчэ не прыняў душ і не апрануў касцюм! Пакінь у спакоі гэтую няшчасную ляльку, Кіра ўсім гасцям з ёй надакучае, і яшчэ ніхто не разгадаў сакрэт.
***
Яны спусціліся ў сталовую, трымаючыся за рукі, так загадала Юлія. Антон, з вільготнымі валасамі, у касцюме і гальштуку, адчуваў сябе быццам на здымках кінастужкі. Гэта адчуванне ўзмацнілася за сталом. Сурвэткі ў срэбных колцах, графіны і соуснікі, шампанскае ў вядзерцы з лёдам, мужчыны адсоўваюць крэслы дамам, дамы ў вячэрніх туалетах, у мужчын колер гальштука супадае з колерам палосак на кашулях ды іншае.
Разглядаючы старадаўні парцалян і срэбра, Антон дзівіўся: кім жа прадставіла яго Юлія, калі дзеля яго наладжваюць такі прыём? А што сямейства Люфтаў штодня трапезнічае ў падобных дэкарацыях, яму неяк не верылася.
Ён сядзеў побач з Юліяй і разглядаў астатніх. Кіра, у чорнай аксамітавай сукенцы з асляпляльна белым каўняром, нагадвала школьніцу на іспыце. Яна роўна трымала спіну і хмурна глядзела ў пустую талерку. Яе маці нервова круціла відэлец у тонкіх пальцах з доўгімі чырвонымі пазногцямі і чамусьці драпежна ўсміхалася. Дзядзька Карл з энтузіязмам чытаў этыкетку на бутэльцы шампанскага і быў цалкам паглынуты гэтым заняткам. Бабуля сядзела ў тарцы стала і вышуквала для Люфі смачныя кавалачкі на вялікім блюдзе з мяснымі далікатэсамі. Заўважыўшы, што Антон назірае, бабуля растлумачыла:
— Люфі — ён жа не для аховы. Для натхнення. Майстар Люфт быў з ім неразлучны.
Тым часам мілавідная жанчына ў фартуху абыходзіла стол, пхаючы перад сабой сервіравальны столік з вялікай супніцай і разлівала суп срэбным чарпаком. Антон падумаў, што гэта прыслуга, і быў здзіўлены, калі жанчына таксама ўселася за стол, а фартух зняла і павесіла на спінку свайго крэсла. Яе прычоска збілася, некалькі каштанавых кудзерак прыліплі да лба. Юлія пазірала на яе так, нібыта саромелася. Аказалася, гэта яе маці, мадам Клара, і ў яе хатнія абавязкі ўваходзіць гатаванне ежы на ўсю сям’ю. Насупраць мадам Клары крэсла пуставала.
— На жаль, бацька Юліі ў камандзіроўцы, — сказала бабуля Люфт, заўважыўшы, куды пазірае Антон. — Але не смуткуйце, сябручок, вы пазнаёміцеся з ім пазней. Усе ціха! — загадала яна, пастукаўшы нажом па крыштальным келіху. — Я маю паведаміць нешта прыемнае. А прыемныя навіны, як вядома, лепш выслухваць нашча. Шампанскага!
Дзядзька Карл клапатліва прыняўся адкаркоўваць бутэльку.
Бабуля паднялася, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх. Залаты ключ пабліскваў у яе на грудзях.
— Дазвольце прадставіць вам Антона, — прамовіла яна. — Гэта жаніх Юліі. Ён зрабіў дзяўчынцы прапанову, яна дала згоду. Будучай вясной адбудзецца вяселле.
Антон папярхнуўся сліной. Вытарашчыўшы вочы, ён паспрабаваў штосьці сказаць, але яго тут жа штурхнулі нагой пад сталом. Добра так штурхнулі, з усёй закаханасцю, на якую здольна палкая юная нявеста.
— Як гаварыў майстар Люфт, складнага вам жыцця! — прамовіла бабуля, і ўсе паднялі келіхі.
Антон глядзеў на Юлію і не ведаў, як неўзаметку прашаптаць ёй усё, што ён думае. А яна падміргвала яму, піла келіх за келіхам і весялілася. Яму ж і кавалак у горла не лез. А тым часам вячэра ішла сваім ходам, усе выпівалі і закусвалі, закусвалі і выпівалі, гучалі тосты, змяняліся стравы, мадам Клара мітусілася паміж кухняй і сталовай, прыносячы новыя пачастункі, а Люфі абыходзіў усіх па чарзе, скавытаў і лісліва зазіраў у вочы.
Антон бачыў, што на яго пазіраюць. Цётка Аліна вывучальна, як на кавалак торта, быццам разважала: есці яго ці паберагчы фігуру. Дзядзька Карл — іранічна, мадам Клара — усхвалявана і з нейкім незразумелым жалем. А вось Кіра яго трохі спалохала. Дзяўчынка глядзела так пільна і злосна, быццам разгадала яго сапраўдны план. Сустрэўшыся поглядам з Антонам, яна апусціла вочы і прынялася з азвярэннем выкалупваць грыбы з валаванаў. «Яна здагадваецца», — зразумеў Антон і для блізіру пачаў ажыўлена гутарыць з Юліяй, прыкідваючыся не закаханым, але зацікаўленым. А бабуля задуменна пацягвала шампанскае і раптам ізноў пастукала нажом.
— Я хачу абвясціць тост за чалавека, які пабудаваў гэты дом. За чалавека, дзякуючы якому ўсе мы цяпер тут. За майго дарагога мужа.
— Нябожчыка-мужа, — дадаў Карл ціха, але бабуля пачула.
— Як табе не сорамна, — паўшчувала яна. — Ты старэйшы сын, спадкаемец, як смееш ты жадаць смерці бацьку?
— Але ён і напраўду памёр, — паціснула плячамі цётка Аліна. — Пяць гадоў ужо прайшло, пара б змірыцца.
— Ён не памёр, а знік, — запярэчыла бабуля. Яна павярнулася да Антона. — Многія лічаць, што ён зрабіў разламашку, усярэдзіне якой хаваўся цэлы свет. Зазірнуў у акенца — і не выстаяў, сышоў пагуляць туды. Таму я і не растаюся з разламашкамі, нягледзячы на выгодныя прапановы, — бо ўсярэдзіне адной з іх — яго душа.
— Бог з ёй, з душой, цела дзе? — прагаварыў Карл, а цётка Аліна прамовіла ліслівым голасам: — Прадаць душу — гучыць прывабна. За яе, звычайна, даюць нядрэнныя грошы.
— Наўрад ці д’яблу цікавыя разламашкі, — хмыкнуў дзядзька Карл, — а простыя смяротныя даўно ўжо не вераць у існаванне душы.
— Шкада, што вы не цікавіцеся разламашкамі, малады чалавек, — павярнулася бабуля да Антона. — На жаль, дзеці і ўнукі майстра Люфта не адчуваюць аніякай павагі да ягонай працы.
— Ды як жа не цікаўлюся? Ды я ж, — пачаў Антон, але тут яго зноў штурхнулі пад сталом так, што ён ойкнуў і замоўк. Юлія люта зірнула на яго. Бабуля зірнула таксама. Мабыць, у яе складвалася не лепшае ўражанне пра жаніха ўнучкі. Дзіўны нейкі, пастаянна пацепваецца, ніводную фразу дагаварыць не можа, давіцца ўвесь час.
Непрыемная тэма сышла на нішто. Бабуля завяла нудную гутарку з цёткай Кларай пра заўтрашняе меню ды спаржу. Дзядзька Карл учыніў рэвізію графінам з віном. Цётка Аліна вымаўляла Кіры з прычыны локцяў, якія нельга ставіць на стол, а потым запаліла, страсаючы попел у сваю талерку. Кіра ж, так і не прыбраўшы локці, задуменна складала з сурвэткі фігурку жырафа. А можа, гэта быў маяк. Антон сачыў за яе рукамі, дзівячыся лоўкасці. «Дзядулева лоўкасць, дзядулева... Цікава, ці вучыў яе майстар сваім сакрэтам?» Антон уявіў сабе новую шыльду на краме: «Кіра Люфт, разламашкі ды іншае балаўство».
Калі падалі каву, Юлія паднялася з-за стала і пацягнула за сабой Антона. Яны выйшлі ў цёмную гасцёўню, а адтуль — на другі паверх. Там таксама было цёмна. Юлія ўштурхнула хлопца ў нейкі пакой.
— Паслухай, што ты сабе ўявіла?! З якой радасці ты заяўляеш, што мы заручаны? Мы так не дамаўляліся!
— А ты ведаеш іншы спосаб незамужняй дзяўчыне прывесці ў дом старонняга мужчыну? — фыркнула Юлія.
— Але гэта ж падман, — прагаварыў Антон.
— Справа таго вартая, ці не так? — Юлія пстрыкнула ўключальнікам. Антон слепа залыпаў, а калі прыгледзеўся, у яго галава закруцілася, таму што сцены ў пакоі былі абвешаны зашклёнымі паліцамі, на якіх стаялі каштоўныя, непаўторныя, унікальныя разламашкі. Ды за тое, каб патрымаць хоць адну ў руках, Антон душу быў гатовы прадаць, не кажучы ўжо пра тое, каб прыкінуцца жаніхом прыгожай дзяўчыны. Разламашкі ззялі, вабілі, запрашалі.
— Ах, — выдыхнуў ён. — Божачкі.
— Задаволены? — усміхнулася Юлія. — Вось яны, твае скарбы. І што ты знаходзіш у гэтым пыльным барахле?
— Ты не разумееш, — прагаварыў Антон.
— Любуйся, — дазволіла Юлія. — Толькі хутчэй. Пакуль нас не застукалі.
— Што? — здрыгануўся Антон. — Так мы тут без дазволу тваёй бабулі?
— Зразумела, — чмыхнула Юлія. — Яна не дазваляе малазнаёмым людзям чапаць рукамі дзядуляву калекцыю. Бачыш стрэльбу на сцяне? Бабуля часта пускае яе ў ход. Прыйшлося наплесці ёй, што ты вывучаеш банкаўскую справу і цябе цікавяць выключна акцыі ды вексалі. Аматара разламашак яна б і на парог не пусціла.
Антон, не слухаючы яе, ужо прыціскаўся носам да шкла, каб лепей разгледзець разламашкі. Спічасты капялюшык і круглы шар, курыльная люлька і бляшаная бутэлечка з залатым вечкам, табакерка, люстэрка, караблік... Караблік... Цікава, якую загадку захоўвае ён у сваім труме?
— Даўнютка бабуля іх не перабірала. Усе пыльныя, — грэбліва сказала Юлія, выцягнуўшы пару разламашак.
— На, трымай, — яна сунула Антону пясочны гадзіннік, з чырванаватым, дробназярністым пясочкам. — Ужо пяць гадоў, як іх не трэба пераварочваць, пясок сыплецца і сыплецца, — Юлія казала сумным голасам, нібы праводзіла экскурсію для школьнікаў ці турыстаў.