Юры Станкевіч - Пакупнік сноў
***
Праз некалькі дзён, памяняўшы ў абменніку адну паперку, Кук, абцяжарыўшы свой пулярэс грашыма, купіў бутэльку прыстойнага каньяку і скіраваў да суседа. Яўген Мігель якраз знаходзіўся дома і, як ён патлумачыў госцю, дагэтуль, лежачы на канапе, глядзеў тэлевізар. Кук адразу пацікавіўся, ці не прыснуў часам перадусім гаспадар. Так, згадзіўся Мігель, ён сапраўды задрамаў, хаця дакладна ведае, што шкодна спаць побач з працуючым тэлевізарам. І ўвогуле, на захадзе сонца.
— І бачылі нешта ў сне?
— Але.
— Можа, зноў што-небудзь з тараканамі?
— Не, без гэтай брыдоты, — адказаў гаспадар і спытаў, заўважыўшы каньяк і ажывіўшыся: — Гэта з якой нагоды?
— Адзін не ўжываю, а з паважаным чалавекам чаму не пасядзець, не пагаварыць, — пасля секунднага вагання дыпламатычна ўхіліўся ад тлумачэння пра знаходку ў «сэкандзе» Кук.
Мігель зрабіў па бутэрбродзе, прынёс шклянкі, адкаркаваў бутэльку і наліў госцю і сабе. Абодва выпілі, адкусілі па кавалку, памаўчалі, а потым Кук сказаў:
— Маё пытанне невыпадковае. Справа ў тым, што я яшчэ крыху раней пачаў збіраць сны. І працягваю гэта рабіць.
— Разумею, — ніколькі не здзівіўшыся, заўважыў гаспадар. — Але я з дзяцінства памятаю, як бацькі пересцерагалі мяне, каб свае сны нікому і ніколі не расказваў. Калі сон аб’явіць на слых, то ён абавязкова спраўдзіцца — добры ці, наадварот, дрэнны. Калі чалавек яго раскажа — ён ужо не гаспадар лёсу, бо ў ход падзей умешваюцца невядомыя, магчыма, нават і незямныя сілы і будуць ім кіраваць.
— Так, — згадзіўся госць і дадаў з таго, што вычытаў з кніжак. — Яшчэ Жак Рубо адзначыў: «Мяркуючы, што рэальнасць зусім не рэальная, ці магу я ўвогуле лічыць сны снамі?» Я зараз вяду да таго, што вы, спадар Яўген, хоць і маеце рацыю, але запамятавалі пра тое, што ў кожнага правіла бываюць выключэнні. У нашым выпадку гэтым выключэннем з’яўляецца права на продаж.
— На продаж чаго?
— Сноў. Калі я буду іх купляць — то гэта зусім іншая справа. І калі вы не супраць, то я папрашу калі-нікалі і вас прадаць мне свой сон. Аплату мы ўзгоднім.
— Не магу ж я з вас браць грошы? У сутнасці за што?
— Магчыма і так, але калі я купляю сон, то мушу спадзявацца на яго каштоўнасць, — даводзіў Кук. — Гэта, прыкладам, як вы нешта прадаяце — абавязкова трэба ўзяць грошы, інакш ваш тавар не будзе мець вартасці. Нават калі котка прыносіць кацянят, гаспадары іх рады і так каму-небудзь аддаць, але бяруць жа за жывёлу ўсяго якую дробязь — на ўдачу.
Мігель падумаў і паціснуў плячыма.
— Справа ў тым, — сказаў ён, — што пасля аўтааварыі мае сны не зусім паўнавартасныя. Я захоўваю ў іх поўную свядомасць і ведаю, да слова, не толькі тое, што сплю, але і тое, што ведаю пра гэта веданне.
— Вось як? — зацікавіўся госць. — Але ж гэта значыць, што вы можаце кіраваць сваім сном і нават уплываць на яго? Бачыць нешта такое, што мы не бачым у звычайным сне? Вы можаце злётаць і пахадзіць па Месяцы, а потым вярнуцца назад. Я вам зайздрошчу.
— Не спяшайцеся. Гэтая хвароба з’явілася ў мяне ў «дурцы», дзе я ляжаў амаль месяц у сувязі, як я гаварыў раней, з траўмай галавы. Мяне вызвалялі з разбітай машыны аўтагенам. І якая карысць у тым, што я пахаджу па Месяцы, калі не магу прыкішэніць там і ўзяць з сабой які маленькі кавалачак грунту?
— Дарэчы, вы чыталі пра такое ў Кастанэды? — спытаў пасля паўзы Кук. — Я маю на ўвазе тое, як вучыў свайго вучня індзеец Дон Хуан скіраванаму снабачанню?
— Так, — сказаў Мігель. — У «дурцы» былі і кастанэдавы прыхільнікі. Нават у лекара на стале я ўбачыў яго кнігу. Такі быў час, такая мода.
— Рады, што вам не трэба тлумачыць і вы ва ўсё ўязджаеце, — ажывіўся госць. — Я чуў, што па насычанасці ўражанняў скіраваныя сны могуць даць рады любому наркотыку. І гэта пры тым, што не прыносяць арганізму шкоды.
Але гаспадар не падтрымаў яго.
— Я быў бы толькі задаволены, каб спаць, як усе — нармальна.
— Дык усё-такі, — вярнуўся да сваёй ранейшай прапановы Кук. — Вы прадасцё мне сёй-той з вашых сноў?
— А навошта вам?
Так як чалавек па прозвішчы Кук даўно чакаў такога пытання, то ён і патлумачыў гаспадару, што піша адмысловую навуковую ці дакладней — калянавуковую працу, і таму мусіць збіраць сны ва ўсіх сваіх знаёмых. За плату. Вядома, ён хлусіў, але Мігель быццам не заўважыў гэтага.
— Я падумаю колькі дзён, — адказаў гаспадар.
***
Прыкладна праз тыдзень Кук зайшоў да суседа Мігеля і ў канцы гутаркі спытаў таго наконт іх мінулай размовы і сваёй прапановы. Мігель адказаў, што ўвогуле не супраць прадаць які са сваіх сноў і, вядома, не за грошы, а, так бы мовіць, сімвалічна, за распітую разам пляшку каньяку ці яшчэ што далікатнае. Але, дадаў, — ёсць сны зусім інтымнага характару. Вось учора яму снілася былая каханка, якой не бачыў некалькі год. Хіба гэта можа быць такім ужо цікавым?
— Не, — згадзіўся госць. — Але як толькі вы пабачыце якіх тараканаў, мух, жаб, чарвякоў, то я гатовы купіць такі сон.
Яшчэ некалькі дзён запар Кук заходзіў да суседа Мігеля і распытваў таго пра сны. Каб не расчараваць таго, купіў адзін, але, на яго погляд, неістотны. Суседзі распілі бутэльку каньяку, якую прынёс Кук, і разышліся.
Праз дзень Мігель паведаміў Куку, што ў бліжэйшы час наўрад ці што прадасць яму, бо сніў у асноўным свайго сына, армейскую казарму, у якой той цяпер, пэўна, жыве, былую жонку ды нейкіх мышэй.
— Раскажыце пра мышэй, — у ветлівай форме адразу запатрабаваў Кук.
— Мне саснілася быццам нейкая гульнявая пляцоўка, — пасля паўзы пачаў расказваць Мігель, — дзе было шмат зацікаўленых людзей, якія рабілі стаўкі на нейкія скачкі. З шуфлядак выпускалі жукоў, якія беглі па доўгіх латках.
— Так, так, — наструніўся Кук. — І што?
— Ды нічога асаблівага. З адной шуфлядкі замест жука выбегла мыш і, вядома, апярэдзіла ўсіх. Хіба не лухта?
— Я купляю ў вас гэты сон.
Кук схадзіў да сябе і прынёс каньяк, які абодва субяседнікі і распілі пад ажыўленую, хоць і малазначную гутарку.
У сябе дома Кук пачаў аналізаваць сон Мігеля з усіх бакоў, бо, як ён добра памятаў і засвоіў, кожны сон важны сваім вытлумачэннем. Скачкі, меркаваў ён, адбываюцца толькі на іпадроме. Робяць стаўкі яшчэ і ў казіно, але ў казіно — рулетка, і гэта зусім не тое. Вядома, жукі — гэта вобраз, праекцыя ў сапраўдную рэальнасць. А мыш? Мышы, як Кук даведаўся з сонніка, — да беднасці. Дык чаму перамагла мыш?
***
Назаўтра быў выхадны дзень, і Кук паехаў на іпадром. Ён раней наведваў яго разы два, але больш з цікаўнасці, бо не быў заўзятым гульцом. Набыўшы білет і праграму скачак, Кук пачаў уважліва яе вывучаць. Ягоныя намаганні ўрэшце прынеслі відавочны плён. Шэрая мыш! У трэцім заездзе прымала ўдзел кабыла па мянушцы Шэрая Мыш. Яна выступала пад нумарам дванаццаць. Кук скіраваў у букмекерскую і даведаўся, што стаўкі на Шэрую Мыш прымаюцца адзін да дзесяці, пасля чаго, падумаўшы, паставіў на дванаццаты нумар пяцьсот долараў.
Каб дарэмна не хвалявацца, пайшоў у бар, дзе заказаў сабе піва, адначасова слухаючы абвесткі па мясцовым радыё.
Шэрая Мыш выйграла заезд.
Адвячоркам, збольшага сабраўшыся, Кук патэлефанаваў Мігелю і спытаў, ці мае той крыху вольнага часу. Сусед адказаў, што да начнога дзяжурства такі час якраз ёсць, ён адзін, і запрасіў зайсці.
Кук захапіў з сабой бутэльку каньяку і пакрочыў праз лесвічную пляцоўку.
— Паслухайце, — пачаў здалёк гаспадар, калі абодва ўжо селі, як звычайна, за стол на кухні, — я нейкі час думаў над тым, што вы мне расказвалі пра сон. Дык вось: сон — гэта поўнае адключэнне свядомасці, ну, быццам адключаюць камп’ютэр. Ці, наадварот, у сне чалавечы мозг поўнасцю прачынаецца, і энергаабмен дасягае мяжы высокіх велічынь. У першым выпадку — пасля сну наша, так бы мовіць, «я» перажывае своеасаблівую смерць і з’яўляецца ўжо ягонай копіяй. Хіба не так? А ў другім? Неўролагі цяпер сведчаць якраз тое, што мозг у сне працуе звышэфектыўна. Тады вынікае: ён сапраўды праломвае бар’еры часу і прасторы. Дык што такое ў гэтым выпадку наша «я», наша свядомасць? І час? І прастора?
— Ёсць пытанні, на якія, пакуль не толькі я, звычайны чалавек, можна сказаць, невук, не здолее адказаць, а ўвогуле — ніхто, — пасля роздуму сказаў Кук і дадаў:
— Вы прадасце мне свой чарговы сон? Пажадана, сённяшні?
— Зрабіце ласку. Але ён неістотны і наўрад ці вас зацікавіць.
— Ну, не важна, — падахвоціў Кук.
— Мне саснілася, што я прагульваю сабаку. І гэты сабака быццам мой і ў той жа час зусім не мой, а проста жывёла. Мы падыходзім да высокай гары — гэта гранітная скала, якіх у нашых краях, заўважце, не існуе. Але ў маім сне гэта так. Сабака часта падманвае мяне, з’ядае мой бутэрброд, калі мы адпачываем, але я дарую яму, адчуваю да яго нават прыхільнасць. Ля скалы я бачу вельмі доўгую лесвіцу, якая прыхілілася да яе і вядзе ўвышыню. Знізу лесвіца чамусьці заканчваецца колцамі. Раптам сабака падбягае да яе і пачынае караскацца на самы верх, і вельмі хутка. Я сачу за ім з трывогай і бачу, як сабака ўздымаецца вышэй і вышэй. Але тут колцы лесвіцы нечакана ад’язджаюць, і ўсё абвальваецца на зямлю. Я гляджу, дзе сабака, і бачу яго на самым версе скалы. Там нешта гарыць. Вось і ўсё. Далей я прачнуўся.