KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Сяргей Абламейка - Здарэнне на Дзяды

Сяргей Абламейка - Здарэнне на Дзяды

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Сяргей Абламейка, "Здарэнне на Дзяды" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Тым часам пачало змяркацца. Хлопцы зразумелі, што не надта разлічылі час, і пачалі спяшацца. Па шэрагу, у якім ляжаў Піліп Пестрак, яны праз зарасці прадраліся на іншы бок сектара. Дварніцкі і Багданаў гучна абураліся зусім не цывілізаваным станам могілак - помнікі размешчаныя цесна, ніхто не высякае хмызы, не косіць траву. На другім баку адшукалі магілу Анатоля Сербантовіча, паклалі кветкі, выпілі і вырашылі стварыць у інтэрнэце яго асабісты сайт з усімі вершамі і вянкамі санетаў. Пасля хутка паклалі кветкі і выпілі каля магілаў Еўдакіі Лось, Алеся Бачылы і Анатоля Грачанікава, а тады сталі прабірацца да магілы Яўгеніі Янішчыц. Гэта было апошняе, што з таго вечара ясна запомніў Сяргей Ждановіч. Да помніка Янішчыц яны дабраліся на добрым падпітку. Адтуль ужо быў відаць камень на магіле Уладзімера Караткевіча, для якога ў іх быў падрыхтаваны вялікі букет, як і для Васіля Быкава. Каля магілы Яўгеніі Янішчыц Юрась Багданаў зноў чытаў яе вершы, а Сяргей Ждановіч называў паэтку геніяльнай, расказваў, як яна выкінулася з вакна і казаў, што паводле чутак, прычынай было складанае каханне да мужа, таксама паэта Сяргея Панізніка. Пасля п’яныя сябрукі накіраваліся да магілы Уладзімера Караткевіча і... больш нічога Сяргею не запомнілася.

...Ён апрытомнеў ад холаду. Агледзеўшыся, Ждановіч зразумеў, што ляжыць паміж магілай Караткевіча і лавачкай каля яе. Сяброў не было. Значыць, яны сп’янелі так, што пакінулі яго тут. Фантастыка! Добра, што лістапад выдаўся цёплы, было ніяк не менш за дзесяць градусаў цяпла, але ён усё роўна змёрз, і не дзіва - ляжаў на голай зямлі ў асенняй куртачцы. А дзе ж вы цяпер самі, ёлупні, - пакрыўджана падумаў ён пра сябрукоў і пачаў уставаць. Галава кружылася, яго хістала ва ўсе бакі. Сяргей паглядзеў на гадзіннік - каля паловы на дванаццатую. Ноч была хмарнаю, зоры свяцілі мала, месяца амаль не было відаць. Прастора вакол, здавалася, набрыняла вусцішам, нават жудасцю. Помнікі і каменныя твары нябожчыкаў цяпер чамусьці палохалі, і ад іх хацелася адвярнуцца, але не было куды - яны паўставалі з усіх бакоў. Сяргей, з цяжкасцю арыентуючыся, пачаў прабірацца да левай ад галоўнага сектару алеі, пасля пайшоў па ёй і павярнуў перад алеяй ганаровых грамадзянаў да галоўнага ўваходу на могілкі і раптам спалохана замёр. Ён пачуў прыглушаныя галасы, а затым і ўбачыў сярод сасновых камлёў нешта нечуванае. За доўгім сталом сярод соснаў сядзелі беларускія пісьменнікі, пахаваныя на гэтых могілках: Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Міхась Лынькоў, Піліп Пестрак, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Янка Маўр, Уладзімер Караткевіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Фёдар Янкоўскі, Барыс Сачанка, Усевалад Краўчанка, Іван Чыгрынаў, Генадзь Бураўкін і яшчэ з дзясятак іншых. Некаторых Сяргей нават не ведаў у твар, але дзіўным чынам разумеў, хто гэта. Таксама ён раптам зразумеў, што чуе адначасова і агульную размову, і перашэпты паміж сабой асобных яе ўдзельнікаў.

З размовы вынікала, што перад тым, як да пісьменнікаў падышоў Сяргей, яны абмяркоўвалі нейкую тэму, звязаную з гісторыяй і яе важнасцю для кожнага народа. Цяпер тая размова згасала, сталі гаварыць хто пра што, але да хлопца яшчэ даносілася водгулле і гістарычнай тэмы.

Вось Піліп Пестрак павярнуўся да свайго суседа Анатоля Грачанікава:

- Ведаеш, Анатоль, як палякі шанавалі гісторыю? Нам тут ёсць чаму павучыцца. Даходзіла да таго, што яны гарадамі называлі паселішчы, якія на горад зусім не цягнулі, але мелі слаўную гісторыю. Галоўным прынцыпам быў не вытворча-эканамічны, а гістарычны. Вось да вайны наша мястэчка Косава было амаль вёскай: палова дробных гандляроў, палова сялянаў, а яны яго зрабілі аж павятовым горадам. Чаму? Таму што ў ім Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся. Або вось Слонім тады быў ужо даволі вялікім горадам, а яны зусім невялічкі гарадок Наваградак зрабілі цэнтрам Ваяводства. Зноў пайшлі па гістарычным прынцыпе - Наваградак меў слаўную гісторыі, і, галоўнае, там Адам Міцкевіч нарадзіўся...

- Маеце рацыю, Піліп Сямёнавіч, - адказаў Грачанікаў, - гісторыю трэба шанаваць і ведаць, тады і народ будзе моцны. Прычым не толькі даўнюю гісторыю. Хай напіша з паплечнікамі і пра наш пасляваенны час, там таксама ёсць шмат таго, што дапаможа ўсвядоміцца. Я вось калі першым сакратаром Гомельскага гаркама камсамолу працаваў, з калегамі па-беларуску размаўляў. Дый не дзіва гэта было: беларускі паэт - гарадскі важак камсамолу... А што цяперашні саюз моладзі? Цьфу на іх...

Васіль Быкаў сядзеў моўчкі, склаўшы рукі на каленях і з нібыта незадаволеным, насупленым тварам. Сяргей чытаў, што гэтая суровасць пісьменніка была праявай яго задуменнасці, насамрэч гэта быў інтэлігентны і ветлівы чалавек. Быкаў тым часам ціха сказаў Уладзімеру Караткевічу:

- Як думаеш, можа я памыляўся, калі казаў, што беларусы ўжо спазніліся на свой цягнік? Нешта не падобна, каб нацыянальнае памірала. Цяпер, гляджу, у Еўропе ідзе ажыўленне і нацыянальных, і незалежніцкіх рухаў... Толькі што ж рабіць з нашай прарускасцю, другаснасцю? Можа ён гэтае таўро змые? Як думаеш?

- Думаю, стары, мы ўсё правільна вырашылі. Ён зможа, - адказаў Караткевіч і паляпаў Быкава па плячы.

Іншыя пісьменнікі размаўлялі паміж сабой на самыя розныя тэмы, нават асабістыя. Пераважна гаварылі з тымі, хто да каго бліжэй сядзеў. Вось Усевалад Краўчанка нахіліўся да Івана Шамякіна і сказаў:

- Я гляджу, там твае дзённікі і ўспаміны памалу публікуюцца. Што ж ты ўзяў ды напісаў, што я на пазычанай у цябе машыне замест роднай вёскі на Гомельшчыне да Чорнага мора на тры дні ездзіў? Ты б хоць кіламетры на спідометры падлічыў і час - гэта ж зусім немагчыма. Значыцца, так і не дараваў ты мне той выбіты зуб, крыўда на трыццаць гадоў засталася.

- Я ўжо, Сева, не крыўдую на цябе за той зуб, далібог. Ну бывае, пабіліся суседзі па кватэрах. Але ж мая Маша, дый я сам, тваю Дусю і дзетак добра падтрымлівалі пасля твайго заўчаснага сыходу, дапамагалі. Я да Волі як да сваёй Алесі ставіўся, ухваліў яе на ролю ў экранізацыі “Атлантаў і карыятыдаў”...

- Ведаю, Ваня, ведаю. Дзякуй табе за гэта. Мы ж былі сябры і засталіся. Што ўжо цяпер казаць. Даруй ты мне за той зуб, даруй, яшчэ раз прашу.

- Я і кажу, усё ўжо, усё, што тут успамінаць. А што там напісалася, дык гэта, відаць, мае недарэчныя падазрэнні як гаспадара машыны праявіліся. Можна было гэта і не друкаваць... Згаджаюся, не надта прыстойна атрымалася.

Сяргей уражана глядзеў на пісьменнікаў. Краўчанка ў бойцы выбіў Шамякіну зуб? Фантастыка!

А тым часам Кандрат Крапіва гучна наракаў, што яшчэ і дагэтуль знаходзяцца людзі, якія не прызнаюць за прыназоўнікам “аб” права на існаванне ў беларускай мове, толькі ім “пра” падавай і ўсё тут:

- І гэты Вячорка вынайшаўся такі. Як якая кніга да яго на рэдагаванне трапляе, дык гарачым жалезам выпальвае ўсе “аб”, толькі “пра” пакідае. А як жа быць з багаццем мовы, з эстэтыкай, музыкай мовы, з густам і стылем? Як быць з паэзіяй, пытаю я вас? Навошта я пісаў адмысловы артыкул аб гэтым?

- Але ведаеце, Кандрат Кандратавіч, тут не ўсё так адназначна. Здаецца, тут Вячорку варта падтрымаць. - Запярэчыў Крапіву Фёдар Янкоўскі. - Я вось у сваіх кнігах таксама стараўся пазбягаць гэтага “аб”. Надта ж ужо не па-нашаму гучыць гэты прыназоўнік з мясцовым склонам...

- Ай, Фёдар, кінь ты свой пурызм. Як тады быць з народнай прыказкай “Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць”? А што рабіць з Купалавай “Спадчынай”: “Аб ёй мне баюць казкі-сны...”?

- Ну, ніхто не сказаў, што ў Купалы была мова дасканалая, - запярэчыў быў Янкоўскі, але пасля махнуў рукой. - Зрэшты згаджаюся, людзей не пераробіш. Не хочуць быць пісьменнымі дый годзе... Я вось такія перлінкі адшукваў, напрыклад, “Летняя ноч як зайцаў хвост”, у сэнсе, світанне блізка. Ніхто ні разу не паўтарыў, не скарыстаўся... Або вунь Янка Скрыган... Колькі сілаў паклаў чалавек, каб правільна пісалі і гаварылі? Дзёўб і дзёўб: драбяза, драбяза, драбяза, а ні ў якім выпадку не “дробязі”. Не, як пісалі “дробязей”, так і пішуць... Бяда...

Далей Сяргей пачуў, як Пятро Глебка прашаптаў свайму сябру Петрусю Броўку:

- Глядзі ты, Янкоўскі Крапіву Кандратам Кандратавічам назваў, а той ніякай увагі... А раней, ты памятаеш, як патрабаваў ад усіх, каб яго Кандараціем Кандрацьевічам называлі? Памятаеш, як у слоўніку русафільстваваў са сваімі “карандашамі” і “белкамі”? Здаецца, “карандаш” нават у Тлумачальны шасцітамовік праскочыў...

- Ат, што ты кпіш, Пятро, што ты кпіш... Ты ж ведаеш, час быў такі, лінія была такая, - адказаў Броўка. - Дзякуй Богу, што мы выжылі, усяго некалькі чалавек...

Сяргей не мог паверыць сваім вачам. Што адбываецца? Няўжо ён трызніць? Ушчыкнуў сябе за руку - баліць, значыцца не сон гэта, не трызненне, не спіць ён. Ударыў галавой аб сасновы камель - тое самае, аж уваччу зоры заскакалі. Раптам недзе справа пачуліся крокі. Да пісьменніцкага стала, што стаяў перад апошнім па часе шэрагам магілаў ганаровых грамадзянаў, ішоў міліцыянт-ахоўнік. Сяргей схаваўся за сасну. Вось міліцыянт наблізіўся да стала, ніяк не выяўляючы, што ён нешта чуе ці бачыць. Вось ён прайшоў праз стол літаратурных дзядоў і пакрочыў сабе далей абыходзіць могілкі па дарожцы нумар трыццаць злева ад трыццаць шостага сектару. Толькі тут Сяргей звярнуў увагу, што пісьменнікі былі не тое што прывіды, але так... троху прывідныя. Іхнія абрысы мелі контуры, якія болей свяціліся ў параўнанні з сярэдзінай целаў і часам здавалася, што скрозь іх можна нешта ўбачыць. Але агулам усе былі як жывыя. Ну дык яны і ёсць жывыя, - сказаў сабе Сяргей і яшчэ раз ушчыкнуў сябе за левую руку. Зноў забалела.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*