Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы
— Якія шэпты?
— Ну вось, хаця б пра гэтага Печку. Хіба гэта праўда, што я прымусіў яго ісці забраць у Андрэіхі бычка? Хіба гэта...
— Не забраць, а ўкрасці, — перабіла яго Даша.— I не шапчу я пра гэта, а кажу ўсюды моцна i скажу яшчэ мацней. Мне сам Васіль пра гэта гаварыў.
— Цікава, што б ты сама сказала, атрымаўшы столькі кухцялёў? — засмяяўся Мокрут. — На роднага бацьку ў такіх умовах можна нагаварыць.
— Ен расказваў пра гэта i потым, калі ляжаў дома. Людзі чулі.
— Але ж гэта няпраўда! — рашуча прамовіў старшыня і махнуў перад сабою абедзвюма рукамі. — I наогул, не было ніякай пакражы. Сама Андрэіха гэта прызнае.
— Андрэіху ты быў запалохаў,— абурана i цвёрда глянуўшы Мокруту ў вочы, сказала дзяўчына. — Але не думай, што яна ўсё жыццё будзе дрыжаць ад цябе. Сёння быў у яе следчы, i яна расказала яму ўсю праўду.
— Ага, вось яно! — нібыта здзівіўся Мокрут, а ў вачах усё ж замільгалі насмешлівыя іскрынкі.— Гэта значыць, што ўжо ты падвучыла. 3 сівым маладажонам на пару. Ну, што ж! Вучы, вучы! Пабачым, што з гэтага выйдзе!
- Яе не трэба вучыць,-адказала дзяўчына. — Горам навучана. Прыдзе пара — скажа яшчэ не тое.
— Што гэта за намяканні?
— Сам ведаеш!
— Ну, вось што! — страсянуўшы валлячком, павысіў голас старшыня. — На ўсё гэта мне напляваць! I на твае намяканні, i на твайго следчага! Скажу так: хочаш жыць са мною ў міры, працаваць, як паложана дэпутатцы, дык давай будзем працаваць. Нам няма чаго сварыцца, нам трэба разам умацоўваць свой сельсавет. Калі ж у цябе выбрана другая дарожка, то гавару па чыстай совесці — беражыся! У парашок сатру, калі на тое пойдзе. Бацьку твайга, гэтага папоўскага прыслужніка, пашкадаваў у свой час, а цябе не пашкадую, хоць ты i дарагой была мне, вельмі блізкай. На дырэктара спадзяешся? Не спадзявайся! Не такія, як ён, трапляліся мне на дарозе, ды i то не ўстаялі.
— Не палохай, — спакойна прамовіла Даша, але ў голасе яе было столькі цвёрдасці і сілы, што Мокрут міжвольна ўздрыгнуў, наўкос глянуў на дзяўчыну. — Бацька мой не мала прыняў пакут ад цябе, хоць ён ні ў чым не быў вінаваты. Ды хіба адзін бацька? Я не ўсё ведала раней. Але май на ўвазе, што ні з Ільі Савіча, ні з мяне табе не ўдасца так паздзеквацца, як ты здзекваўся з іншых. 3 намі ўсе, усе людзі! А ў цябе вось толькі... — яна паказала на фінагента, які ехаў ззаду. — Ды i то, яшчэ невядома. Я думаю, што і ён калі-небудзь зразумее, што ты за чалавек.
— Якія ў вас людзі? — паспрабаваў засмяяцца Мокрут, ды выйшла горкая міна замест усмешкі.— Печка? Андрэіха? Зноў кажу!— у горле ў яго раптам з’явіліся злавесныя хрыпы,— пляваць я хачу на ўсё гэта! Ідзеш да дзеверка свайго вывуджваць на мяне розную брахню? Няма ўжо твайго дзеверка. Разумееш? Няма Васі Печкі! Аддаў сёння ноччу канцы! Можаш напісаць у часць свайму нарачонаму, што праз цябе загінуў яго родны брат. Ну, а я, мабыць, таксама сюды-туды напішу. Да пабачэння, суседухна! Не мінай майго двара!
Ен крута павярнуўся і пайшоў насустрач фурманцы.
«Вось чаму ён так разышоўся, — апякла думка дзяўчыне ўсё нутро. Даша спынілася, нібы аслупянелая. — Няўжо гэта праўда? — Яна нібы міжвольна павярнулася, паглядзела ўслед Мокруту. Шырокія, сутулыя плечы, абцягнутыя хромам, бязладна гойдаліся, у хроме пабліскваў зімні прамень сонца. — Тут Мокрут не схлусіў, вядома, — працягвала разважаць дзяўчына сама з сабою.— Такую праўду, якая можа знішчыць чалавека, паважае i ён. Тут ён не схлусіў. Што ж цяпер рабіць? Што цяпер скажа цётка Аксіння, што падумае Валодзя, калі яму напішуць...»
У дзяўчыны моцна зашчымела пад сэрцам, у галаве з’явіўся нейкі вобмарачны, балючы шум. Спачатку ёй падумалася, што трэба зараз жа вярнуцца дадому, пайсці да Ільі Савіча i выказаць, выплакаць яму ўсё. Потым, яшчэ крыху пастаяўшы, апамятаўшыся, яна ўсё ж пайшла ў бальніцу, але ішла туды вельмі доўга.
14
Чырвонамакаўскія і дабрасельскія могілкі былі значна бліжэй ад Дабрасельцаў, як ад Чырвоных макаў. Часам бывала нават так, што дабрасельцы проста заносілі сваіх нябожчыкаў на могілкі, а чырвонамакаўцьі заўсёды вазілі, бо заносіць хоць і ў пяць змен ім было не пад сілу. Калі Даша з Андрэіхай прышлі на гэтыя могілкі, тут яшчэ нікога не было, толькі пасярэдзіне могілак, паміж двух бярозак, жаўцеў невялікі копчык свежага чвыру. Яны пайшлі далей з такім намерам, што калі не сустрэнуць працэсію, то пастяць каля Печкавай хаты, пакуль вынясуць нябожчыка.
Але не дайшлі яны яшчэ нават да Чырвоных макаў, як убачылі на дарозе грузавую машыну, якая рухалася вельмі памалу: чутно было, як нязвыклы да малых абаротаў матор раз-по-разу страляў і пыхкаў. На бартах машыны сядзела некалькі жанчын, а за машынай ішло многа чырвонамакаўцаў і сёй-той з дабрасельцаў. Якраз блізка ўжо былі гэтыя самыя бяскрылыя млыны. Даша з Андрэіхай узышлі на сцежку, пратаптаную да млыноў, і сталі чакаць. Машына, як на тое, заглухла каля млыноў. Шафёр вылез з кабіны з завадной ручкай, вінавата глянуў на тых заплаканых жанчын, што сядзелі на бартах, і пачаў раскручваць матор. У гэты момант Даша зусім-зусім нечакана для сябе ўгледзела Валодзю. Яна ўхапілася за Андрэішын рукаў i ледзь не павісла ў цёткі на плячы. Твар яе раптам збялеў, рукі пачалі нервова калаціцца. Яна не ведала, што Валодзя прыехаў на пахаванне.
— Супакойся, Дашачка, — зразумеўшы ўсё, зашаптала Андрэіха і сціснула локцем яе рукі. — Супакойся, усё будзе добра. Я сама з ім пагавару.
Валодзя стаяў каля апушчанага ўніз задняга барта, без шапкі, у шынялю з курсанцкімі пагонамі, туга падцягнуты, стройны. 3 твару ён быў вельмі падобны на брата, гэтакі ж святлявы, гладкашчокі, толькі ўсе рысы твару былі больш выразнымі і выяўлялі большую сталасць і ўдумлівасць. Стаяў ён зусім нерухома, не перамінаўся з нагі на нагу, як іншыя, не туліў у каўнер вушы, а лётчыцкую шапку трымаў на левай руцэ ля пояса. Даша і ўбачыла перш за ўсё яго вуха, маленькае, чырвонае ад марозу, прыкрытае пасмай светлых валасоў. Некалі яно было зусім блізка каля яе твару, каля яе вачэй... А цянер яму, напэўна, холадна, бо вецер якраз з гэтага боку, ды i мароз узяўся не малы...
Валодзя трошкі павярнуў галаву да млыноў. Даша заўважыла слёзы ў яго на вачах і нейкі неразгаданы смутак у паглядзе. Каб яшчэ трошкі, то ён убачыў бы яе. Сэрца страпятнулася ад гэтага, чамусьці страшна было сустрэцца цяпер вачамі. Хто ведае, які цяпер быў бы Валодзяў позірк, што засвяцілася б у яго вачах?..
Машына запырхала, затрашчала, i шафёр бягом пусціўся ў кабіну. Дашы вельмі доўга цягнулася гэтая хвіліна стаянкі. Няёмка было тырчаць убаку, няёмка было і падыходзіць, бо сцежка выводзіла да пярэдніх людзей. Калі машына кранулася і людзі пайшлі, Даша ўслед за Андрэіхай выйшла на дарогу, і потым яны ішлі ўдваіх самымі заднімі.Хада была вельмі няроўнай, таму што шафёр ніяк не мог прынаравіцца вясці машыну на аднолькавай хуткасці. Відаць, яму ўпершыню давялося вязці чалавека ў апошні шлях.
Перад Дашай ішоў i час-ад-часу ледзь не натыкаўся на людскія спіны, калі машына прыпынялася, Іван Дабрасельскі. Па яго тонкай пачырванелай шыі Даша заўважыла, што ён, мабыць, плача.
— Іван! — ціха пазвала яна.
Хлопец азірнуўся, паспешна выцер пачырванелыя вочы і пачакаў, каб ісці далей поруч. Кроках у двух спераду ішлі без шапак некаторыя з тых хлопцаў, што не так даўно ганяліся за Васілём. Сярод іх крочыў, апусціўшы галаву, і Цімоша.
Калі працэсія ўжо набліжалася да могілак, насустрач ёй праехала такая ж паўтаратонка, толькі з вялікай дашчатай скрыняй са шчылінамі па баках. У адной такой шчыліне тырчаў верхні абадок свінога лыча. У кабіне машыны сядзеў Шулаў. Ен зняў шапку, параўняўшыся з труной, і прыняў набажна-жаллівы выгляд.
«Павёз угорад кормніка, — падумала Даша і коратка пераглянулася з цёткай Настуляю. — Нябось і двух тыдняў не пратрымаў на сваіх харчах пасля таго, як выгналі вепрука з фермы».
Мокрут, які хмура крочыў спераду ўсіх, высунуў з настаўленага каўняра падбародак і з нянавісцю і відавочнай зайздрасцю паглядзеў Шулаву ўслед. Азірнуўся ў гэты момант і Ілья Савіч. Яго, мабыць, здзівіў незвычайны кантраст двух стрэчных машын. Аглянуўся і ўбачыў Дашу з Андрэіхай. Хоць Андрэіху ён і мала ведаў, але ветліва пакланіўся абаім. Сівая галава яго вылучалася потым сярод усіх аж да таго часу, пакуль не пахавалі Васіля i дырэктар не надзеў сваю рыжую стаўбунаватую кубанку.
Разыходзіліся з могілак хто ў які бок: хто ў Чырвоныя макі, хто ў Дабрасельцы. Ужо каля самай дарогі Ілья Савіч параўняўся з Дашай. Андрэіхі блізка не было, яна засталася каля магілы і ўсё яшчэ наглядала, як Валодзя маўкліва, але з вялікай горыччу ў апошні раз развітваўся са сваім братам.
У гэты час, калі Андрэіха стаяла адна, грознаю хмараю пасунуўся проста на яе Лявон Мокрут. Ен наставіў на жанчыну такі страшны i знішчальны погляд, што ёй трэба было не іначай як на калені ўпасці перад ім. Аднак цётка Настуля сустрэла яго вочы спакойна, цвёрда i нават не паварушылася, каб уступіць старшыні дарогу. Мокрут спыніўся каля Андрэіхі, змерыў яе з ног да галавы і, узяўшы крок улева, пайшоў далей.